Гiсторыя кахання (на белорусском языке)
Шрифт:
Аднаго разу я пачуў, як Фiл прамармытаў сам сабе: "Доўга я так не вытрымаю". Мы толькi што паабедалi, i ён мыў посуд на кухнi (уручную). Я яму нiчога не сказаў, аднак падумаў: "А вось я вытрымаю, хто б Ты там нi быў, наверсе, мiстэр Усявышнi, сэр, i прашу Цябе - няхай усё застаецца, як ёсць, я вытрымаю, я гатовы цярпець бясконца..."
Таго вечара Джэнi выгнала мяне з палаты. Яна хацела пагаварыць з бацькам "як мужчына з мужчынам".
– На гэтую сустрэчу дапускаюцца толькi iталiйскiя амерыканцы, - сказала яна. Твар у яе быў бялейшы за падушку.
– Iдзi, Барэт, iдзi.
– О'кэй, - сказаў я.
– Толькi не адыходзь вельмi далёка, - дадала яна, калi ўжо я быў ля дзвярэй.
Я сеў у чакальнi. Неўзабаве з'явiўся Фiл.
– Яна клiча цябе, - хрыпла прашаптаў ён.
– Я схаджу па цыгарэты.
– Зачынi гэтыя клятыя дзверы, - загадала яна, калi я ўвайшоў у пакой.
Я цiха прычынiў дзверы. Прысеўшы каля ложка Джэнi, я разгледзеў яе. Я хачу сказаць, разгледзеў яе разам з усiмi гэтымi трубкамi, падведзенымi да правай рукi, якую яна звычайна хавала пад прасцiною. Я заўсёды любiў сядзець як мага блiжэй да яе i глядзець на яе твар. Цяпер ён быў страшэнна бледны, але на iм па-ранейшаму ззялi вочы. I гэты раз я сеў як мага блiжэй.
– Я зусiм не адчуваю болю... Праўда, Ол, - сказала яна.
– Ведаеш, гэта ўсё роўна як павольна падаць у прорву.
Усярэдзiне ў мяне штосьцi балюча зварухнулася. Нешта падымалася да горла, каб вылiцца слязьмi. Але я не заплачу. Я нiколi не плакаў. Я ж моцны хлопец, вы разумееце? Не, я не заплачу.
Але каб не заплакаць, мне нельга адкрываць рота. Мне застаецца адно кiўнуць. I я кiўнуў.
– Лухта, - сказала яна.
– Што?
– З мяне хутчэй вырваўся хрып, чым слова.
– Ты не ведаеш, што гэта такое - падаць у прорву, падрыхтунчык, - сказала яна.
– Ты нiколi нiчога такога не адчуваў...
– Ведаю, - аднекуль узялiся ў мяне сiлы загаварыць.
– Гэтак было, калi я сустрэў цябе.
– Але, - сказала яна, i на твары ў яе прамiльгнула ўсмешка.
– "О, што гэта было за падзенне!" Хто гэта сказаў?
– Не ведаю, - адказаў я.
– Шэкспiр, напэўна.
– Але, Шэкспiр, толькi якi персанаж?
– спыталася яна з смуткам у голасе. Не магу нават згадаць, з якой п'есы. Я ж скончыла Рэдклiф, павiнна памятаць. Некалi я ведала слова ў слова ўвесь Кёхелеўскi ўказальнiк Моцарта.
– Ну i ну!
– усклiкнуў я.
– Вядома - ну i ну!
– Яна зморшчыла лоб, потым папыталася: - Якi нумар у домiнорнага канцэрта?
– Я пагляджу, - сказаў я.
Я нават ведаў дзе. У нас дома. На нотнай палiцы каля фартэпiяна. Пагляджу i заўтра адразу ёй скажу.
– А я ж ведала, - сказала Джэнi.
– Ведала... Праўда, ведала...
– Паслухай, - сказаў я ў сваiм богартаўскiм стылi, - ты хочаш пагаварыць пра музыку?
– А ты што - хочаш пра пахаванне?
– Не, - выцiснуў я, пашкадаваўшы аб сваiх словах.
– Я ўжо абмеркавала гэта з Фiлам. Ты мяне слухаеш, Олi?
Я адвярнуўся:
– Але, слухаю, Джэнi.
– Я сказала яму, што ён можа запрасiць каталiцкага святара. Ты згодзiшся? О'кэй?
– О'кэй.
– О'кэй, - сказала яна.
Я адчуў пэўную палёгку: пра што б нi загаварылi мы далей, сама цяжкае ўжо мiнула. Аднак я памылiўся.
– Паслухай, Олiвэр, - сказала Джэнi вельмi цiха, але голасам, якi бывае ў яе, калi яна сярдуе.
– Олiвэр, ды перастань ты мучыць сябе! Ты ж проста хворы!
– Я?
– Гэты вiнаваты выраз твайго твару, Олiвэр, гэта нешта хваравiтае.
Я паспрабаваў змянiць гэты кляты выраз, але твар у мяне ўсё роўна як скамянеў.
– Тут няма нiчыёй вiны, дурненькi ты падрыхтунчык!
– сказала яна.
– Прашу цябе, перастань мучыць сябе!
Я хацеў глядзець i глядзець на яе, хацеў нiколi не адрывацца ад яе вачыма, але ўсё-такi апусцiў iх. Мне было сорамна, што Джэнi так лёгка чытае мае думкi.
– Паслухай, гэта адзiнае, аб чым я цябе прашу, Олi. А так, я ўпэўнена, усё ў цябе будзе о'кэй.
У мяне зноў захрас камяк у горле, i я не змог нават сказаць у адказ "о'кэй". Я моўчкi глядзеў на Джэнi.
– К чорту Парыж!
– сказала яна раптам.
– Што?
– К чорту Парыж, к чорту музыку, к чорту ўсю гэтую лухту! Думаеш, ты што-небудзь украў у мяне? Мне пляваць на ўсё гэта, чуеш, сукiн ты сын! Можаш ты ў гэта паверыць?
– Не, - шчыра прызнаўся я.
– Тады iдзi адсюль прэч! Я не хачу, каб ты сядзеў ля майго клятага ложка i глядзеў, як я аддаю канцы!
Яна не жартавала. Я заўсёды адчуваў, калi яна гаварыла ўсур'ёз. I я купiў хлуснёю дазвол застацца:
– Я табе веру.
– Так лепш, - сказала яна.
– А зараз, можна я цябе аб чымсьцi папрашу?
Усярэдзiне ў мяне ўсё зноў здрыганулася ад невыноснага жадання заплакаць. Але я пераадолеў яго. Я не заплачу. Я толькi скажу Джэнiфэр, адным кiўком галавы скажу, што буду шчаслiвы зрабiць усё, што яна папросiць.
– Мiлы, абдымi мяне моцна-моцна, - сказала яна.
Я паклаў ёй руку на плячо - Божа, такое худзенечкае!
– i сцiснуў яго слаба-слаба.
– Не, Олiвэр, - сказала яна, - абдымi мяне па-сапраўднаму. Ляж побач са мною.
Я быў вельмi, вельмi асцярожлiвы - з-за гэтых трубак i ўсялякiх iншых клятых прычындалаў. Лёг побач з ёю i абняў па-сапраўднаму.
– Дзякуй, Олi.
Гэта былi яе апошнiя словы.
22
Калi я выйшаў, Фiл палiў у салярыi невядома якую па лiку цыгару.
– Фiл!
– цiха сказаў я.
– Што?
– ён узняў вочы, i мне здалося, што ён ужо ўсё ведае.
Я зразумеў, як яму трэба цяпер якое-небудзь суцяшэнне. Я падышоў да яго i паклаў руку яму на плячо. Я баяўся, што ён заплача. Сам я быў упэўнены, што стрымаюся. Я проста не мог не стрымацца...
Фiл паклаў сваю руку на маю.
– Шкада, - прамармытаў ён, - шкада, што я...
– Ён запнуўся. Я чакаў. Куды цяпер было спяшацца?..
– Шкада, што я паабяцаў Джэнi быць моцным дзеля цябе.
– I, усё роўна як выконваючы сваё слова, цiхенька паляпаў мяне па плячы.
А цяпер мне трэба было пабыць аднаму. Глынуць свежага паветра. Можа, прайсцiся.
У чакальнi было цiха-цiха. Адно што чуўся стук маiх абцасаў па лiнолеуме.
– Олiвэр!
Я спынiўся - i ўбачыў свайго бацьку.