Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хатынская аповесць

АлесьАдамовіч Алесь

Шрифт:

— Шнэль, шнэль, рус!

— Давай, давай! Сталінскія бандыты!

Малады немец ідзе так, каб паліцай таксама быў у яго перад вачамі.

— Швайн!..

— Бандыты!..

Гэта не проста лаянка. У гэтых звычных мянушках усе ix перакананні, ix тлумачэнне таго, што адбываецца i ў чым яны ўдзельнічаюць. Зброя скарастрэльная, ідэі кароценькія — а дно даганяе другое!..

— Швайн… шнэль… сталінскія… рус… бандыты, шнэль… давай… шнэль! Шнэль! Давай! Давай!..

Дзіўна, што ўвесь час, пакуль мяне гналі, пакуль я ішоў да вёскі, я помніў хлеў i флегматычнага паліцая, на якога скінуў зверху гранату. Спачатку вісела нада мной боязь, што, яны выявяць гэта. Потым на змену другое пачуццё ўсплыло, мне ўжо знаёмае. Мы аднойчы абстралялі з рэдкага сасонніку каля самага горада нямецкіх веласіпедыстаў. Яшчэ сонечна круцілася кола над целам забітага мною салдата, а мы ўжо ўскочылі на ногі, каб бегчы. Нечакана з'явіліся немцы на машынах. Нас глушылі, даганялі блізкія разрыўныя кулі, немцы ўжо акружалі нас, а пад нагамі сухі, сыпкі, як мука, пясок: не бяжыш, a абяссілена буксуеш на месцы! I, галоўнае, зрабілася раптам усё роўна, з'явілася тупая абыякавасць да самога сябе. Тое, што я нядаўна забіў, адыгрывала ў гэтым нейкую ролю, спрашчала ўсё, i блізкую смерць маю таксама.

Першы ланцуг карнікаў ужо на гародах. Раптам заспяшаліся яны, закрычалі. Нямецкія каманды, паліцэйскія вокрыкі, сабачае выццё, жаночыя i дзіцячыя крыкі i плач, як полымя, ускінуліся над вёскай. Карнікі зазіраюць у кожныя дзверы, у кожную яму, шчыліну, раскідаюць жытнія бабкі, якімі застаўлены гароды. I тут я зноў убачыў жанчыну ў ружовай кофце. Яна ўстала на калені каля плота, сама паказала сябе, калі немец падышоў да лазні i пачаў шнырыць ствалом вінтоўкі пад развешаным бульбоўнікам. Немец убачыў жанчыну, што ўстала з зямлі, i накіраваўся да яе. Але другі карнік (гэты не ў касцы i не ў пілотцы, на галаве ў яго зялёная фуражка з вельмі доўгім брылём) упэўнена падышоў да лазні i скінуў на зямлю жэрдку з бульбоўнікам. Дзеці, двое старэйшых, стаяць на каленях, прыціснуліся тварамі да сцяны i закрылі вочы рукамі, а хлопчык гадоў трох здзіўлена i непаразумела, як пасля сну, глядзіць на чалавека ў дзіўнай фуражцы.

Жанчына закрычала i папаўзла, а потым пабегла да лазні.

— Швайн! — штурхнуў мяне аўтаматам немец.

— Бандыты! — спахапіўся, растлумачыў (сабе i мне) паліцай i таксама мяне штурхнуў.

Крык, плач i выццё выбухнулі ў нейкі міг, пакаціліся праз вёску, як пажар, i ўжо не спыняліся ўвесь дзень, да самага да таго апошняга імгнення…

Нас выпіхнулі на вясковую вуліцу — мяне са старой i жанчыну ў ружовай кофце, у якой не хапала рук, каб сабраць, трымаць каля сябе малых. Таксама, як у нейкі міг выбухнулі i ўжо не спыняліся плач i крык, так з гэтага моманту пачаўся той шалёны гон, бег. Нас выгналі на вуліцу, дзе ўжо мітусіліся людзі, i ўсё новых i новых жанчын з дзецьмі, мужчын выдзіралі з хат, з двароў, выпіхвалі з брамак, выкідвалі на вуліцу i гналі, гналі наперад, некуды ў канец вёскі. З крыкам, хрыпам, ударамі прыкладаў, палак, з вышчэрваннем i кіданнем аўчарак некуды прапіхвалі разбухлы натоўп. Спачатку працэсія сунулася марудна, толькі ўнутры яе быў бесперапынны, як крык i плач, pyx, мітусня, спалоханае шараханне ад сабак, якіх карнікі раз-пораз кідалі з павадкамі ў натоўп, кусалi яго. Але ўсё прарэзлівей каманды, вокрыкі, удары, кіданне, выццё i чалавечы плач, i ўсё хутчэй коціцца разбухлы натоўп да нечага апошняга, што чакае ў канцы вуліцы. I чым больш хуткі, шалёны бег, тым больш лютым i робяцца карнікі, тым часцей штурхаюць, б'юць, равуць, гыркаюць.

I ўсё больш пакрыўджанымі становяцца чырвоныя спацелыя морды катаў. Нават пакута на ix фізіяноміях, мука, крыўда. Мы ж такія недысцыплінаваныя. Hiяк не хочам зразумець, чаго яны ад нас дабіваюцца, такія мы крыклівыя, супраціўляемся, не жадаем верыць у аўсвайсы, у праверку дакументаў, у звычайнасць i неабходнасць таго, што адбываецца.

Асабліва да дзяцей цягнуцца карнікі з палкамі i аўчаркамі. A калі хлопчык гадоў дзесяці з-пад рук маці кінуўся ў жыта, немец аж застагнаў ад крыўды i пусціў аўчарку. Жанчына кінулася за імі, а на яе наскочыў другі. О, якім гняўлівым ён быў, як пакрыўдзіўся за непарадак, у якой пакуце скрывіўся яго твар!

Я яшчэ раз убачыў белага старога, якога заўважыў раней з хлява. Ен паспеў ужо прайсці ўсю вёску i зараз стаяў, нібы чакаў нас, каля нечага чорнага, што вісела на сцяне вялікага калгаснага свірна. Каля гэтай вялікай, чорнай, не тутэйшай, не вясковай анучы — нейкага злавеснага знаку для карнікаў — сабралі людзей, якіх прыгналі раней. (Толькі потым, калі ўспамінаў усё, я зразумеў, чаму так стаяў каля чорнага палотнішча, так трымаў галаву белы стары, — ён быў сляпы.)

З боку хлява тоўпяцца немцы ў афіцэрскіх фуражках, стаяць машыны, матацыклы. I два станковыя кулямёты, нацэленыя на свіран.

Каля расчыненых варот нас чакае калідор з аўчарак i карнікаў. Спакойна, дзелавіта стаяць дзве шарэнri людзей з аўчаркамі, нібы тое, што яны робяць, — самы просты, зразумелы ў жыцці занятак. Усё гэта (таксама, як i чырвоную супрацьпажарную дошку на сцяне свірна) я разгледзеў потым, праз шмат дзён, калі зноў i зноў перабіраў усё ў запалёнай памяці.

A ў той момант было толькі адчуванне, што нас, мяне спіхваюць ca смяротнай кручы i я чапляюся рукамі, нагамі, жыватом, не даюся i не жадаю верыць, што гэта канец, але ў той жа час да жаху ясна ўсведамляю, што гэта здарыцца. Мог, мог жа я вось у гэты самы час быць зусім у іншым месцы, не тут! Але няўжо ёсць яшчэ нешта іншае на зямлі, калі тут вось гэта?..

Жывая, звілістая кішка з карнікаў i аўчарак стала заглытваць натоўп i прапіхваць да чорнай адтуліны расчыненых варот порцыямі па пяць, па дзесяць чалавек.

Нехта з карнікаў, якія штурхаюць, б'юць нас у спіну, па локцях, па галовах, выкрыквае:

— Падрыхтуйце дакументы, пашпарты, метрыкі, школьный даведкі, падрыхтуйце дакументы!..

Але ніхто ніякіх дакументаў не глядзіць, не пытае, напэўна, план, сцэнарый жудаснага спектакля зменены на хаду чыімсьці распараджэннем i той, што выкрыквае, выконвае ўжо неабавязковую, лішнюю ролю.

— Падрыхтуйце даведкі!..

Рухавая кішка з эсэсаўцаў i сабак то пашыраецца, то сціскае нас, захоплівае ўсё новыя i новыя партыі людзей, адрывае ix ад акружанага, здушанага з усіх бакоў натоўпу, прапіхвае да свірна, да расчыненых варот. Твары ў тых, хто нас штурхае, шпурляе, б'e, кусае, раз'ятраныя, злосна сляпыя i абавязкова пакрыўджаныя. Мы гэтак дрэнна, гэтак тупа паводзім сябе, не жадаем зразумець, чаго ад нас хочуць, патрабуюць, мы аглушаем ix такім жаночым крыкам, такім дзіцячым плачам i выццём, гэтак нялёгка з намі, а трэба ўсяго толькі зайсці ў свіран i трэба падрыхтаваць пашпарты i метрыкі!..

Двое карнікаў занадта адпусцілі сабачыя павадкі на высокага маладога мужчыну, які вельмі ўпінаецца. Аўчаркі спачатку рвалі яго, але, дацягнуўшыся, нечакана ўчапіліся ў глотку адна адной. Мужчыну ўжо прыстрэлілі i кінулі да сцяны свірна i яшчэ шчыльней сціснулі натоўп, але эсэсаўскую кішку ў гэтым месцы скруціла, карнікам усё не ўдаецца разарваць сабак. Яны замкнулі клыкі на глотцы адна адной i соладка замерлі, раскірэчыўшы дужыя ногі. Ix штурхаюць, б'юць ботамі, валакуць. A другія карнікі валакуць, шпурляюць да варот нас…

Непрыгожы чалавек, калі яго забіваюць! Гэта заўсёды прачытваецца на пакрыўджаных тварах катаў. О, як я помню i гэтыя фізіяноміі i помслівае пачуццё таго, каго забіваюць: вось вам, вось жа вам? Я выкручваюся, кусаюся, вішчу, я гатоў тхарыны смурод пусціць у гэтыя морды.

Уразіла мяне аднойчы фатаграфія ў Бялградскім партызанскім музеі. Напэўна, i зараз яна там. Да яе здалёку пачынаеш ісці, абы зірнуў — як на святло. Дзіўная прыгажосць чалавечай усмешкі! Але падыходзіш i раптам бачыш, што на шыі ў шчаслівага юнака пятля! А ззаду, за спіной яго, стаіць фашыст, падрыхтаваўся выбіць з-пад ног асуджанага апору. Каму ён усміхаецца, гэты юнак з белым адкладным каўняром вакол чыстай тонкай шыі, з такім адкрытым тварам студэнта? Каму такая усмешка? На злосць катам?! Але ні ценю выкліку, пагарды, ніякага напружання! Hiбы нявеста перад вачамі ў яго, а не яго забойцы. Не было б за спіной у юнака той дзелавітай фігуры ў мундзіры, можна было б надумаць, што проста на самадзейнай сцэне забаўляюцца студэнты, паказваюць пакаранне смерцю па-маладому неразумна i весела, як нешта немагчымае. I «асуджаны на смерць» бачыць вакол сябе ўсмешлівыя твары сяброў. А не морды забойцаў…

Каму ж гэта чалавечая усмешка? Апошнім людзям, якіх ён бачыць? Бо другіх ужо не будзе, лепшых, жаданых. Гэта ўсё-ткі апошнія. Не, не!.. Я не мог з гэтым згадзіцца. I не мог адысці ад вясёлага партызана. I нарэшце зразумеў. Чалавек заўважыў вока фотаапарата i скрозь яго зірнуў за спіны забойцаў — на сяброў, магчыма, на нявесту. Ён бачыць людзей, якіх пакідае жыць замест сябе! Каты самі далі яму гэту магчымасць…

Мы ж бачылі толькі катаў, толькі ix, хто хацеў нас загнаць у свіран, каб зручней было ператварыць нас у трупы, спакойныя, дысцыплінаваныя. I я кідаўся разам з усімі паўз сцяну з мордаў аўчарак i катаў, злы, бездапаможны.

Поделиться с друзьями: