ЖАНРЫ

Гiсторыя кахання (на белорусском языке)

Сигал Эрик

Шрифт:

– Дрэнныя справы, дрэнныя, - прамармытаў я i выйшаў.

Потым я абшукаў Гарвард-сквер, кавярню "Памплона" ды, урэшце, усе iншыя месцы, дзе тусуюцца студэнты з факультэта мастацтваў. Марна.

Куды ж яна магла дзецца?

Метро ўжо зачынiлася, але калi яна адразу пайшла да Гарвард-сквера, дык магла паспець на бостанскi цягнiк. Я кiнуўся на аўтастанцыю.

Было ўжо каля гадзiны ночы, калi я кiнуў чвэрць долара i два дзесяцiцэнтовiкi ў тэлефонны апарат i зняў слухаўку. Я тэлефанаваў з будкi каля шапiку на Гарвард-скверы.

– Алё!.. Фiл?

Я, - сонна прамармытаў ён.
– Хто гэта?

– Гэта я, Олiвэр.

– Олiвэр!
– У ягоным голасе пачуўся спалох.
– Што-небудзь з Джэнi?
– хутка спытаўся ён.

Значыцца, там яе таксама няма...

– Э-э... не, Фiл, не.

– Дзякуй Богу. Як жыццё, Олiвэр?

Пераканаўшыся, што з Джэнi ўсё ў парадку, ён адразу загаварыў спакайней, як зазвычай ветлiва. Быццам я i не падняў яго з ложка ўначы.

– Выдатна, Фiл. Усё нармалёва. Проста выдатна. Скажы, Фiл, Джэнi калi-нiкалi дае пра сябе знаць?

– Рэдка, чорт, - адказаў ён надзiва спакойным голасам.

– Як - рэдка?

– Магла б тэлефанаваць i часцей. Я ж ёй не чужы...

Калi можна адначасна адчуць i страх, i палёгку, дык я iх адчуў.

– Яна цяпер з табою?

– Што?

– Дай Джэнi слухаўку, я скажу ёй пару цёплых слоў.

– Не магу, Фiл.

– Яна спiць? Калi спiць, дык не турбуй.

– Добра.

– Слухай, паршывец, - буркнуў ён раптам.

– Слухаю вас, сэр.

– Скажы, Крэнстан гэтак далёка ад вас, што вы не можаце пад'ехаць да мяне ў нядзелю? Цi, можа, я да вас падскочу?

– Не, Фiл, не трэба. Мы самi да цябе выберамся.

– Калi?

– Калi-небудзь у нядзелю.

– Толькi не трэба пудрыць мне мазгi. Добрыя дзецi не кажуць: "Калi-небудзь у нядзелю". Яны кажуць: "У гэтую нядзелю". У гэтую нядзелю, Олiвэр.

– Добра, сэр. У гэтую нядзелю.

– Чакаю вас у чатыры. Толькi не ганi, добра?

– Добра.

– I наступным разам тэлефануй за мой кошт...

Ён павесiў слухаўку.

Я застаўся стаяць на астраўку святла ў цемрадзi Гарвард-сквера, не ведаючы, куды iсцi i што рабiць. Нечакана да мяне падышоў нейкi чорны i папытаўся, цi не хачу я "ўкалоцца". Я абыякава адказаў: "Не, дзякуй, сэр".

Больш я ўжо нiкуды не бег. Якi сэнс вяртацца ў пусты дом? Было вельмi позна, i я ўсё роўна як зледзянеў - не так ад холаду, хоць i надвор'е было не дужа цёплае, як ад страху за Джэнi. За некалькi ярдаў да дзвярэй дома мне здалося, што на прыступках нехта сядзiць. Прымроiлася, падумаў я спярша постаць была зусiм нерухомая.

Але гэта была Джэнi...

Сядзела яна на сама верхняй прыступцы.

Я надта стамiўся, каб кiнуцца да яе, надта ўзрадаваўся, каб вымавiць хоць адно слова. Я толькi думаў, што было б добра, калi б у яе знайшлася пад рукою якая-небудзь цяжкая рэч i яна заехала мне ёю ў лоб.

– Джэн.

– Олi.

Мы гаварылi так цiха, што зразумець iнтанацыю было немагчыма.

– Я забылася ключ, - сказала Джэнi.

Я застыў на першай прыступцы, баючыся папытацца, колькi часу праседзела яна тут. Ведаў адно, што страшэнна пакрыўдзiў яе.

– Джэнi, даруй мне... Мне вельмi шкада...

– Стоп!
– рэзка перапынiла яна мяне, а потым ужо спакойна i цiха сказала: - Каханне - гэта калi нi аб чым не трэба шкадаваць.

Я падняўся па прыступках i спынiўся побач з ёю.

– Я лягу зараз спаць. О'кэй?
– спыталася яна.

– О'кэй.

Мы ўвайшлi ў кватэру. Калi мы раздзявалiся, яна ласкава паглядзела на мяне:

– Я думаю пра тое, што сказала.

I гэта было ўсё.

14

Лiст прыйшоў у лiпенi.

Яго пераслалi з Кембрыджа ў Дэнiс-Порт, так што вестка дайшла да мяне са спазненнем на дзень цi два. Я адразу кiнуўся туды, дзе сядзела Джэнi, назiраючы за тым, як яе дзятва ганяе мяч на траве.

– Хадзем, - сказаў я з найлепшай з маiх богартаўскiх iнтанацый.

– Што?

– Хадзем, - паўтарыў я гэтак важка, што яна адразу паднялася i пайшла за мною да вады.

– Олiвэр, можа, ты ўсё-такi зробiш ласку: скажаш, што адбываецца?

Я па-ранейшаму хутка iшоў па прычале.

– На судна, Джэнiфэр, - скамандаваў я, махнуўшы рукою з лiстом у бок яхты.

Але Джэнi не заўважыла канверта.

– Олiвэр, мне ж трэба глядзець дзяцей, - усё яшчэ пратэставала яна, нават ступiўшы на борт.
– Олiвэр, ты растлумачыш урэшце, што здарылася?!

Мы ўжо адплылi ад берага на некалькi сотняў ярдаў.

– Мне трэба табе нешта сказаць.

– А не ў моры ты гэтага не мог сказаць?
– выкрыкнула яна.

– Не мог, разумееш, не мог!
– крыкнуў я ў адказ. (Мы зусiм не сварылiся крычаць даводзiлася з-за моцнага ветру.) - Я хацеў сказаць табе гэта сам-насам. Глядзi, што ў мяне ёсць.

Я памахаў перад ёю лiстом. Яна адразу пазнала фiрмовы канверт.

– Гарвардская юрыдычная школа! Цябе што, выгналi?

– Не ўгадала, аптымiстачка, - крыкнуў я.
– Паспрабуй яшчэ.

Ты стаў першым на курсе?!
– амаль здагадалася яна.

Цяпер мне было ўжо цi не сорамна сказаць ёй пра тое, што гэтак узрадавала-ўсхвалявала мяне.

– Не зусiм. Трэцiм.

– О, - працягнула яна.
– Толькi трэцiм?

– Паслухай, гэта ўсё роўна азначае, што маё iмя трапiць у "Юрыдычны агляд"!
– выкрыкнуў я.

Выраз яе твару быў абсалютна абыякавы.

– Бог мой, Джэнi, - амаль праскуголiў я, - ну скажы хоць што-небудзь!

– Не раней чым пазнаёмлюся з нумарамi першым i другiм.

Я глядзеў на жонку ў спадзеве, што ўсмешка, якую - я гэта ведаў - яна спрабуе стрымаць, усё-такi з'явiцца нарэшце на яе твары.

– Канчай, Джэнi, - узмалiўся я.

– Усё. Я злiньваю. Прывiтанне!
– сказала яна i адразу дала нырца.

Не прайшло i трох секунд, як я нырнуў у ваду ўслед за ёю, i ўжо праз iмгненне мы ўчапiлiся за борт яхты, смеючыся i адфыркваючыся.

– Не ведаю, як у агонь, - сказаў я, - але ў ваду ты за мяне пойдзеш.

– Не задавайся надта, - адказала яна.
– Трэцi - гэта ўсяго толькi трэцi.

Поделиться с друзьями: