Хатынская аповесць
Шрифт:
— Бабы, а можа, яно пад намі ўжо, сюды агонь дапоўз? А што, прачнёмся ранічкай, a ўжо снякліся!
Смяюцца жанчыны. Ёсць мяжа бядзе чалавечай, за якой слёзы ўжо высыхаюць, калі чалавек i скардзіцца ўжо не можа…
Нам трэба іменна туды, дзе сцелецца над гарызонтам, зломаным тарфянымі горамі, злавесны блакітны дымок. Недзе трэба абысці гэты дымок, гэты земляны пажар.
Вусаты камандзір застаўся са сваім атрадам, ca сваімі параненымі, не адважыўся ісці далей, пакідаць балота.
Касач з ім доўга пра нешта дамаўляўся ці спрачаўся. Я чуў, як сказаў Косцю-начштаба, калі ўжо рушылі:
— Хопіць, што я там ix паслухаў! У Пераходах.
Нават зараз цяжка сказаць, хто больш прадбачлівы быў: вусаты той ці наш камандзір. Але як заўжды бывае пры такіх трывожных i няпэўных сітуацыях, самы малы непакой камандзіра адразу памнажаецца на непакой многіх, ператвараецца ў сапраўдную, у вялікую трывогу. Галоўнае, што ў нас на руках амаль два дзесяткі параненых!
Гэты бой пачаўся незразумела, а таму злавесна…
Мы ўжо прайшлі кіламетры з чатыры, але ўсё ніяк не можам абмінуць дымную паласу торфу на гарызонце. Некалькі разоў набліжаліся да яе. Касач i сам хадзіў глядзець, што там робіцца. Вяртаюцца тыя, што хадзілі, узбуджаныя i трохі разгубленыя.
— Ну, браткі, ціхі вулкан!
— За паўкіламетра зямля цёплая!
Нарэшце далека наперадзе мы ўбачылі лес. За дымнай смугой не разгледзець, суцэльны ён ці гэта толькі шматок лесу, але ўсё роўна лес, а не гэтыя абрыдлыя зялёна-рыжыя барханы ды раскіданыя чэзлыя хвоечкі. Людзі заходзяцца ад кашлю, параз'ядала ўсім горлы. Хапаюцца за вочы. А для маіх, засыпаных, дык i зусім бяда — гэты тарфяны ўчадлівы вецярок. Усё навокал мяне плыве, афарбавана гарачай вясёлкай. Моцна нудзіць.
Але наперадзе лес, сапраўдны, жывы, i хутка скончыцца гэтая агідная, мяккая, чорная, задымленая падушка, узыдзем, станем на сапраўдную зямлю: такое адчуванне, што наогул вернемся аднекуль на зямлю.
Параненыя ззаду. Ацалелыя карнікі ідуць з намі, з баявой групай, — усё яшчэ абараняе ix i скоўвае нас наша невыносная нянавісць.
Дазорныя падыходзілі ўжо да лесу, калі гахнулі першыя міны: перад намі, збоку, ззаду…
Усе заляглі, каб мінулі гэтыя няпэўныя першыя хвіліны бою, такога нечаканага. Зямля ўздрыгвае мякка, як жывая, a чорныя лапіны выбухаў адразу ж пачынаюць суха тлець, дыміцца.
Дзіўна, што ні кулямёты, ні аўтаматы не б'юць, адны толькі міны намацваюць нас. Адкуль жа нас накрылі?
Каманды ўсё няма, гэта ўсіх нервуе. Толькі б не сарваліся, не пабеглі! Вось ужо нехта ўскочыў, бяжыць. I яшчэ два ці тры. Нічога горш за гэта не бывае! Бягуць направа, да тарфяных куч, якія, калі ляжыш, з зямлі ўяўляюцца спінамі дапатопных звяругаў, затоеных, цёплых — паветра над імі дрыжыць, струменіць…
Пачуліся раптам стрэлы, чарга аўтаматная — адзін упаў, а тры пабеглі яшчэ хутчэй, сагнуўшыся, улукаткі. Гэта ж палонныя разбягаюцца! Карнікі!
Здалося спачатку, што яго мінай накрыла — самага першага. Слуп іскраў на тым месцы, дзе ён толькі што быў. I адразу ж знік, як праваліўся, яшчэ адзін, што бег апошнім. Ды гэта ж яны правальваюцца ў торф! У працятую жарам распаленую зямлю!..
Той, што быў пасярэдзіне, замёр на месцы, потым закруціўся, i мы пачулі, як ён — не закрычаў — завыў у нечалавечым жаху…
— Першая рота застаецца тут, першая рота! — крычыць Косця-начштаба, бегучы перад намі. I адразу ж гучны голас Касача, што прарываецца з-за выбухаў:
— Другая рота! Другая рота, за мной!
Ён бяжыць да кустоў, не азіраючыся.
Вось яно, тое імгненне, калі ўсё, што было, ёсць i будзе, зазірае ў вочы табе: «Гатовы?» Не прапусціць яго, не страціць!..
Я ўскокваю i бягу за Касачом, за Пераходам, за тымі, хто наперадзе мяне. Людзі ўздымаюцда з-пад выбухаў i бягуць на нябачнага ворага. Мяккая, спружыністая зямля, як жывая, дапамагае нам бегчы: яна нібы нахіляе нас наперад — мы нясёмся ў нізінку, паўз лазняк. Злева — няпэўны ў дыме, у блакітным чадзе, зломаны тарфянымі горамі гарызонт; справа — гэты зялёны, густы, як сцяна, лазняк. А наперадзе, недзе за краем лазняку — нябачныя яшчэ ворагі, якія нас закідваюць мінамі. На многіх тварах, разгарачаных ці стомлена шэрых, — недаверлівая i трывожная цікаўнасць да таго, што мы зараз робім. Мы бяжым, а не залеглі, не чакаем, калі немцы адкрыюць сябе, калі яны з'явяцца, не стараемся хоць выявіць, дзе яны i колькі ix, адкуль яны нас абстрэльваюць. Замест гэтага мы бяжым туды, дзе нас чакае, магчыма, засада або пастка. Але ж мы робім гэта, хоць i самі здзіўлены, а наш бег такі злосны, безаглядны — i на тварах нашых, у цяжкім дыханні, у бязгучным мільганні ног, у напружаных плячах, шыях, у разведзеных локцях — ва ўсім пераконанасць, што вось зараз мы навалімся, зломім ворага, які не чакаў, што так усляпую, рызыкоўна мы кінемся наперад.
Грузна, цяжка спераду ўсіх бяжыць Пераход-старэйшы. У яго бясформеннай i, як камень, шэрай ад брызенту спіне, у набычанай галаве, у густым дыханні — адно: дабегчы, дабрацца, нарэшце, вызваліцца ад самога сябе — невыносна злога, бяссільнага перад сваім закамянелым гневам.
Мы аббягаем гэты без канца i краю лазняк, i ўсё няма тых, да каго мы імкнёмся дарвацца.
I тут убачылі: дзве мінамётныя трубы, нахіленыя ў наш бок, стаяць каля кустоў. Пырснула аўтаматная чарга — гэта Касач. Мае вочы, заслоненыя болем, таксама выхапілі нешта мільгнуўшае спераду — я, не цэлячыся, стрэліў туды. Стрэлы ўдараюць, ірвуць паветра — ззаду, збоку. Здаецца, адзін Пераход бяжыць, не падымаючы аўтамат, не страляючы.
Кусты выраўняліся сцяной, i вось яны — пяцёра ці шасцёра ўцекачоў! Яны так паспешліва i бездапаможна спрабуюць забегчы за няблізкі край лазняку, асабліва адзін з ix, які адстаў, тоўсты, з адвіслым задам нямецкіх салдацкіх штаноў, што нам раптам робіцца жорстка весела. I самае недарэчнае: ад едкага гapy, ад беганіны i яны i мы — кашляем. Бяжым, на хаду стукаюць паспешлівыя стрэлы, вось-вось пачнуць падаць забітыя, а яны, а мы не можам стрымацца ад самага простага — ад надрыўнага, апрыклага кашлю.
Яны чамусьці не кідаюцца ў кусты, усё бягуць перад намі, бачаць, напэўна, толькі край лазняку, які ix схавае ад нас, ад нашых стрэлаў. Чым бліжэй гэты край, тым хутчэйшая i больш паспешлівая стральба. I вось ужо, нібы развалілася нешта, па адным падаюць: направа, назад, налева. Два ўсё-ткі заскочылі за лазняк. А самы апошні з уцекачоў, старанны, нязграбны таўсцель, нібы адчуўшы, што цяпер за ім адным пагоня, яшчэ паспявае азірнуцца: вочы, перакрыўлены рот чалавека, які бачыць сваю смерць…
Касач прастрачыў па ім i таксама азірнуўся — папераджальна, строга, каб не затрымліваліся каля забітых. Пераход бяжыць, не зважаючы на тых, хто ўпаў. Тыя, хто яму патрэбны, — наперадзе, жывыя, яму патрэбны жывыя, жывыя…
I вось яны зноў астатнія два. Спачатку мы ix пачулі: ix надрыўны кашаль, як слабае рэха, адгукаецца на наш, у дзесятак глотак, кашаль. Зноў роўна пайшоў лазняк, i зноў яны перад намі — адкрытыя, асуджаныя. Азіраюцца.
Адзін адразу ж упусціў з рук вінтоўку i нарэшце нырнуў, уламаўся ў кустоўе. A другі ўсё бяжыць, хоць відаць, што сам ён адчувае, разумее, што гэта яго апошнія крокі.