Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хатынская аповесць

АлесьАдамовіч Алесь

Шрифт:

I тут адчайны стогн-крык за кустамі:

— Стой! Што робіце? Вы! Што робіце?

Мы кінуліся ўбок, за куст — такі гэта быў крык! Пераход-малодшы стаіць на каленях i нібы што шукае ў вадзе, разглядвае ў гразі: усё ніжэй i ніжэй схіляе галаву, твар. А партызан, што крычаў, ярасна глядзіць на нас i цягнецца да яго рукамі, ці то паказваючы на яго нам, ці то жадаючы падхапіць, падняць. У чарнаце, у гразі плавае, хутка разыходзячыся, цёмна-чырвоная пляма з сіняватым адлівам. Прыціснутая да фуфайкі, да жывата рука Перахода-малодшага страшэнна палымнее крывёю.

Пераход-старэйшы аглушана глядзіць на гэта. Зрабіў крок да карнікаў, схапіў двух — немца i «не немца»: ад яго цяжкіх рук яны зваліліся, але ён ускінуў ix на вялыя ногі i ўдарыў аднаго аб другога, i яшчэ, i яшчэ, з кожным разам слабей, але ўсё з большым адчаем i крыкам:

— Праклятыя! Праклятыя! Праклятыя!

…I мы пабеглі далей — насустрач ледзь бачным у ранішнім святле нямецкім ракетам. Мы ўсё яшчэ спадзяёмся праскочыць у вялікія лясы, дзе няма блакады. Гэта імкненне соцень людзей было таксама ўцёкамі ад таго (але i насустрач таму), што здарылася каля копаў-кустоў лазняку i нібы ўсё яшчэ працягвалася. Як толькі мы спынімся, зноў адбудзецца, вернецца гэта. А наперадзе нас чакаюць такія ж карнікі, як i тыя чацвёра ўцалелых, якіх мы гонім з сабой?.. «Рама» ўжо завісла над намі, то ўздымаецца, то падае ніжэй, рэдкія кусцікі не могуць нас схаваць. Мы зноў пад пільным вокам, яно зноў над намі. I ўжо адчуваем — нібы цені бачым — як наперадзе, куды мы бяжым, перасоўваюцца нямецкія батальёны, перамяшчаюцца засады, чакаючы нас.

Скончылася пад нагамі вада, потым чорная, як дзёгаць, старая падсохлая гразь, i нарэшце мы на сухім, на немагчыма сухім тарфяніку. Тут нібы i дажджу не было, толькі папырскала трохі, нібы дзеля сонечнага бляску ды васковага i вострага паху торфу i багуну. Не засталося сіл адмахвацца ад рудых куслівых аваднёў. Затое ўжо няма палескіх камарыных хмар: восень сагнала ix, хаця яшчэ i халадоў не было. Ляжыш на зямлі пластом i ўсім целам адчуваеш, якая яна мяккая, лёгкая, уся з траў i пахаў. Высокія высахлыя купіны смачна i прызыўна цямнеюць познімі ягадамі — вялізнымі сінімі буякамі. Людзі так выматаліся, што толькі глядзяць на ягады, аблізваючы перасохлыя вусны, неахвотна перамаўляюцца. («Галава ад гэтых буякоў баліць, калі шмат», «Ану падай!», «Бягу!».) Але ўжо прыстройваюцца да купін, нібы да стала падыходзяць, падпаўзаюць, a іншы, як бервяно, падкоціцца — i так яму добра i нават не трэба ўставаць! Вось ужо разабралі-расхапалі самыя шыкоўныя купіны, з сумак галеты нямецкія дастаюць, пра ваду гавораць:

— А чаю не хочаш?

— Трэба было хлябаць, не зяваць, калі пад бараду было.

Ягадамі частуюць параненых.

Ix шмат, занадта шмат, параненых. Некаторыя беспрытомныя, трызняць, ускрыкваюць, а тыя, у каго вочы расплюшчаны, глядзяць у нізкае неба, дзе назольна шукае, гудзе «рама». Параненыя ведаюць, куды, насустрач чаму i да якіх баёў мы нясём ix, бездапаможных, цалкам залежных ад рук, ад ног, ад смеласці ці слабасці другіх…

Сярод ix Шардыка — наш камісар. Калі атрад вырываўся з блакады, яго секанула па поясе кулямётная чарга. Але ён усё яшчэ жывы, хаця i страціў прытомнасць. Некалькі разоў, я бачыў, падыходзілі да яго насілак Касач i Косця-начштаба ў суправаджэнні рухавага кругленькага Філіпава. Атрадны медык вінавата называе нейкія лекі, уколы, якія неабходны i якіх у яго няма.

На зямлю не садзіцца, не адпачывае, здаецца, адзін Пераход. Вялізны, у нягнуткім брызентавым плашчы, стаіць над насілкамі, на якіх цяжка дыхае смяртэльна белы яго пляменнік. Пераход глядзіць на параненага з недаўменным, адчужаным здзіўленнем. Нешта вельмі трывожнае ў яго паставе: вось-вось зробіць чалавек нечаканае i страшнае… Каля ног яго над непрытомным маладым Пераходам сядзіць дзяўчынка, рот яе напханы ягадамі, вымазаны, на шчоках слёзы. Яна зноў плача, дзяўчынка з Пераходаў.

У карніках, ацалелых, нешта змянілася. Яны сядзяць збітай кучкай, хаваючы вочы. Дакорлівае нешта ў ix паставах, у гэтых пакрыўджана апушчаных вачах. Ix дысцыплінаванасць, ix рахманасць не ацанілі партызаны — у гэтым яны пераканаліся ўжо. Але яны, нягледзячы ні на што, застануцца такімі ж. Нам у дакор. Можа, i не гэта ў ix у галовах было. Але пастава, выраз у ix такі. I цяпер яны не стараніліся адзін другога: два немцы i два «не немцы». Можа, таму, што ix засталося мала. Але ўсё-ткі дзіўна: тое, што адбылося каля куста, не развяло ix канчаткова, a нібы нават нанава зблізіла…

I вось паатрадна, паўзводна, адлучыўшы людзей, у якіх рукі звязаны параненымі (яны — асобна, ззаду), мы рухаемся высахлым балотам, гатовыя адразу разгарнуцца да бою. Старыя, зарослыя жоўта-бурай асакой канавы, кучы-барханы зляжалай тарфяной крошкі, іржава-чорныя i толькі дзе-нідзе пакрытыя травяной зелянінай — канца гэтаму няма. Да вайны тут торф нарыхтоўвалі. Зямля спружыніць пад нагамі, адчуванне, нібы па падвесным мосце ідзеш. Не сантыметры, а метры торфу ўглыб! Малады партызан (у Пераходы не трапіў, вочы не баляць, не слязяцца, як у мяне!) раптам падскочыў, як уджалены, i гопнуў на зямлю каленьмі.

— Як сяннік, браткі-беларусы!

На яго глядзяць, адны са здзіўленнем, другія — з дакорам — на чалавека, якому яшчэ ахвота пагуляць. Разважаюць:

— Сюды агеньчык — паўгода тлець будзе.

— Там ужо гарыць, бачыце?..

Над далёкімі тарфянымі буртамі сапраўды вісіць тонкі блакітны дымок, мякка растаючы ў нізкім сырым небе.

Мы ўбачылі людзей. Спачатку дзяцей, што бегалі сярод тарфяных барханаў. Зусім блізка перад намі з-за чорна-зялёнай тарфяной кучы выйшла басаногая жанчына, прайшла колькі крокаў, але раптам заўважыла нас i хуценька назад, схавалася. Зніклі i дзеці.

За намі, здаецца, назіраюць. Але вось зноў выйшлі са сховішчаў жанчыны, дзеці. Ix усё больш. I толькі некалькі мужчынскіх, барадатых твараў. У тулавах аселых, парослых травой тарфяных узгоркаў чарнеюць дзіркі — уваходы. Цэлая веска напэўна, хаваецца ў гэтых норах.

— Хлопчыкі, так напалохалі вы нас, так напалохаліся мы! — загаварылі адразу некалькі жанчын нам насустрач. — Учора немцы ці гэтыя «дняпроўцы» іхнія праходзілі, толькі тым краем. Нас не заўважылі. А тут, думаем, ну, усё — проста на нас!

— Шмат ішло? — пытае вусаты камандзір.

— Ды шмат! Мо разоў у тры больш, чым вас тут.

Партызаны зазіраюць у неглыбокія тарфяныя норы: цёмна, валяюцца коўдры, посцілкі, каля ўваходаў — чыгункі, вёдры.

— Што, i не абвальваецца?

— За ноч — хоць адкапвай нас! I ў рот i ў вушы набярэш. Затое ад дажджу.

— Вы галодныя, хлопцы?

— А што ў вас, цёткі, ёсць?

— Вядома што! Печаная бульбачка. I шчаўе кісленькае. Яно ў нас замест солі.

— На гэты раз мы вас пачастуем. У немцаў пазычылі,— гаворыць вусаты камандзір. — Дзе там наш начхоз?

Але i ад печанай бульбы ніхто не адмаўляецца. А яна тут даходзіць хутка, i колькі хочаш засыпай у жар — у гарачую тарфяную яму. У зямлі нібы правал, белаваты, зольны, задымлены — прадаўгаватая пляма крокаў на пяць. Кожнаму цікава памераць глыбіню вогненнага торфу: сунуць шост, кій. Дым горкі, едкі, асабліва для маіх вачэй. Але i мне хочацца зірнуць: нібы звычайны агонь, жар, але нешта ў ім пагрозлівае, злавеснае, у гэтым агні, што жарэ самую зямлю.

— Навошта вы так блізка распалілі, цяпер не патушыце, — гаворым мы гаспадарам, — папаўзе агонь пад вас.

— А бог яго ведае, хто падпаліў! Ляжыць, ляжыць — i загарыцца, — гавораць жанчыны. — Як порах, сухенькі! Вады тут не знойдзеш, да балота ходзім па ваду. А яшчэ міны гэтыя, ракеты страляюць, чаго ж хацець. Гарыць усё.

— А туды, пад лес, дзе з вясны гарыць, зусім не даступіцца, — умяшаўся стары, што качагарыў каля ямы. — Учора дзеці ўбачылі дзіка, пабеглі нашы, пагналі яго на агонь. A падысці не змаглі. Не трымае. Дажджы ўсё былі, дык яно глыбей тлее, а зверху — кара. Стаў — i прапаў! Шухнуў кабан — толькі іскры. Можа, метр, а можа, i ўсе тры! Гатовая смажаніна, ды не дастанеш.

Поделиться с друзьями: