Гiсторыя кахання (на белорусском языке)
Шрифт:
– Дык, значыцца, вы ўжо выявiлi, хто вiнаваты?
– папытаўся я, не падбiраючы асцярожлiва словы.
– Я не сказаў бы "вiнаваты", Олiвэр, - адказаў мiстэр Шэпард.
– Ну, добра, скажам iнакш - хто з нас не ў парадку?
– Добра. Джэнi.
Я быў больш-менш гатовы да гэтага, аднак безнадзейнасць, якая прагучала ў словах мiстэра Шэпарда, усё-такi збянтэжыла мяне. Доктар больш нiчога не дадаў, i я вырашыў, што ён чакае ад мяне якiхсьцi слоў.
– Ну што ж, значыцца, дзецi ў нас будуць прыёмныя. Думаю, галоўнае, што мы кахаем адно аднаго, цi ж не так?
I тады ён сказаў мне:
– Олiвэр, праблема нашмат больш сур'ёзная. Джэнi вельмi хворая.
– Што значыць "хворая"?
– Яна памiрае...
– Гэтага не можа быць, - сказаў я.
Я чакаў, што зараз доктар скажа мне, што гэта проста няўдалы жарт.
– Яна памiрае, Олiвэр, - паўтарыў ён.
– Мне цяжка табе гэта казаць, але гэта так.
Я не мог паверыць яму i ўсё даводзiў, што здарылася нейкая памылка: мажлiва, гэтая iдыётка-сястра зноў штосьцi пераблытала, дала яму не той рэнтгенаўскi здымак цi што-небудзь такое. Доктар адказаў мне з сама вялiкай спагадаю, на якую, мабыць, быў здатны, што аналiз крывi быў паўтораны тройчы. Дыягназ не падлягае сумненню. Зараз ён накiруе нас да спецыялiста-гематолага. А папраўдзе, ён параiў бы...
Я перапынiў яго ўзмахам рукi. Мне патрэбная была хвiлiна цiшынi. Проста цiшынi, каб усвядомiць тое, што здарылася.
– Што вы сказалi Джэнi, доктар?
– нарэшце папытаўся я.
– Што ў вас абаiх усё ў парадку.
– Яна паверыла.
– Думаю, што паверыла.
– Калi нам прыйдзецца сказаць ёй праўду?
– Цяпер гэта залежыць ад цябе.
Ад мяне! Божа лiтасцiвы, ад мяне цяпер не залежала нiчога, я, здавалася, перастаў ужо дыхаць.
Доктар растлумачыў, што медыцына не мае радыкальных сродкаў, каб лячыць тую форму лейкемii, на якую пакутуе Джэнi, - гэтыя сродкi могуць аблегчыць цячэнне хваробы, замарудзiць яе наступ, але толькi не спынiць. Таму цяпер рашэнне залежала ад мяне. Пакуль лячэнне можна было на нейкi час адкласцi.
У гэты момант я думаў адно пра тое, якая ж агiдная гэтая клятая жудасць.
– Але ж ёй толькi дваццаць чатыры гады!
– сказаў, не, мабыць, крыкнуў я доктару.
Доктар спачувальна кiўнуў. Ён не горш ад мяне ведаў узрост Джэнi i разумеў, як мне цяпер балюча. Урэшце я ўсвядомiў, што не магу прабыць у кабiнеце ў гэтага чалавека ўсё сваё жыццё, i папытаўся ў яго, што мне рабiць... Ён параiў мне паводзiць сябе па мажлiвасцi як звычайна, быццам нiчога i не здарылася, - як мага даўжэй. Я падзякаваў яму i выйшаў на вулiцу. Як звычайна. Быццам нiчога i не здарылася.
Усё нармалёва. Нармалёва ўсё!
18
Я пачаў думаць пра Бога.
У сама патаемныя куткi маёй свядомасцi закрадалася думка пра нейкую Вышэйшую iстоту, якая жыве дзесьцi не ўва мне. Не, мяне не апаноўвала жаданне кiнуцца на яго з кулакамi, адпомсцiць за тое, што ён збiраўся зрабiць са мною - дакладней, з Джэнi. Мае рэлiгiйныя пачуццi былi зусiм iншыя. Калi я прачынаўся ўранку, побач са мною была Джэнi. Па-ранейшаму побач. I я спадзяваўся, хоць i адчуваў пры гэтым пэўную няёмкасць, што недзе ёсць Бог, якому я мог падзякаваць. Дзякую Табе, лiтасцiвы Творца, за тое, што, прачынаючыся, я бачу побач з сабою Джэнiфэр.
Я з усяе сiлы стараўся паводзiць сябе як звычайна i таму, вядома, дазваляў ёй самой гатаваць сняданкi i гэтак далей.
– Ты сустракаешся сёння са Стратанам?
– спыталася яна, калi я даядаў другую талерку аўсянкi.
– З кiм?
– папытаўся я, не расчуўшы.
– З Рэймандам Стратанам, - паўтарыла яна, - тваiм найлепшым сябрам. Тваiм суседам па iнтэрнацкiм пакоi - да таго, як з'явiлася я.
– А-а... Ага, мы збiралiся гуляць у сквош. Але, вiдаць, я не пайду.
– Лухта.
– Што, Джэн?
– Ты не павiнен прапускаць гульнi, падрыхтунчык. Я не хачу, каб у мяне быў кволы муж, разумееш?!
– О'кэй, - сказаў я, - але давай тады папалуднуем дзе-небудзь у цэнтры.
– Навошта?
– папыталася яна.
– Што значыць "навошта"?
– узняў я голас, спрабуючы напусцiць на сябе незадаволены выгляд.
– Магу я звадзiць сваю жонку ў рэстаран цi не?
– Ну вось што, Барэт. Прызнавайся, хто яна. Як яе зваць?
– раптам папыталася Джэнi.
– Каго?
– Слухай, - утупiлася яна ў мяне, - раз ты нi з таго нi з сяго цягнеш мяне ў рэстарацыю пасярод тыдня, значыцца, нехта ў цябе з'явiўся!
– Джэнiфэр!
– зароў я, цяпер раззлаваўшыся ўжо па-сапраўднаму.
– Я не пацярплю такiх размоў у нас дома за сняданкам!
– Добра, тады пагаворым у нас дома за абедам. Я згатую яго, пакуль ты вернешся.
– О'кэй.
I я сказаў гэта самому Богу, хто б ён нi быў, дзе б нi знаходзiўся, што я з радасцю згаджуся, каб усё засталося, як ёсць. Няхай я буду пакутаваць, сэр Усявышнi, я зусiм не супраць, няхай я буду ведаць усё, толькi каб не ведала гэтага "ўсяго" Джэнi. Ты чуеш мяне, сэр Усявышнi? Назавi сваю цану.
– Олiвэр!
– Слухаю, мiстэр Джонас.
Ён выклiкаў мяне да сябе ў кабiнет.
– Ты знаёмы з справаю Бэка?
Ведама ж, знаёмы! Робэрт Бэк працаваў фатографам у "Лайфе". Калi ён спрабаваў зняць масавыя хваляваннi ў Чыкага, "выжлы" ледзь духi з яго не выбiлi. Джонас лiчыў гэтую справу адной з найважнейшых для фiрмы.
– Я ведаю, што палiцэйскiя страшэнна яго аддубасiлi, сэр, - адказаў я...
– Я хачу, каб ты заняўся гэтай справаю, Олiвэр, - сказаў мiстэр Джонас.
– Я адзiн?
– Можаш узяць з сабою каго-небудзь з маладзейшых, - адказаў ён.
Маладзейшых? Маладзейшага за мяне ў фiрме нiкога не было. Але я, вядома, зразумеў падтэкст: "Олiвэр, нягледзячы на твой узрост, у нашай фiрме ты ўжо адзiн з старэйшых. Адзiн з нас, Олiвэр".
– Дзякуй, сэр, - сказаў я.
– Калi ты зможаш выехаць у Чыкага?
– спытаўся ён.
Ад самага пачатку я вырашыў нiкому нiчога не гаварыць, вынесцi ўвесь гэты цяжар на сваiх плячах. Таму давялося вярзцi старому чалавеку ўсялякую лухту (не памятаю нават, што менавiта) - маўляў, нiяк не магу паехаць цяпер з Ню-Ёрка, сэр. Я спадзяваўся, што ён зразумее. Але мiстэр Джонас быў вiдавочна засмучаны такiм маiм адказам на выключны давер з боку фiрмы. О, Божа, дарагi мiстэр Джонас, каб толькi вы ведалi праўду!..
Парадокс, аднак цяпер Олiвэр Барэт IV, калi яму здаралася пайсцi з офiса раней як звычайна, вяртаўся дамоў пазней.
Я займеў звычку доўга стаяць перад вiтрынамi магазiнаў на Пятай авеню, разглядваючы ўсялякiя дарагiя экстравагантныя забаўкi, якiя я мог бы купiць Джэнiфэр, калi б мне не трэба было рабiць выгляд, што ўсё ў нас... нармалёва.
А яшчэ мне, вядома, было страшна iсцi дамоў. Бо праз некалькi тыдняў пасля таго, як я даведаўся праўду, Джэнi пачала худзець. Не, пахудзела яна зусiм не нашмат i, можа, нават сама нiчога не заўважыла, але я, ведаючы, што адбываецца, прыкмецiў гэта.