ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Гувернёр стаяў перад сакратэрам у позе Гракха на форуме: рука выцягнута дагары далонню, вялікі палец адстаўлен убок. Твар ганарысты. Брушка наперад. Гэта ён граміў бязбожных рымлян, што задалі такой шкоды нямецкай айчыне:

Eben darum st"ur-rzte sich German Cher"usc einem L"owen gleich auf den gr-r"aulichen Varus, den F"uhrer der ver-rf"uhr-rten Romanier. Und Teutoburger Wald wurde zum Fel-lde der deutschen Ruhmheit [19] .

“Як гэта лес мог стаць полем, думала няшчаснае дзіця, высеклі яго немцы, ці што? Магчыма, і так. Ад іх усяго можна чакаць. Немцы”.

19

Таму Герман Херуск, льву падобна, р-рынуў на аг-гіднага Вара, правадыра р-разбэшчаных рымлян. І Таўтабургскі лес стаў пол-лем нямецкай славы (ням.).

...Біў гонг, абвяшчаючы канец заняткаў. Вочы Фельдбаўха, якія толькі што кідалі бліскавіцы, зноў рабіліся блакітнымі і добрымі.

Пасля заняткаў на хлопца наводзілі вонкавы лоск. Гадзіна танцаў (акампаніраваў на лялечнай скрыпцы monsieur Jannot), якая была для малога пакутай, а пасля гадзіна верхавой язды ў манежы.

Падчас танцаў француз прывіваў дзіцяці вытанчаныя манеры, якія потым паспяхова разбураў грубаваты, як кожны аматар коней, містэр Крэбс.

Шэнкелямі не цісні, шэнкелямі, кажу, не цісні. Не нервуй каня, сто тысяч д’яблаў і зарад карцечы табе ў задніцу... Як п'aдаеш? Як п'a-да-еш?! А яшчэ лорд! Лорд нават з каня падае прыгожа!

Непарушны англічанін да непазнавальнасці змяняўся, калі даходзіла да коней.

Аз-зіяты! Хіба вам па-еўрапейску ездзіць?! Іначай вам ездзіць, вар-ва-ры. Ах-люп-кай, з цяжкасцю вымаўляў ён чужое слова.

А потым шкоду, нанесеную англічанінам, зноў лячыў француз, і на заднім двары яшчэ гадзіну чуўся звон шпаг і буркатлівыя выгукі:

Тэрца... Квінта... Не так... О месье, не так... Зноў у пазіцыю... Як вы стаіцё, месье? Вы трымаеце шпагу, як начны гаршчок, пардон... Раз-два... О-ла-ла!.. У вас нечакана атрымаўся цудоўны ўдар... Ларошфуко не мог бы зрабіць лепшага... Брава, месье, я забіты!.. Вы забіты... Майце ласку заўтра рабіць гэта лепей.

Бадай, адно жалезнае, цалкам мужыцкае здароўе дазволіла Алесю вытрымаць усе гэтыя выпрабаванні. Ён схуднеў, на нагах і грудзях выявіліся зусім не дзіцячыя мускулы, позірк стаў пільны і насцярожаны. Але затое ў руках усё часцей прарывалася новая, лёгкая і пластычная зграбнасць.

Можа, таму, што ён і раней добра біўся на палках – асабліва вялікімі былі поспехі ў фехтаванні. Ды і Крэбс, калі хлопец не чуў яго, усё часцей казаў:

Будзе. Будзе наезнік.

Пасля купання аж да вечера быў вольны час. Але “вольны” было толькі словам. Абед быў не абед, бо ўвесь час даводзілася памятаць, які нож для чаго. Лёгка было толькі есці курыцу, бо гэта елі, як і ў Азярышчы, рукамі. Часцей за ўсё ён уставаў з-за стала галодны, і Халімон Кірдун, каб не звялося дзіця, цішком прыносіў яму ў пакой пад’есці. Са скрухай глядзеў на Алеся, уздыхаў па-бабску:

За што ж табе, гаротны, пакуты? Божа літасцівы, забіваюць дзіця. Жыўцом ядуць.

Толькі часам, вельмі рэдка, можна было ўцячы ў дворню ці ў асобны дамок, дзе жыў даязджачы Карп са сваёй жонкай Анежкай, і там адпачыць душой. Дзяцей у Карпа не было, і таму Анежка шкадавала паніча, частавала звыклым: арэхамі, праглымі на сланечкавым алеі.

Русая і сінявокая, такая распаўнелая і добрая, Анежка глядзела на Алеся і ціхутка падгалошвала:

Еш, бедненькі, еш, зблажэлы ты мой. І нашто, каму гэта патрэбна, пакутніца ты мая Дарота? Па шкле цябе вадзілі, бедную, а яго па пакутах...

Гэтае падгалошванне было такое чуллівае, што з вачэй Алеся, ад шкадобы да сябе, самі сабой пачыналі падаць рэдкія і буйныя, як боб, слёзы.

Але і наплакацца ўдосталь не давалі. Толькі аджыў, як ужо шукаюць.

...Бацька вядзе па галерэі продкаў.

Даніла Загорскі!.. Пэндзля невядомага мастака... Даніла ўзначальваў смяротны атрад пры Крутагор’і. Загінуў разам з усімі воінамі...

Ян Загорскі... Пэндзаль Сальватора Розы... Бадай, адзіны, які перайшоў у каталіцтва. Пасля страты зяця зноў удаўся ў схізму, быў пракляты папскім нунцыем і загінуў пры таямнічых абставінах...

Багдан Загорскі. Пісаў крукамі царкоўныя гімны...

Бадай, адзіным шчасцем Алеся было тое, што для бацькі гісторыя рода і геральдыка былі яшчэ больш нудныя, чым для яго. Таму ён і не мог перадаць сыну захаплення гэтымі небяспечнымі рэчамі.

Затое бацька зусім змяняўся, заходзячы ў круглую карцінную залу. Тут ён мог гаварыць і гаварыць. Блага ці добра, але ён даваў сыну частку таго запалу, якім гарэла яго душа.

І ўсё ж найбольш цягнуў да сябе Алеся той самы “Хлопец з канём” Мантэньі. Было ў гэтай карціне нешта наіўна-прывабнае і мудрае.

І не ў тым справа, што хлопец быў – выліты. Ён, хаця і ў чужым заморскім касцюме, а конь – сапраўдны Урга, той самы Урга, які палюбіў яго, Алеся, больш за іншых, бо хлопец не абразіў яго нават празмерным недаверам на бар’еры, нават ганьбай шэнкеляў, калі конь разумее без іх, як яму трэба рабіць.

Не ў гэтым была справа.

Справа была ў тым, што праз лісце густа-зялёнай яблыні з залатымі пладамі глядзеў такі далягляд, якога не бывае на зямлі, далягляд невядомай блакітнай краіны, у якую спакойна і ўпэўнена крочылі чалавек і белы конь.

...У адзінаццаць яго клалі ў ложак. За акном, сярод лістоты, дрыжаў і гайдаўся масляны ліхтар, шапацелі лісты італьянскай таполі і далятаў з Дняпра неўразумелы начны крык шэрай чаплі.

Алесь засынаў, здаволены сабой.

А ўначы прыходзілі забароненыя, брыдкія мужыцкія сны. Ён сніў адрыну і гнёзды ластавак над галавой. Ён зноў бачыў росныя пракосы і самога сябе з біклагай на плячы... Яму бачыліся вочы каровы, яе стомленыя сытыя ўздыхі ў цемры хлява і цурчанне малака ў пенную дайніцу...

VI

Скончыўся месяц траў, адквітнеў за ім месяц кветак.

Аднесла ветрам арэхавы пылок, згінула да наступных надзей і новай вясны вампір-трава, адышлі пярэста-зялёныя “капыцікі марыінай асліхі” падалешніцы. Прыйшоў пчаліны, касазвонны месяц цвету ліп.

Усё мянялася. Нішто не мянялася толькі ў Загоршчыне.

І вось аднойчы, прачнуўшыся пазней звычайнага ад прыглушанага звону гадзінніка, Алесь адчуў, што нешта не так. Не ўвайшоў Фельдбаўх, не з’явілася ў дзвярах хмурнаватае аблічча добрага Кірдуна.

І хлопец на нейкую хвіліну адчуў сябе самотным і пакінутым на волю лёсу. Толькі на адну хвіліну, бо ў наступны момант ён успомніў, што прыйшоў той дзень і з ім, магчыма, нейкая воля, магчымасць быць хоць трошкі гаспадаром самому сабе.

На гэта намякала адзенне, вольна раскладзенае на спінцы крэслаў, і тое, што дзверы ў ванны пакой былі адчынены, рабі сам, што хочаш. З асалодаю ўспомніўшы гэта, ён пацягнуўся і раптам, быццам кім падкінуты, сеў на ложку.

За акном пачуўся гулкі гук. Аднекуль з-за дома, з берага паркавага стаўка, ударыла гармата. Потым другі раз... трэці... восьмы... адзінаццаты.

Поделиться с друзьями: