Хатынская аповесць
Шрифт:
«Горка i крыўдна часам пачуць ад якога-небудзь «разумніка»: «Ха, блакаднікі: добра, значыць, жылі, калі да гэтага часу яшчэ жывыя. Сапраўдныя блакаднікі даўным-даўно на Піскароўцы ляжаць». I яшчэ адзін дзеяч у юрыдычнай кансультацыі мне сказаў: «Што такое блакаднікі? Такога слова цяпер няма. Ёсць словазлучэнне — «асобы, якія перажылі блакаду».
«Дзякуй Вам, дзякуй тым людзям, якія расказваюць Вам пра блакаду, дзякуй, што Вы хочаце помніць пра блакаднікаў». (З пісьма Кавалёвай Вольгі Дзям’янаўны.)
Калі вуха, калі свядомасць увесь час настроены на адну хвалю, блакадніка пачуеш, адчуеш i далёка ад Ленінграда. Колькі я ix знайшоў (а пасля запісалі) у поездзе Мінск — Ленінград, які добра-такі абжыў зa гады з 1975 па 1981. Ці такі вось выпадак: старая жанчына-мінчанка ўвесь час занята тым, што шукае, збірае i корміць на вуліцы, у двары бяздомных катоў, сабак (ці хоць бы галубоў), — сцэна не такая ужо рэдкая ці дзіўная. Але нечаканыя словы яе прымушаюць мяне скалануцца: «Я не магу бачыць галодных. Я была ў вайну ў Ленінградзе»… Была ў блакадным Ленінградзе — гэта на ўсё жыццё.
Я ўсё ездзіў у Ленінград, вывучаў яго вуліцы i кварталы, можа, як рэдка хто з карэнных жыхароў горада: дзе тая вуліца Салдата Корзуна, дзе Басейная ці Новая, а ты, мінчанін, павінен пайсці па ёй, вышукваючы патрэбны дом, пад'езд, нумар. Звоніш i, калі не тлумачыў гэтага па тэлефоне, спяшаешся сказаць: «Вось мы з Граніным… Вы ж Граніна ведаеце?..» «Данііл Гранін… Мы з Граніным» — дзейнічала як пароль. (Толькі ў некаторых рэспубліках Сярэдняй Азіі, дзе тысячагадовая павага да кнігі i «вучонага чалавека», я заўважаў нешта падобнае.)
А з матэрыялам — чым больш набіралася, тым больш яго не хапала. Замнога — каб надрукаваць як ёсць замала — каб нешта галоўнае адкрылася, тая самая «агульная ідэя» твора.
Дзеля чаго мы патрывожылі, збіраем блакадную памяць, здаецца, ведаем. Каб не страціць назаўсёды народнай праўды аб трагічных i гераічных 900 днях Ленінграда, усёй праўды аб вайне. Каб даць выгаварыцца, выкрычацца памяці аб невыносным блакадным голадзе, аб жудасных стратах i каб яшчэ раз праклясці вайну — гэтага «жалезнага звера», кажучы словамі нашага Кузьмы Чорнага, які зноў i зноў шукае спажывы сярод людзей…
Усё так, але i наш жанр, як i кожны твор, патрабуе звышідэі, звышмэты. Не той, якую навязваюць «матэрыялу» ці прывязваюць да яго, а якая адкрываецца ў самім матэрыяле i праз яго, калі доўга ўглядацца.
Мы ўглядаліся, шукалі — пакуль, сапраўды, не адкрылася: а, вось мы пра што!
Гэта не адразу прыйшло. Спрачаліся: што трымала радавога ленінградца на такой гордай i цяжкай вышыні салдацкіх i чалавечых паводзін? Фашысцкія кіраўнікі разлічвалі, што «Ленінград выжарэ самога сябе», — так i крычалі, i пісалі, бо танкам ix не ўдалося, але голад ужо ўварваўся ў Ленінград. А разам з голадам i тое, што, паводле ix разлікаў, павінна ленінградца расчалавечыць, ператварыць у бязвольную істоту — гэтага ж яны свядома дамагаліся ў сваіх лагерах. «Голад — наш саюзнік!»— крычалі яны i помсліва чакалі моманту, калі ў горадзе ўсё папаўзе па швах, бо не вытрымае сам чалавек, «распаўзецца»…
Так, дысцыпліна, арганізаванасць давалі грунт, апору нават слабым, а моцных мацавалі яшчэ болей — гэта важна памятаць. Але толькі гэта ўбачылі, зразумелі тыя, што хацелі задушыць Ленінград, — зразумелі потым, калі ім самім прыйшлося ратавацца ад расплаты ва ўласнай сталіцы. Ім, вядома, здавалася, што толькі на ваеннай арганізаванасці насельніцтва ўтрымаўся Ленінград. I вось ужо ленінградцы ставяцца ў прыклад берлінцам. Але не ўкусіць ix, «гэтых рускіх», яшчэ раз, хоць бы напаследак, Гітлер не мог: «Нават гэтыя рускія, гэтыя свінні, змаглі арганізавацца. Калі ў нас пачынаюць скардзіцца, я магу толькі сказаць, бярыце прыклад з рускіх у тым становішчы, якое ў ix было ў Ленінградзе… А як яны выстаялі ў крытычны момант!»
I пайшлі інструкцыі, наказы берлінцам: як арганізавацца, каб таксама «выстаяць». Цыркуляр Гімлера № 40/10. Гімлер падрабязна пералічвае мерапрыемствы, якія, на яго i Гітлераву думку, праводзіліся ў Ленінградзе. Досыць старанна пералічылі ўсё, пра што ведалі. I нават «дух ленінградцаў» — тое, што ў разлік браць не хацелі, калі душылі Ленінград пятлёй голаду, блакады. Праўда, убачылі, нагадалі толькі адно: «Нянавісць насельніцтва стварыла найважнейшую сілу абароны».
Так, пра нянавісць да сябе фашысты самі добра паклапаціліся — чаго-чаго, а гэтага хапала ва ўсёй Еўропе i ва ўсім свеце! Ды толькі не ёю адною ўзгадаваны быў i трымаўся «дух ленінградцаў».
Чым больш мы слухалі саміх ленінградцаў, вывучалі дакументы, чыталі дзённікі, тым больш нам адкрывалася адна з апор таго самага «духу ленінградцаў», на якім трымаўсм горад, бо трымаўся сам чалавек. Што Ленінград — адзін з самых культурных гарадоў у свеце, хто пра гэта не ведае. Што гэта горад-інтэлігент i паводле культурных традыцыіі, і паводле насычанасці музеямі, бібліятэкамі, навуковымі ўстановамі, a галоўнае — па абліччы гараджан, па ix узаемаадносінах i адносінах да тых, хто ў Ленінград прыязджае, — таксама даўно лічыцца агульнавядомым. Рабочы клас у гэтым горадзе заўсёды славіўся не толькі тэхнічнай, але i агульнай культурай.
Усё гэта так, i ўсё, аказваецца, мае не толькі непасрэдныя адносіны да легендарнай стойкасці ленінградцаў у часе блакады, але i можа тлумачыць шматлікія канкрэтныя сітуацыі i лёсы, з якімі мы сутыкаліся ў часе працы над «Блакаднай кнігай». Вось тыя ж «паўсядзённыя запіскі» блакадніка Г. А. Князева ці дзённікі Юры Рабінкіна: як дакладна яны дакументуюць рух чалавека, калі голад ужо здольны адабраць, сапраўды «зжэрці» i сілы, i волю, i сумленне, i саму здольнасць супраціўляцца пагібелі. Фізічных, біялагічных калорыяў не стае, каб не памерці, а тым больш каб заставацца ранейшым чалавекам — кім ты быў заўсёды, але нешта ўсё роўна чалавека падтрымлівае, не дазваляе пераступіць «за рысу», дзе распад усяго, «маральная дыстрафія». I гэтае нешта — можа, якраз i ёсць тое, што не было ўлічана ў фашысцкім Берліне, хоць яны там усё астатняе (і досыць дакладна) падлічылі i вылічылі: колькі магло пратрымацца ў лютыя маразы чатырохмільённае насельніцтва Ленінграда, калі ў горадзе няма значных запасаў прадуктаў, паліва, не дзейнічае каналізацыя, няма вады…
Ленінград блакадны сказаў свету многае: i пра нечалавечае аблічча фашызму, які абраў голад сваім хаўруснікам, сродкам тэрору супраць мірнага насельніцтва, i пра тое, што можа вытрымаць i на што здольны наш народ, калі ён змагаецца за сваю i ўсяго чалавецтва будучыню.
Тое, што нам, аўтарам «Блакаднай кнігі», адкрылася праз доўгую працу, што нам Ленінград адкрыў i што мы хацелі сваёй кнігай таксама давесці,— гэта думка, перакананне, што інтэлігентнасць, унутраная культура — сіла, а не слабасць чалавека. Што праца розуму, духу, напрыклад, выратавала Г. А. Князева, a сіла любові дапамагла Лідзіі Ахапкінай (i не адной ёй) выжыць i выратаваць дзяцей — калі ўжо нішто іншае дапамагчы ім не магло. Адзін з раздзелаў другой часткі «Блакаднай кнігі» мы спачатку назвалі «Хлопчык-інтэлігент». Вы, мабыць, здагадваецеся, што мы мелі на ўвазе Юру Рабінкіна.
Дык вось, звышмэта кнігі, якая неабходна, каб быў не проста помнік мінуламу, перажытаму, але i жывы кантакт з праблемамі сучаснасці, звышідэя «Блакаднай кнігі» адкрылася нам i для нас сфармулявалася іменна так, у гэтых словах: інтэлігентнасць, унутраная культура — сіла, а не слабасць чалавека. А таму, можа, у гэтым кірунку больш паслядоўна i настойліва трэба шукаць шляхоў i сродкаў для развязвання многіх глабальных праблем, якія іншымі сродкамі развязаць не ўдаецца. (Дарэчы, на гэта зарыентавана i палітыка разрадкі, якую мы адстойваем, i якраз супраць гэтага зноў i зноў кідаюцца прыхільнікі «голай сілы».)