Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хатынская аповесць

АлесьАдамовіч Алесь

Шрифт:

Пераход перакрэсліў яго пагардліва-кароткай чаргой i пабег далей, нават не зірнуў на забітага. Не, параненага. Паранены заварушыўся i, не ўздымаючы твару, папоўз нам насустрач. A рукі, акрываўленыя пальцы, якія ён нібы разглядвае пільна, так дзіка падобныя на гусіныя лапы… Ён прапоўз i замёр за тры крокі ад мяне, пагадзіўся, што забіты!..

А мы бяжым следам за Пераходам, Касачом, аблітыя потам, i ніяк не можам вызваліцца ад недарэчнага кашлю, бяжым, нібы дакладна ведаем, што не гэтыя — галоўныя, што галоўнае — наперадзе.

— Уласаўцы, сволачы! — крыкнуў нехта пра забітых. Я азірнуўся i ўбачыў, як партызан, на міг затрымаўшыся, перавярнуў цела забітага i вырваў з-за пояса ў яго доўгую гранату. I сапраўды ж, вінтоўкі ў ix не нямецкія! Ды i мундзіры нібы жаўцейшыя…

Мы не спыняемся, бяжым далей, пакідаючы выбітую не намі сцяжынку лявей: яна пайшла з-пад ног у задымленыя тарфяныя далечы.

I тут мы ўбачылі: з-за лазняку нам насустрач выбеглі людзі ў зялёным, нямецкім. У касках, з аўтаматамі! I адначасова з лазовага гушчару вырваўся, вываліўся назад нядаўна знікшы ў ім уласавец i пабег насустрач немцам, перад намі. I ён, i мы нясёмся, як з гары i нібы над вострымі каменнямі: разумееш, як бывае ў сне, што трэба спыніцца, пакуль яшчэ не позна, але ўжо не маеш сілы зрабіць гэта, не можаш i нават баішся: пакуль бяжыш — усё існуе, доўжыцца, як толькі спынішся — пацягне цябе, пакоцішся па вострых каменнях, абліваючы ix крывёю…

Рыпнула аўтаматная чарга, наша, не наша, яшчэ i яшчэ. Немцаў выбегла з-за кустоў дзесяць, не больш, а мы адкрыты ўсе, уся сотня, калі не паўтары. I нешта неадольнае ёсць у гэтай нашай злой i цяжкай імклівасці (мы гэта самi адчуваем, разумеем: нібы бачым сябе!), таму што немцы, замест таго каб залегчы i расстрэльваць нас, кінуліся туды, сюды i раптам, павярнуўшыся таропкімі спінамі да нашых стрэлаў, пабеглі.

Я міжволі азірнуўся — на нас, на нашу сілу, якая так падзейнічала, так змяла гэтых немцаў. Мне i радасна i страшна. Гнаць ix, гнаць!.. Гэта нядоўгія, хуткія хвіліны (ты гэта разумееш, ведаеш), таму што надыдзе міг, калі скончыцца i гэтая пашня па спружыністай тарфяной зямлі, i гэтае пачуццё. Наш разгон будзе працягвацца, але ўжо як у скінутага з гары: па вострых, па ловячых цябе, тваё цела каменнях!..

Пераход усё бяжыць наперадзе. Астатніх я адчуваю — побач, ззаду, а яго бачу: вочы мае балюча ўчапіліся, трымаюцца за яго, як за нешта самае галоўнае i апошняе, што засталося ад мяне на ўсёй зямлі. Я міжволі паўтараю яго рухі (ці то на самай справе, ці толькі ў думках, толькі ў глыбіні сваіх мышцаў), усё больш зліваючыся з гэтым цяжкім, вялізным чалавекам, закаваным у бясформенны, каменнага колеру брызент.

Марудна-марудна Пераход паднімае аўтамат, дзвюма рукамі, як цяжкі молат, над каскай невысокага немца, што бяжыць проста перад ім. Марудна ўздымаюцца локці, рукі… Але нечая куля выбіла немца з-пад Пераходавага аўтамата, адкінула ўбок. Пераход, не зірнуўшы туды, даганяе ўжо наступнага: здаецца, што ён (што ты) не здольны спыніцца, пакуль жывы, пакуль сам не ўпаў — будзеш вось так бегчы вакол лесу, пакуль нехта ёсць наперадзе.

Немцы, якіх мы даганяем i расстрэльваем на хаду, усё спрабуюць абагнуць лазняк, закрыцца ім, а мы не ведаем, што, хто там наперадзе, магчыма, ляжаць, ужо чакаюць нас з кулямётамі…

Вочы мае зусім плывуць у гарачай вясёлцы — сіняе, аранжавае, чырвонае! Усё змазана, расплываецца, i я трымаюся ўчэпістым поглядам за цёмную фігуру Перахода, як за самую рэальнасць.

Я не ведаю, колькі працягваўся наш бег, колькі часу сціскалася спружына пад нашым нечаканым напорам. Але помніцца дзікая, неразумная палёгка (як у таго, хто пакінуў бегчы, усё разганяючыся, з каменнай стромы і, нарэшце, пакаціўся!), якая вострым холадам паласнула душу, калі мы выбеглі на адкрытае месца i адразу ўбачылі перад сабой у чаканні немцаў — залеглы за тарфянымі купінамі нерухомы ланцуг. Каскі, каскі, каскі…

Але Пераход не спыняецца, не падае, i гэта мяне ўтрымлівае на нагах, хаця ўсё ва мне адразу каменна пацяжэла.

— Лажыся! — крыкнуў Касач, але таксама не падае: яму таксама перашкаджае зрабіць гэта Пераход. А Пераход яшчэ хутчэй пабег, адрываючыся ад нас, ад партызанаў, якія падаюць адзін за адным. Hi страляніны, ні голасу чалавечага — нямая цішыня, што падае ў нябачную (але яна побач!) прорву.

Ужо на зямлі, лежачы, я адчуў, як нешта пранеслася над намі, нібы цягнік, зрываючы з нас паветра, зрываючы мяне з зямлі, прымушаючы ціснуцца да яе. Цягнік усё нясецца, бясконцы, нізкі, шырокі, над самай галавой, над маімі плячамі; вось-вось захопіць, павалачэ, растрыбушыць — кулямёты i аўтаматы проста выюць! Калі я адарваў галаву ад прапахлага гарам торфу i зірнуў скрозь плыткую вясёлку, Пераход усё яшчэ быў, хаця, здавалася, цэлая вечнасць пранеслася. Але ён ужо не бег, ён стаяў i марудна паварочваўся тварам да нас, нібы яго паварочвае той кулямёт (здаецца, я ўбачыў i ўсплёскі полымя на дуле кулямёта i нават самі рукі немца). Пераход марудна павярнуўся да нас тварам: ён быў непраўдападобна спакойны, нібы прыслухоўваўся. Чалавек усё не падае, але над ім нясуцца нізкія лёгкія хмары, i здаецца, што там ён падае, — як вяршаліна ссечанага, уздрыгануўшага, але ўсё яшчэ нерухомага знізу дрэва…

З моманту, калі ён упаў i мае вочы згубілі яго, — здаецца, што іменна з гэтага моманту — усё змянілася.

Мяккія тарфяныя купіны ўсё закіпаюць перад вачамі, яны дымяцца, пырскаюць, не закрываючы, а паказваючы шлях да тваёй галавы. Калі такія грымоты, суцэльны роў, здаецца, што i сэнсу мала — страляць. I трэба хутчэй выстраліць, каб адчуць, што ты можаш хоць на міг усё заглушыць.

Касач жывы, я бачу яго перад сабой: ён таксама прастрачыў з аўтамата i ўсё паварочваецца назад, шукае — мне здаецца, што мой позірк шукае. Я ўздымаю галаву, хаця нялёгка адарваць яе ад зямлі, ад крохкай купіны. Губы Касача нешта гавораць, крычаць нешта сярдзіта, а я не магу разабраць у громе i грымотах смерці. I нарэшце — праз нядоўгую цішыню:

— У абход… начштабу…

I рукой махнуў, круг апісаў, нібы абдымаючы лазняк.

Няма нічога паскудней, але i весялей — адыходзіць пад агнём: калі не бяжыш, не, не гоняць цябе, а сам — па справе, па загадзе. Ад блізкіх куль нешта ў табе сціснулася да кропкі, але не захопліваючы ўсё цела, якое, наадварот, зрабілася па-здрадніцку вялізным, нязручным, здалёк бачным. Кожны чалавек, міма якога прапаўзаеш — мяжа, табой пераадоленая i пакінутая: на ёй нечае жыццё, нечая смерць, але ўжо не твая смерць. I ва ўпор ці ўслед табе — трывожна-запытальныя вочы, позіркі («…Што? Адыходзім? Так дрэнна?») або гнеўнае, патрабавальна-пагардлівае («Адпаўзаеш! Хочаш, каб я тут, а ты…»). Адказваць, тлумачыць няма калі, ты павінен абліччам, выглядам сваім паказваць, што не ўцякаеш, не спалохаўся, што цябе паслалі, табе загадалі паўзці назад.

Да лазняку яшчэ далёка. А вочы, чужыя вочы ўсё хапаюцца за мяне, пытаюць, патрабуюць, i трэба быць вясёлым, лёгкім, каб адразу зразумела было, хто i чаго паўзе. З такім тварам не ўцякаюць! Я дрэнна бачу i таму ўсміхаюся — на ўсякі выпадак — усім. I забітым таксама. Некалькі разоў мяне па-сабачаму рванула за рукаў, за плячо. Заміраю, чакаючы, што вось зараз усяму канец! I з'яўляецца, здаецца, неадольнае жаданне падхапіцца на ногі i бегчы, бегчы туды, дзе край лесу, — за яго. Туды адпаўзаюць параненыя, туды ix цягнуць: вочы ў параненых здзіўлена-дзіцячыя, нібы чалавека адразу адкінула далёка-далёка ад таго, чым яшчэ міг назад ён жыў.

За лазняком ix шмат, параненых, тут гучаць галасы, стогны, адсюль i бой чуецца інакш. Ужо не суцэльныя навіслыя грымоты, роў, а асобныя стрэлы, чэргі кулямётныя, аўтаматныя — яны то счэпліваюцца, то адна за адной коцяцца i раптам заціхаюць на момант. Такі бой надоўга — пакуль боепрыпасы ёсць. Толькі б хапіла ў нас патронаў. На тварах, на руках, пад падраным адзеннем людзей, што паўзуць некуды ці спакойна, мертва ляжаць — зыркія размытыя чырвоныя плямы. Я паўзу, я прабягаю міма, далей, a ў вачах гэта i ўсё не адыходзіць. Я паўтараю, магчыма, нават не ўголас, сам сабе:

— Камандзір мне загадаў. Я ў першую роту. Загадаў Касач…

Бягу ўжо на поўны рост, там, дзе нядаўна мы гналіся за немцамі. Вось i яны, забітыя. Зброі каля немцаў ужо няма, i ляжаць яны не так, як упалі. Адразу прыкметна: чапалі ці не чапалі забітага. Нават не ведаю, па якіх прыкметах, але заўважаеш. У забітым заўсёды застаецца апошні pyx, апошняя спроба выратавацца. I заўсёды яны па-рознаму ляжаць. А гэтыя — усе аднолькава, на спіне. Я пранёсся над уважліва-нерухомымі вачыма мёртвых i нейкі час бег, нібы забыўся, куды, чаго. Не, я да начштаба, нічога яшчэ не скончылася, мы павінны, там трэба ў абход, ззаду зайсці, выручаць сваіх…

Поделиться с друзьями: