Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хто смяецца апошнім

Крапіва Кандрат

Шрифт:

Левановіч выходзіць на двор. Чарнавус і Вера — у пакой. Уваходзіць незнаёмая жанчына.

Незнаёмая жанчына (да цёці Каці). Скажыце, дырэктар інстытута ёсць?

Цёця Каця. У кабінеце.

Незнаёмая жанчына. Кажуць, у вас ёсць халтурка для машыністкі?

Цёця Каця. Запытайцеся, можа, і ёсць.

Незнаёмая жанчына (ахарошваецца перад люстэркам). Ён у вас не вельмі строгі? Нічога, што я патрывожу?

Цёця Каця. Нічога.

Незнаёмая жанчына. Я-то крыху чула пра яго. (Падыходзіць да кабінета і намерваецца пастукаць. Дзверы адчыняюцца і высоўваецца Гарлахвацкі.) Можна, таварыш дырэктар? У вас, казалі, для машыністкі работа ёсць?

Гарлахвацкі. Выбачайце, у мяне неадкладная справа. Зайдзіце праз паўгадзіны. Цёця Каця, скажыце Зёлкінай, каб яна прыйшла да мяне з паперамі.

Цёця Каця. Зараз. (Ідзе па Зёлкіну.)

Незнаёмая жанчына. Зёлкіна… Гэта тая, Зіначка. Паглядзім, што за яна!

Зёлкіна з паперамі праходзіць у кабінет дырэктара.

Незнаёмая жанчына. Нічога асаблівага на ёй няма. Толькі слава, што Зёлкіна.

Да дзвярэй кабінета падыходзіць Зёлкін.

Зёлкін (цягне за ручку дзвярэй). Замкнёна.

Незнаёмая жанчына. Ён заняты.

Зёлкін. З кім жа ён заняты?

Незнаёмая жанчына. З Зёлкінай. Не скора, відаць, вызваліцца.

Зёлкін. Чаму вы так думаеце?

Незнаёмая жанчына. Папер шмат панесла.

Зёлкін. А вы ўпэўнены, што гэта Зёлкіна?

Незнаёмая жанчына. Яе гэтак называлі. А так я не знаю. Чула крыху…

Зёлкін. Што ж вы пра яе чулі?

Незнаёмая жанчына. Глупства, не варта пераказваць.

Зёлкін. Гавораць, мусіць, што яна з Гарлахвацкім гуляе?

Незнаёмая жанчына. Можа, гэта і няпраўда. Ці мала што гавораць.

Зёлкін. А муж тут працуе і нічога не ведае.

Незнаёмая жанчына. Чаму не ведае. Ён, кажуць, такі шаптун і пляткар, што без яго ні адна плётка не абыходзіцца. Ведае, але зрабіць нічога не можа.

Зёлкін. Гэта няпраўда. Каб ведаў, дык ён бы тут разнёс усё на свеце. Я ж яго знаю… Чым яны там заняты так доўга? (Нагінаецца і хоча паглядзець у замочную шчыліну.)

Незнаёмая жанчына. Ну, ну! Вось гэтага я ад вас не чакала.

Зёлкін (агрызаючыся). Чаго вы не чакалі?

Незнаёмая жанчына. Каб вы ў шчыліну падглядалі!

Зёлкін. А вам што да таго?

Незнаёмая жанчына. Непрыгожа.

Зёлкін. Цьфу ты, назола! Вось прыстала! (Адыходзіць.)

Незнаёмая жанчына. А яшчэ мужчына! Трэба мець вытрымку, грамадзянін!

Уваходзіць Анна Паўлаўна і накіроўваецца да дзвярэй кабінета.

Незнаёмая жанчына. Заняты, не прымае.

Анна Паўлаўна. З кім жа ён так заняты?

Незнаёмая жанчына. З Зёлкінай.

Анна Паўлаўна. З Зёлкінай?

Незнаёмая жанчына. Так.

Анна Паўлаўна. I даўно ён заняты?

Незнаёмая жанчына. Я мінут дваццаць ужо сяджу.

Анна Паўлаўна. А што яна за асоба такая, што ён пры ёй не прымае?

Незнаёмая жанчына. А вы хіба яе не ведаеце?

Анна Паўлаўна. Адкуль мне ведаць? Я тут не працую.

Незнаёмая жанчына. Жанчына, кажуць, прыемная.

Анна Паўлаўна. Дык і што ж, што прыемная?

Незнаёмая жанчына. А з прыемнай жанчынай прыемна час правесці.

Анна Паўлаўна. Дазвольце! Але ж ён жанаты.

Незнаёмая жанчына. Дык і што ж?

Анна Паўлаўна. Дык у яго ж ёсць жонка. Нашто ж яму нейкая Зёлкіна.

Незнаёмая жанчына. А жонка, кажуць, страшэнная ведзьма.

Анна Паўлаўна. Гэта хлусня! Я чула, што яна досыць прыгожая жанчына.

Незнаёмая жанчына. Кажуць, дзень і ноч яго пілуе. А ён як вырвецца, дык і шукае з другімі ўцехі.

Анна Паўлаўна. Ах, паскуднік! Я яму такую ўцеху дам, што ён век не забудзе! (Кідаецца да дзвярэй.)

Незнаёмая жанчына (усхопліваецца). Ай, што я нарабіла! Гэта ж жонка! (Выбягае.)

Анна Паўлаўна (стукае кулакамі ў дзверы). Адчыні! Адчыні! Адчыні, сабачыя твае вочы! Усё роўна ж я да цябе дабяруся. (Стукае.) Дабяруся, ірад, нідзе ты не дзенешся! (Стукае ў дзверы з усяе сілы.)

Прыбягаюць цёця Каця, Зёлкін і іншыя супрацоўнікі.

Галасы. Што такое? Што здарылася?

Анна Паўлаўна. Дайце ключ хутчэй! Няшчасце здарылася.

Поделиться с друзьями: