Хатынская аповесць
Шрифт:
Адгароджаны ад таго, што адбываецца, непамерна тужлівым адчуваннем блізкай смерці, як скрозь шкляную сцяну, гляджу я на чорных i зялёных карнікаў, што бягуць да скляпоў i хлява, на ўвесь ланцуг, які далека абдымае вёску. Вухнуў выбух зусім блізка — гранату ў склеп кінулі. Зараз нехта пачуе такі ж выбух, маю гранату… Я бачу, як жанчыны на гародах перабягаюць з месца на месца, падаюць, ізноў ускокваюць, паўзуць, цягнуць дзяцей. А ланцуг карнікаў марудна i няўмольна набліжаецца да гародаў, да вёскі. Вось жанчына ў яркай, чамусьці ружовай, кофце падбегла да лазенькі i, азіраючыся кругом, падзывае малых. Двое — не, трое — бягуць да яе, падаюць i паднімаюць адзін другога. Жанчына запіхвае ix пад стрэшку з пацямнелага бульбоўніку.
Схавала i сама адбегла, упала каля плота, але зноў узняла галаву і, напэўна, нешта кажа дзецям. Зверху я добра бачу яркую ружовую яе кофту.
Усё стаіць над вёскай злавесны гук, але не бачна, адкуль ён бярэцца, здаецца, што людзі ўсё робяць у мёртвай немаце. А гук вісіць над усім, над усімі…
Па доўгай вясковай вуліцы марудна, нават урачыста, як у царкву, ідзе стары ў палатняных, здалёку зусім белых, штанах i кашулі. Усё навокал вые, кідаецца, а ён ідзе, нібы можна яшчэ куды-небудзь ісці.
Але вось усё знікла, засталіся ўжо зусім блізкія крокі, шаргануліся аб сцяну хлява галасы. Сюды ідуць!
— Пан, а пан, — голас пераняў немца, — трэба ў скляпах глядзець. Сюды хаваліся.
— А табе што, што беглi? — другі голас, пануры. — Загадаюць, калі трэба, не бойся.
— Я не баюся, а ты заўсёды занадта разумны.
Зараз, зараз… Нічога няма на зямлі страшней — у вароты ўваходзяць людзі! I зараз гэта будзе, я прыціскаюся да жэрдак, гляджу на свае звязаныя белым шнурком рукі i адчуваю, як раздалося, якім вялікім, прыкметным стала маё цела. Зойдуць, заўважаць яго i адразу ўдараць з аўтаматаў. I я не паспею… Я не дадумваю, што ж я не паспею… Магчыма, гэта страх, што не паспею памерці. Ад сваёй гранаты. Чалавек, калі i здольны настроіцца на якуюсьці смерць, то толькі на адну, на пэўную. Ледзь што змянілася, i ўсё рассыпаецца. (Помню, як жанчына ў вагоне расказвала, што, калі немцы забівалі вёску i падышлі да хлява, дзе яе сям'я хавалася, людзі гатовы былі згарэць у сене, абы не выходзіць да забойцаў, дзе ix застрэляць. Трымаліся ў дыме, у пекле, абы не памерці пад кулямі. Нарэшце не вытрымала i вырвалася з агню адна толькі гэта жанчына, а муж i сестры яе згарэлі, ix стрымліваў страх перад iншай смерцю, няхай нават менш пакутлівай.)
Зараз удараць знізу, i я не паспею рвануць шнурок, граната не паспее ўзарвацца, пакуль я яшчэ буду жывы…
— Эгэ, тут ёсць!..
Голас вясёлы, забаўляецца, i гэта стрымала мае рукі, дало мне час успомніць, скеміць, што я ж не адзін у хляве хаваюся. Не ўздымаючы галавы, паглядзеў, гляджу, як двое ў чорных паліцэйскіх мундзірах накіроўваюцца ў другі кут хлява. Дзядзька ўскочыў на ногі, абсыпаны пацярухай, сонечны слуп пылу, як дым, забялеў, узняўся над ім.
— Хаваўся б як трэба. Эх, дзя-дзька! — вясёлы голас паліцэйскага. (Напэўна, гэты казаў немцу пра скляпы.)
— Не пайду! — крыкнуў чалавек.
— Ну, ну… Аўсвайсы правераць — i «нахаўз, матка». Сход…
— Не пайду! Ведаем, які сход!
— Ах ты, бандыцкая морда! — вясёлы ўжо сярдуе.
— Тут забівай, не пайду!
— Не хочаш як чалавек?..
Удары, крактанне. Тузаюцца толькі двое. Пануры паліцай спакойна назірае, нібы яго гэта не датычыць. Дзядзька вылецеў на сярэдзіну хлява, але зноў, як прыцягнуты, кінуўся назад, прыліп да сцяны, засунуў пальцы i далоні ў шчыліны паміж бярвенняў.
— Забівай, не пайду ў агонь!
— Які агонь? Ба-андыт! А ты што стаіш, пазіраеш?
— Хопіць у дурня гуляць, дзед, — лянівы голас другога паліцая, — правераць, i ўсё.
— Сам ідзі ў агонь!
Удары прыкладам па бервяне i па жывым адначасова. Крык амаль дзіцячы… Напэўна, я заварушыўся на сваіх жэрдках, бо пануры паліцай адразу ж здзівіўся:
— Эгэ, яшчэ адзін! Ану злазь, уніз скачы!
Паставіў на мяне вінтоўку. Я заварушыўся, прыўзняў зад, цела маё паказала, што я нічога, што я падпарадкоўваюся, а сам я гляджу на гранату, на белы шнурок у яе адтуліне. Пачуў слабае, зазыўнае супраціўленне смерці на схаваным у гранаце канцы напятага шнура. Зараз я бясконцы — без выдыху — удых. Балюча распірае грудзі, a ўдых усё не канчаецца, я ўсё расту, раблюся вялізным i тонкім, бязважкім, як шар… Раптам здарылася нешта ўнізе: двое — дзядзька, а за ім вясёлы паліцэйскі — вылецелі за дзверы.
— Ну, доўга я буду? — пытае другі паліцай. Я ўзняўся, устаў на калені, трымаю руку з гранатай на жэрдках, сунуся да сцяны i ўсім сваім абліччам паказваю, што буду спускацца. За сцяной зноў глухі выбух.
— Гранату ў склеп кінулі,—паведаміў я паліцаю.
— Доўга буду чакаць?
Я ўжо не той, хто хвіліну назад гатовы быў узарвацца на ўласнай гранаце. Нешта змянілася, i з'явіўся ў свеце хітраваты, са згоднай i бязглуздай усмешкай… Ён паўзе, трымае i хавае гранату, а я назіраю i за ім i за паліцаем i чакаю, што ж зраблю я… Той я, што чакае, назірае, надзіва спакойны. Нібы i не са мной усё гэта.
— Скачы сюды, ну! — Паліцай адчуў нешта нядобрае, голас яго ўстрывожана рвануўся. Я паслухмяна прыўзняўся, пакорліва павярнуўся спіной да яго вінтоўкі i, не гледзячы, як з самога сябе, пацягнуў шнурок. «У нябожчыка зубы не баляць!» Нехта другі i, здалося, уголас палічыў патрэбныя секунды фразай майго сябра Федзькі, i ён жа, гэты хітраваты, злы, лоўкі, кінуўся за сцяну, як за борт, пакінуўшы ў хляве гранату, i яна падае на паліцая…
Балюча стукнуўся аб дол, аб выбух, аб цемру. Сцяна хлява дыхнула на мяне дымным смуродам — у заплюшчаныя ад болю вочы, у нос. Ускочыў з вывіхнутым ці зламаным плячом, каб бегчы абы-куды, толькі далей ад таго, што я зрабіў.
— Хальт! Цурук!
Боль у плячы адпусціла, не засцілае вачэй. Немец стаіць каля склепа, наставіў на мяне аўтамат. Я іду да яго, нават спяшаю, абы далей быць ад хлява. Тут яшчэ два немцы каля кулямёта, пастаўленага на высокія ногі-распоркі. А яшчэ двое стаяць над нейкай старой. Яна ляжыць тварам у зямлю, чакае худымі вострымі лапаткамі стрэлу, а немцы стаяць над ёю, закурваюць. Смешна ім, што яны ўсяго толькі кураць, усміхаюцца, а чалавек ужо паміраць прыгатаваўся!
— Нахаўз, матка, — кранае яе аўтаматам немец у тоўстых акулярах.
Я з палёгкай заўважаю, што выбух мой нікога не ўстрывожыў. Зараз яшчэ адзін немец кіне гранату ў склеп. Шпурнуў i прыпаў да пясчанай страхі-накату. «Мой» немец апусціў аўтамат, дачакаўся новага выбуху i ўжо тады накіраваўся туды, дзе ляжыць старая. Паказаў, каб i я ішоў да таго месца.
I адразу не стала тут партызана, што кінуў гранату, забіў паліцэйскага, — да немцаў ідзе даўно не голены вясковы хлопец у брудных ботах i ў шэрай навыпуск кашулі. Вось толькі штаны з італьянскага, так, так, з нейкага жаўтлявага, не нямецкага сукна, проста з коўдры: разведчыкі, вядома, абдурылі мяне, штаны з коўдры, i нічога няма ў ix нямецкага, салдацкага!
— Мутэр? — немец паказвае на старую. Худы вясковы хлопец на ўвесь рот бязвольна ўсміхаецца (упершыню я рады гэтай сваёй бязглуздай усмешцы) i кранае старую за плячо.
— Хадземце, не бойцеся.
Старая хутка ўсхапілася на калені, глядзіць невідушча, губы яе хутка-хутка варушацца.
— Вэк, нахаўз! — немец у акулярах паказвае на вёску. Я памагаю жанчыне ўстаць, i мы спяшаем пайсці, ідзём з ёю да гародаў.
Першы ланцуг карнікаў ужо наперадзе нас, рух яго замарудзіўся каля хлявоў. Другі ланцуг, радзейшы, даганяе. З гэтага да нас кіруецца немец з паліцаем. Паліцай, напэўна, гарадскі, апрануты ў чорны мундзір з шэрымі абшлагамі i такім самым каўняром. Абодва, i немец i паліцай, маладыя i вельмі падобныя, хаця нямецкая галава накрыта стальным каўпаком каскі, а паліцэйская — чорнай пілоткай. Яны падштурхоўваюць мяне i старую i, перабіваючы адзін аднаго, тлумачаць, хто мы, чаму нас трэба гнаць.