Гiсторыя кахання (на белорусском языке)
Шрифт:
Магчыма, таму, што я зноў аб'явiўся ў гарвардскiх колах, а можа, таму, што пайшла пагалоска пра мае поспехi, хоць сваiмi заробкамi я, дальбог, нi перад кiм не выхваляўся, але сябры зноў "адкапалi" мяне. Мы пераехалi з Кембрыджа ў самы разгар лета (мне трэба было спешна рыхтавацца да ўступнага экзамена ў ню-ёркскую адвакатуру), таму першыя запрашэннi былi на ўiк-энды.
– Ды пайшлi яны ўсе, Олiвэр! Я не маю анiякага жадання тырчэць два днi запар у зборнi гэтых нудных падрыхтунчыкаў.
– О'кэй, Джэнi, але што я iм скажу?
– Скажы, што я зацяжарала.
– Ты сур'ёзна?
– Не, але калi мы застанемся на ўiк-энд дома, дык вельмi верагодна, што гэта можа здарыцца.
Мы ўжо выбралi iмя нашаму будучаму сыну. Дакладней, выбраў я, а потым угаварыў Джэнi згадзiцца.
– Паслухай, Джэнi, што я табе скажу. Толькi не смейся, - паставiў я ўпершыню пытанне на сямейнае абмеркаванне.
Жонка тым часам была на кухнi (мэбля ў залацiстых танах i нават машына для мыцця посуду).
– Што?
– папыталася яна, разразаючы памiдоры.
– Мне ўсё больш падабаецца iмя Боза.
– Ты гэта сур'ёзна?
– Ага. Аж не магу - так падабаецца.
– Дык, значыцца, ты збiраешся назваць нашага сына Боза?
– узiраючыся ў мяне, зноў папыталася яна.
– Менавiта так. Павер мне, Джэн, лепшага iмя для суператлета не знайсцi.
– Боза Барэт, - прамовiла яна, усё роўна як спрабуючы iмя з прозвiшчам на смак.
– Прысягаю, хлопец ён будзе што трэба, - працягваў я, адчуваючы з кожным словам усё большую ўпэўненасць.
– "Боза Барэт, галоўны нападнiк, зборная Гарварда i ўсiх унiверсiтэтаў, хакеiст-скала!"
– Ну што ж... Гучыць няблага, Олiвэр, але... Уявi сабе: а раптам хлопчык будзе пасрэдна скаардынаваны?
– Такога, Джэн, здарыцца не можа. У хлопца гены будуць што трэба. У мяне тут сумнення на мiлiграм няма.
– Я i праўда быў у гэтым упэўнены. Апошнiм часам думкi пра Боза прыходзiлi мне ў галаву ўсё часцей. Паважна шпацыруючы на працу, я бачыў яго ўжо ледзь не наяве.
Размову прадоўжылi за абедам. Дарэчы, мы набылi адмысловы дацкi фарфор.
– Каардынацыя ў Боза будзе найвыдатнейшая, - сказаў я Джэнi.
– А калi яму дастануцца твае рукi, дык яго можна будзе смела ставiць на якую хочаш лiнiю.
Яна заўсмiхалася - няйначай збiралася пакпiць з мяне i разбурыць усе мае iлюзii. Аднак, не прыдумаўшы па-сапраўднаму знiшчальнае рэплiкi, разрэзала торт i паклала мне кавалак. А я ўсё выкладваў свае довады.
– Ты толькi ўявi, Джэнi, - разважаў я з перапоўненым ротам.
– Дзвесце сорак фунтаў натрэнiраванай ударнай сiлы!
– Дзвесце сорак?
– здзiвiлася яна.
– У нашых з табою генах няма нiякiх двухсот сарака фунтаў, Олiвэр.
– Мы адкормiм яго, Джэн. Пратэiны, вiтамiны i ўсе астатнiя неабходныя кампаненты паўнацэннага рацыёну.
– А калi ён не захоча есцi твае кампаненты, што тады?
– Я яму не захачу!
– сказаў я, усё роўна як злуючыся на ўпартага хлопчыка, якi, седзячы за адным са мною сталом, адмовiцца дапамагчы мне здзейснiць мае мары зрабiць з яго лядовую зорку.
– Куды ён дзенецца - з'есць, а то я як бачыш па шыi надаю.
Тут Джэнi зазiрнула мне ў самыя вочы i ўсмiхнулася:
– Наўрад цi ты гэта зробiш, калi ў iм будзе дзвесце сорак фунтаў.
– М-м, - замяшаўся я на момант, але хутка знайшоўся.
– Не адразу ж ён набярэ такую вагу.
– Вядома, не адразу. Але калi ўжо набярэ, тады сцеражыся! Адлупiць ён цябе!
– Джэнi пагрозлiва памахала перад самым маiм тварам лыжкаю i зарагатала, што чорт...
17
Зрабiць дзiцёнка не так ужо i лёгка.
Я маю на ўвазе, ёсць нешта недарэчна-смешнае ў тым, што маладыя людзi, якiя ў першыя гады сваiх сексуальных практыкаванняў думаюць адно пра тое, як зрабiць так, каб дзяўчына не зацяжарала (калi пачынаў я, карысталiся ўсё яшчэ прэзерватывамi), потым рэзка пераключаюцца i прыкладаюць усе намаганнi, каб дзяўчына зацяжарала.
I гэтая самая мэта можа спакваля ператварыцца ў навязлiвую iдэю. Яна можа пазбавiць сама цудоўнае, што ёсць у жыццi шчаслiвых сужэнцаў, натуральнасцi i непасрэднасцi. Я аб праграмаваннi (няўдалае, дарэчы, слова - машыннае нейкае). Калi загадзя праграмуеш акт кахання ў адпаведнасцi з рознымi правiламi, календарамi, стратэгiяй: "Можа, лепш заўтра ўранку, Олi?" - дык гэты вось цудоўны акт можа выклiкаць няёмкасць, гiдлiвасць, а нарэшце i самы сапраўдны жах.
Бо, калi вы бачыце, што набытыя раней сцiплыя ўменнi i вашыя (дапусцiм) нармальныя здаровыя спробы "пладзiцца-размнажацца" не прыносяць жаданага вынiку, вас пачынаюць апаноўваць дужа змрочныя думкi.
– Спадзяюся, Олiвэр, ты разумееш, што "стэрыльнасць" не мае нiчога агульнага з "вiрыльнасцю"?
– сказаў доктар Морцiмэр Шэпард на нашым першым спатканнi, калi мы з Джэнi вырашылi нарэшце, што маем патрэбу ў кансультацыi спецыялiста.
– Ён разумее, доктар, - адказала за мяне Джэнi, ведаючы i без маiх слоў, што думка пра бясплоднасць - маю гiпатэтычную бясплоднасць - прыгнятала мяне. Мне нават здалося, што ў голасе ў Джэнi пачулася надзея: калi i ёсць якое адхiленне, дык толькi ў яе.
Але доктар проста растлумачыў нам, якiя могуць быць варыянты, i падрыхтаваў да найгоршага, перш чым сказаць, што ўсё ў нас можа быць у поўным парадку i мы неўзабаве станем шчаслiвымi бацькамi. Вядома, мы павiнны здаць безлiч розных аналiзаў. Поўны агляд. (Не буду пераказваць не надта прыемныя падрабязнасцi такога руплiвага абследавання.)
Аналiзы мы здалi ў панядзелак. Джэнi - удзень, а я - пасля працы (тымi днямi я ўжо акунуўся ў яе з галавою). У пятнiцу доктар Шэпард выклiкаў Джэнi яшчэ адзiн раз, растлумачыўшы, што сястра нешта наблытала i ён мусiць сёе-тое ўдакладнiць. Калi Джэнi расказала мне пра паўторны вiзiт да доктара, я западозрыў, што гэтае самае адхiленне... выявiлi ў яе. "Сястра, якая нешта там наблытала" - адгаворка досыць банальная.
А калi мiстэр Шэпард патэлефанаваў мне ў кантору, я ўжо амаль не сумняваўся. Ён папрасiў мяне зайсцi да яго заўтра па дарозе дамоў. Як толькi я зразумеў, што Джэнi там не будзе ("Я гаварыў з мiсiс Барэт учора ўвечары", сказаў доктар), падазрэннi мае пачалi ператварацца ва ўпэўненасць. Значыцца, у Джэнi не можа быць дзяцей. Але мажлiва, Олiвэр, дыягназ не канчатковы, паспрабаваў супакоiць мяне доктар - якiх толькi выйсцяў няма: хiрургiчнае ўмяшанне i гэтак далей.
Аднак працаваць напоўнiцу я ўжо, вядома, не мог, таму было неразумна чакаць пяцi гадзiн. Я патэлефанаваў мiстэру Шэпарду i папытаўся, цi не прыме ён мяне адразу пасля абеду. Доктар згадзiўся.