Хатынская аповесць
Шрифт:
Любое прымяненне ядзернай зброі літаральна сарве азонны шчыт, які жывому дазваляе жыць. I павіснуць над усёй планетай новыя БАР. Таксама на цэлыя дзесяцігоддзі.
Альберт Эйнштэйн разгадаў i вызначыў матэрыю як «застылую» энергію (Е=мс2), i адразу вучоныя занепакоіліся: а як чалавек распарадзіцца сваім лёсам, калі даступнай яму стане тая энергія, якая літаральна «пад нагамі» ў яго?
Нямецкі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Вальтэр Нернст папярэджваў у 1921 годзе: «Можна сказаць, што мы жывём на востраве, зробленым з піраксіліну… Але, дзякуй богу, мы пакуль яшчэ не знайшлі запалкі, якая падпаліла б яго» {8}.
Роберт Юнг у кнізе пра самую, мусіць, трагічную ў гісторыі чалавечай думкі старонку — пра стварэнне самазабойчай ядзернай зброі, піша i пра такія вось сумненні, якія ўзнікаюць пры распрацоўцы ўжо вадароднай бомбы: «Сярод пытанняў, якія належаць разгляду, адно было асабліва злавесным. У Берклі (дзе ў Каліфарнійскім універсітэце амерыканскія вучоныя-фізікі раіліся па пытанні «аб стварэнні найлепшага тыпу атамнай бомбы». — A. A.) успаміналася пра тое, што тэрмаядзерныя працэсы, аднойчы пачаўшыся ў выніку выбуху бомбы (вадароднай), маглі распаўсюдзіцца на атмасферу i воды зямнога шара. Нястрымная ланцуговая рэакцыя, народжаная супербомбай, магла за кароткі час ператварыць увесь зямны шар у палаючую зорку» {9}.
Разважалі, прыкідвалі, тэарэтызавалі — не павінна б! Рызыкнулі на практыцы праверыць свае разлікі. Ну, а каб не сышлася задача з адказам?.. Людзі, чалавецтва нават не падазравалі, якія эксперыменты за спіной у ix рабіліся — з ix планетай.
Ну, а каб колькасць перайшла ў якасць — пры адначасовым выбуху соцень, тысяч такіх бомбаў? Не павінна б?.. Ды хто мае права гадаць, прыкідваць i рызыкаваць пры гэтым усім, што нікому паасобку не належыць?!
За пасляваенныя сорак год узарвана 1500 ядзерных устройстваў. (Адна трэць — у адкрытай прасторы, дзве трэці — пад зямлёй.) Ніводзін вучоны не можа паручыцца, што адначасовы залп такой колькасці ядзерных зарадаў не ўцягнуў бы ў адзіную ланцуговую рэакцыю інертныя элементы, рэчывы планеты. А тым больш — дзесяткі тысяч зарадаў, якія могуць выбухнуць у любы момант. Якія ўжо тут «выжывалкі»? За пэўным «болевым парогам» Зямля сама можа ператварыцца ў звышбомбу, за выбухам якой таксама невядома што паследуе, адбудзецца — ужо з Сусветам. Так гэта ці не так — хто мае права эксперыментаваць?
Але ў тым жа i справа, што «смелых», а дакладней — тых, хто не дадумвае да канца, куды больш, чым хацелася б. I сярод вучоных, i сярод палітыкаў, ваенных. I на бытавым узроўні таксама.
У адказ на мае або Юрыя Каракіна артыкулы: «Нічога важней», «Не спазніцца!», «Яе спарадзіла вайна, фашызм», «Уявім сабе», «Прызнаць галоўнае — галоўным», «Жывы час», «Рабіце звышлітаратуру!.,», «Overkill» i інш. {10} мы атрымліваем пісьмы, якія спрачаюцца.
Упусціць у сябе ўсю жорсткую праўду, дадумаць да канца? I што з гэтага, што паследуе? Дзеянне, дзеянне ў чым выразіцца?
Талстой калісьці выказаў вельмі простую, але такую, выяўляецца, важную i патрэбную думку: складанасць пытання не ў тым, што рабіць, a ў тым, каб зразумець, што трэба рабіць раней, а што пасля.
Адкладваць «усю праўду» на потым, на пасля, i зноў пачынаць, як нам пішуць, гавораць, з даўняй руціннай працы па веравыхаванні чалавека, па дэмакратызацыі асноў жыцця (каб масы сапраўды маглі ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў) i г. д. i да т. п., — ды хто нам на гэта час адпусціў? Акрамя таго, i гэтыя задачы куды больш энергічна здольна літаратура выконваць, калі па-сапраўднаму данясе да чалавека жорсткую праўду: або неадкладнае i рашучае адмаўленне ад усяго, што пагібельна, — у чалавеку, у грамадскіх збудаваннях, або прымай яе, пагібель, як непазбежнасць!
Вяртаюся да старых запісных кніжак: выяўляецца, не так гэта проста i легка — зламаць у сабе самім перагародкі, адкрыць сябе ўсёй праўдзе, дадумваць i абдумваць да канца тое, што на нас навалілася. Хочацца пайсці з-пад гэтага цяжару, вызваліцца. Як можна з гэтым жыць, увесь час? — не раз i не два спытаюць вас.
Але ж мы з гэтым рэальна жывём, над гэтым жывём сапраўды. Не прыводзіць, не прывесці да згоды, у адпаведнасць свядомасць сваю з рэчаіснасцю — якія ж мы пасля гэтага разумныя істоты? I што нас у гэтым выпадку чакае?
Ведаць, каб змагчы! Менавіта літаратура, мастацтва здольныя данесці праўду да кожнага, даставіць яе ў кожную клетку адзінага i сёння, на жаль, смяротнага арганізма — чалавецтва.
Калі што больш за ўсё, мацней i глыбей за ўсё здольна ў бліжэйшы час паўплываць на ўвесь характар планетарнай культуры, на сам тып сусветнай літаратуры, дык гэта якраз працэсы ў свядомасці нашай, чалавечай, якія вызначаюцца ўсёй сукупнасцю падзей XX стагоддзя.
Гэта ж ісціна, што чалавек, што homo sapiens такі, які ён ёсць, у значнай меры таму, што ён — адзіная на Зямлі істота, якая ўсведамляе сваю смяротнасць, канчатковасць.
Знікні раптам гэта веданне, i як рэзка змяніўся б ён сам, — увесь — у звычках, паводзінах, у культуры, літаратуры, мастацтве.
Ну, a калі яшчэ адно такое, роўнае гэтаму веданне ўзнікла, што павінна адбыцца з тымі ж рэчамі? Відавочна, усё таксама павінна перамяніцца гэтак жа рэзка, буйна.
На нашым вяку гэта адбылося: чалавек выявіў, што i ўвесь род яго зрабіўся смяротным. Учора яшчэ будучыня яго была адпачаткова забяспечаная, ішла ў далячынь тысячагоддзяў, i раптам — рэальная верагоднасць знікнення ўсяго i назаўсёды на працягу хвілін, гадзін!..
I што змянілася: у паводзінах, у ты пе мастацтва, літаратуры i інш.? Сёе-тое змянілася, але не так ужо рэзка, буйна.
Пра што гэта гаворыць? Толькі пра тое, што яшчэ не адбылося сёння тое, што абавязкова здарыцца, адбудзецца заўтра. Свядомасць непазбежна паследуе за рэальнасцю. Рэальным стане i вымярэнне, унутранае, кожнага з нас, калі новая свядомасць стане фактам.
Так, але ці аўтабіяграфія гэта, ці так абазначаны жанр?
Усё залежыць ад таго, што лічыць фактамі. Ці лічыць фактамі нашага жыцця таксама i думкі, пачуцці, перакананні, станы, з якіх якраз i нараджаюцца задумы твораў? Калі гэта таксама факты (поруч з тым, дзе ты нарадзіўся, жыў, вучыўся i чым займаўся), тады данае ізлажэнне — таксама аўтабіяграфія. З ухілам, вядома, у бок «унутраных» фактаў за кошт «вонкавых».
Што ж, так атрымалася, напісалася.
Калі ўжо ўсё гэта выказаў, напісаў, трапіліся на вочы словы скульптара Генры Мура («Новый мир», 1982, № 1, с. 67):
«Скульптар або мастак робіць памылку, калі ён занадта часта гаворыць або піша пра сваю працу. Гэта аслабляе неабходнае яму напружанне».
Наперад будзем разумнейшымі!
З чаго пайшла, пачыналася «Блакадная кніга»
Алесь Міхайлавіч! У выступленнях па тэлебачанні, у інтэрв'ю Данііл Гранін, калі размова ішла пра Вашу з ім кнігу, не раз казаў, што «ідэя «Блакаднай кнігі» належыць беларускаму пісьменніку». Выглядае гэта трохі парадаксальна, калі не ведаць, што за гэтым стаіць, як яно пачыналася, з чаго. Ці не раскажаце Вы пра гэта…
Выйшла неяк само сабой. Хоць цяпер, калі праца зроблена, пачынаеш думаць, што былі, былі нейкія нябачныя, але моцныя токі — ад Хатыняў да блакадных ленінградскіх трагедый — i што гэтыя токі, імпульсы якраз i накіроўвалі думкі i намеры беларуса, які ўдзельнічаў у стварэнні кнігі пра спаленыя вёскі,— накіроўвалі на Ленінград.
На Данііла Граніна «выйшаў», калі вырашыў гэтым заняцца сам. Бо спачатку пра гэта не думаў, a толькі хацелася запаліць той працай, што прароблена была ў Беоарусі, нечы там энтузіязм у Ленінградзе. А ты тут пры чым i хто цябе прасіў, просіць? Разумеў, што гэта так, сам з сябе пакепліваў, але нешта прымушала. Ды не нешта, а тое, што вайна была на ўсіх нас адна — Айчынная. Што ў Беларусi, што ў Ленінградзе. Акрамя таго, унутраны гул ад доўгае працы дома яшчэ працягваўся, i, можа, ён таксама падштурхоўваў, патрабаваў нейкага працягу, пашырэння той, такой жа працы. Тым больш што ва мне ўжо жылі некалькі ленінградскіх гісторый, такіх жа пранізлівых i балючых, як i нашы хатынскія. I пачуў я ix, дарэчы, ад Галіны Максімаўны Гарэцкай — так, дачкі нашага Максіма Гарэцкага, — калі ездзіў у Ленінград да сям'і пісьменніка, бо працаваў над кнігай пра яго трагічны лес i выдатныя творы. Вось колькі выпадковасцей i як усё здаецца заканамерна звязаным з «Блакаднай кнігай»: трагедыі нашы прывялі пошукі да ленінградскіх, бо, мабыць, як падземныя воды, адна з адной зліваюцца ўсе трагедыі веку.