Хатынская аповесць
Шрифт:
— Што ў вас было? — спытаў Рубеж.
— Што? Пабілі нас, i ўсё. З хаты ў хату пераходзілі i забівалі,— жанчына сказала гэта неяк вельмі проста, i позірк дзіўны, запытальны.
— Чаго ж чакалі? Хіба не ведалі, што яны робяць?
— Хто i ўцёк, мы вось уцяклі. А то баяліся каторыя: яны праз старасту аб'явілі, што Убойнае не зачэпяць, a Бабровічы паляць таму, што ад ix многа моладзі ў партызанах. А нашых там няма — стараста так сказаў. I каго ў лесе знойдуць, сказалі, расстраляюць. I праўда, спачатку загадалі мужчынам з сякерамі, рыдлёўкамі сабрацца — дарогу рамантаваць. Хто не схаваўся, аб'явіўся, яны тых мужыкоў сабралі i па пляцу пачалі ганяць, у канцы вёскі. З паднятымі рукамі па крузе бегаюць, а пясок, а пясок!.. Хто адстане — б'юць. Мы ў вокны глядзім, што яны робяць з нашымі. А яны гэта, каб змардаваць людзей, бо, вядома, мужчыны, яны супраціўляцца будуць, Гэта каб лягчэй было ў гумно загнаць. Загналі i пачалі хадзіць па хатах. Музыку па вуліцы пусцілі, крычыць музыка, а яны ходзяць, i нейкая страляніна. Хто думае, курэй страляюць, хто што. А я бабам кажу: «Гэта ж яны людзей забіваюць». Мы гэта, сямей дзесяць, сабраліся ў адну хату, как не так страшна. «Забіваюць нас», — кажу я бабам. У акно глядзім, па вуліцы нават людзі ходзяць, нашы вясковыя ходзяць, i ix не страляюць, не чапаюць, a толькі бачым, што паказваюць: ідзіце, маўляў, па хатах. Але нікога не забіваюць на двары. Глядзім у акно, як немцы зайшлі, трое ці чацвёра, у адну хату i столькі не — у хату насупраць, пабылі там i выйшлі, паправілі аўтаматы i зноў да хат ідуць — усё бліжэй да нашай. Падыходзяць да веснічак, глядзяць на нас, а мы з акна — на ix, глядзім i так плачам, так плачам… Не ведаю, што… Ці яны прапусцілі кагосьці, успомнілі i вярнуліся, пайшлі яшчэ па адну душу. Схапіла я дзяцей — i на агарод. Музыка крычыць на вёсцы… (Пухнаты Паўлік падышоў да маткі i прытуліўся цяпер да яе нагі.) Мы за калодзежам, на агародзе, закідала я дзяцей бульбоўнікам, лебядой, прысыпала пяском, а з вуліцы немцы ўсё падыходзяць да калодзежа. Вып'е халоднай вады: «А-ах!» Добра, значыць! Рукі мыюць, плёхаюць вадой, смяюцца. А на мне косы растуць… Не чутно гэтых немцаў стала, тады ён (кранула Паўлікаву галоўку) i яна (зірнула на дзяўчынку ca строгімі вачамі) — яны мне: «Мамо, мамо, уцякайма, мамо, нас не заб'юць!» Гэта ж яны бачаць, што я паміраць ужо сабралася. Бо куды ж тут дзенешся? А яны: не заб'юць нас, i ўсё!
Твар жанчыны безуважны да таго, што яна расказвае. (Затое ўсё — на твары, у вачах дзяўчынкі, што стаіць побач.)
Жанчына нібы сама ў свой расказ не верыць, нібы ў нас пытаецца, што гэта такое ёй прытрызнілася, вінавата i ніякавата ўсміхаецца.
— Ну, папаўзлі мы да калгасных гумнаў, а там ужо гарыць, а немцы кулямі свішчуць, свішчуць… Гэта ж яны там мужчын забіваюць, паляць! А нам усё чуваць, як крычаць, галосяць людзі, а божачка! Гумны, сцены гараць, а мы паміж… Сцяна так, i так, i так… Я дзяцей сабой накрыла, пясок на ногі награбаю, валасы на галаве трашчаць, смаляцца… A Паўлік усё роўна: «Мамо, нас не заб'юць». А дзе тут не заб'юць, калі мы ўжо гарым, i куды нам паўзці, там немец стаіць. Я яго бачу за дымам. Не вытрывала, устала на калені, паднялася — хутчэй няхай заб'е! Што ж, жывым гарэць? I дзеці ўжо ад агню пішчаць, бо гарым. А немец замахаў на дым, сагнуўся i прапаў. Ну i мы папаўзлі, пабеглі з агню, з дыму…
Усмешка на рабаціністым твары жанчыны недарэчная, дзіўная, але нам яна не здаецца вар'яцкай. Проста пагубляліся ўсе меркі: калі чалавек павінен плакаць, калі смяяцца. I ўсё здаецца, чалавек не верыць, што гэта было з ім, магло быць такое, што гэта праўда; у нас пытае, ці праўда.
Як гэта страшна, калі чалавек усміхаецца.
…Сабачы брэх далека аддаецца ў адным i другім канцы вуліцы — вялікая вёска. Узлятае ракета, i тады ўсё пачынае варушыцца: доўгія цені, як рычагі, паварочваюць пуні, хаты, дрэвы. I тут жа, як рып драўлянага вората, кулямётная чарга. Рваныя трасы куль імчаць у поле, нам за спіну. Гэта адбываецца, паўтараецца праз аднолькавыя прамежкі часу, быццам i на самай справе сама запускаецца нейкі механізм. Значыцца, сапраўды тут ёсць немцы. У паліцаяў такой метадычнасці не бывае. Днём мы бачылі, што ў вёсцы стаяць машыны.
Ад расы, ад сырасці плашч робіцца цвёрды, каляны. Я, лежачы, сцягнуў з сябе брызент, падперазаўся папругай з падсумкамі па нямецкім кіцелі, а плашч пакінуў каля грушы-дзічкі, на бульбяным полі. I чамусьці азіраюся на яго, як на некага трэцяга i самага хітрага з нас. Рубеж паўзе па баразне i таксама азіраецца, нібы i яго збівае з панталыку той, трэці. Востры начны пах гарэлага. Падобна, што вёска, дзе мы наважылі разжыцца ядой, не такая цэлая, як здалося нам, калі вывучалі яe днём з лесу. Рубеж тады здорава паказваў, прадстаўляў, як перакладзём, перагрузім сала i каўбасы з паліцэйскіх кублаў у свае ёмістыя мяшкі i як паявімся з усім гэтым на «востраве», а нас сустрэне i будзе радасна суправаджаць дзятва, а Сцёпка-«фокуснік» будзе падскокваць на мыліцы.
Чым чалавек бліжэй да небяспекі, тым ён — пасля нейкага моманту — усё болей неасцярожным робіцца. Так яму здаецца. Во такое адчуванне, што ўжо адбылося непапраўнае, што быў празмерна нязграбны i ўжо быццам бы ўсё роўна, як яно скончыцца, абы толькі хутчэй. Чым глыбей упаўзалі мы ў паліцэйскую вёску, стараючыся трымацца, аднак, убаку ад вынесеных у поле прыбудоў, тым відочней усведамлялася, што робім мы яўнае глупства. Не паспееш кроку ступіць у вёсцы, як падымецца ўвесь гарнізон. Сабакі, праўда, i на ракеты, i на кулямётныя чэргі абзываюцца брэхам. Але які яны вэрхал падымуць, калі пачуюць нас!
Паўзеш па градах, што так: свежа пахнуць кропам, натыкаешся на халодныя лбы гарбузоў, але такое адчуванне, што не паўзеш, а выпростваешся на ўсё поле, як спружына, замацаваная адным канцом далёка ззаду, дзе застаўся плашч. I не ведаеш, куды цябе ў наступны міг — наперад кіне ці шугане назад. Спружына з кожным метрам напінаецца ўсё тужэй i ўсё больш назад цягне. Чапляешся, трымаешея локцямі, каленьмі за мяккую зямлю i на кожным метры дарогі нібы пакідаеш нешта, як плашч пакінуў, выпаўзшы, вылузаўшыся з яго. Ты ўжо па ўсім полі. I ўжо самому незнаёмае, чужое тое, што ўсё яшчэ паўзе наперад, крадзецца да сцен, да вокнаў хаты. Што зробіць у наступны міг чалавек з цяжкой, нагрэтай ад рукі гранатай i з нягеглай, без прыклада, вінтоўкай, якую ён валачэ за сабой?
Стукнулі ў сенцах дзверы, тыя, што ад хаты! Бразгаціць клямка, гучна расчыніліся знадворныя дзверы. Пакуль аглушальна чаргаваліся гэтыя гукі, Рубеж з нечаканай лёгкасцю дабег да вугла хлява i стаў там. Я хутка прапоўз да плота i стаіўся.
А на двары — мужчынскі пракураны кашаль, чалавек смачна плюнуў i пакіраваў да хлява, мільгануўся перада мной белы, у сподняй кашулі.
— Падыдзі, дзядзя!
Няўжо гэта Рубеж гукнуў? Такі голас, рэзкі i іранічны, у Касача.
— Гэта… гэта хто? Хто тут?
— Цішэй, сюды ідзі!.. Ты хто? Паліцай?
— А вы? Хлопцы…
— Добра. Хлеў адчынен?
— Не-е ведаю… Што вы тут хочаце рабіць, хлопцы? Тут жа немцы, два дні, як сталі.
— Ведаем. Зараз выведзеш нас з вёскі. Разам з каровай. Зразумеў, дзядзя? I не ўздумай чаго! Выведзеш — можаш назад бегчы.
— Счас, хлопцы, я счас. Раз трэба — трэба!
— Я люблю свядомых. Флёра, ідзі сюды. Дзе твая пачопка? Цішэй… Паказвай, дзядзя. Рыплівыя ў цябе тут дзверы. Трэба змазваць… Чаго гэта немцы сабак не пастралялі? Непарадак. I ты белы, i карова… Чым вас накрыць?
— Я вазьму ў хаце…
— Вінтовачку? Гэта ты зробіш з маім суседам. Вылупень яго прозвішча. Запомніў? Вось табе мех, накінь на кашулю.
…Мы вяртаемся на «востраў». Карова ў нас нішто сабе: вялізная, чорна-белая, з агромністым вымем. Мяса будзе, а малачко ўжо i ёсць. Амаль што на руках выносілі яе з вёскі: гаспадар — за рогі, а мы — пад бокі. Хутка i як толькі можна ціха адыходзілі гародамі, а пасля беглі, бадай, не асцерагаючыся, ля гучных, каровіных бакоў (там, усярэдзіне, увесь час ёкала, а мы беглі i падштурхоўвалі яе, карову). Каля лесу спыніліся, аддыхваючыся. Узрадаваны Рубеж папрасіў у дзядзькі закурыць, i той збянтэжыўся, што не ўзяў з сабой, залопаў, як певень, па кішэнях чорных галіфэ. Але тут жа, нібы ад прысаку, адхапіў рукі: штаны былі яўна паліцэйскія. I боты не за страх зробленыя, вайсковыя.
— A нішто сабе выбавіліся! — кажа дзядзька. — Як засвецяць ракетай, ну, думаю!..
— Ну, вяртайся, покі цёмна, — кажа Рубеж.
— Ага, пайду, каб не здагадаліся.
— Ну, тады ідзі.
— У нас не паліцыя, а самаабарона. Два дні таму немцы прыехалі, у школе сталі.
— Ідзі, добра.
— Шкада, закурыць не ўзяў.
— Другім разам.
— Пайду, пасплю яшчэ.
— Ага, паспі.
Мы пабеглі далей, ужо ад дзядзькі. (Усё-такі занадта паліцэйскія на ім штаны, таго i чакай — прывядзе пагоню.) Але нам весела: ці таму, што самі адпусцілі, а цяпер уцёкамі ратуемся («Так вам i трэба, «вылупням»), а можа, таму, што вяртаемся, нарэшце, на «востраў», i не з пустымі рукамі.
Але скора наша шчыраванне над каровай (штурхялі ў бок) перастала памагаць, карова пайшла сваёю хадой, цяжка калышучы раздутымі бакамі, а потым i зусім стала. Паглядае на нас добрымі недаўменнымі вачамі: вось вымя, малако, чаго яшчэ вам, «вылупням», ад мяне трэба? Мы таксама стаміліся, зняможана сядзім, прыхінуўшыся патыліцамі да соснаў, слухаючы праз іхні гуд неспакойную перадсвітальную цішу. Рубеж, пашукаўшы ў сваёй світцы, дастаў расціснутую бяроставую «шклянку». На сагнутых нагах, як бы не могучы выпрастаць калені, не падышоў, а падкаціўся танцам да каровінага вымені. Карова нават мукнула яму, як гаспадыні. Рубеж па-ўмельску абгладзіў набухлае вымя, цыркнуў сабе на далонь i памыў каровіны цыцкі, выцер далонь аб калена. I задаіў, зацурболіў у бяроставую «шклянку». Я міжволі рассмяяўся, так гэта падобна на яго расказ пра Вылупняў.