Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Таму ён смела палез падрапанай лапай у хлебны кошычак, палажыў кавалак на сваю талерку i лыжкаю пацягнуўся да бацькавай талеркi, адчуваючы ў сэрцы пачуццё, блiзкае да адчаю.

– Еш, еш, сыне, – спакойна адказаў пан Юры. – Мацуйся. Давай мы i табе на талерку пакладзем.

Але маленькi зацкаваны мужычок ужо нёс да рота самы вялiкi кавалак. Яму было нязручна, i таму ён успёрся левай далонькай на край стала, а калi ўспёрся – з-пад гэтай далонькi ўпаў на падлогу падрыхтаваны кавалак хлеба.

Дзiця начало навольна спаўзаць з крэсла над стол. Спаўзло. Знiкла. А потым з-пад стала з’явiлася сур’ёзная галава.

Сурова, з адчуваннем важнасцi моманту, малады князь пацалаваў паднятую з падлогi скiбу i сур’ёзна сказаў:

– Даруй, божухна.

I ўжо зусiм па-гаспадарску хлопец сказаў наступныя словы:

– Пакладзiце гэта, калi ласачка, каню.

Пан Адам пакутлiва пачырванеў. Няёмкасць трывала доўга. Потым бацька, увесь час аглядаючыся на мацi, пачаў тлумачыць сыну, што так нядобра, што так не робяць, i выгляд яго, вiдаць, быў горшы, чым у Алеся, бо мацi раптам засмяялася – ласкавым сумным званочкам.

Лёд растаў. Перастала быць няёмка Алесю. Усе засмяялiся. Ды толькi смех яшчэ гучаў не вельмi весела.

– Что же вы, например, ели сегодня на завтрак, мой маленький? – спытала панi Антанiда.

– Сёння... на заўтра? – неўразумела перапытаў Алесь.

– Антонида, – сказаў пан Юры. – Если можешь, говори по-мужицки.

– Што ты еў сёння на... сняданне? – спытала мацi.

– Крышаныя буракi, – басам адказала медзведзяня. – I курыцу елi... Зарэзалi з такой прычыны старога пеўня... Марыля сказала: “Усё адно ўжо, дык няхай хаця панiч-сынок памятае”.

Мацi ўсмiхалася, яе забаўлялi “крышаныя буракi”.

– Жорж, – сказала яна, – няўжо стары певень для iх – свята? I як мог жыць маленькi? Нашто такая жорсткасць з боку старога Вежы?

Шакаладна-матавы твар бацькi спахмурнеў.

– Я вiнен перад табою, Антанiда. Бацька даў толькi лёгкi намёк на тое, што Алеся пажадана аддаць на “дзядзькаванне”. Астатняе дадумаў i вырашыў я. Кагуты – лепшыя гаспадары. Майстры. Сумленныя, здаровыя людзi.

Яго моцныя рукi сцiснулi край абруса:

– Бачыш, ты i ўсе лiчылi мяне легкадумным. Я не хацеў, каб сын пайшоў у мяне. Я хацеў, каб ён быў моцны, увесь ад гэтай зямлi. Няхай сабе яго не кармiлi каплунамі. Ты паглядзi на большасць яго аднагодкаў: спешчаныя, саслабелыя. Заўсёды добра рабiць, як рабiлi дзяды. Яны былi не зусiм дурнi. Я хацеў, каб з яго вырас сапраўдны пан, мацнейшы за хлопаў не толькi розумам, а i целам.

Памаўчаў. Потым сказаў:

– Сын графа Хаданскага, даражэнькага суседа, едзе дарогаю мiж iльноў i кажа ўсур’ёз, што мужычкi будуць з хлебам. Якi з яго будзе гаспадар? Якой павагi яму чакаць ад прыгонных? А гэты будзе iншы... Некалькi год сярод жытнiкаў, простая здаровая ежа, шмат паветра, фiзiчныя практыкаваннi, размеранае жыццё. А лоск мы яму вернем за год.

Хiтравата ўсмiхнуўся у вусы:

– Пад’еў, сынок? На вось табе. Гэта цукраваная садавiна. Гэта называюць цукатамi. Можаш узяць да iх фiлiжаначку кавы.

Густы карычневы струмень пабег у маленькую – з напарстак – фiлiжанку. Мацi з цiкавасцю, нават трошкi грэблiвай, сачыла за тым, як сын бярэ загарэлай лапкай цукат, насцярожана кладзе ў рот.

Тое, што першае трапiла на язык, спадабалася Алесю: цукар, якi часам прывозiлi дзецям i ў Азярышча. Але далей зубы ўлезлi ў нешта вязкае, – груша i не груша, – нечаканае i таму гiдкае.

Ён выплюнуў пад стол.

Нясмачныя твае... марцыпаны.

Бацькаў твар спахмурнеў, бо на матчыных вачах выступiлi слёзы.

– Ты не маеш рацыi, Антанiда, – сказаў ён. – Я шчаслiвы за хлопца. У яго сяброў страўнiк ужо цяпер назаўсёды сапсуты ласункамi. А гэты будзе, калi спатрэбiцца, варыць жалеза. Быстраногi, спрытны, здаровы. Трэба ж камусьцi цягнуць па зямлi род наступнае тысячагоддзе.

I ён, прыцягнуўшы жонку да сябе, пацалаваў яе ў скронь.

– Аh, Gеоrgеs, – сказала яна, – часам ты такi, што я пачынаю вельмi, вельмi любiць цябе. Бацька ўстаў:

– Пойдзем, сыне. Буду табе ўсё паказваць. А вы заставайцеся тут, пан Адам. Сёння дакладаў не будзе нi ў вас, нi ў галоўнага аканома. Пасядзiце тут з жонкай, папiце кавы... Дарэчы, пенсiю атрымаеце праз тыдзень, за ўсе тры месяцы.

– Што вы, князь, – пачырванеў Выбiцкi. – I так бардзо задоволёны. Што мне трэба, я адзiн.

– Ну то i добра... Пойдзем, Алесь... Што спачатку, сады або дом?

З Алеся было ўжо досыць дома. Трэба было хаця на кароткi час ратавацца. I таму ён сказаў:

– Сады.

Яны спусцiлiся з тэрасы на круг гонару i заглыбiлiся ў адну з радыяльных алей. Толькi тут Алесь адчуў сябе лепей, бо ўсё вакол было знаёмае: дрэвы, трава ля iхнiх каранёў, жвiр пад нагамi.

Некаторы час iшлi моўчкi. Потым бацька, неяк нават вiнавата, сказаў:

– Ты любi яе, Алесь... Любi, як я... Яна мацi табе... Ты не глядзi, што яна строгая... Яна, брат, добрая.

I яго праставаты прыгожы твар быў такi незвычайны, што Алесь апусцiў вочы:

– Буду яе любiць... Што ж, калi ўжо так атрымалася.

Бацька павесялеў.

– Ну вось, вось i добра... Ты не думай. Вось прыйдзе дзень пастрыжэння ў юнакi. Да гэтага дня будуць цябе, брат, шлiфаваць... з пяском, каб не пляваўся... марцыпанамi. А потым, калi толькi захочаш, будзеш ездзiць i да Кагутоў, i ў суседнiя дамы. Я цябе абмяжоўваць не хачу, не буду. Расцi, як трава, як бог загадаў. Гэта лепш... Каня табе падару – дык да Азярышча зусiм блiзка будзе, нейкiх дзесяць вёрст. I помнi: ты тут гаспадар, як я. Загадвай. Прывучайся. Я думаю, будзем сябрамi... А за Кагутоў не бойся, будзе iм добра.

– Я i цябе буду любiць... бацька.

– Ну вось i добра, брат. Хадзем.

Алея вывела iх праз парк i пладовы сад да доўгiх шэрых будынкаў пад чарапiцай. Будынкi абкружаў глыбокi роў, зарослы лопухамі i гускай. Пад iх узнятымi парасончыкамi бруiлася вада. Пад’ёмны масток ляжаў над ровам.

– Тут псярня i стайнi, – сказаў бацька.

На манежнай пляцоўцы ганялi на кордзе коней. Англiчанiн-жакей, даўгазубы i спакойны, як статуя, стаяў на ўзбочыне, паляскваючы лёсачкай па лакавым чобаце. Непарушна прытаiўся з бацькам за руку.

Поделиться с друзьями: