Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хатынская аповесць

АлесьАдамовіч Алесь

Шрифт:

З пукам арэхавых лістоў у кулаку я кінуўся да яго, да ix i, як каменні, высыпаў на карантыша ix жа словы.

— Рус, швайн, бандыты, цурук, люс!.. Ах вы!..

Ніхто не зразумеў. Партызаны на мяне глядзяць здзіўлена. А карантыш быццам не помніць, што гэта яго словы, што зусім нядаўна яны выказвалі ўсё, што ён думаў, што рабіў. З-пад каскі-гаршка на мяне глядзіць з неразуменнем i жахам зусім не той, зусім другі чалавек.

— Гэта яны, яны! — закрычаў я, спалохаўшыся, што гэтым ix здзіўлена-засмучаным i рахманым вачам, тварам паверылі ўжо. — Яны! — крычу я i сціраю бруднымі рукамі плыткую вясёлку, боль, што перашкаджае мне.

Нарэшце я разглядзеў i яго. На яго ўсе глядзяць. Не, не на яго, а на малпу, якая на ім. Малады партызан-«весялун» (у кожным атрадзе, у кожным узводзе ёсць такая нікім не вызначаная пасада), абвешаны рамянямі i зброяй, робіць выгляд, што хоча ўзяць малпу, кратае яе за хвост: кіданне, павіскванне, спалох на фізіяноміі малпы, зусім дзіцячы.

— Не даецца, зараза! — задаволены, смяецца партызан, i другія таксама ўсміхаюцца. А ворага майго нібы i не заўважаюць, нібы ён i сапраўды ўсяго толькі падстаўка пад малпай. Тая ж паголеная галава, толькi брудная i спацелая, тыя ж вялікія вушы, той жа мундзір, толькі залатых акуляраў няма. I няма ранейшых вачэй, погляду, няма ранейшага твару. Твар, позірк іншай істоты, зусім іншай. Схіляе галаву, каб малпа не магла хавацца за яе ад рукі «веселуна»– партызана i каб самому знізу паглядзець, ці добра ён трымае, ці падабаецца партызанам. Вочы без акуляраў сляпыя, устрывожаныя i бяссэнсавыя, як у нованароджанага. Жах — у вачах, на фізіяноміі малпы. На яго ж твары — па-ідыёцку рахманая, дысцыплінаваная, сумна-паслужлівая ўсмешка, якая крычыць усім i насуперак усяму: «Гэта я i ёсць, вось гэты, гэты, што хочаце са мной рабіце, вы маеце права, вы самі вырашыце, але, — вось гэты ціхі, усмешлівы, пакорлівы стары — гэта я, ён — гэта я, вось гэты — гэта я!..»

Яны з малпай нібы месцамі, ролямі памяняліся: не яна пры ім, а ён пры ёй. На ім так i напісана: «Я добра трымаю? Усім відаць? Ці вось так лепш? Ці як яшчэ трэба трымаць?»

— Гэта ён! — кажу я, ужо не крычу, а кажу, майго крыку нібы не чуюць, не разумеюць: —Галоўны іхні. Гэта ён там, у Пераходах…

Неяк дзіўна пазіраюць на мяне партызаны: адчужана i нават здзіўлена. Нібы i сапраўды не разумеюць ці не хочуць разумець сэнсу маіх слоў.

Потым дык i я адчуў, убачыў, што ўласнай нянавісці можна баяцца, як закамянелага ў табе болю: чалавек пачынае аддаляць, стрымліваць яе, сціскаць у сабе, чакаючы i баючыся імгнення, калi ўжо не стрымаць яе будзе. Але спачатку я, як на сцяну, наскочыў на гэту глухату, на непаразуменне, неахвотныя позіркі.

Не, я ведаў, што карнікаў заб'юць, таксама, як ведалі гэта партызаны i самі карнікі. Мяне спалохала, што ім дазволяць памерці, пайсці вось такімі — добранькімі, здзіўлена-сумнымі, рахманымі, нібы пераклаўшы нешта на нас. Нібы падставілі нам некага замест сябе! Не, расплаціцца павінны тыя, іменна тыя!..

З адзінаццаці палонных карнікаў толькі два ці тры з закарэлымі ад крыві валасамі i тварамі, астатнія нават не параненыя. I сярод ix чацвёра не ў касках, a ў фуражках з доўгімі-доўгімі брылямі. Гэтыя, пад доўгімі брылямі, сядзяць хоць i шчыльна каля немцаў, але ўсім выглядам сваім паказваюць, што яны тут — самі па сабе i ix нельга змешваць з астатнімі. Асабліва адчужана i нават пагардліва на суседзяў-немцаў зіркае самы доўгі з усіх, з шыяй, зламанай вялізным кадыком,

— Малады чалавек правільна сказаў,— нечакана вымавіў ён, ловячы позіркам мае вочы, — ён сказаў праўду. Гэта нямецкі камандзір усёй каманды. Ён даваў загад.

I павярнуўся ў бок майго ворага, i тры суседы яго таксама павярнуліся. Немцы, не разумеючы, аб чым гаворыць кадыкасты, з трывогай глядзяць, сцяліся. А брыты нават малпу прытрымаў, нібы ўхапіўся за яе!

Але ці не гэты голас (такі ж пранізлівы, тонкі, з акцэнтам) выкрыкваў каля свірна: «Падрыхтуйце дакументы, аўсвайсы, пашпарты!»

— Э, дык ты па-руску шпрэхаеш! — здзівіўся партызан-«весялун», забыўшыся пра малпу, павярнуўся да кадыкастага: — Ну як, добра мы вас па патыліцы? Што ж вы ходзіце i не азіраецеся? Здаецца, не дома?

— О так, добра! Немцы ідуць, як на шпацыр, а вы ix — здорава!

— А ты сам — хто?

— Мы не немцы! — кадыкасты нават пакрыўдзіўся.

Тут я ўбачыў Касача. У ваеннай фуражцы i ў сваёй абшытай футрам зялёнай «венгерцы», трымаючы аўтамат пад локцем, ідзе па прасецы, а за ім — нашы, наш атрад! Такія ж партызаны, як i іншыя, як i гэтыя, што навокал мяне. Такія ж — для старонняга. Для мяне ж — асаблівыя: гэта набліжаецца, гэта вяртаецца мой свет, без якога i мяне ўжо няма ўсяго. Я сарваўся з месца, гатовы бегчы насустрач: убачыць усіх, вярнуць сябе ў той свет, дзе было ўсё так трывала, надзейна!.. Але наперадзе атрада па вузкай зарослай прасецы ідзе Касач. I хаця мне трэба іменна Касачу сказаць вельмі важнае для яго, для нас абодвух важнае, я стрымаў сябе. Набегчы на Касача, наляцець невядома адкуль на яго непазнаюча-іранічны строгі позірк?.. Я гэтага так баюся зараз, пасля ўсяго, што са мной было. Ва мне i так усё дрыжыць анямелай ад напружання струной. Я вярнуўся ў натоўп.

А Касач, гаворачы з вусатым партызанам камандзірскага выгляду, спыніўся крокаў за сто ад нас. I атрад спыніўся. Не, не ўсе. Абыходзяць, абцякаюць Касача, па два, па тры хутка ідуць сюды. Ім насустрач аднекуль выскачыла, пабегла дзяўчынка, якая са мной ішла з Пераходаў i ўсё плакала, — з той хвіліны, як каля свірна з яе тоненькіх рук вырвалі дзіцятка.

Дзяўчынка адбегла, схапіла за руку, за локаць вялікага, цяжкага i рашучага з выгляду партызана ў нягнуткім брызентавым плашчы, i я пазнаў гэтага партызана — Пераход. Гэта зноў вярнула мяне ад партызанаў да тых, што сядзелі каля нашых ног, — да карнікаў.

— Гэ, суседзі нашы! — усклікнуў партызан, што не стамляецца весці сваю добраахвотную ролю веселуна. — Ну, што выседзелі на той дарозе? А мы, на гравійцы — вось што! Малпу!

(Карнікі звычайна вяртаюцца дадому не той дарогай, якой прыходзяць, з'яўляюцца. Напэўна, таму i падзяліліся засады, i нашы сядзелі на другой дарозе. А партызан ва ўсім ваенным i з біноклем на грудзях — каля яго прыпыніўся, размаўляе Касач, — напэўпа, камандзір вось гэтага, незнаёмага атрада.)

Пераход, вялізны ад мокрага, што стаіць тырчком, плашча, хутка, рэзка падышоў да нас. Стаў здымаць з локця тоненькія рукі павіслай на ім дзяўчынкі, заплаканай i строгай. Пакуль ён няспрытна адрываў па адным яе ўчэпістыя худзенькія пальцы, падбег да немцаў i спыніўся другі Пераход — яго пляменнік. У Перахода-малодшага, вельмі бледнага i танкатварага, вочы нечым падобныя на вялікія вочы нашай заплаканай дзяўчынкі з Пераходаў.

Перад ім расступіліся, нібы адразу зразумелі, хто яны.

I зноў я ўбачыў, як крайняя сіла пачуцця раптам паралізуе чалавека, забірае адразу ўсю энергію, волю, скоўвае, як сутарга. Пераход-малодшы спыніўся за тры крокі ад карнікаў: спацелы лоб, бледныя скулы як заледзянелі, позірк нерухомы, a ўся ніжняя частка яго тонкага твару ўздрыгвае, перакошваецца, з горла вырываюцца гукі, якія здаліся б смехам, калі не бачыць яго твару.

Старэйшы Пераход нечым падобны на Касача, але больш вуглаваты, гламаздкі, ён, як у ваду, увайшоў у самую сярэдзіну карнікаў, што сядзяць на зямлі, распіхваючы ix каленьмі. Стаў над галовамі немцаў.

Здаецца, само набрынялае неба цяжка спусцілася, знізілася. Зрабілася душна. Зараз чуваць толькі дыханне, нібы мы сарваліся з месца i моўчкі, страшна некуды бяжым, імчымся.

— Ну, — ціха спытаў Пераход. — Дык гэта вы?

— Мы — не немцы, — паправіў яго кадыкасты перакладчык.

— Вось ты мне i патрэбны… Ану ўставай! Усе ўставайце!

Наўрад ці ведаў чалавек, што ён збіраецца рабіць. Як абпалены мітусіцца, кідаецца ў пошуках холаду, каб не так нясцерпна балела, кідаўся, біўся i гэты вялізны, моцны чалавек.

I ў іншых гэта прарвалася.

— Гані ix на паляну! Што тут глядзець!..

— Ану, вы!..

— Канчаць ix!..

— Сядзяць, як хрыстосікі!

Хутка, спяшаючы на крык, падышлі Касач i вусаты камандзір. Ix убачылі карнікі i, здаецца, зразумелі крыкі i штурхялі як патрабаванне выказаць воінскую павагу партызанскім камандзірам. Спалох адразу змяніўся стараннасцю, рукі выцягнуліся па швах. Толькі немец з малпай пакутуе ад нязручнасці, няўпэўненасці: ён не адважваецца скінуць з пляча, пакрыўдзіць малпу, якая спадабалася партызанам, а з ёй выцягвацца — нібы непавага, не па форме атрымліваецца. Як стараецца ён паказаць, прадэманстраваць камандзірам воінскую павагу! Тым больш што яны апрануты па форме. Як i ён. Яны заўважаць, успомняць, што на ім ваенная форма» Але малпа!.. I скінуць яе боязна: як з хованкі выйсці. А з малпай — якая ж форма, якая павага? Фюрэр карнікаў i выцягваецца, i сутуліцца, i дысцыплінавана, падцягнута глядзіць, i нясмела, нібы пытаючыся, схіляе голеную галаву: можа, партызанскія камандзіры якраз малпай, а не ім зацікавяцца?

Поделиться с друзьями: