Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хатынская аповесць

АлесьАдамовіч Алесь

Шрифт:

— Веданне, вопыт мой — песімістычныя, але воля, надзея — аптымістычныя. Гэта Альберт Швейцар. Добра сказаў!

…Калі я ўсё-ткі споўз з поля, аблітага мёртвым святлом, дабраўся да свайго лесу, а днём да «астравоў», дык вяла мяне i вывела, напэўна, усё тая ж нясцерпная дзіцячая крыўда — унутраныя слёзы, якія я нібы нёс камусьці. I я прынёс ix да «вострава», бо знаў, чакаў, як узрадуюцца, як кінуцца мне насустрач i як я пра ўсё раскажу. Што будзе далей, потым, я неяк не думаў. А што я ім прыносіў, акрамя весткі, што ўсе забітыя i толькі я жывы? Загінулі ўсе, на кім трымалася надзея не памерці з голаду.

На хаду я жаваў, што траплялася: шчаўе, ягады. Увесь час хацелася піць.

У лесе каля першага «вострава» ўсё той жа пах, але зараз гэта знак, што я амаль дома. Пашукаў у кустах — усе шасты на месцы. Я нават пералічыў, нібы не адмовіўся яшчэ ад думкі, што Скараход ці Рубеж вярнуліся раней за мяне. Я ішоў з палкай да вады, i тут мяне паклікалі:

— Прыйшлі?.. Хлопчыкі!..

Каля балотнай сасёнкі сядзіць, стуліўшыся, жанчына. Ногі выцягнуты знясілена, на каленях брудны клуначак. Вочы пранізліва блішчаць на схуднелым, высахлым твары. (Аднойчы пачуў я расказ былога ваеннапалоннага: «Цэлыя паўгода хварэў на гэтую смерць» (гэта значыць на галодную, паміраў з голаду).) У хворых на галодную смерць вочы заўсёды такія — запытальна-пранізлівыя.

— Вось i добра… Прыйшлі…

Не хапіла паветра ўзрадавацца, i жанчына глыбока ўздыхнула. Наказала на свой клуначак:

— Шчаўліку сабрала… Добра, што вы…

Яна глядзіць, шукае вачамі астатніх, хоча ўбачыць, што мы прынеслі яе дзецям. Толькі тут я адчуў, што значыць для «вострава» мой зварот, які адчай i безнадзейнасць я нясу.

— Так… прыйшлі… зараз… так, — я мармытаў нешта i паказваў назад, як тады на лясным могільніку, i ўсё не кідаў шост. Спатыкнуўся, упаў, усміхнуўся (вось, маўляў, упаў!), a пранізліва-зіхатлівыя вочы жанчыны з жахам чапляліся за мяне, затрымлівалі мяне, гналі мяне.

Я ўжо амаль бег. Шпурнуў шост. Я вяртаўся. Куды, чаго? Я гэтага не ведаў. Ведаў толькі, што вось так, ні з чым на «востраве» з'явіцца не маю права. Не магу. Перад такімі вось вачамі, дзіцячымі, жаночымі. I яшчэ — параненыя. Хворыя голадам, на галодную смерць, усе падобныя: аднолькава вялікія вочы, шырокі рот. Прайшла б, прамільгнула першая надзея, ажыўленасць сустрэчы, i я ўбачыў бы вочы, якія ашукаў…

…Наш аўтобус зусім заціх. Толькі жаночае (роўнае, бясконцае) казанне пра паездку на поўдзень i як пужліва-весела ўцякалі ад каранціну, ды хто-небудзь назаве вёску ці мясцовасць.

— Хутка будзе Казловіцкі лес…

— А потым Вялікія Воркі…

— Так, i Пераходы.

I ўжо зноў агульная размова расцякаецца па аутобусе, ужо пра Пераходы.

— Трэба было атакаваць у вёсцы.

— Заднім розумам i я Напалеон!

— Я i тады казаў…

— Што гэта? — Голас Сярожы. — Гэта могільнік?

— Боркі. Гэта Вялікія Боркі.

Аўтобус прытарможвае. Шарганула шкло шафёрскай кабіны, малады голас:

— Глядзіце, што тут! А здалёку вёска як вёска.

— Адны крыжы i слупкі, татка, — ціха кажа мне Сярожа, — замест дамоў. I бярозы.

— Тут усіх спалілі,— растлумачылі шафёру. — Як у Хатыні.

— I ніхто, ніхто не застаўся? — спытаў Сярожа амаль шэптам. (Нібы самому сабе сказаў. «Значыць, i я не застаўся б», — напэўна, гэта ён сказаў.)

— I ў сне не прысніцца! — гучна, молада прамовіў шафёр i засунуў шкло.

А мне i вочы заплюшчваць не трэба, каб прыснілася, уявілася. Бачу і так! Баляць яны, мае вочы, з кожным годам мацней, нібы нясцерпнае святло на ix увесь час скіравана. Не знадворку, знутры святло — з памяці.

…Я іду, уцякаю… Падумалася, што мяне могуць забіць, а жанчына скажа ўсім на «востраве», што бачыла мяне і што я ўцёк, уцёк ад па раненых, ад дзяцей! I Глаша там… Усё стаіць перада мной, усё ўяўляю таго дзядзьку. (Ад яго самога чуў у атрадзе расказ.) Таксама блакада была, а ён жыў тады ў цывільным, у сямейным лагеры. Паразганялі карнікі жыхароў па лесе, а ён з трохгадовай дзяўчынкай. Ад сырых грыбоў i ягад у дзяўчынкі пачалася «крываўка», бацька (ці дзядуля) i адважыўся. Узлез з ёю па лесвіцы-«яршу», якую знайшоў каля пустых вулляў, на клён, апусціў яе ногі ў шырокае i глыбокае дупло клёна, потым усю ўпіхнуў. Дзяўчынка заплакала. А ён папрасіў паказаць ручкі — толькі брудныя пальчыкі ў дупле паварушыліся. Ен узяў яе за рукі, падцягнуў да дуплянога акенца: «Ну, вось, ну, бачыш? Вось так дастану цябе, калі вярнуся. Чаго табе прынесці? Хлеба? Ну, вось малайчына!»

Злез на зямлю, схаваў «ярша», паслухаў пакорлівае маўчанне дзяўчынкі. «Ну, я пайшоў, я хуценька!» — i пабег. Як я. Каб хутчэй вярнуцца. I раптам, як на сцяну, наскочыў на думку: «Заб'юць мяне, а яна будзе там сядзець i дзень i тры, плакаць, паміраць ад смагі, ад голаду!» Кінуўся назад. Ад страху, ад хвалявання заблудзіўся. Натыкаўся на дрэвы, як сляпы, плакаў, клікаў. «Выў, браткі мае, як воўк, покуль не знайшоў тое дрэва!»

Заб'юць, а жанчына раскажа, што бачыла мяне i як я ўцякаў. Збег!

Веска, да якой я нарэшце выйшаў, спіць у халаднаватым тумане, што поўзае па лузе, па гародах шматкамі, як гурт авечак. Пасля ночы, якую ў галодным паўтрызненні-паўсне пракачаўся пад елкай, нешта дзіўнае ў сабе заўважаю. Вось лаўлю сябе на тым, што мармычу-напяваю «Суліко». Чамусьці іменна гэтую мелодыю. Нейкая ненатуральная лёгкасць, пустата ўнутры. I нейкая бесклапотная непамятлівасць. Я накіраваўся проста да вёскі i толькі потым спахапіўся: вінтоўка на плячы! А хто там, у гэтай вёсцы, хіба я ведаю? Зусім цэленькая вёска. Стрэхі, стрэхі над калыханнем туману, як днішчы перавернутых лодак. А над усім, нада мной такое чыстае i свежае неба. Справа за туманам цямнее высокі насып дарогі. Ці не тая самая гравійка тут цягнецца, каля якой забілі ленінградца i Скаpaхода? На паўдарозе да вёскі сярод лугу ўздымаецца, вырастае з туманнай каламуці, як з вады, некалькі маладых бяроз. Да ix я i кіруюся. Ногі блытаюцца ў пабурэлым ад дажджу, непрыбраным сене. Каля бяроз я спыніўся, азірнуўся. Гэта адна бяроза, але трохствольная: тры выгнутыя застылыя рукі. Вельмі зручнае сядзенне для пастушкоў. Аб чым гэта я?.. Нагой згроб сена i сунуў пад яго вінтоўку. Не адразу ўспомніў, што на мне яшчэ папруга з падсумкамі i нямецкім штыком-кінжалам. Я злосна засмяяўся. Ну, ну, давай яшчэ «Суліко»!.. Сунуў пад сена падсумкі i штык i тады ўспомніў, што кіцель на мне нямецкі. Ды i штаны нямецкія. Але на штанах бруду столькі, што не разгледзіш, якія. Схаваў кіцель пад сена i застаўся ў шэрай кашулі з белымi гузікамі, якую мама мне пашыла. Гранату пераклаў у кішэню штаноў. Ну, здаецца, усё, можна ісці ў вёску. Ці яшчэ што не так? «Долго я бродил и вздыхал…» Ну, ну, заспявай, дурань!

Нечаканы гук наперадзе насцярожыў мяне. Я не адыходжу ад вінтоўкі, стараюся адгадаць, што азначаюць гэтыя стукі, якія паўтараюцца ў лагчынцы, налітай халодным туманам. (Аказваецца, мне трэба нанава вучыцца хадзіць па зямлі, без вінтоўкі.) Гукі вясковыя: стук па дрэве, мармытанне, вокрык на каня. Як ад берага адштурхнуўся, я адарваўся ад месца, дзе схаваў вінтоўку, i пайшоў у той бок. Спачатку каня заўважыў, калёсы. З туманнай гушчы вынырнуў задыханы дзядзька, граблямі гоніць валок, копку сена. Убачыў мяне i хутка, як i павінна быць зараз, азірнуўся — адзін я ці са мной яшчэ хто?

Дзядзька ўспацеў, бачна, што спяшае, нервуецца, нібы крадзе ён тое сена.

— Добрай раніцы! Гэта якая веска? — спытаўся я i сам здзівіўся, што зусім інакш гучыць голас, калі ты без зброі.

— Пераходы.

— А! — узрадаваўся я так, нібы ix я акурат i шукаў.— Ціха ў вас як!

— Дзе зараз ціха? Сядзім вось, як на агні. Хто ў лесе, хто дзе… Прыязджалі ўжо, нікога не зачапілі, толькі коней пабралі. I людзей, тры сям'і з Вялікіх Борак, пастралялі. У лесе ў куранях хаваліся, жылі. Раз у лесе — «бандыты»!.. Пабілі. A самі вы адкуль будзеце?

Поделиться с друзьями: