ЖАНРЫ

I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
Шрифт:

Яна ськiнула з сябе дзяругу i гатовая была ўзьняцца, як гакнуў, здаецца ў самую хату - гром. Учэпiстая, прыклеiлася да мяне. Калоцiцца. I толькi калi я дакрануўся яе шчакi сваёю, яна супакоiлася, сьцiхла.

– Ты цяпер, як у бацькi.

Маўчыць.

– Не баiсься?

Пацалавала.

Дождж абкладваў сваiм шамаценьнем хату, лагодны i сьцiшны, закладваў вушы, суцяшаў. Гром ужо не парушаў гэтай сьцiшнасьцi. Толькi дзесьцi далёка - ужо за Вараноўкай - зрэдку чуваць было ягонае вуркатаньне.

– Ты ўжо цяпер ня пойдзеш ад нас? Застанесься ў нас? Мая мацi ня пусьцiць цябе.

– А ты пусьцiш?

– Я таксама ня пушчу цябе. Змокнеш.

– А калi дождж перастане, магу я пайсьцi?

– Дождж будзе йсьцi. Хiба табе дрэнна ў нас?

Але дождж усё-ткi ўшчук, i я пайшоў. Адарваўся. Я баяўся пераступiць тую скрайнюю мяжу, да якой я так наблiзiўся. Дуся - нясьведамае дзеўчанё, але ўжо абуджанае i гатовае на нешта ёй дасюль няведамае, прынадна неадчэпнае. Я мушу пайсьцi ад яе, як найхутчэй, каб ня выклiкаць у яе, абуджанай, яшчэ болей згубнай для яе жарсьцi. Я не хачу, каб на гэтым усё i скончылася.

Заўтра я скажу бацьком, што еду. Я сваё тут адбыў. Сягоньня серада i да суботы яшчэ будзе ў мацi час сабраць мяне ў дарогу. Надыйшоў час мне выбiрацца i нiкуды больш, як толькi ў Менск. Я не магу не вярнуцца туды. Усё маё там. Я ведаю - бацькi ўжо ня будуць болей пярэчыць - яны здалiся. зьмiрылiся з тым, што няўхiльна.

Я ляжу ў сенцах у пасьцелi i ў думках разьвiтваюся з усiмi i ўсiм, таксама i з Дусяй. Калi я ўжо заснуў, мярэшчыўся Пiлiп з сваiм канём, грукацела "цялега на зялезным хаду" з Вяркеевым на ёй.

Ранiцою я i аб'явiў за сталом пры сьнеданьнi аб сваiм жаданьнi адправiцца на станцыю ў суботу. Хоць гэта й ня было вялiкай неспадзеўкай для бацькоў, пастанова мая паехаць у гэтую суботу прыбiла iх. Мацi вылезла з-за стала i пачала бразгацець начыньнем у загнетку - гэта яна ад усхваляванасьцi i жалю i каб не паказаць сваiх вачэй, поўных сьлязьмi. Засмучаная, сястра сказала, што яна папросiць у брыгадзiра каня i адвязе мяне на станцыю. Бацька моўчкi зьбiраўся на працу, усё на тую-ж - касiць. Мацi таксама мусiла iсьцi на працу. Я заставаўся ў хаце адзiн i мяне мучыла нейкая вiна, няўсьведамленая i дзеля гэтага яшчэ больш датклiвая. Адсюль можа i тая мiтусянiна, што завалодала маёй душой i адбiрае ў мяне здольнасьць ясна бачыць рэчы. Выходжу з хаты, iду да Вяркеева - можа ўжо вярнуўся з Касьцюковiчаў. Гляджу - на Вяркеевай школьнай дзялянцы, зарослай пустазельлем, полiць Акулiна. Седзячы. Ад жывата-бэбаха ня можа зьгiнацца. Пытаюся, цi ёсьць ён. Незадаволена адказае, што яшчэ сьпiць, але што я магу зайсьцi.

Заходжу.

– Ну дык чаго гэта ты зьбег?
– замест, каб адказаць на маё прывiтаньне пытаецца ў мяне Вяркееў, злазячы з ложку.
– Ты мне напсаваў. Перад нашым райано я размаляваў цябе ў самыя прывабныя фарбы. Той думаў, што ты й сапраўды тое, што трэба яму, а ты г... скажу я табе. Райано чакаў нас, гатовы быў выпiсаць табе прызначэньне ў дзесяцiгодку, а ты й носу свайго, паскуднага, не паказаў. Ня годна гэтак, браток. Я страцiў на табе шмат. Якая цябе дрыстачка пагнала? Я й дзеўку ўжо для цябе знайшоў - на канфэрэнцыi iх хапала - а ты, пся крэў, зьбег.

– Слухай, я прыйшоў разьвiтацца з табою. Я еду.

– Твая справа, - памаўчаўшы, адказаў Вяркееў.

Пачаў надзявацца, зiрнуў у вакно i, пабачыўшы Акулiну, паскардзiўся:

– Нiяк не разьвяжуся з ёй. Хацеў, каб ськiнула, дык дзе там. Спаймала. Ну, але я не пра гэта. Кажаш - едзеш. Адгаварваць ня буду. Кацi! Я спраўлю табе й праводзiны. А як-жа? Ёсьць паўлiтра. Бачыш - i цэлая кашолка правiянту прыпёрла мая ненаглядная (Вяркееў паказаў на кошык, што стаяў на стале, накрыты рушнiком). Дзень бачыш якi цудоўны! Пойдзем на сасновыя шышкi, на чабор, у сасьнячок. Сьпяку яешню ў твой гонар, вып'ем i забудзем пра нашых акулiн.

На невялiкай воддалi ад школы стаяў, уласна, не "сасьнячок", а прыгожы бор з стагоднiмi гонкiмi соснамi, i мы пайшлi туды. Я нават быў рады пайсьцi туды. Цi пабуду яшчэ калi ў iм? Гэта - месца маiх адзiнотных блуканьняў. Прыгадалiся некалi складзеныя ў гэтым бары радкi:

Са спакоем адвечных палян,

добры дзень, мой зялёны бор.

Я прыйшоў на твой мяккi дыван,

на густы i пахучы чабор.

Захавай ты ад сьпёкi мяне,

дай напiцца з крынiцы вады.

Мая стома тады прамiне,

харашэй стане сэрцу тады.

Вяркееў у посьпеху сабраў у грудок сухiя з шышкамi сасновыя галiнкi i не пасьпеў ткнуць у iх сярнiчку, як яны дзьмухнулi полымем, узьняўшы ўгору агнiстыя трэскi. Грудок хутка прагарэў да дна i на ягоных спапялелых вуглёх Вяркееў паставiў патэльню з разьбiтымi на ёй жаўткамi-вочкамi. Нарэзаў з бохану ськiбак, расклаў iх на распасьцёртым белым настольнiку, дастаў з кашолкi соль, агуркi, вiдэльцы i паставiў дзьве шклянкi. У iх ён разьлiў свайго паўлiтра.

– А тымчасам i цалкавуха ўжо гатова - сьпяклася. Ну дык, браце, за тваё!

Узьняў шклянку i дзынкнуў аб маю.

– Праводжу цябе ў тваю дарогу, якой-бы яна нi была. Трымайся! Гартуйся ў бядзе! Весялiся ў шчасьцi! Я табе ня вораг. Наадварот! Дык дзёрнем, браток!

Гарэлка ўзяла сваё. Вяркееў яшчэ ня сьнедаў i ўзяўся за "цалкавуху" не на жарт: жэр, як у прорву. Мне не хацелася напачатку паганiць душу гарэлкай, але калi яна разьлiлася гарачай хваляй па ўсяму целу, мне стала добра, i тая трывога, што была запанавала мною, зьмянiлася цяпер утульнасьцяй, лагодным спакоем i прыемнай цяплынёй. Есьцi я не хацеў, закусiў толькi маласольным агурком з хлебам. Вяркееў адзiн апустошыў Акулiнiну кашолку.

Палянка, на якой мы разьмесьцiлiся, i якую абступалi выносiстыя сосны, выглядала цяпер, пазалочаная ранiшнiм сонцам, як нейкi алтар з соснамi-сьвечкамi.

– Малiся! Ты-ж эстэт!
– адкiнуўшыся на мох, нi то сур'ёзна, нi то зьдзеклiва зьвярнуўся да мяне Вяркееў.
– Такога мо болей ня ўбачыш.

У мяне варухнулася да яго няпрыязнь. Я блiзу ненавiдзеў яго, гледзячы як ён, лежачы, травiнкай калупаў у сваiх зрыжэлых зубах. Ды хутка мая нянавiсьць да Вяркеева перайшла ў рашчуленасьць, у жаласьць да сябе самога. Я ледзьве стрымлiваў сябе ад нэрвовага струсу. Ацiхласьць наступiла толькi тады, калi ў душы выступiлi сьлёзы. Я не хаваўся ад Вяркеева, хацеў чамусьцi, каб ён бачыў маю неўтаймаванасьць, але той, ня доўга думаючы, пачаў мяне сячы:

– Разьвесiў нюнi. Хочаш, каб цябе нехта пагладзiў па галоўцы. Не, браце, спагады няма на зямлi i на яе не спадзявайся. Бяры жыцьцё ў рукi сам, як быка за рогi, калi можаш. Але, бачу, ты ня можаш. Прырода такiх плаксаў, як ты, ня любiць. Прыроду трэба браць. Тады яна будзе твая. А ты ад яе нiчога не бярэш, ня ўзяў i едзеш во, засьмяглы i сухавейны. Ды я не хачу цябе квялiць. Я раджу табе быць цьвярозым, тады будзе i табе i iншым лепей. Тыя iншыя будуць бачыць у табе чалавека, а не сьлiмазару. Ты нейкi затуманены, нявыразны. I гора табе, нявыразнаму i затуманенаму.

Поделиться с друзьями: