Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хатынская аповесць

АлесьАдамовіч Алесь

Шрифт:

Ці не з гэтага: усведамлення, разумення, што знікне ўсё i назаўсёды i ніякіх шанцаў выжыць няма i ні ў кога — усё пачалося, адбылося i ў Бернара Бансана? Ён нажыў мільярд на таленавітых кібернетычных ідэях, якія прагна падхоплівалі фабрыканты зброі, але калі зразумеў, куды ўсё ідзе-коціцца, чаму сам служыць, — рэзка змяніў лад жыцця, дзейнасці, a мільярд аддаў на справу міру, абароны, выратавання ўсіх дзяцей Зямлі.

Ці лёгка генералу ахвяраваць кар'ерай, павагай сваёй касты, але ж многія ідуць на гэта, як заходнегерманскі генерал Герт Бастыян, нарвежскі — Юхан Крысці, італьянскі — Піна Пасці, французскі — Антуан Сангінэцці i інш. Свой воінскі абавязак яны бачаць у тым, каб процістаяць сваім дзяржаўным мужам, якія ігнаруюць або проста не ўсведамляюць, што азначалі б ядзерныя ўдары па ваенных i аператыўных аб'ектах, абмежаваная i ўсякая іншая «прэлюдыя» да вайны, якая не можа не ператварыцца ў тэрмаядзернае пабоішча — забойства ўсяго жывога на Зямлі. Калі ядзерная вайна азначае немінучую пагібель усіх народаў, якія ваююць i якія нават не ваююць, дык у чым вышэйшы патрыятычны, воінскі абавязак нават ваеннага чалавека, як не ў адным-адзіным: рашучым процідзеянні падрыхтоўцы i развязванню такой вайны. Вось ён, галоўны прынцып паводзін, дзейнасці генералаў-пацыфістаў. (Ды хіба можна было калі-небудзь у даядзерныя часы ўявіць гэта: генералы-пацыфісты?)

Так што ў псіхалогіі ядзернай эры ёсць i свая спецыфіка.

Мы самі назіраем, што адбываецца з нашым братам-пісьменнікам: учора жыў, як заўсёды, у адным свеце i раптам — быццам на другой планеце апынуўся!

Што «я памру» — гэта ведае кожны, але нейкім донцам душы кожны ў гэта ўсё роўна не верыць, ды i тэрміну свайго не ведаем, i тое добра.

Добра, радасна было не верыць i ў смяротнасць роду чалавечага.

Чалавек, лічылі нашы дзяды-прадзеды, смяротным стаў, з'еўшы плод з дрэва пазнання. Унукі-праўнукі ўдакладняюць: чалавек таму i чалавек, што ведае, у адрозненне ад жывёл, што ён, як i ўсё на свеце, смяротны. Так што смерць (у гэтым сэнсе) сапраўды ўзыходзіць да ведаў, пазнання. Таму i гаварылі: памнажаючы веды — памнажаюць скруху…

Але прабацька наш, першы чалавек, з'еў не самы вялікі i небяспечны плод, i таму род яго ў цэлым, так сказаць, заставаўся неўміручым. Да 6 жніўня 1945 года, калі смяротным стала раптам усё чалавецтва. Сарваны быў зусім іншы плод, які дае веданне, як забіць неабмежаваную колькасць да сябе падобных.

I адразу на ўсё ўпаў густы цень: за спіной у людзей раптам зачыніліся, па-зладзейску закрыліся вароты, як пастка!..

На месцы многіх нашых Хатыняў узвышаюцца цяжкія пліты, стэлы, а на ix слупкі прозвішчаў, дзесяткі аднолькавых прозвішчаў (толькі ініцыялы розныя): Камінскі, Камінская, Камінскі… Грыцэвіч, Грыцэвіч, Грыцэвіч, Грыцэвіч… У хатах, хлявах, свірнах, царквах жыўцом згарэлі не проста сем'і, а цэлыя роды вясковыя. Дрэвы родавыя з усімі каранямі i галінкамі — i дзяды, i ўнукі-праўнукі.

Ну, a сённяшнія шматмільённыя гарады, на якія нацэлены, вось-вось гатовыя вырвацца з шахтаў, з-пад вады, сарвацца з крыла самалёта ракеты з ядзернымі боегалоўкамі, што яны такое, гарады Зямлі,— ці не тыя ж «свірны», «хаты», дзе ўжо сабраныя людзі, а сцены аблітыя бензінам, абкладзеныя саломай i нехта запальніцу трымае ў паслухмяна напружанай руцэ? Людзі нават могуць убачыць такую вось руку — на ўсюдыісным тэлеэкране — руку, якая нясе за ўсмешлівым чалавекам чамаданчык з кодам, шыфрам Суднага дня. (І там, тады яны, асуджаныя без суда, выглядвалі ў вокны, у шчыліны, услухоўваліся ў бразганне бензінавых каністраў.)

Гарады-Хатыні!.. Краіны-Хатыні!.. Кантыненты-Хатыні!.. I, нарэшце, уся планета, падрыхтаваная, каб успыхнуць i абвугліцца за нейкія гадзіны, хвіліны!..

Ды хто пасмеў! Хто гэта мог i як дазволілі людзі?

А вось жа пасмелі i нават не хаваюць свой «чамаданчык», нават бравіруюць, ганарацца: яшчэ б — касмічная моц у руцэ вартага жалю смяротнага!..

Адбылося гэта, адбываецца, небяспечна доўжыцца, i канца гэтаму пакуль што не відно, таму што не адзін толькі салдафон Хейг з яго знакамітым «ёсць рэчы важней за мір», а занадта многія на гэтай планеце ўсё яшчэ калі не кажуць: «Мір, але любой цаной», то думаюць, калі не думаюць самі, то згаджаюцца, каб думалі ix кіраўнікі, i ўсё таму, што да канца дадумаць або не знайшлі часу, або баяцца, не адважваюцца, або проста не здольныя.

Калі кажуць табе або сам ты: ды што я, я асабіста, што я магу? — адказ адзін: дадумай да канца, менавіта да канца, не дазваляючы сабе адхіліцца ўбок, адвільнуць ад усёй праўды — за сябе дадумай, a калі трэба, то i «за таго хлопца», у якога «чамаданчык». Калі ўжо, па назіраннях вучоных (японскіх), працэс пазнання (пераймання) i празарэння можа лавінападобна ахапіць нават статак малпаў (эфект «сотай малпачкі»: пасля яе раптам усе тысячы малпаў, на ўсіх астравах, сталі таксама мыць салодкі батат, замест таго каб есці з пяском) — тады чаму i табе не спадзявацца, што з цябе якраз i пачнецца ланцуговая рэакцыя празарэння, таго самага дадумвання да канца! A ці ёсць на Зямлі або ў галовах людзей нешта такое, дзеля чаго можна, дапусціма трэба рызыкаваць такой простай i вялікай рэччу, як жывая клетка, якая самадзеліцца? У якой усё i без якой нічога — ні капіталізму, ні сацыялізму, ні мінулага, ні сённяшняга, ні будучыні.

Усе нішы ў свядомасці сваёй абмацаць жорстка логікай «ядзернай эры», усе лагуны мозга, дывертыкулы затоеныя, дзе хаваюцца хітрыкі ўчарашняга розуму, старажытныя забабоны, даўно ці раптоўна састарэлыя ісціны, i не палохацца, калі раптам прагучыць ці то ў табе, ці то ў нечых старонках, у нечых вуснах: не толькі дрэнны мір лепшы за добрую вайну, але i любы — лепшы! Непараўнальна, несупаставіма лепшы.

Ды гэта ж толькі па звычцы, па аналогіі з мінулым называецца «вайной» — тое, што сёння супрацьпастаўлена «міру». На самай жа справе яно нешта зусім іншае, па-за ўсякімі аналогіямі i супастаўленнямі. Людзям ва ўсім свеце па-ранейшаму ўнушаюць, звыклым спалучэннем слоў, паняццяў: трэба быць гатовымі да вайны! Страшнавата, але як быццам знаёма. Але калі папраўдзе, дык варта б казаць: трэба рыхтавацца, быць гатовым да самазабойства. Так, не вайна ўжо гэта, а самазабойства i нешта іншае, менавіта омнецыд, як нехта вызначыў,— усеагульны генацыд, самагенацыд чалавецтва!

Дадумваць, дадумваць да канца! Ці не ў гэтым паратунак?

«Свету загінуць ці мне чаю не піць?..» — выбар цалкам са сферы высокай палітыкі, словы «падпольнага чалавека» Дастаеўскага вось так загучалі: быць мёртвам, або быць чырвоным, або быць не чырвоным?

Сыходзячы да чыста бытавой свядомасці, таксама сёе-тое знаходзім, адкрываем. Яна стараецца сябе не дакляраваць, не фармуляваць — на тое яна i бытавая, — але таксама ўтрымлівае ў сабе нешта. Сябра-філосаф аднойчы спалохаўся вельмі простай думкі: а свет жа можа загінуць проста таму, што нехта пашкадуе чырвонца. У любой валюце. Пашкадуе ахвяраваць ім або пажадае «даатрымаць» яго. У выглядзе менавіта чырвонца. Або ўзнагароды. Або павышэння па службе. І да т. п.

Прытым нехта вельмі канкрэтны — з імем-прозвішчам, месцам жыхарства, пасадай, з пашпартнымі асаблівымі прыкметамі або без ix.

Ён не пытае: што я магу, я, менавіта я? — перш чым дзейнічаць, гэта значыць існаваць паводле законаў адвечнага эгаізму, а таму цісне на сусветную сітуацыю неадступна i ўвесь час, як атмасферны слуп. Ён масападобны, але складаецца з індывідуумаў. I вось апошні, вырашальны драбок нейчага эгаізму на шалях сусветных вагаў i…

«Свет загінуў таму, што чалавеку было лягчэй памерці, чым змяніцца». Гэта — з рамана «Катастрофа» Эдуарда Скобелева, у якім аўтар задумваецца, ад якіх заган, якасцей чалавечых надыдзе, надысці можа ядзерны Армагедон.

Так, горка пра такое пісаць, усведамляць такое, але ўзрушэнне патрэбна, i яшчэ якое. Жыць, як жылі, думаць, як думалі, адчуваць, як адчувалі,— небяспечна, смяртэльна небяспечна для ўсіх людзей.

Не, усё-ткі яны змяняюцца — i ў масе, i індывідуальна. A інакш адкуль бы ўзяцца: маршам хатніх гаспадынь праз цэлыя кантыненты, лагеру ў Грынэм-Коман?..

Калі Марш міру-82 праходзіў па хатынскім лесе апошнія 5 кіламетраў да мемарыяла, позірк не-не дый вяртаўся да непрыгожа поўнай, з задышкай жанчыны ў лёгкай квяцістай сукенцы, для якой кожны крок азначаў востры боль — ногі ацёчныя, у сініх вінаградзінах успухлых вен. Твар вялікі, потны, чырвоны, недзе на вакзале магла б сысці за звыкла раздражняльны вобраз у натоўпе, ад якога няма куды дзецца. Тут, за дзве тысячы кіламетраў ад свайго дому, ад дзяцей i, мусіць, унукаў, яна была прыгожая. Стаіць перад вачамі i цяпер. Чаму голуб — сімвал міру? — пытае ў адной з мініяцюр сваіх Янка Брыль. I прапануе ўзамен: толькі што са сну, з хітрынкай, «рассмяянае» дзіця. A ў мяне ў вачах — хатняя гаспадыня з вялікімі нагамі на далёкай для яе лясной дарозе да Хатыні…

Не, не чакае асуджана, безгалоса свайго канца планета людзей. Не маўчыць Зямля. Людзі ўжо бачаць, што супраць ix падрыхтавана, ужо чуюць бразгатанне каністраў…

Цішыня — у бункерах. У супербункерах, «выжывалках». Там — так.

У «выжывалцы», куды зазірае чытач рамана Э. Скобелева, прадугледжана ўсё: ад сексшопаўскага інвентару да морга. Але галоўнае, што прадугледжана: каб не праніклі туды тыя, што не ў асобным спісе. На ўсіх не хопіць. Астатнія — у зусім іншым «спісе», мысленным. Увесь фокус у тым, каб у патрэбны момант самому застацца тут, астатніх пакінуць там.

Поделиться с друзьями: