Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Хто смяецца апошнім

Крапіва Кандрат

Шрифт:

Зёлкін. Цёця Каця, ключ ад французскага замка! Хутчэй ключ давайце!

Кабінет Гарлахвацкага.

Гарлахвацкі (мітусіцца па кабінеце). Ах чорт! Уліплі мы што называецца. Чуеце, як бушуе мая ведзьма?

Зіна. Можа, лепш адчыніць?

Гарлахвацкі. Баюся, што ад вашай завіўкі нічога не астанецца.

Зіна. Няўжо біцца будзе?

Гарлахвацкі. Можаце не сумнявацца. На гэта я ўжо маю практыку.

Зіна. Дык што ж рабіць?

Гарлахвацкі. А я, думаеце, ведаю? (Падыходзіць да акна.) У двары нікога няма… Паспрабаваць у акно выскачыць…

Зіна. Зімою ў акно?

Гарлахвацкі. У часе стыхійнага бедства людзі не разбіраюць, зіма ці лета, а ратуюцца, як хто можа.

Зіна. А я што буду рабіць?

Гарлахвацкі. І вы таксама.

Зіна (з жахам). У акно? Ні за што не палезу.

Гарлахвацкі. Дык аставайцеся, я адзін палезу. (Бярэ партфель і накіроўваецца да акна.)

Зіна (з жахам). Ні за што не астануся! Яна мяне з'есць. (Плача.)

Гарлахвацкі. Кіньце вы скуголіць. I без вас моташна. (Глядзіць у акно.) Чакайце! Вунь Туляга ідзе з лабараторыі. Мы, здаецца, выратаваны. (Адчыняе акно і крычыць.) Таварыш Туляга!.. Таварыш Туляга! Мікіта Сымонавіч! Сюды на хвілінку! Лезьце на падаконнік. Лезьце, лезьце, не саромейцеся! (Паказваецца галава Тулягі.)

Туляга. У чым справа, Аляксандр Пятровіч?

Гарлахвацкі. Вы мне патрэбны, лезьце сюды ў пакой.

Туляга. Дык нашто ж? Я ж магу праз дзверы.

Гарлахвацкі. Лезьце, я вам кажу.

Туляга. Неяк няёмка, людзі глядзяць.

Гарлахвацкі. Я вам загадваю, гаспадзін палкоўнік! (Туляга паслушна ўлазіць у пакой.) Пабудзьце з гэтай жанчынай — вось і ўсё, што ад вас патрабуецца.

Туляга (калоцячыся). Нічога не разумею, Аляксандр Пятровіч. Хоць зарэжце…

Гарлахвацкі. Вы былі з ёю. Мяне тут зусім не было. Зачыніце за мною акно. Цяпер разумееце?

Туляга. Прызнацца, не зусім.

Гарлахвацкі (шыпіць). Гаспадзін палкоўнік!.. Не прыкідвайцеся дурнем!

Туляга. Разумею, Аляксандр Пятровіч! Усё разумею.

Гарлахвацкі. Даўно б так. (Вылазіць праз акно на вуліцу. Туляга зачыняе за ім акно.)

Туляга (разводзіць рукамі). Нічога не разумею. Растлумачце хоць вы, таварыш Зёлкіна.

Зіна (выціраючы слёзы). Зараз вас біць будуць.

Туляга. Мяне? За што ж мяне біць?

Зіна. Вунь ужо дзверы адмыкаюць.

Шырока расчыняюцца дзверы. У кабінет урываецца Анна Паўлаўна, за ёю астатнія. Усе на момант аслупянелі, убачыўшы Тулягу з Зінай. Потым гнеў Анны Паўлаўны змяніўся прыступам рогату.

Зёлкін (да Зіны). Дык вось ты з кім, нягодніца!

Зіна. Адстань! (Адштурхоўвае яго і, лавіруючы між натоўпу, выходзіць.)

Зёлкін. А з вамі, даражэнькі, я зараз расквітаюся! (Падступае з кулакамі да Тулягі.)

Туляга (засланяе твар рукамі). Што вы да мяне маеце, таварыш Зёлкін?!

Зёлкін. Я табе пакажу, стары распуснік! (Хоча ўдарыць. Уваходзіць Гарлахвацкі з партфелем.)

Гарлахвацкі. Што тут робіцца такое? У чым справа?

Анна Паўлаўна (падбягае да яго). Ой, Шура, каб ты бачыў, што тут было!

Гарлахвацкі. Дык тут і цяпер безабразіе.

Анна Паўлаўна. Зёлкіну вось з гэтым (паказвае на Тулягу) засталі тут.

Гарлахвацкі. Ах, якая брыдота! Другога месца но знайшлі.

Анна Паўлаўна. А жанчына тут нейкая была ў калідоры ды выдумала, што гэта ты з Зёлкінай.

Гарлахвацкі. Што яшчэ за жанчына?

Анна Паўлаўна. Ліха яе ведае, незнаёмая. Такая языкастая баба. Ды яна тут недзе. (Аглядаецца.) Не, уцякла ўжо.

Гарлахвацкі. Нічыпар, лаві яе там! Чорт знае што! З вуліцы зброд усялякі лезе ў кабінет. Пляткараць, распуснічаюць. (Да Тулягі.) Ну і вы таксама… Стары чалавек! Пасаромеўся б. Ва ўстанове, ды яшчэ ў маім кабінеце, дазваляць сабе такія рэчы!

Туляга. Аляксандр Пятровіч… Гэта бязлітасна… Вы ж самі ведаеце…

Гарлахвацкі (грозна). Нічога я не ведаю, таварыш Туляга! Хаця мне і трэба было б ведаць, адкуль у вас такія прывычкі. (Туляга часта моргае вачыма і кусае губы.) Ды ладна, таварышы. Я думаю, што мы будзем велікадушнымі і даруем яму на гэты раз, узяўшы слова, што больш нічога падобнага ён сабе не дазволіць. Спадзяюся, што смецця з хаты выносіць вы не будзеце, каб гэта не лягло бруднай плямай на нашу ўстанову. Прашу спакойна разысціся і працаваць. (Крадком ад жонкі гаворыць Тулягу, які выходзіць апошнім). Спадзяюся, што ў вас хопіць розуму не балбатаць пра гэта. (Усе разыходзяцца. Астаюцца толькі Гарлахвацкі і Анна Паўлаўна.)

Гарлахвацкі (да жонкі, калі Туляга выйшаў). Ну што ты скажаш на гэта? Ха-ха-ха… (Рагоча ўсё больш і больш, паддаючы сабе ахвоты.)

Анна Паўлаўна. Такі ціхоня, размазня! Хто б гэта мог падумаць!.. Ха-ха-ха.

Гарлахвацкі. Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну.

Анна Паўлаўна. А тая пляткарка сказала, што гэта ты з Зёлкінай зачыніўся. Я чуць дом не разбурыла.

Гарлахвацкі. Ах, ах, ах! Як гэта нядобра! I заўсёды ж так. Напляце табе якая-небудзь баба, а ты, не праверыўшы, з кіпцюрамі на мяне кідаешся.

Поделиться с друзьями: