Хатынская аповесць
Шрифт:
Наперадзе мяне чакаюць уласаўцы. Яны далей ад стральбы, ад бою, смерць дагнала ix раней. У целах, у паставе больш мёртвай распластанасці, цяжару… Як даўно ўсё гэта было: вось тут мы беглі, а яны перад намі, ратаваліся ад нашага гневу, ад смерці, а Пераход ix даганяў — імчаўся насустрач сваёй смерці. Бой усё грыміць, цягнецца, невядома, што праз пятнаццаць хвілін, праз паўгадзіны будзе са мной таксама, а я ўжо ўспамінаю бой, як нешта даўняе i далёкае.
Я дамчаўся, убачыў сваіх: ляжаць, напружана падрыхтаваўшыся да бою, a некалькі чалавек тут жа стаяць, кураць, чакаюць. Як бывае на старых групавых фатаграфіях. А раненых, насілак не відаць, некуды ix занеслі, схавалi, магчыма, у кусты, але няма часу ўсё зразумець, я падбягаю да Косці-начштаба, які курыць, седзячы на рэчмяшку, я выкрыкваю яму загад Касача:
— Кругом лазняку!.. Абысці, бягом трэба! Бо самнуць нашых! Камандзір загадаў!..
Косця глядзіць на мяне ўсё так жа, не ўстаючы, але ў поглядзе, у вачах яго нешта рэзка i жорстка зрушылася. Нарэшце ён сунуў папяросу пад бот, яшчэ прыціснуў яе моцна, тады ўстаў:
— Усе, хто не каля раненых — сюды! За мной — бягом!
Цяпер лазняк у нас злева, мы бяжым, зноў абыходзячы яго, а бой ужо на супрацьлеглым баку лесу. Лес гэты, лазняк гэты, аказваецца, зусім не вялікі, i ён круглы. Толькі дзе-нідзе кусты, адрываючыся, адыходзяць, адбягаюць па тарфяніку да бурых i чорных куч, a ў адным месцы — зарослая канава, мы яе зараз прамінулі. Старая, цесная ад лазняку меліярацыйная канава, даўно высахлая, адпаўзае да тых жа тарфяных барханаў.
— Слухай, вярніся! — Косця-начштаба спыніўся, затрымаў аднаго партызана. — Вярніся да тых, хто застаўся, i скажы: параненых сюды, у гэту канаву. Зразумеў? Няхай нясуць i залягаюць тут. Вядзі ix сюды.
Партызан пабег назад, а мы зноў імчымся туды, дзе грыміць бой. Але нам ужо здаецца, што бой зрушваецца ўсё лявей, адыходзіць ад нас. На хаду я спрабую расказваць Косцю-начштаба, як мы гналіся за ўласаўцамі, за немцамі, як перад намі апынуўся ланцуг з кулямётамі, як Касач мне крычаў, паказаў, каб нашы ў абыход, з тылу ўдарылі… Косця напружана слухае: i мяне, i бой, які i сапраўды аддаляецца. Па тым жа крузе адыходзіць. Няўжо скранулі, збілі Касача, насядаюць?
Справа, за едка-сінім покрывам сухога тарфянога дыму мы ўбачылі далёкія прысадзістыя (напэўна, сад?) дрэвы i некалькі стрэх… I дарога відаць — туды, адтуль. Па ёй, па гэтай дарозе, прыйшлі немцы. Вось i сляды: тут i на конях ехалі. Хутка, зараз мы ix убачым, а яны — нас! Тарфянікі тлеюць, блакітны дым з'ядае далеч: стрэхі i дрэвы растаюць, плывуць. Вецер адтуль, i нас зноў душыць кашаль, перашкаджае, збівае з нагі.
Мы ix убачылі каля асядланых наўючаных коней i адразу кінуліся да ix: чэргі аўтаматныя спляліся, рэзка ўдарылі вінтоўкі! Людзі ў зялёным сталі ўскокваць з зямлі, адстрэльвацца. Коні, параненыя ці забітыя, вельмі ціха апускаюцца на зямлю. Спачатку на калені, потым кладуцца. Стаіць, нібы чакае, i раптам, як рабізна на вадзе, задрыжыць ад крыжа да шыі i падае на заднія, на пярэднія ногі…
Мы пагналі абозных немцаў у бок вялікага бою, услед яму. Яны раз'юшана адстрэльваюцца, i нам зноў i зноў даводзіцца падаць i ўставаць, паўзці, страляць.
Цяпер лазняк, невялікі гэты лес, нібы акальцаваны стралянінай. I гэты кальцавы бой марудна кружыць. Немцы адцяснілі, цясняць Касача, а мы цяснім ix. Косця-начштаба зноў паслаў сувязнога: зняць тых, што пакінуты ў канаве, каб адводзілі, неслі нашых параненых.
Што адбывалася i як гэта атрымлівалася (як на малюнку: круг, «кальцавы» бой!) добра відаць адсюль, здалёку — з аўтобуса, з памяці. Тады ж было толькі адчуванне непрадбачанасці, дзіўнасці таго, што адбываецца, i нават немагчымасці. Бадай, у такое i не паверыў бы, калі б не з намі гэта адбывалася.
Вось, здаецца, тое месца, дзе нас сустрэў ланцуг немцаў з кулямётамі. Зямля, торф тлеюць, усюды стрэляныя гільзы, іржавыя плямы крыві, чырвона-белыя бінты, шматкі адзення. Але забітых не відаць. Касач забраў нашых. I немцы таксама забралі сваіх.
Ляжаць засталіся на месцы трупы ўласаўцаў. Але ix зноў патрывожылі. Усе яны без рамянёў i падсумкаў, a адзін i без ботаў.
Трэба б спыніцца i дачакацца сваіх параненых (з той канавы), трэба хутчэй бегчы, каб дагнаць асноўных немцаў, якія цясняць Касача. Але чакаць — няма калі, i сіл ужо не застаецца — бегчы. Мы то рвёмся бегчы, то валачомся, задыхаючыся ад едкага чаду, кашлю.
Сонца — як чырвоная круглая ніша ў брудным, чорным, зменлівым ад дыму i воблакаў небе.
Кола бою кружыць вакол лесу, не здольнае разарвацца: ні мы, ні немцы не адважваемся кінуцца ўбок, дзе гараць тарфянікі, ці адысці па дарозе, адкрываючы сябе кулямётам. Аўтаматныя чэргі там, дзе немцы i Касач, гучаць усё радзей. Ужо не бой, a нібы папераджальнае рыканне. Гэта на супрацьлеглым баку круглага лесу. Хто каго зараз гоніць, хто адыходзіць, хто ззаду, а хто спераду? А сонца, вялікае, чырвонае на дымным неспакойным небе — быццам распаленае, накіраванае на людзей жэрла…
Вось зноў тая канава, дзе мы пакідалі сваіх параненых. Косця-начштаба загадаў затрымацца, чакаць. Залеглі на ўсякі выпадак. Чакаем сваіх, але хто з'явіцца на самай справе? Ад чаду, ад млоснасці кружыцца галава, вочы зусім раз'ела дымам, а тут яшчэ i кашаль гоніць слёзы. Тыя, у каго вочы лепшыя, ужо бачаць нашых: ужо гавораць, абмяркоўваюць, пасмейваюцца нават. Гэта заўжды забаўна назіраць збоку, як знаёмыя людзі ідуць з асцярогай, з аглядкай, «на пальчыках». А я бачу толькі свае слёзы — вясёлкавае нешта, гарачае ад болю. Потым i для мяне нешта цёмнае замітусілася, з'явілася. Наперадзе ідуць дазорныя, a ўслед, па тры, па чатыры, — з насілкамі. Шмат ix у нас, параненых, хлопцы зусім выбіліся з сіл; пашарэлыя, мокрыя, апусцілі, паставілі на зямлю насілкі i лаюць нас:
— Уцякаеце, чэрці! Ад каго, ад нас?
Параненыя цяжка маўчаць, трывожна ўслухоўваюцца ў стральбу. Толькі тыя, хто страціў прытомнасць, нешта гавораць, гавораць. Просяць вады. Нам усім нясцерпна хочацца піць. А ад ix сухога, з гарачкі шэпту — яшчэ больш…
Але ў некаторых параненых вочы, погляд непраўдападобна спакойныя, засяроджаныя. Гэта — тыя, хто памірае. Яны памруць незалежна ад таго, як скончыцца гэты дзіўны, неверагодны бой. Калі смерць прыйшла да чалавека, ён застаецца адзін. Колькі б i хто б ні быў побач. (Я бачыў аднойчы, як паміраў у лесе пажылы партызан. Каля яго стаялі два сыны, таксама партызаны, i старая. I ўсе мы, хто быў паблізу, падышлі да калёсаў, на якіх ён ляжаў. Чалавек, не чуючы ўжо сваіх ран, увесь белы ад бінтоў, глядзеў на нас ясным позіркам, але так, нібы нас i няма тут, i толькі ён i яшчэ нешта нам не бачнае. Старая ціха пахіствалася над ім, трымаючыся дзвюма рукамі за калёсы, a калі позірк канаючага аддаляўся, яна пачынала нараспеў гаварыць, галасіць:
— Ціхан, я плачу, бачыш, i дзеці плачуць, Ціхан, i твае таварышы тут, Ціхан, ты чуеш, мы плачам!..
Жанчына так наіўна, але i так зразумела спрабавала разарваць страшнае адзіноцтва смерці — адзіноцтва апошніх імгненняў чалавека. Мяне нехта пераконваў, што апошняя абавязковая слязінка мёртвага (пра яе i Касач гаварыў — пра апошнюю, пра вымаражаную) — гэта слязінка адзіноцтва, страшнай пакінутасці кожнага перад тварам смерці.)
Касач са сваімі зараз павінен з'явіцца. Калі толькі ўсё так, як нам уяўляецца, — калі яны сапраўды па крузе ідуць i адразу ўслед за намі. Косця рашыў чакаць, i мы, падрыхтаваўшыся да бою, глядзім, хто зараз з'явіцца.
З намі чацвёра забітых, ix паклалі збоку, але таксама на насілках. Ператасаваліся мы, i зараз ужо я каля насілак, мне несці.
Я пастараўся стаць так, каб несці не забітага, не мёртвага. Хадзіць па гэтым сляпым крузе, ды яшчэ з нябожчыкам на руках! Жывы лягчэйшы — гэта праверана: не так прыцягвае да зямлі…
— Глядзі, a ідуць як, адразу відаць касачоўцаў!
— I Касач, ды ён паранены! Бачыш, забінтавана плячо.
— Не Касач гэта. Ага, быццам…
— Спыніліся, заўважылі. Аб'явіцца, паклікаць трэба, а то яшчэ бой пачнуць. Таварыш начштаба!