Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хто смяецца апошнім

Крапіва Кандрат

Шрифт:

Гарлахвацкі (спыняецца ля аб'явы). Вось чакаю, што вы на гэта скажаце (паказвае на аб'яву). Спадзяюся, што вы мяне не ўгробіце.

Чарнавус. Думаю, што для гэтага не будзе ніякіх падстаў.

Гарлахвацкі. Ну, як ваша экспедыцыя, Аляксандр Пятровіч?

Чарнавус. Дык вось, бачыце, замінка выйшла.

Гарлахвацкі. А вы не звяртайце ўвагі. Непрыемна гэта ўсё, я сам разумею, але ж за працай і непрыемнасці забываюцца. Тым больш што ў вас такі мілы памочнік, вы з ёю ўсё гора забудзеце.

Чарнавус. Ёй, беднай, таксама непрыемна гэта ўсё, але трымаецца яна геройскі і мяне падбадзёрвае. Слаўная дзяўчына. Ну, дзякуй вам за падтрыманне. (Адыходзіць.)

Гарлахвацкі (адзін). Слаўная! Бач ты, стары чорт! Губа не дура. Ды цяпер табе не да дзяўчат будзе, даражэнькі.

Выходзіць. Уваходзіць Левановіч.

Левановіч (да цёці Каці). У якім пакоі Вера Міхайлаўна?

Цёця Каця. Ідзіце вунь у тыя дзверы.

Левановіч. Яна там не адна?

Цёця Каця. Не, там яшчэ ёсць людзі.

Левановіч. Вызавіце яе сюды. Скажыце, што сакратар парткома Левановіч просіць на хвілінку.

Цёця Каця. Таварыш Левановіч, заступіцеся вы за нашага Чарнавуса. Шкада чалавека. Чуе мая душа, што дарэмна ўзвялі на яго гэту напасць. Не можа быць, каб гэтакі людскі чалавек ды супроць народа. Гэта нехта набрахаў на яго.

Левановіч. Будзьце спакойны, цёця Каця, чэсных людзей мы ў крыўду не дадзім. Разбяромся, у чым тут справа.

Цёця Каця. Дык пазваць Веру Міхайлаўну сюды?

Левановіч. Ага, пазавіце.

Цёця Каця ідзе па Веру. Левановіч чытае аб'яву аб дакладзе. Уваходзіць Вера.

Левановіч (паказвае на аб'яву). Што гэта за даклад? Ты не знаёма?

Вера. Не. Ён яшчэ трымае ў сакрэце.

Левановіч. Не шкодзіла б пазнаёміцца.

Вера. Ты для гэтага мяне і паклікаў?

Левановіч. Не, я хацеў запытацца, ці чула ты што-небудзь пра Чарнавуса?

Вера. Чула, што на яго ўзвялі нейкі паклёп, і збіралася да цябе ісці.

Левановіч. Добра, калі паклёп.

Вера. Што ж тут добрага?

Левановіч. Я хачу сказаць — добра, калі гэта ўсё — няпраўда.

Вера. Што «гэта ўсё»? Яму ж нічога не гавораць.

Левановіч. Ходзяць чуткі, што нейкае шкодніцтва знайшлі ў яго працах.

Вера. У якіх працах?

Левановіч. Мабыць, у апошніх.

Вера. Я гэтыя працы ведаю. Яны напісаны на падставе тых матэрыялаў, у збіранні якіх я сама прымала непасрэдны ўдзел.

Левановіч. А калі ён і цябе вакол пальца абвёў?

Вера. Што ж я, па-твойму, палена бярозавае? Ні цэ, ні бэ не разумею?

Левановіч. Якую ацэнку ў Маскве атрымала яго праца?

Вера. Яшчэ няма адказу.

Левановіч. Можа, там знайшлі што-небудзь?

Вера. А я табе дакажу, што ўсё гэта брахня. Заўтра ж паеду ў Маскву і прывязу водзыў.

Левановіч. Я цябе не пасылаю пакуль што.

Вера. Сама паеду. (Запальчыва.) Што, не давяраеш? I мяне ў шкодніцтве падазраеш?

Левановіч. Ды не кіпяціся ты!

Вера. Буду кіпяціцца. Абвінавачванне ў шкодніцтве — гэта не пусцяковіна.

Левановіч. Вось таму, што гэта справа сур'ёзная, трэба ў ёй спакойна разабрацца.

Вера. Па-мойму — ты не з таго канца пачаў разбірацца. Трэба пацікавіцца, адкуль ідуць гэтыя плёткі.

Левановіч. Я хачу з двух канцоў адразу — хутчэй будзе. Вось даведаўся, што ты прымала ў гэтай працы ўдзел, і мне ўжо лягчэй стала. А чуткі адкуль ідуць — таксама даведаемся. У Маскву каму-небудзь сапраўды прыйдзецца паехаць. Аб гэтым мы яшчэ пагаворым. (Уваходзіць Чарнавус.) Добры дзень, Аляксандр Пятровіч. (Вітаецца за руку.) А мы з Верай Міхайлаўнай толькі што гаварылі пра вас. Значыць, і кніжку вашу не пусцілі ў друк?

Чарнавус. Не пусцілі.

Левановіч. Гэта аб чым ваша кніжка?

Чарнавус. Аб фасфарытах.

Левановіч. Вы можаце мне даць рукапіс на пару дзён? Я хацеў бы азнаёміцца.

Чарнавус. Калі ласка.

Левановіч. Вы, кажуць, і ў Маскву паслалі нейкую працу?

Чарнавус. Паслаў. Аб карысных выкапнях на тэрыторыі БССР.

Левановіч. Адказу яшчэ не атрымалі?

Чарнавус. Не. Даўно чакаю.

Левановіч. Дык вы і не ведаеце, адкуль на вас такая напасць?

Чарнавус. Не ведаю. Усё роўна, як снег на галаву.

Левановіч. А ў інстытуце вам працаваць не перашкаджаюць?

Чарнавус. Не, не магу паскардзіцца.

Левановіч. Якія ў вас адносіны з Гарлахвацкім?

Чарнавус. Самыя найлепшыя.

Левановіч Што ж, працуйце… Я думаю, што хутка гэтыя хмары рассеюцца. Высветлім, у чым тут рэч. А рукапіс, калі вам не цяжка будзе, прышліце мне заўтра ў суседні корпус, у шаснаццаты пакой.

Чарнавус. Я прашу, таварыш Левановіч, прыняць меры, каб гэта непаразуменне як найхутчэй было развязана. Справа ў тым, што на падставе маіх даных дзяржплан праекціруе пабудову новых заводаў. Калі праца астанецца скампраметаванай, будаўніцтва можа сарвацца.

Левановіч. Я гэта ведаю. Я буду прасіць, каб назначылі аўтарытэтную камісію, якая можа ўстанавіць каштоўнасць вашай працы і высветліць усялякія іншыя акалічнасці.

Чарнавус. Гэта лепш за ўсё.

Поделиться с друзьями: