ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Дзверы расчыніліся рэзка, як быццам таксама ад удару гарматы. На парозе стаяў пан Юры, белазубы, загарэлы. Махровы персідскі халат расхінуўся на грудзях. Ад усёй постаці, ад хвалістых густых вусоў, ад сініх смяшлівых вачэй так і веяла здароўем.

Паставіць на ногі лайдака-князя, грозна рыкнуў бацька. – Лайдак-князь спіць і не ведае, што яго чакаюць вялікія справы.

Алесь не паспеў спахапіцца, як дужая мужчынская рука рванула коўдру і бліскавічна, асабліва гучна ляснула па мяккім месцы.

Stehe auf, грымныў бацька, на хвіліну так удала ўдаючы Фельдбаўха, што аж страшна стала. Eine ausserordentlich perfekte F"urterhalbw"uchsigerverrichtung ist keine Bettharrung auf’ne Vonsichselbstvollziehung, n"uch? [19]

І сцягнуў сына за нагу з ложка.

Мыцца, мыцца разам.

У ванным пакоі, ля глыбокага басейна, бацька скінуў халат і пантофлі, і толькі тут старонні заўважыў бы, як яны падобны, пан Юры і Алесь. Хлапечыя, але моцныя формы сына абяцалі з часам зрабіцца падобнымі на гладкія і магутныя формы бацькі.

19

Таму Герман Херуск, льву падобна, р-рынуў на аг-гіднага Вара, правадыра р-разбэшчаных рымлян. І Таўтабургскі лес стаў пол-лем нямецкай славы (ням.).

Бацька нечакана злавіў яго і, прыўзняўшы, так спрытна кінуў галавою ў басейн, што Алесь колам перавярнуўся ў вадзе.

Адмірал, чалавек за бартом! – крыкнуў бацька, затым услед пляснуўся у блакітную ваду і схапіў сына за пятку. – Купанне Ахіла пачынаецца. У ролі маткі героя князь Юры Загорскі.

...Пасля купання яны апрануліся ў суседнім пакоі, і гэта было вельмі падобна на маскарад, бо абодва апранулі ўзверх батыставых сарочак з карункавай грудзінай і вузкіх нагавіц да калень яшчэ і шырокае мясцовае адзенне, што чакала дзесяцігоддзямі падобных выпадкаў, лежачы ў скрынях паміж лісцяў дарагога турэцкага тытуню.

Бацька ўсклаў на сябе суконны паднізень вішнёвага колеру, а паўзверх яго чырвоную, тканую золатам чугу, крэкчучы нацягнуў малінавыя боты і чырвоныя замшавыя пальчаткі. Потым сын памог яму абкруціць вакол таліі залататканы слуцкі пояс. Бацька прыціснуў канец пояса далонню на жываце і павольна круціўся, сочачы, каб пояс лёг гожымі складкамі.

Цяпер прыйшла чарга Алеся. Ён таксама нацягнуў боты, толькі белыя. Пасля замест паднізня бацька накінуў на яго шырокую белую кашулю з адным плячом, на другім яе закалолі сярэбранай фібулай. Паўзверх кашулі пан Юры, па-мужску няспрытна, апрануў сына ў вузкую белую чугу, такую самую, як і ў самога, толькі тканую серабрыстымі і блякла-залацістымі травамі.

Велікародныя гаспадары Загорскія, князі Сухадола і Вежы збіраюцца на вайну.

Куды на вайну?

Вядома куды. На аршанскае поле.

Каго біць?

Там скажуць!

А за што?

А так, сказаў бацька. – Без дай прычыны. Каралеўскі загад.

Святочныя, яны выйшлі на тэрасу, дзе іх чакала маці з маленькім Вацлавам, гувернёры і некалькі слуг на чале з Кірдуном. Маці і Вацлаў былі ў звычайных святочных адзеннях з белага індыйскага мусліну і карункаў, гер Фельдбаўх у сурдуце, месье Жано – у зграбным чорным фраку.

Затое слугі, падобна гаспадару з сынам, былі таксама ў старой паюцкай вопратцы.

Маці прывіталася з сынам і ўстала за мужчынамі. Усе пачалі спускацца з тэрасы. Алесь ішоў, апусціўшы вочы, калі раптам нешта неўсвядомленае прымусіла радасна задрыжаць яго веі.

Ён ускінуўся – перад ганкам стаялі ў святочных уборах Кагуты: Міхал, дзед Даніла, Андрэй, Кандрат, Павал, Юрась. Толькі Марылі не было ды старэйшага Стафана.

Кінуўся быў да іх – бацькава рука ўладна сціснула плячо.

Кагуты стаялі моўчкі. Ніхто з іх не глядзеў на пана Юрыя; толькі на Алеся глядзелі ўсе. І Алесь, адчуваючы амаль фізічны боль у сэрцы, ішоў да іх.

Толькі наблізіўшыся, ён ўбачыў, як моцна яны цяпер адрозніваюцца ад яго, які высахла-белы стары Даніла, якая ссутуленая, прыгнутая цяжарам зямлі, спіна ў Міхала, якія нязграбныя рухі ў сыноў, быццам спуджаных святочнай вопраткай і дзівоснымі абставінамі. Усе яны хавалі вочы. Толькі Паўлюк, здзіўлена і нават неяк адчужана, глядзеў на паніча.

Кірдун з аброццю на плячы зайшоў перад панамі і стаў твар у твар з Міхалам.

Ён працягнуў адзін канец аброці Міхалу, другі – пану Юрыю.

Дзе тая аброць, на якой ты вадзіў гэтага стрыгуна? – спытаў Халява.

Вось, паспешлівыя пальцы Міхала выцягнулі з-за спіны сырамятную цёмную аброць.

Кірдун узяў і працягнуў другі канец гэтай аброці пану Юрыю. Так яны і стаялі, злучаныя дзвюма аброцямі, мужык і пан...

Цяпер гаварыў Юры.

Ці абаранялі паніча твае сцены? – спытаў Загорскі.

Абаранялі. Як сыноў, так і яго.

Дай, сказаў пан.

Андрэй ступіў да паніча і выняў са скуранога вацка шчопаць сажы, тлустай сажы з хатняй сцяны.

Маж, сказаў бацька. – Каб помніў.

Калі Андрэй мазаў сажай пасму валасоў на Алесевай галаве, хлопец узняў на яго ўмольныя вочы. І толькі Андрэй, перахапіўшы позірк, непрыкметна для іншых усміхнуўся яму краёчкам вуснаў.

Вацок з астатняй сажай таксама схавалі ў ларэц.

Ці вадзіў ты яго па зямлі, куды мы ўсе пойдзем? – спытаў бацька.

Так, сказаў Міхал.

Тады атрымай трыццаць, бацька глянуў на Алеся і паправіўся, не, нават сорак восем дзесяцін... Той клін, што за Лугавым. Каб табе і дзецям тваім было па якой зямлі хадзіць... Гэта зямля вызваляецца ад пабору і давеку астанецца за тваёй сям’ёй.

Юрась, відаць, загадзя падрыхтаваны, стаў на калені, і Юры паклаў яму на рукі шчопаць падножнага.

Ці вучыў ты майго сына быць літасцівым да жывёл, як то належыць чалавеку?

Так.

Тады атрымай сем коней-двухгодак і дзве каровы для жанчын.

Веі ў Алеся былі вільготныя. Што б там ні было, а гэта яго, Алеся, прадавалі зараз, і ў гэтым было яго падабенства з другімі людзьмі ў белым.

Дом твой будзе моцны, сказаў пан Юры. – Пад кожную пяту твае хаты і хаты сыноў ты пакладзеш па дзесяць рублёў, бо выхоўваў у працы і поце майго сына. Шэсць сыноў – дзвесце сорак рублёў...

Поделиться с друзьями: