I той дзень надыйшоў (на белорусском языке)
Шрифт:
– Тут нехта кiўнуў у бок НКВД - а што-ж вы думаеце, НКВД - гэта так сабе, для фасону? Патое-ж яно i НКВД, каб дбаць пра бясьпеку нашага грамадства. На ягоным абавязку - калi паўстане такая неабходнасьць - iзаляваць шкодны элемэнт ад рэшты грамадства. Iзаляваць часова, на пэўны час, або й назаўсёды, у залежнасьцi ад сацыяльных паводзiнаў гэтага элемэнту. Што тычыцца беларускiх пiсьменьнiкаў, дык не захаваю - у дачыненьнi да iх паўстала неабходнасьць прыняць захады ў кiрунку ачышчэньня iхных шэрагаў ад варожага, кантррэвалюцыйнага ахвосьця. Вось чым тлумачацца, дарагiя сябры, прабелы ў Хрэстаматыi i ў iншых дапаможнiках, пра якiя вы тут гаворыце. Але я магу запэўнiць вас - падручнiкi будуць. Над складаньнем iх нашыя навукоўцы ўжо працуюць i вы хутка падручнiкi атрымаеце. Ад вас патрабуецца толькi цярпеньне i зразуменьне справы. Да выхаду новых, перагледжаных падручнiкаў, у вас ёсьць у наяўнасьцi дастатковая колькасьць матэрыялаў па беларускай лiтаратуры i такiм парадкам у вас ёсьць поўная магчымасьць праводзiць нармальныя заняткi ў гэтай галiне. Як мне здаецца, вы занадта драматызуеце сытуацыю. Сярод вас, бачу, пануе нейкае незадаваленьне нашай палiтыкай у галiне беларускай мовы i лiтаратуры. Вам, бачу, незразумела, чым выклiкана гэтая палiтыка. Скажу адкрыта - яна выклiканая небясьпекай нацыяналiзму ў Беларусi. Беларускiя нацыяналiсты, пад выглядам беларусызацыi, ажыцьцяўлялi палiтыку адзьдзяленьня, сэпарацыi ад Саюзу, iшлi курсам поўнай незалежнасьцi Беларусi. Перасьледуючы такую мэту, беларускiя нацыяналiсты асаблiвы нацiск клалi на мову i лiтаратуру. Узьнiклi школьныя граматыкi розных лёсiкаў, Хрэстаматыi-чытанкi розных чаржынскiх, падручнiкi па гiсторыi лiтаратуры розных гарэцкiх i г.д. Падключалiся-ж сюды, канешне, i беларускiя паэты i пiсьменьнiкi. Вось якраз цяпер мы iх i адключаем. Прашу зразумець гэта.
Упаўнаважаны з выглядам задаволенасьцi сваiм выступленьнем сеў на сваё месца. Старшыня прэзыдыюму нешта перагаварыў з iм i, узьняўшыся над сталом, абвесьцiў перапынак на абед.
Але мне было не да абеду. Настрой мой папсаваўся. Чаго я прыехаў на гэтую канфэрэнцыю? Мне было-б лягчэй, каб я ня чуў усяго таго, што на ёй гаварылася. Упаўнаважаны наганяў страх. У ролi "культурнага" шэфа ўстановы, у якой ён служыць, ён паказаўся мне агiдным i небясьпечным.
– Ну чаго спахмурнеў? Давай прадстаўлю цябе нашаму райано, - падганяў мяне Вяркееў.
– Пайшлi!
Райано, сярэднiх гадоў чалавек, прывiтаўся са мною вельмi ветлiва, прыязна, як з сваiм даўнiм i добрым знаёмым, увесь твар яго свьяцiўся дабрынёй i гатовасьцяй аказаць мне любую паслугу.
Дамовiлiся разам пайсьцi на абед. Сталовая была ўжо перапоўненая наведвальнiкамi, пераважна настаўнiкамi з канфэрэнцыi. Селi за стол. Адна з афiцыянтак, заўважыўшы за нашым сталом райано, хутка падскочыла да нас, вiдаць, райано тут сталы госьць. Афiцыянтка, прыгожая, з надраенымi валасамi бляндынка, у добра скроеным па ёй убраньнi, запыталася, што-б мы хацелi заказаць.
Вяркееў, пераглянуўшыся з райано, папрасiў па сто грам на кожнага. Хутка прабегшы вачыма "меню", замовiў для нас траiх усё, што там было.
Мы ўжо выпiлi па сто, а закусваць яшчэ ня было чым. Гарэлка ўзяла мяне адразу, i я баяўся, што зраблю на райано дрэннае ўражаньне. Хоць нашто ён мне? Я ў яго ня буду працаваць. Чую як праз сон - Вяркееў хвалiць мяне на ўсе лады. Даходзiць да мяне, што ў нашым раёне шмат вакантных месцаў, у тым лiку - у самiх Касьцюковiчах. Райано нагвалт патрэбны настаўнiкi. Райано, перапынiўшы гутарку з Вяркеевым, пачаў знаёмiцца са мною, зьвяртацца да мяне з рознымi пытаньнямi.
Перарваў нашую гутарку ўпаўнаважаны. Вынырнуўшы адкульсьцi з настаўнiцкага тлуму, ён парукаўся з кожным з нас - у тым лiку i са мной - i сеў за нашым сталом памiж райано i мною.
– Таварыш райано, ты сёньня ня выступаў. Цi яшчэ выступiш?
– нi то сур'ёзна, нi то жартам спытаўся ўпаўнаважаны.
– Пабачу.
– Хацеў-бы я "пабачыць".
– Вот ты перашкаджаеш. Бяру во маладога чалавека. Да зарэзу патрэбны людзi. Пазнаёмся!
– Я ўжо меў гонар пазнаёмiцца. Бярэш, кажаш? Таварыш-жа (упаўнаважаны зiрнуў на мяне), здаецца, зьбiраецца канчаць навуку, а не настаўнiчаць.
– Гэта-ж не твая справа, а "таварыша".
– Чаму ты так думаеш, што не мая? А можа й мая. Дарэчы, як ты, райано, ацэньваеш выступленьне Трахiмчыка?
Райано нешта хацеў адказаць, але якраз у гэты момант зьявiлася афiцыянтка з падносам i хутка пачала згружаць на стол усё, што прадугледжана меню, уключна з дэсэртам - кампотам у кубачках. Вяркееў тут-жа папрасiў афiцыянтку "прытарабанiць" меню i для "таварыша" (нашага ўпаўнаважанага). "На аднэй назе, - загадаў ён ёй, - i - графiнчык са стаканчыкамi". Сапраўды, усё гэта хутка было ўжо на стале i Вяркееў скамандваў - "як належыцца, прыкласьцiся". Не хацеў "прыкладвацца" толькi я, i райано адразу-ж з дакорам:
– Ну дык гэта што-ж, браток, я, можна сказаць, узяў ужо цябе на работу, а ты ня хочаш да нас прыхiнуцца. Шмат ня можаш - разумею, але яшчэ па аднэй мусiш.
Я паддаўся, i мы выпiлi "па аднэй". Пачалi есьцi. Упаўнаважаны атрымаў сваё "меню" таксама. Еў сьпяшаючыся, i скончыў раней за ўсiх.
– Дык ты, райано, не адказаў яшчэ на маё пытанне.
– А я ўжо й забыўся, на якое.
– Ды пра выступленьне Трахiмчыка. Нешта ён ня ў той бок глядзiць.
– А ты куды хочаш каб ён глядзеў?
– Я бяз жартаў, райано - ты мусiў-бы зарэагаваць. Трахiмчык пасутнасьцi гне кантррэвалюцыю. Ты ня бачыш гэтага? Як ты мог дапусьцiць такога чалавека да трыбуны?
– Ён найбольш кампэтэнтны ў лiтаратуры. Ты, канешне, - самы кампэтэнтны i ты пабiў яго. Чаго ты хочаш яшчэ ад яго? Ён нiчога дрэннага ня меў на ўвазе. Зрэшты, я выступлю па абедзе i ўсё выраўную. Ня турбуйся!
Райано перайшоў да мяне:
– Я даю вам (ён пачаў зьвяртацца да мяне на "вы") месца ў самiх Касьцюковiчах, у дзесяцiгодцы - выкладаць беларускую мову i лiтаратуру. Згода?
Я ня ведаю, што яму адказаць. Упаўнаважаны насьцярожыўся - слухае.
– Найлепшая ў раёне дзесяцiгодка. Настаўнiцкi калектыў iдэальны. Папрацуеце год, пабачыце: спадабаецца - застанецеся, не - паедзеце ў свой Мiнск.
– Райано, ня Мiнск, а Менск. Беларускiя нацыяналiсты, "нацдэмы", ня любяць "Мiнску".
– Дык ён-жа не нацдэм!
I ўжо да мяне:
– Ну дык i як? Заўтра i аформлю. Выпiшу прызначэньне.
– Райано, не сьпяшайся гэтак!
– уставiў сваё ўпаўнаважаны.
У душы я кляну сябе, што не магу разгаварыцца з райано, не магу даць яму канкрэтнага адказу. Мяне прыгнятае прысутнасьць упаўнаважанага. Я хацеў-бы прыняць прапанову райано, такую спакусьлiвую. Прапанова райано ўзвышае мяне, я вырастаю ў сваiх собскiх вачох, я ўяўляю нават, як быў-бы задаволены мой бацька маёй пасадай выкладчыка ў раённай дзесяцiгодцы, як зайздросьцiлi-б мне ў Мокрым. Але я не люблю Касьцюковiчаў. Я ня ведаю iх. Мне яны чужыя. Мне трэба ехаць у Менск - гэта мая наканаванасьць. Я не магу ня ехаць туды. Я мушу спраўдзiць сябе, ня важна як - мне важна дайсьцi да свайго канца, спраўдзiцца. I таму я не магу нiчога сказаць райано. Ён глядзiць на мяне сваiмi добрымi вачыма i магчыма - дапушчаю - разумее, чаму я маўчу. А калi не разумее? Тады я трачу сябе ў ягоных вачох. Ён можа падумаць - хутчэй за ўсё - што я проста ня сур'ёзны чалавек, ня варты ягонай увагi. Не паверыць i Вяркееву: "перахвалiў, я нiчога ня бачу ў iм".
Вяркееў, бачу, незадаволены мной: дзе падзелася мая вынаходлiвасьць, спантаннасьць, мой досьцiп, нарэшце, мая культура, эрудыцыя?
I Вяркееў ратуе сытуацыю:
– Райано, мы заўтра зойдзем да цябе ў канцылярыю. Добра?
– Чакаю. Чакаю. Абавязкова.
Вяркееў заплацiў за ўсiх нас, i мы вылезьлi з-за стала, ладна захмялеўшыя. Упаўнаважаны, разьвiтваючыся, сказаў райано, што ён прыйдзе на ягонае выступленьне. Падаў руку Вяркееву, у мой бок толькi кiўнуў галавой, кiдка зiрнуўшы мне пад ногi.