Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хатынская аповесць

АлесьАдамовіч Алесь

Шрифт:

I тут — удар, як бы зверху, па галаве! Палкай, хто ўдарыў мяне палкай? (Нават па датычнай, калі ў галаву, удар кулі бывае страшны.)

Нашы ўжо бягуць спалохана-весела, засада ўсётакі ўдалася, хоць i па нас урэзалі! I толькі я нясу, адчуваю ў сабе дзіўную абыякавасць да ўсяго, уключаючы i ўласнае жыццё. Ці таму, што мяне ледзь не забіла. Ці што я забіў, вось толькі што. Нас могуць яшчэ перахапіць на папярэчнай дарозе, па якой курсіруюць браневікі, але мяне гэта не цікавіць, не хвалюе ніколькі. Быццам i няма ўжо мяне…

У выпадку смяротнай небяспекі, гавораць псіхолагі, уключаецца адна з форм паводзін, уласцівых наогул жывым істотам, — інстынкт: «пачынаю бойку!», «ратуюся ўцёкамі!» ці: «я ўжо мёртвы, вам не цікавы!». У апошнім выпадку прыкідваецца мёртвым, а то i на самой справе засынае.

Але гэта звяркі, a ў чалавека за гэтым i яшчэ нешта, што назваць можна зрывам маральна-псіхалагічным. Не, мае рацыю Biталь Сёмін у сваёй «Плаціне»: паміж «забіць» i «быць забітым» адносіны не толькі разнаполюснасці, але i прыцяжэння.

Напярэдадні Новага, 1985, года мне прыслалі стэнаграму абмеркавання аповесці «Карнікі» ў бібліятэках ГДР. У адным з выступленняў, для мяне вельмі цікавых, я сустрэў упамінанне аб маім артыкуле «Вялікая сіла любові», надрукаваным у шматмоўным «Новом времени» (1984, № 32). У артыкуле гэтым я ўжо выходзіў да пытання, да якога звярнуцца хачу i тут, цяпер. Так, нянавісць была вялікая. I зразумела чаму. Але што было больш моцным, якое пачуццё, i чым мы моцныя былі раней за ўсё?

Сам я быў, улічваючы, можа быць, мой узрост, якраз выражэннем раней за ўсё пачуцця нянавісці. Але вось маці сваю я не запомніў з гэтым пачуццём у вачах, на твары, у паводзінах — ні ў адным выпадку, ні разу! Хоць здавалася б: мала таго, што прыйшлі, каб пазбавіць усякай будучыні яе дзяцей ці забіць, але i яе самую прымусілі (у канчатковым выніку яны ж) займацца справай, якая наклікае на дом, на дзяцей смяротную небяспеку i, можа быць, страшэнную пакуту.

Не, ніякая нянавісць не нрымусіла б яе рабіць, паводзіць сябе так. Калi дайшлі чуткі (на шчасце, памылковыя), што старэйшага яе сына (брата майго Жэню) немцы схапілі пры аблаве ў Бабруйску, як яна страшэнна выла, як вар'ятка, бегала па шашы, не саромеючыся нікога, — i гэта яна, заўсёды такая стрыманая, спакойная. Так, што сыну малодшаму нават сорамна было за яе. A калі, ужо ў атрадзе, сына параніла, а яна рашыла — забіты, як умомант уся яна перамянілася!..

Так, інстынкт маці у ёй быў крайне моцны. I вось сама стала рабіць тое, за што i яе i дзяцей маглі схапіць, катаваць, пакараць смерцю. Не, ніякая нянавісць яе не прымусіла б.

Значыць, любоў. Сіла куды большая. Праз думку i боль аб чужых дзецяў, якіх ужо забілі ці забіваюць, праз многае, у чым праяўляецца сам наказ жыцця i покліч будучыні, маці можа, маці здольная рабіць тое, што i рабілі, выконвалі тысячы i тысячы ix, — рызыкаваць уласнымі дзецьмі. Неадольней за нянавісць у нашых людзях было гэта — любоў.

Любоўю свет уратуецца. Прыгажосцю свет уратуецца…

Колькі разоў чытаў, чуў словы гэтыя, успрымаючы досыць адцягнена, хаця жыццё столькі прыкладаў i ўрокаў падносіць, нават дамашніх.

У 1984 годзе прыйшло пісьмо ад жанчыны, таксама былой жыхаркі Глушы, i вось у ім такі ўспамін: на вялікіх перапынках яны, школьніцы-старшакласніцы, бегалі ў аптэку «паглядзець на Ганну Мітрафанаўну, Вашу маму». А каб растлумачыць сваё пастаяннае паяўленне ў аптэцы, куплялі «сен-сен», даваенны сродак заглушыць пах спіртнога i тытуню. Настаўнікі нават насцярожыліся, чаму так пахне клас падазроным зеллем…

Калі ў нас не зрабілі вобыск, калi прыйшлі па даносе, не знайшлі тое, за што i катавалі б, i пастралялі б ці павесілі, дык толькі цудам. I цуд гэты — наша мама. Немец стаяў у дзвярах, а па пакоі радасна прагульваўся, проста лятаў ад усведамлення сваёй улады над жыццём i смерцю нашай, ад нашага здранцвення паліцай Гузікаў, «пан Гузікаў», ледзь не кранаючы ботам кош для бялізны пад ложкам, дзе схаваны былі гранаты (лістоўкі з вясёлымі беларускімі рыфмамі з нагоды «крывой восі» Гітлера-Myсаліні перад гэтым таропка сунулі пад сяннік у суседнім пакоі). Паратунку не было, i я, нядаўна такі адчайны ваяка, глядзеў толькі на маці — з зусім дзіцячай мальбой-упэўненасцю, якая раптам вярнулася: яна выратуе, мама, самая разумная, самая надзейная, самая прыгожая!.. Раптам яна, што моўчкі i строга глядзела на захопленага сваёй уладай хама, упала на стол рукамі, галавой, тварам i зарыдала. Хай будзе што будзе, але чаму так, чаму так!.. О, колькі святой шчырасці i жаночага жаху перад тым, што адбываецца, перад будучыняй было ў тым плачы. I яшчэ — беспамылковы інстынкт маці, якая ратуе гняздо!..

Ужо праз дзень паліцай апамятаўся i, відаць, раззлаваўся на насланне, якое яго тады прымусіла сказаць: «Ад мяне ўсё залежыць, не стану я наносіць знявагу сям'і доктара, вам, мадам Адамовіч». I ён сапраўды пайшоў, павёўшы балвана-немца. Назаўтра к вечару з'явіўся зноў, п'яны, нахабны, — паведаміць, якая ў глушанскага доктара прыгажуня-жонка. Мама слухала, паспрабавала абудзіць у ім яго п'янае сумленне, сорам, але паліцай усё пагражаў, патрабаваў «павагі» да сябе, да сваёй вінтоўкі-дзесяцізарадкі, гранаты-«лімонкі». («Вось так — i хаты вашай няма!»)

— Хопіць! Заўтра ж пайду ў камендатуру! — не вытрымала гаспадыня, прыгразіла.

— Пойдзеш! — наліўся гневам на няўдзячную паліцай. — Не сама пойдзеш, цябе павядуць. Як міленькую.

I вываліўся ў цемру.

А яна сапраўды пайшла ў камендатуру, разумеючы, што спыніцца ўжо немагчыма. («Загубіць ён нас, загубіць!..»)

Раніцай, прадбачліва справадзіўшы нас да знаёмых у вёску.

I мы пайшлі, трое мужыкоў, ці амаль мужыкоў (з намі i швагер, які жыў з сям'ёй у нашым доме), i там чакалі, a ўсё гучала ўмольнае: «Толькі не вяртайцеся дзеля мяне, дзеткі, толькі не вяртайцеся!» Як зрабілі б, калі б яе забралі заложніцай i запатрабавалі да адказу яе сыноў, да гэтага часу боязна дадумваць усё да канца!..

А яна пайшла ў камендатуру i прама заявіла: «Ці арыштуйце нас, ці дайце нам жыць, a інакш мы вымушаны будзем пайсці ў лес. Вось так у вас i робяцца партызаны. Гэты паліцай, гэты Гузікаў, прыходзіць п'яны, пагражае, патрабуе бог ведае чаго…»

Хто ён быў, той нямецкі камендант, што яму ўбачылася, падумалася, можна толькі гадаць. Па яго ўчынках. Ён не загадаў жанчыну арыштаваць, схапіць усіх, хто ў яе там дома, — менавіта так ён павінен быў зрабіць, адпаведна жалезнаму ix правілу. Замест гэтага ён раптам сказаў, а перакладчык фольксдойчэ Барталь радасна пераклаў: «Пан камендант верыць вам, ідзіце i спакойна жывіце, паліцэйскі будзе пакараны». Праўда, ужо ўвечары, калі i мы вярнуліся са свайго сховішча, Барталь забег i папярэдзіў, што камендант выпусціў Гузікава з «халоднай», паклікаў да сябе i загадаў не спускаць вачэй «з дома гэтай жанчыны». Відаць, быў момант пры гэтым, калі два мужыкі, немец i наш, зірнулі адзін на аднаго здзіўлена-запытальна: што гэта яна з намі, ведзьма, прарабіла?!

Але міг быў выйграны, выратавальны, які вырашыў наш лёс. I, можа быць, не толькі наш. Вырашана было неадкладна ісці ў лес, у атрад, сем'яў дзесяць падпольшчыкаў пакінулі пасёлак у адну ноч пад прыкрыццём партызан.

Да дваццацігоддзя Перамогі прыслалі маёй маці медаль «За адвагу» (ужо раз атрыманую). Яна не абрадавалася — спалохалася: «Што гэта? Ці зноў вайна? Зноў мы патрэбныя?»

Яна таксама, асабліва пад канец жыцця, раптам пачынала ўсё перажытае ў вайну ўспамінаць, расказваць. Але ніколі не плаціла вайне даніну, як часам плацім мы, хто піша пра яе. Прыхарошванне вайны праз любаванне сабою — там, на вайне, — гэтага ні разу ў ёй не адчуў. Як не адчуваў у жанчынах беларускіх Хатыняў (ды i ў мужчынах).

Поделиться с друзьями: