Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хатынская аповесць

АлесьАдамовіч Алесь

Шрифт:

Аднойчы, калі ўжо студэнтам быў, убачыў у кнізе групу людзей, звязаных, аблытаных змеямі — Лаакаон. (Памяць мая ўсё ўцякае ад свірна, нават памяць доўга не можа там прабыць!..) Тоўстыя скруткі змей на чалавечых руках, нагах, напружаных у халодным жаху, адкінутыя твары, галовы… Стол, за якім я сядзеў, пахіліўся, вокны перакасіліся, я ледзьве дабег да памыйнага вядра. Аднакурснікам маім смешна было, што ў Гайшуна такая рэакцыя на мастацтва. А я проста ўбачыў тое, што ўжо бачыў аднойчы, але толькі не на рэпрадукцыі. Было гэта ў самым пачатку маёй партызаншчыны. Немцы i ўласаўцы злавілі нашага разведчыка, а мы потым хадзілі забipaць кінутае на могілках цела. Партызан доўга адстрэльваўся ад немцаў з-за камянёў i загародак, але яго ўсё-ткі схапілі жывога. Рука, шыя чалавека былі абматаны сінімі жахлівымі скруткамі з яго ж вантробаў. I на мёртвым відаць было, як чалавек сам ірваў ix ад сляпой жудасці i болю…

Натоўп, сціснуты, звязаны, абматаны шарэнгамі-змеямі салдатаў з аўчаркамі, звіваўся ў жаху, адчаі, гневе, а воддаль застылі непраўдападобна спакойныя фігуры афіцэраў у высокіх фуражках. Я ix заўважыў, а потым убачыў зноў ужо з акенца свірна. У гэтага немагчыма халоднага, пільнага спакою быў свой цэнтр, i гэта быў ён, мой самы галоўны вораг. Але яго я разгледзеў, вылучыў пазней.

Калі людзей усё-ткі пазапіхвалі, пазакідвалі ў свіран i нас глынула злавесная цемра, я апынуўся каля самых дзвярэй, ix зачынілі i зараз забівалі глухімі, як на могілках, ударамі. I я зноў з упартасцю вар'ята стаў шукаць, у чым яшчэ можа быць выратаванне, апошні шанец. Гэта было ва мне звыклае, партызанскае, Але я быў часткай i таго, што крычала, ірвалася, кідалася пад высокай страхой свірна, скрэсленай, парэзанай вузкімі палосамі сонечнага святла. (Значыць, у той дзень i нават у тыя гадзіны, хвіліны ярка i шырока свяціла сонца!..)

Сонечныя палосы, слупы святла, якія падаюць зверху, дымяцца пылам. I ўжо дзіцячыя крыкі па ўсім свірне:

— Мамачка, дым.

— Ой, запалілі!

— Мамка, гэта будзе балюча, мамка, гэта будзе балюча?..

У гэтым жахлівым натоўпе мне ўжо бачацца ўмольныя вочы, тварыкі маіх сястрычак-блізнят. Усе твары, усе вочы дзіцячыя тут аднолькавыя. I я ўжо шукаю i баюся пазнаць маці (мне пачынае здавацца, што гэта адбываецца ў тым хляве, дзе ix палілі). Яна ўбачыць, што i я тут, што сын яе таксама тут…

Святла болей каля дзвярэй — з дзвюх вузкіх, высока прарэзаных дзірак-аконцаў. Яны прыцягваюць да сябе, тут асабліва цесна. Нейкі мужчына не вытрымаў, падцягнуўся на руках, зірнуў. I адразу рэзка адкінула яго галаву — чалавек упаў на нас. (Крык стаіць такі, што аўтаматнай чаргі мы не пачулі.) Сонечныя палосы на тварах, на плячах людзей адразу афарбаваліся крывёю. Ліпкім i цёплым пырснула i мне на лоб. Але нельга руку падняць, каб выцерці, так сціснуты мы.

I тут мы ўбачылі, як мокра пачарнелі пазы паміж бёрнаў i дошкі дзвярэй, рэзка запахла бензінам.

Шматрукі, шматгаловы, шматгалосы Лаакаон з вялізнымі жаночымі, дзіцячымі вачамі варочаўся, ірваўся ў паўцемры, i часткай гэтага быў я.

А недзе ёсць поле, цішыня са строкатам конікаў, пустая палявая дарога, чалавек, што спакойна ідзе некуды…

Раптам вузкае акенца над намі засланілася знадворку. Нас разглядваюць нечыя вочы з-пад доўгага казырка. Нібы каго шукаюць. Стала цішэй. Толькі дзіцячы плач застаўся, як раўчукі, калі адхлыне прыбой.

— Без дзяцей — выходзь, — загучаў голас з акцэнтам. — Можна. Хто без дзяцей. Сюды вось, у акно. Дзяцей трэба пакінуць…

Стала зусім ціха, але ў гэтай цішыні зрушыўся з месца свет, як, напэўна, непрыкметна зрушвалася, нахілялася вось планеты перад абледзяненнем. Жанчыны першыя зразумелі сэнс сказанага. Такога чалавечага стогну я не чуў за ўвесь той жудасны дзень… Не, такой цішыні. Людзі замоўклі, быццам усё да канца зразумеўшы. Да гэтага моманту ix яшчэ нешта звязвала: людзей, сціснутых сценамі будыніны, i тых, што стаялі знадворку. А цяпер тыя, што знадворку, не ўспрымаліся ўжо як чалавечыя істоты. Стала ціха, ціха. A ў цішыні той, вось ужо чвэрць стагоддзя, не заціхае раптоўны голас жанчыны:

— Сынок, нашто ж ты боцікі рызінавыя надзеў? Твае ж ножкі доўга гарэць будуць. У рызіне.

Нейкі агульны pyx, страшны, маўклівы: людзі скідаюць з сябе, зрываюць адзенне — быццам ужо тлее, пячэцца.

А нехта падцягнуўся ўжо да вызваленага акенца, зірнуў. Яго падсаджваюць, яму памагаюць. Чалавек адхіляе твар, галаву ад святла, як ад нясцерпнай гарачыні,— чакае аўтаматнай чаргі. Не вытрымаў, задрыгаў нагамі, споўз уніз. Тады я паказаў, што хачу падцягнуцца, i мяне адразу ўзнялі нечыя рукі, плечы. Перад хлявом наўкола салдаты ў насунутых на вочы касках, з аўтаматамі напагатове. Ужо не твар мой, а калені, ногі на ўзроўні акенца. Я прасунуў у дзірку адну нагу, асядлаў сцяну, сагнуў галаву, праціснуў плячо. Мяне схапілі i адкінулі ад хлява гэтак жа злосна i рэзка, як перад гэтым шпурлялі ў дзверы. Піхнулі яшчэ i яшчэ раз, i я апынуўся каля самых машын.

I тут я зблізку ўбачыў яго, галоўнага свайго ворага. Лысы, паголены да бляску (ён адзін сярод афіцэраў з непакрытай галавой), у залатых акулярах, назірае за ўсім нібы збоку, ён падобны на ўрача ці чыноўніка, апранутага ў ваеннае.

Магчыма, я таму адразу стаў глядзець на яго, што на яго плячы круціцца доўгі, як у пацука, i тоўсты хвост, грымаснічае невялікая малпа з круглымі белымі плямамі вакол вачэй. Ён яе ласкава дастае, пагладжвае рукой. Вочы нашы сустрэліся: мае, яго, малпы. Ён разглядвае мяне цікаўна (так мне здалося), у малпы выгляд быццам засмучоны.

Каля мяне аказаўся той самы малады паліцай, які гнаў мяне да вёскі. Але я пазнаў яго не адразу, такі ў яго сцёрты, бледны, не ранейшы твар. Такое, напэўна, упершыню бачыць, удзельнічае ў такім.

A ў дзіркі акенцаў ужо праціскаюцца: у адным мужчына засеў, завіс, дрыгае нагой, не можа прасунуць плячo i галаву; у другой дзірцы то з'яўляецца, то знікае сцяты ад жудасці жаночы твар. Потым дзіцячая галоўка з'явілася i зноў скажоны пакутай твар маці. Ён страшэнна, нема крычыць. Але вось у акенцы дзяўчына, амаль дзяўчынка, тоненькія яе рукі, ногі разам з галавой прасунуліся на вуліцу, аголена i бездапаможна як бы крыкнулі. Яна звалілася на салому. Але адразу ўскочыла, каб узяць дзіця, якое прапіхваюць, падаюць ёй адразу чатыры ці больш рукі. I адначасова, нібы адбылося нешта невыноснае для ix усіх, уздрыгнулі афіцэрскія фуражкі, абурана калыхнулася ўся шарэнга салдат i аўчарак. Двое ці трое з аўтаматамі кінуліся да дзяўчынкі i сталі адрываць яе ад дзіцяці i дзіця ад яе. Свіран жудасна, да самага неба, крычыць. Толькі зараз мяне працялі халодныя дрыжыкі. Гэтак жа дрыжыць i малады паліцай, які мяне гнаў да вёскі. Але там, дзе стаіць мой самы галоўны вораг, зноў нерухомасць, а побач — шалёныя кіданні белавокай маленькай малпы, што пераскаквае з пляча на плячо, зіркае то з-за фуражкі, то з-за паголенай галавы.

Дзяўчынку i дзіця разарвалі на два целы, i меншае, ужо зусім раздзетае, голенькае, сталі запіхваць у акно. Дзяўчынку шпурнулі да машын, яна дабегла да калодзежа, дзе вартуюць мяне. Ніхто ніколі не бачыў такіх бяздонных жаночых вачэй, як у гэтай дзяўчынкі, калі яна бегла да нас, нібы за дапамогай. Дабегла, упала тварам на зямлю i не стала паднімацца.

А той, з малпай, цяпер дзяўчынку, як нядаўна мяне, правёў цікаўным позіркам, здаецца, яму ўсё было зразумела. I тым, што навокал яго, было ўсё зразумела. Непаразумелы чалавечы выраз быў на бела-чорнай валасатай мордачцы малпы з вырачанымі сумнымі вачамі.

Тых, хто выкідваўся з аконцаў, гналі да машын, да калодзежа, нас станавілася ўсё больш, i чым менш людзей заставалася ў свірне, тым больш нясцерпным, гучным быў іхні крык, выццё.

Вываліўся хлопчык, устаў, спалоханы, да яго рванулся людзі ў касках, схапілі. Распята трымаюць за абедзве рукі i глядзяць на лысага афіцэра з малпай. Ён памарудзіў, але махнуў у бок калодзежа: дазволіў лічыць не дзіцем. Ужо старая праціскваецца ў дзірку, доўга, нязграбна, жах i непаразуменне на чорным ад маршчын твары…

Поделиться с друзьями: