Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Гары Потэр і Таемны Пакой

Роўлінг Дж. К.

Шрифт:

Рон, Фрэд і Джордж у сваю чаргу схапілі Гары за рукі і сталі з усіх сіл цягнуць.

– Пятуння!
– екатаў дзядзька Вернан.
– Ён збягае! ЗБЯГАЕ!

Тут Уізлі дружна паднаціснулі, і нага Гары высклізнула з жалезнай лапішчы дзядзькі Вернана - Гары апынуўся ў машыне - зачыніў за сабою дзверы…

– Паехалі, Фрэд!
– прароў Рон, і машына стралой паляцела ў кірунку Месяца.

Гары не мог паверыць свайму шчасцю - ён быў свабодны! Ён высунуўся з акна - начны вецер церабіў валасы - і паглядзеў на стрэхі дамоў Цісавай вуліцы, якія хутка змяншаліся. Дзядзька Вернан, цётка Пятуння і Дадлі , утрох, аслупянелыя ад здзіўлення, назіралі за ім з акна яго пакоя.

– Убачымся наступным летам!
– крыкнуў Гары.

Хлапчукі зарагаталі, і Гары адкінуўся на спінку сядзення, шырока усміхаючыся.

– Выпусці Хэдвіг, - папрасіў ён Рона.
– Хай ляціць за намі. Яна ўжо тысячу гадоў не выпроствала крылы.

Джордж працягнуў Рону шпільку і праз імгненне Хэдвіг радасна вырвалася з акна і бясшумна як прывід знікла ў цемры ночы.

– Такім чынам - што ж за гісторыя?
– пачаў нецярпліва распытваць Рон.
– Што з табой здарылася?

Гары ўсё ім распавёў: і пра Добі, і пра ягоную перасцярогу, і пра фіяска, якое пацярпеў фіялкавы пудынг. Пасля таго як ён скончыў свой расповед, наступіла доўгае маўчанне.

– Нейкая бязглуздзіца, - у рэшце рэшт вынес прысуд Фрэд.

– Сапраўды, нешта дзіўнае, - пагадзіўся Джордж.
– І ён табе нават не сказаў, што гэта там за змова і хто ў ёй удзельнічае?

– Мне падаецца, ён не мог, - адказаў Гары.
– Кажу вам, усякі раз як ён даходзіў да таго, што мог прагаварыцца, ён пачынаў біцца галавой аб сцяну.

Фрэд з Джорджам паглядзелі адзін на аднога.

– Што? Думаеце, ён мне нахлусіў?

– Ну-у-у, - працягнуў Фрэд, - скажам так: у эльфаў з магіяй усё ў парадку, толькі звычайна яны не могуць ёю скарыстацца без дазволу гаспадара. Думаю, старога Добі даслалі, каб ты не вяртаўся ў "Хогвартс". Хтосьці, так бы мовіць, пажартаваў. Як ты думаеш, ёсць у кагосьці на цябе зуб?

– Так, - адразу ж адказалі Рон і Гары, хорам.

– Драко Малфой, - растлумачыў Гары.
– Ён мяне ненавідзіць.

– Драко Малфой?
– перапытаў Джордж. – Выпадкова, не сын Люцыюуса Малфоя?

– Напэўна, бо прозвішча не вельмі распаўсюджанае.
– сказаў Гары.
– А што?

– Ды я чуў, што тата пра яго казаў, - растлумачыў Джордж.
– Ён у свой час падтрымліваў Сам-Ведаеш-Каго.

– А калі Сам-Ведаеш-Хто знік, - дадаў Фрэд, выгінаючы шыю, каб паглядзець на Гары, - Люцыюс Малфой вярнуўся і сказаў, што рабіў усё пад закляццямі Сам-Ведаеш-Каго і ні ў чым не вінаваты. Але гэта ўсё хлусня - тата ўпэўнены, што ён быў у вельмі блізкім асяроддзі Цёмнага Лорда.

Гары і раней чуў падобныя размовы пра сям'ю Малфояў, і ніколі ім не здзіўляўся. У параўнанні з Малфоям Дадлі выглядаў разумным, добрым хлопчыкам.

– Не ведаю, ці ёсць у Малфояў Хатні эльф… - задумаўся Гары.

– Каму б ён не належыў, гэта павінен быць старажытны чароўны род, да таго ж багаты, - сказаў Фрэд.

– Ага. Маці заўсёды кажа, што жадала б, каб у нас быў Хатні эльф, які б прасаваў бялізну, - дадаў Джордж.
– А у нас усяго толькі паршывы стары ўпыр на гарышчы і гномы ў садзе. Дамавікі эльфы жывуць у асабняках, замках, ва ўсякіх, ведаеш, такіх месцах; у нашым доме нічога падобнага не знойдзеш…

Гары прамаўчаў. Улічваючы той факт, што ў Драко Малфоя заўжды было ўсё самае лепшае, можна было выказаць здагадку, што ягоная сям'я купаецца ў чароўным золаце; Гары лёгка мог уявіць Малфоя ў вялізным выдатным асабняку. Ды і такія "жартачкі" - паслаць слугу, каб прымусіць Гары не вяртацца ў "Хогвартс" - цалкам у стылі Малфоя. Як можна было прыняць Добі сур'езна?

– У любым выпадку, я рады, што мы за табой прыехалі, - сказаў Рон.
– Я ужо пачаў турбавацца, чаму ты не адказваеш на лісты. Спачатку я думаў, што ва ўсім вінаватая Эроў…

– Хто гэта?

– Нашая сава. Вельмі старая. Яна ўжо не раз падала, калі несла пошту. Я потым яшчэ хацеў пазычыць Гермеса…

– Каго?

– Гэта сава, якую бацькі падарылі Персі, калі ён стаў старастай, - растлумачыў Фрэд з пярэдняга сядзення.

– Але Персі мне яго не даў, - працягваў Рон, - сказаў, што Гермес яму самому патрэбны.

– Персі наогул усё лета паводзіць сябе дзіўна, - нахмурыўся Джордж.
– І ён і сапраўды піша вельмі шмат лістоў і ўвесь час замыкаецца ў сваім пакоі… Я жадаю сказаць, колькі можна паліраваць значык "СТАРАСТА", ну, дзесяць дзён, ад сілы дваццаць… ты забраў занадта далёка на захад, Фрэд, - дадаў ён, ткнуўшы ў компас на прыборнай панэлі. Фрэд крутануў стырно.

– А ваш тата ведае, што вы ўзялі машыну?
– пацікавіўся Гары, здагадваючыся, зрэшты, які будзе адказ.

– Ммм, не, ён сёння ўначы дзяжурыць. Калі пашанцуе, мы вернем машыну ў гараж, і маці нават не заўважыць, што мы яе бралі.

– А што наогул ваш тата робіць у Міністэрстве?

– Працуе ў самым нецікавым аддзеле, - сказаў Рон.
– Аддзел няправільнага выкарыстання маглаўскіх прадметаў побыту.

– Чаго?

– Гэтая праца звязана з заварожанымі прадметамі, якія былі вырабленыя магламі, разумееш, на выпадак, калі яны зноў патрапяць у рукі маглаў. Вось, напрыклад, летась памерла адна старая ведзьма, і яе гарбатны сервіз прадалі ў антыкварную краму. Яго набыла адна жанчына, магл, прынесла дахаты, запрасіла сяброў піць гарбату. Гэта быў такі кашмар - тата некалькі дзён прыходзіў дахаты позна.

– А што здарылася?

– Імбрычак звар’яцеў і пачаў разпырскваць кіпень ва ўсе бакі, а адзін дзядзька нават патрапіў у лякарню - абцугі для цукру кусілі яго за нос. Тата цалкам выдахся - у яго ў аддзеле толькі ён сам ды стары чарадзей Перкінс - і вось ім давялося накладаць заклёны забыцця і іншыя падобныя штучкі, каб замяць гэтую гісторыю…

– Але як жа… ваш тата… і гэтая машына…

Фрэд засмяяўся:

– Наш бацька ў захапленні ад усяго, што мае дачыненне да маглаў; у нас у сараі цэлы маглаўскі склад. Ён усё разбірае, зачароўвае і збірае назад. Калі б ён прыйшоў з вобыскам у наш дом, яму давялося б арыштаваць самога сябе. Маці з-за гэтага увесь час з ім сварыцца.

– Мы ўжо на галоўнай дарозе, - перабіў Джордж.
– Праз дзесяць хвілін будзем на месцы… Ну і добра, а то ўжо днее…

На ўсходзе ўздоўж лініі гарызонту з'явіўся слабы ружаваты водбліск.

Фрэд трохі знізіўся, і Гары ўбачыў унізе цёмную сцеганую коўдру апрацаваных палёў і групкі дрэў.

– Хутка пасёлак, - сказаў Джордж. – Оттэры-Сэнт-Кэчпоўл.

Машына апускалася ўсё ніжэй і ніжэй. Чырвоны сонечны дыск ужо віднеўся за дрэвамі.

– Прызямліліся!
– выклікнуў Фрэд, калі, з лёгкім "бум!", колы крануліся зямлі. Яны селі каля паўразбуранага гаража ў невялікім панадворку, і Гары, вызірнуўшы ў акно, у першы раз убачыў дом Рона.

Поделиться с друзьями: