Хто смяецца апошнім
Шрифт:
Анна Паўлаўна. Ну, годзе, мір! (Абнімае яго за шыю і цалуе.)
Гарлахвацкі (ляпае яе па плячах). Бядовая ты ў мяне, Нюра.
Анна Паўлаўна. Як твая навуковая праца?
Гарлахвацкі. Праца амаль што гатова. Вунь, глядзі, які ў мяне тут навуковы апарат.
Анна Паўлаўна (пяшчотна). А як машына? Хутка будзе?
Гарлахвацкі. Чакай, пацярпі крыху. Будзе табе белка, будзе і свісток. (Стук у дзверы.) Зайдзіце!
Уваходзіць Левановіч.
Гарлахвацкі. А-а! Нарэшце і партыйнае кіраўніцтва ўспомніла пра нас, грэшных. Пара, даўно пара, а то мы без кіраўніцтва можам тут памылак парабіць. (Анна Паўлаўна выходзіць.) Ты чуў, якую штуку адмачыў Туляга?
Левановіч. Туляга? Па-мойму, ён не здольны ні на якія штукі.
Гарлахвацкі. І я так думаў. Адно ж сапраўды — у ціхім балоце чэрці вядуцца. Некалькі хвілін назад яго накрылі з Зёлкінай у маім кабінеце.
Левановіч. Ды што ты!
Гарлахвацкі. Вось табе і што ты!
Левановіч. Ні за што не паверу.
Гарлахвацкі. Запытай у людзей. Я тут яму пры ўсіх праборку даваў, а ён стаіць ды толькі вачыма моргае.
Левановіч. Не падазраваў у яго такіх здольнасцей.
Гарлахвацкі. У нас тут розных талентаў хапае.
Левановіч. Скажы, ты не ведаеш, што такое з Чарнавусам?
Гарлахвацкі. А я хацеў у цябе запытацца, што з ім такое.
Левановіч. Але ж ты чуў што-небудзь?
Гарлахвацкі. Ходзяць нейкія чуткі. Быццам шкодніцтва нейкае ў яго працах выявілі, зноў жа сувязі нейкія.
Левановіч. Ты не правяраў, адкуль гэтыя чуткі?
Гарлахвацкі. Гэта нічога не рабі, толькі правярай. А працу за мяне хто будзе пісаць? Туляга?
Левановіч. Дзіўная бесклапотнасць! Таго ўсюды з працы знялі, а яму хоць бы што.
Гарлахвацкі. Загадаеш і мне яго зняць? Я не самастрахоўшчык. Праверым, тады будзе відаць.
Левановіч. Як ты мысліш сабе гэту праверку?
Гарлахвацкі. Трэба назначыць аўтарытэтную камісію, якая павінна выехаць на месца, дзе ён рабіў геалагічныя доследы.
Левановіч. Хто, па-твойму, у гэту камісію павінен увайсці?
Гарлахвацкі. Баюся, што мне, як дырэктару інстытута, ад гэтага не выкруціцца. Ты ж мяне не вызваліш?
Левановіч. Дапусцім, што не. А яшчэ хто?
Гарлахвацкі. Можна яшчэ Зёлкіна. Ну і Тулягу.
Левановіч. I колькі ж часу зойме гэта праверка?
Гарлахвацкі. Каля года.
Левановіч. Што?!
Гарлахвацкі. У зімніх умовах рабіць нічога нельга, а за лета хаця б нам управіцца. Прыйдзецца ж бурэнне рабіць нанова.
Левановіч. Гэта значыць сарваць увесь план работы інстытута і трымаць цэлы год пад падазрэннем Чарнавуса.
Гарлахвацкі. Што ж ты зробіш! Давяраць яму асабліва не прыходзіцца. Няхай корпаецца тут пад маім наглядам.
Левановіч. Я гаварыў з Верай. Яна галавой ручаецца, што гэта паклёп.
Гарлахвацкі. На гэта яна мае свае прычыны.
Левановіч. Яна з ім разам працуе.
Гарлахвацкі. Больш таго — кажуць, што яна з ім жыве.
Левановіч (недаверліва глядзіць на Гарлахвацкага). Ты гэта праверыў?
Гарлахвацкі (смяецца). Вось дзівак! Як жа я магу праверыць?
Левановіч (дапытліва). А можа, гэта няпраўда?
Гарлахвацкі. Можа, і няпраўда. За правільнасць чутак не ручаюся. Урэшце, ты сам можаш пераканацца: сягоння ў восем гадзін вечара ў іх спатканне ў Чарнавуса на кватэры.
Левановіч. Адкуль у цябе такія весткі?
Гарлахвацкі. Весткі пэўныя, можаш не сумнявацца.
Левановіч. Тут у цябе такое творыцца, што сам чорт не разбярэ. Натыкаешся на сюрпрызы, дзе іх зусім не чакаеш.
Гарлахвацкі. Такую спадчыну я атрымаў. Чыстка патрэбна. З некаторымі работнікамі прыйдзецца развітацца.
Левановіч. А замяніць кім?
Гарлахвацкі. Заменім. У мяне ёсць на ўвазе добрыя работнікі, якія ахвотна пойдуць да мяне працаваць, калі ім забяспечыць належныя ўмовы. Вось я толькі ад працы крыху вызвалюся, тады мы з табой навядзём тут парадак. Мне не ўпершыню гэтым займацца.
Левановіч (у роздуме). Парадак тут сапраўды прыйдзецца навесці.
Гарлахвацкі. Між іншым, дваццаць другога я даклад чытаю на вучоным савеце. Прыходзь паслухаць.
Левановіч. Я ў тваіх мамантах нічога не разумею.
Гарлахвацкі. Я пішу, каб усім было зразумела. Для мас жа пішу. Гэта будзе пробны камень і для Чарнавуса. Магчыма, што ён паспрабуе зганьбіць маю працу і скампраметаваць мяне як савецкага вучонага. Тады мы яго і выкрыем.
Левановіч (убок). Вось ты куды гнеш! (Да Гарлахвацкага.) Думаеш, што ён асмеліцца на гэта?
Гарлахвацкі. Калі ён сапраўды вораг, дык прарвецца, — быць не можа.
Левановіч. А мы яго, шэльму, за вушка ды на сонейка!
Гарлахвацкі. Як міленькага!
Левановіч. А калі ён не прарвецца, а пахваліць твой даклад?
Гарлахвацкі. Ды я не сцвярджаю, што ён абавязкова вораг. Можа, і пахваліць.