I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
Шрифт:
У хаце духата. Цяснота. Хатай апанавалi жанчыны. Ап'янеўшыя, яны ўдарылiся ў танцы, але з мужчын мала хто з iмi танцуе i бальшыня з iх, абняўшыся, танцуюць самi з сабой. Нас такiх, як я, толькi некалькi. Бабы замучылi i скамарохаў - iм грай i грай бесьперастанку.
I скамарохi выйшлi з хаты граць на вулiцу. Сонца ўжо нiзка - не пячэ. На вулiцы правеўней, больш прастору. Але жанчыны на вулiцу ня йдуць - iм у хаце ўтульней, зацiшней, да таго-ж у цясноце мала хто бачыць, што яны вытвараюць. Апроч таго, яны саромяцца дзяўчат - усё-ж яны бабы, а ня дзеўкi i на вулiцы ў iх меней шанцаў падчапiць хлапца.
Ад сваёй маладзiцы я ўсё-ткi адкараскаўся - пайшоў танцаваць з дзяўчатамi на вулiцу. Перад тым як выйсьцi, выпiў для храбрасьцi: iдзеш-жа на вулiцу, на сьвятло дзённае, там ты на воку ў людзей. Ня тое, што ў хаце, сярод п'яных, у клуме i ў паўзмроку. Вось каб нi на што не зважаць i выпiў.
На вулiцы, пад самай хатай, поўна народу. Пераважна моладзь. На вясельле яна прыходзiць незапрошанай. Вясельле маладых, значыць i яны тут. У iх таксама некалi будзе вясельле.
Дзяўчаты стаяць на адным, хлопцы на другiм баку. Так ужо заведзена. Скамарохi - за сталом. Сярод дзяўчат бачу сястру i Дусю з таварышкамi. Сястра, угледзеўшы, падыходзiць да мяне:
– Цi ета ты здурнеў - ты-ж п'яны! Асаромiшся!
– Нiчога, сястрыца, я ў парадку.
Стаю. Разглядаюся. Пачаўся танец. Граюць падыспань. Я не пайду запрашаць. Падыспань не танцую. Яшчэ многа дзяўчат незапрошаных - стаяць у чаканьнi кавалераў. Я ня люблю гэтага слова - кавалер. Я не кавалер i ня ўмею быць кавалерам. Пайшлi яны к чорту ўсе кавалеры! Мы - хлопцы.
Эма выйшла з хаты i, адшукаўшы вачыма Дусю, запрашае яе танцаваць. Тая, бачу, не пагаджаецца. Але Эма цягне яе за абедзьве рукi ў круг, прыпяваючы:
Ай, падыспанец
харошанькiй танец.
Дуся, нясьмелая, выходзiць. Напачатку ў яе ня ладзiцца. Ды хутка яна пачынае патрапляць, i я, гледзячы на яе, зайздрошчу ейнаму ўменьню, ейным зграбным рухам. Эму, падыйшоўшы, зьмянiў Ягор, але танцаваў з сястрычкай няўдала - ня ўмеў. Я ўжо, прыгледзеўшыся, мог-бы хiба ляпей за яго. Iду падмянiць Ягора. Той уступае мне сястрычку, а яна - наўцёкi ад мяне...
Вясельле вiруе, ня спыняецца. Наадварот - у прадчуваньнi свайго канца набывае яшчэ большую сiлу. Пачалi танцаваць i тыя, што не танцавалi, саромiлiся. Цяпер, калi ўжо пашарэла, пачаў узьнiмацца ў нiзiне, над рэчкай, туман, папоўз на вулiцу i ахутаў неўзаметку Пiлiпаву хату. Налезла ў круг гэтулькi, што не разьбярэш, хто з кiм танцуе. Нясьмелыя, у сутунках яны сталi сьмелыя, акрыленыя, яны аказалiся найлепшымi танцорамi. У iх абудзiлася нязвычайная здольнасьць у заляцаньнi. Гэта настала iхная пара. Дзе падзелася iхная сьцiпласьць?
Музыкантаў пояць, кормяць, цалуюць, каб яны гралi задзiрасьцей i ня думалi канчаць. Ходзiць ходарам хата - там таксама ня сьцiхае бабскае вясельле. Зрэшты, у iх там свая, бабская капэля. Яны, здурэўшы, граюць самi сабе - на качулках, на талерках, на сваiх вуснах, на ўсiм, што пападзе iм пад рукi. Нехта з мужчын - трэба-ж, каб быў i бубен!
– пярыць лыжкай у заслонку.
Нутро маё, спаленае гарэлкай, просiць пiць - сапраўды, я перабраў: глытаю i не наглытаюся вады - цёплая, i я нiяк не магу спатолiць свае смагi. Смага. Смага. Смага. Я ня ведаю, чым яе патушыць. Я сёньня надзвычайны. Я нiколi яшчэ ня быў такiм. Я п'яны i ня толькi ад гарэлкi. Мне падабаецца, што я п'яны. Мне гэтак хораша, быццам я толькi цяпер нарадзiўся. Я радуюся, што да мяне прыйшоў посьпех. Мне здаецца, што я ўсё магу, што мне ўсё даступна. Ад усьведамленьня гэтага я здаюся самому сабе куды важнейшым, чымся я ёсьць на самай справе.
Але хто гэта бярэ мяне ззаду за плечы, дыхае на мяне, абдае валасамi, абнiмае, шэпча, тулiцца? Маладзiца? Я хапаюся за яе, iду з ёю. За ёю. Некуды ўнiз. Да рэчкi. Далей i далей. Займае дух. Яна то йдзе, то прысядае. Яе забiрае нясьцерп. У жарсьцi прылiпае да мяне. Не можа йсьцi, гатовая павалiцца, як ачмурэлая. А трава - дываном. I мы ў траве...
З вулiцы дайшоў да слыху бубен. I, узьняўшыся, сьпяшаюся назад, да грамады, а мне наперарэз постаць у белым - Дуся! Яшчэ не ачомаўся, як яна, скочыўшы, павiсла мне на шыi. Як малую, у страху i радасьцi прытуляю яе. Яна калоцiцца, як ад холаду. Хачу спусьцiць яе з рук, а яна яшчэ больш прыклейваецца.
– Нясi мяне. Мне добра ў цябе. Я хачу, каб ты нёс мяне i нёс. Мне добра, калi ты мяне нясеш.
I я нёс яе, як падарунак, як найбольшы здабытак. I мне было, як нiколi добра, i ў мяне адпала засмучэньне, i душа мая ачышчалася ад грэху.
Перад ейнаю хатаю яна зьлезла з маiх рук.
На вулiцы, за хатаю, яшчэ бiлi ў бубен, але зморана i глуха - як у бочку.
Мы ўвайшлi ў хату. Гасьцей ужо ня было. Толькi свае.
– Дзе ета вы так былi? От добранька, што прыйшлi, - ласкава сустрэла нас Дусiна мацi.
– Пасядзiм. Пагаворым спакойна. А ўбiраць ужо будзем заўтра.
Прыглядаючыся да Дусi:
– Чаго ета ты такая смутная? Масеевiч, прысядзь за стол. Можа яшчэ захочаш выпiць цi зьесьцi. I ты таксама, Дуся.
За сталом сядзелi Пiлiп i Ягор з Эмаю. Яны заўтра ад'яжджаюць. Сьпяшаюцца на працу. На станцыю iх адвязе Пiлiп. Я пагадзiўся сесьцi за стол дзеля ветлiвасьцi. Гавару з Ягорам, распытваю яго пра ягоныя пляны, калi ён зноў будзе ў Мокрым, можа напiсаў-бы калi, а ў самога ў мяне на душы зусiм iншае я чую побач Дусю, маўклiвую, задуменную. Мне здаецца, што яна ня слухае, што я гавару - думае пра сваё. Гэта мучыць мяне, хоць ведаю, што зачапiць яна мяне цяпер ня можа.
Мне лепей-бы пайсьцi цяпер ад iх. Я хачу цяпер быць сам з сабою. Выказваю яшчэ раз мае найлепшыя пажаданьнi Ягору i Эме. Гавару Ягору, што мне было прыемна сустрэцца з iм пасьля столькiх год, пазнаёмiцца з ягонай абраньнiцай. Дзякую гаспадаром за гасьцiннасьць. Зьбiраюся выходзiць, толькi ня ведаю, як разьвiтацца з Дусяй. Стаю ля парогу. Маруджу. Яна застаецца сядзець за сталом.
– Дуся, ты не пачцiвая. Хоць-бы разьвiталася з Масеевiчам.
– Мамачка, я ўжо разьвiталася.
Падыйшла да мяне i - з выглядам быццам гэта загадала ёй мацi - падала мне руку. Я ўзяў яе ў абедзьве свае, глянуўшы ёй у вочы. Яна зьлёгку ўсьмiхнулася, не забiраючы ад мяне свае рукi. Запыталася:
– Табе спадабалася наша вясельле? Табе было добра ў нас?
– Вельмi добра.
Адпусьцiў ейную руку. Пакланiўшыся ўсiм, сказаў:
– Добрай ночы. Шчыра дзякую.
– Заходзь, Масеевiч, да нас. Ня чужайся. От шкада - тваiх радзiцеляў ня было ў нас, - сказала на разьвiтаньне Хiма.
Я не пайшоў на мост. Ад Пiлiпавай хаты спусьцiўся ўнiз, на рэчку. Перайшоў яе па бервяну. Iду праз хмызьнякi па мурожнай траве. "Няўжо Дуся бачыла тут мяне з ёю?"
У хату не заходжу. Лёг на свой ложак у сенцах. Сястра, канешне, ужо ў хаце. Прыйшла раней мяне.
Цяжка перадаць усё тое, што я перадумаў, лежачы ў пасьцелi. Я нiколi яшчэ так ня думаў пра жыцьцё, пра сябе. Я ўсё яшчэ быў недарослым. Сёньня я ўжо дарослы, стаўся такiм толькi некалькi гадзiн таму назад. I гэтая мая даросласьць як-бы падказвае мне: я мушу задумацца над сабой. Я быў у сваiх бацькоў пад iхнай аховай i мне ня трэба было думаць. Цяпер хата адыходзiць ад мяне, бацькоўская апека канчаецца. Яны ў страху, што iхнай апекi цяпер недастаткова, каб уберагчы мяне, што нада мною стаў мой уласны лёс, што я ўжо падуладны свайму лёсу i ўсё залежыць цяпер ад таго, наколькi я спраўлюся з iм, калi спраўлюся наагул. Я ўжо за парогам бацькоўскай хаты. I мне, як нiколi, робiцца шкада сваiх бацькоў. Больш таго - у мяне страх за iх. Я баюся, што iх напаткае тая-ж фатальнасьць, што й мяне. Мяне мучыць нейкая вiна перад бацькамi,. вiна, што ўзьнiмаецца ў мяне да ступенi грэху. А якi грэх? Мая вiна i грэх - гэта iхная памылка адносна мяне - памылка, якую я замацоўваў у iхным уяўленьнi пра мяне. Я падтрымлiваў у iхных вачох сябе такiм, якога яны хацелi бачыць. Цяпер я ўспрыймаю гэта, як грэх.