Хатынская аповесць
Шрифт:
Ну, хіба гэта вось не стаіць побач з «вогненнымі вёскамі» нясцішным болем?
…Жанчына-маці, каб уратаваць астатніх дзяцей, да канца месяца не заяўляе пра смерць свайго хлопчыка (хлебныя карткі!), хавае маленькага ў шафе.
…Пункт прыёму дзяцей-сірат, якіх збіралі ў жудасна ціхіх дамах «бытавыя атрады». Прынеслі хлопчыка; санітарка, добрая жанчына, суцяшаючы, цалуе яго. Азірнулася: усе дзеці, схуднелыя, з вялізнымі вачыма, выстраіліся моўчкі ў радочак, каб i ix таксама пацалавала…
Я шмат чытаў пра ленінградскую блакаду, але сэрцам зразумеў, як сябе адчуваў там чалавек, толькі пасля гэтых просценькіх гісторый, пачутых, як я ўжо казаў, ад Галіны Максімаўны Гарэцкай.
I я ix пераказаў аўдыторыі — пасля нашых хатынскіх — на адным з пасяджэнняў, сабраным у Маскве старшынёй бюро па публіцыстыцы i нарысе Канстанцінам Міхайлавічам Сіманавым (здаецца, у 1971 ці ў 1972 годзе). Пераказаў, каб паведаміць пра кнігу, якую мы, беларусы, робім, i адначасова спытаць, ці не робяць нешта падобнае ленінградцы. Бо гэта ж побач стаіць: трагедыя вёскі i горада ў сучаснай татальнай вайне. Нехта з ленінградцаў падыходзіў, гаварылі мы пра гэта, абмяркоўвалі.
Але не чутно было, каб нехта ўзяўся, i калі мне давялося (ужо ў 1974 г.) быць у Фёдара Абрамава, я паспрабаваў яму навязаць гэтую працу. «Там у мяне сялянскі куфар стаіць, ён гаспадар нада мной, — паскардзіўся Фёдар Аляксандравіч. — Пакуль не дабяруся да дна…» Але тут жа паведаміў, што папаўняецца куфар хутчэй, чым апаражняецца. Кожнае лета Фёдар Аляксандравіч сядзіць у сваёй Верколе, у Пінежскім раёне, — побач з Праслінымі i героямі будучых кніг пра лёс рускай вёскі…
Толькі пасля гэтага я адважыўся падумаць, што, мабыць, сам буду рабіць кнігу пра ленінградскую блакаду, вядома, у сааўтарстве з кім-небудзь з леніградцаў. Акрамя Фёдара Абрамава, з якім знаёмы яшчэ з 1950 года, ведаў Данііла Граніна, але больш завочна — па творах яго, выдатных эсэ i праз кароткую перапіску (якраз з выпадку яго эсэ пра Пушкіна i Булгарына). Напісаў яму пра нашу беларускую кнігу, пра тое, як бачу ленінградскую. Усё гэта правільна, так, але дзе знайсці час? A ў Граніна з гэтай катэгорыяй быцця адносіны самыя строгія. (Нездарма ён аўтар найцікавейшай кнігі пра Любішчава — «Гэтае дзіўнае жыццё», — дзе праспяваны гімн чалавеку, які за ўсё свядомае жыццё не страціў марна, не згубіў ніводнай хвіліны часу. Ніводнай! — у літаральным сэнсе.) Патрэбна было пераканаць чалавека, што гэтая праца — для яго асабіста i наогул — найважнейшая. А ён ужо жыве раней распачатымі творамі, пагружаны ў ix усёй iстотайй. I таму:
— Не ведаю, чаму за такую працу павінен брацца пісьменнік? Яна хутчэй журналісцкая. Але, хочаце, я знайду вам добрых сааўтараў.
I мы сабраліся на кватэры ў Данііла Аляксандравіча: акрамя нас з ім — яшчэ трое. Гаспадар, як бы падкрэсліваючы важнасць «гістарычнага моманту», шчоўкнуў клавішай магнітафона, уключыў:
— Ну, выкладвайце, Аляксандр Міхайлавіч, свае ідэі.
Я — усё спачатку: пра нашу беларускую кнігу, якая ўжо часткова надрукавана ў часопісах «Октябрь» i «Неман», пра тое, што i блакада чакае…
— А вы чыталі кнігі пра блакаду? Ці ведаеце хоць, колькі ix ужо ёсць? I дакументальных — не дзесяткі, сотні!
I я ўбачыў сябе збоку, вачыма тых двух ленінградскіх журналістаў. (Пра трэцяга — асобная гаворка.) Дзівак (ці, можа, нават горш) забег у чужы двор, дзе людзі з нараджэння жывуць, i хоча, спрабуе гаспадарам паказваць, дзе i што ў ix схавана, ляжыць ці стаіць…
Гэтулькі кніг — i добрых — зроблена, напісана, а ён хоча нешта тут адкрыць, быццам на новым месцы!..
Яны па-свойму мелі рацыю, гэтыя людзі, бо, мабыць, не здолеў, не змог я давесці, што новая кніга — хоць i сапраўды шмат ужо зроблена — не будзе ні паўтарэннем, ні толькі дапаўненнем, а нечым зусім іншым. I не дзякуючы нашай «геніяльнасці», a толькі таму, што пачнём з см мага простага і зробім самае простае: дадзім нарэшце выгаварыцца самой блакадзе, яе ўласным голасам выгаварыцца, выкрычацца, выплакацца…
Адзін Храпкоў Дзмітрый Цярэнцьеніч зразумеў, пра што гаворка, але i ён вымушаны быў адмовіцца:
— Я ўзяўся б, але ж гэта такая працаёмкая справа, а на мне цэлае выдавецтва!..
Калі госці пайшлі, гаспадар, на вачах у якога я так ганебна праваліўся ca сваёй агітацыяй, мабьщь, пашкадаваў мяне. (Тым больш што i яго місія сасватаць мне сааўтараў — таксама пацярпела крах.)
— Ну, калі так, вазьмуся я!..
Назаўтра мы паехалі запісваць першага блакадніка. 5 красавіка 1975 года — гэта я памятаю добра. Некуды на вуліцу Шалгунова — адрас мне дала усё яна ж, Галіна Максімаўна Гарэцкая. Блакадную гісторыю яе знаёмай я ўжо ведаў у пераказе i разлічваў, ва ўсякім разе хацеў, каб i Данііла Аляксандравіча адразу «зачапіла i пацягнула». Хоць i ведаў (з ранейшага вопыту), што трэба набрацца цярпення, бо з дзесяці — дванаццаці апавяданняў-успамінаў адно абавязкова будзе выдатнае. Але тут мне хацелася адразу ж пачуць, запісаць якраз такое…
Цуда, на жаль, не адбылося, і, сапраўды, толькі дзесятая жанчына расказала нам такое i так, што адразу бачны, зразумелы стаў узровень праўды, шчырасці, трагізму, які «зробіць кнігу». То была колішні камандзір групы самаабароны Дзмітрыева Марыя Іванаўна, тая самая, пра якую ў першай частцы «Блакаднай кнігі» мы не маглі не напісаць: «Гэтая бессмяротная, гэтая вечная Марыя Іванаўна». Калі памятаеце — тая самая — тая самая работніца ЖАКТа, якая i праз 30 год адразу ж называе нумар кожнага дома, кватэры, кожнага са сваіх «жыллёвых аб'ектаў», успамінае аблічча кожнага жыхара, да каго бегла, паўзла над абстрэлам…
Не буду падрабязна расказваць, як мы — удвух ці кожны з нас самастойна — шукалі адрасы блакаднікаў, тэлефоны, ездзілі, хадзілі, знаёміліся, распытвалі, запісвалі. Ад чалавека да чалавека, ад кватэры на аднам канцы вялізнага горада да дома, кватэры на другім. Усяляк бывала: на якой-небудзь бясконцай вуліцы Басейнай, дзе i дома не знайшоў i таго блакадніка не пабачыў, часам раптам убачыш самога сябе збоку — ды так востра ў тым вячэрнім «пецярбургскім» тумане! — i нейкі смех дурны: «Чаго ты тут? Чаму — ты? I каму гэта патрэбна?»
А канца справе не відаць, i ці будзе які-небудзь вынік? Усё больш палохала немагчымасць выстраіць нешта цэласнае з таго, што ў нас на магнітных касетах i што наша стэнаграфістка-машыністка Соф'я Сяргееўна Лакшын пераносіла на паперу. (Яна, наша самаадданая памочніца, якая i сама прайшла праз блакаду, так i не ўбачыла працы ў друку, мы яе страцілі на паўдарозе.)
Чым больш запісана ўспамінаў, чым больш у руках у нас дзённікаў, тым мацнейшае адчуванне, што мы ад сваёй мэты далей, чым у той красавіцкі дзень 1975 года, калі распачыналі справу. Успаміны на пяцьдзесят, на сто старонак кожны, сотні такіх запісаў-успамінаў, дзённікаў — цэлая гара, але як з гэтым выйсці да чытача, як зрабіць тое, што можна ўзяць у рукі i чытаць. Пакутліва хацелася скончыць працу, каб вызваліцца хутчэй, вырвацца. Вось дзе я нечакана гатоў быў пагадзіцца з ненавісным мне Заратустрам: калі ты глядзіш у прорву, дык i яна глядзіць табе ў душу!..
А нам ужо адкрылася прорва — масавы голад ва ўсёй яго блакаднай бязлітаснай рэальнасці, праўдзе.
Я ўсё ездзіў у Ленінград, кватэра Данііла Аляксандравіча i Рымы Міхайлаўны па вуліцы братоў Васільевых — наш «штаб», куды сцягваюцца ніці блакаднай памяці, гэтулькі, што ўжо i заблытацца можна. Бо пра нашу працу ўжо дачуліся, ужо звоняць, пішуць ужо нам, самі шукаюць нас, i тут ужо не адступішся, нават каб i захацеў. Ён нічога так не прасіў, ленінградзец-блакаднік, не патрабаваў, не хацеў для сябе — хоць патрэба была i не раз за пасляваенны час — як раптам тут прарвалася. Не просьба нешта даць яму, a ўзяць, узяць, узяць у яго — усю праўду!