ЖАНРЫ

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Карп, – сказаў бацька, – старшы даязджачы. З гэтым, брат, трымай вуха востра. Сур-ровы.

Карп падышоў да iх i, не вiтаючыся, пачаў дакладаць звонкiм i трошкi сiпаватым, даязджачым голасам:

– Юнка адышла, пан Загорскi.

– Ведаю, – сказаў бацька, – старасць. А добрая была.

– Знайд, памятаеце, са своркі адбiўся. То схапiў, вiдаць, ад нейкай вясковай сучкi, скурапею. Мазалi празрысценькiм бярозавым дзёгцем i акурвалi. Празз два тыднi будзе як шкло... Сцiнай паздаравеў... I яшчэ Аза мела ласку прынесці шчанюкоў.

– Вось гэта добра. Хадзем, Карп.

Сабакарня ўнутры была паўцёмнай, з вузкiмi акенцамi. Каля паўсотнi сабак розных парод i масцей ляжалi i хадзiлi па загарадках. Тут былi выжлы, ганчакi, норныя, дацкiя п’яўкi для мядзведжага палявання. Брудастыя, шчыпцовыя, камякалапыя... Але хлопец яшчэ не мог адрознiваць iх, i таму асаблiва зацiкавiў яго стракаты ньюфаундленд, з добрае цяля ростам, i куток хартоў.

Харты былi ўсе белыя, з доўгiмi шчыпцамi [15] . Вялiзныя iхнiя вочы былi, як чорныя слiвы.

15

Шчыпец – пашча ў хартоў (паляўнiчы жаргон).

Бацька на хаду даваў парады, якiя Карп слухаў пачцiва, але з нейкай сваёй думкай.

– Пайшлi б вы ўжо, княжа, да Азы, – сказаў ён. – Хвалюецца.

Калiдорчыкам прайшлi ў парадзiльнiк. Тут, у плеценым кашы, ляжала на аўсянай саломе чорная з белым сука iспанскай пароды i махала куртатым хвастом. Ля яе саскоў павiсквалi цёплыя шчанюкi.

Убачыўшы гаспадара, Аза танютка брахнула. Вялiзныя, усе ў дробных завiтках, чорныя вушы раскрылiся.

– Бачыш, – сказаў Алесю пан Юры, – на качак i цецерукоў лепшага не бывае. А якая акуратная. Не сабака, а арыстакратка.

– Я вазьму аднаго шчанюка, – сказаў Алесь.

– Ну вось, – сказаў бацька, – цяпер маеш усё. А iмя ёй будзе – Алма.

Хадзiць давялося доўга. Аглядалi палi, не вельмi добрыя. Аглядалi бровар i – здалёк – багадзельню. Ля сцежкi, што вяла туды, выпадкова падслухалi размову дзвюх старых. Стаялi, абапiраючыся на кii.

– Ты куды iдзеш?

– Га?

– Куды iдзеш, кажу?

– А-а... У анвалiдны дом.

– Ну i як там?

– Нiшто-о.

– Кормяць хаця добра?

–До-обра. Цэбар крупнiку дадуць на тыдзень, акрамя сухога, то хочаш адразу з’еш, хочаш – раздзялi.

I гэта размова сапсула хлопцу ўсю радасць ад Ургi, Касюнькi i Алмы. Не ўзнiмаючы вачэй, ён глуха спытаў бацьку:

– Гэта праўда, што iм адразу даюць?

– А што iм, дрэнна?

– Але чаму адразу?

Селi адпачыць у парку, на лаўцы з неашкураных бярозак.

Бацька пакручваў хвалiсты бялявы вус, з усмешкай паглядаў на сына. Яго загарэлы твар здаваўся алiўкавым ад рухомага ценю дрэў.

– Добры ты, сыне. Я вось купiў у матчынага траюраднага брата, у Кроера, цукраварню. Прыйшоў – аж работнiкi ўсе ў масках, каб не елi цукру. Гэта Кроер прыдумаў.

– Ну i дурань, – сказаў сын. – Я i чуў, што гадзюка.

– Ды i не ў тым справа. Нельга дазволiць такога здзеку. Што яны, быдла, гэтыя людзi, цi што? Я зняў... Але ж нельга дагаджаць. Будзеш салодкi – згiнеш. Багацця аднаго чалавека на ўсiх не выстачыць. Ведаеш, колькi дваран на Магiлёўшчыне?

– Не.

– Патомных нешта каля дваццацi сямi тысяч, асабiстых – каля трох з паловай, але гэтыя не ў лiк. Дык вось, з гэтых дваццацi сямi тысяч маюць права голасу на выбарах у губернскi сход толькi пяцьсот восемдзесят два. А сялян у губернi восемдзесят сем тысяч пяцьсот шэсцьдзесят адна душа – па тры душы на аднаго дваранiна. Дробная шляхта – гэта бочка з порахам. Ненавiдзяць i нас, i сялян. А ў цябе з братам сем тысяч гаспадарскiх душ. Ты з часам дваццаццю дзевяццю тысячамі будзеш уладаць. Трэцяй часткай усiх душ губернi, не лiчачы тых, што за яе межамi. I калi будзеш даверлiва глядзець у драпежныя зяпы – жывога праглынуць.

– А нашто яна мне патрэбна, тая, трэцяя? – спытаў Алесь.

Бацька аслупянеў.

– Ну, хаця б для таго, каб быць добрым да большай колькасцi хрысцiян... Ты не Кроер, не Хаданскi, не Таркайла... Нашы людзi бога моляць, каб не трапiць ад нас да iх.

– Усё адно гэта нiкуды не варта. Хай добры ты. Хай добры буду я. А што, як памрэм? Яны ж тады сваякам пяройдуць, напэўна... тым. Куды ж такi парадак варты, калi чалавек не ведае, што з iм будзе заўтра? I людзi на вёсцы так гавораць i баяцца.

– З намi нiчога не зробiцца, – сказаў бацька. – Не тое перажывалi. Восемсот год за плячыма. I вера ў будучае. Я не баюся нi чумы, нi вайны, нi палiтычных забойстваў, нi руднiкоў. Хвала богу, усяго было. Горшага не будзе.

Памаўчаў, водзячы прутком па пяску.

– Справа ў тым, што ты належыш да самай дзiўнай суполкi на зямлi. У гэтага клана было славутае i грознае мiнулае, – але i тады ў яго не было iмя. У гэтага клана сучаснае, горш за якое цяжка знайсцi, i будучае, што губляецца ў тумане невядомага. Гэта грамада не мае свайго аблiчча – i пагражала калiсь ордэнскiм землям. У яе няма душы – i яна выклiкае магутны выбух сiл у кожнага суседа, што датыкнецца да яе. Тады яна дае такiя ўзлёты генiя, што ўсiх бярэ здзiўленне. Часам яна знiкае, як рака пад зямлёй, каб усплыцъ у зусiм нечаканым месцы, Штохвiлiнна гiне i адначасова жывучая, як нiхто. У цябе няма адзнак, i менавiта ў гэтым вялiкiя твае перавагi. Ты бязлiкi i ты мнагатвары, ты нiшто i ты ўсё. Ты кладоўка самых неверагодных магчымасцей. I ты ганарыся гэтым, ганарыся сваей магутнасцю, ганарыся тым, што ты – гэта ты.

Пан Юры паглядзеў на постаць сына i раптам спахапiўся:

– Ах, божа, ты ж яшчэ шмат чаго... Ды добра, добра... Я, цi разумееш, i гаварыць не магу. Не мая гэта справа, я чалавек просты. Вось паляваць ды сабачнiчаць – гэта ўжо iншае.

Зноў абмiнулi дом з серабрыстымi фантанамi iтальянскiх таполяў. Ад бакавога ўвахода ў яго цягнулася вузкая алейка. У канцы яе стаяў той круглы павiльён, што заўважыў Алесь, пад’язджаючы да Загоршчыны. Дах гэтага павiльёна перарываўся па кругу суцэльным шкляным акном, а вышэй шкла ўзносiўся зграбны круглы купал.

– Царква, цi што? – спытаў Алесь.

– Гэта карцiнны павiльён. Зрэшты, ты пакуль мала што яшчэ зразумееш. Я хачу табе паказаць толькi адну карцiну.

I ён адчынiў дзверы.

– Тут, брат, усё ёсць. Лепшая калекцыя толькi ў твайго дзеда... Вось глядзi.

Проста перад iмi вiсела на сцяне даволi вялiкая карцiна ў цяжкай, пацьмянелай ад часу залатой раме. На карцiне быў пейзаж, якiх не бывае – празрыста-блакiтны i няўлоўны.

– Мантэнья, – сказаў бацька, – славуты iтальянскi мастак.

Пейзаж праглядаўся праз галiны высокай яблынi з залацістымі пладамi. А пад дрэвамi iшоў кудысь малады чалавек i вёў за аброць белага каня. На чалавеку была круглая шапачка; доўгiя рукавы дзiвоснага ўбору адносiў вецер.

У чалавека былi цёмна-шэрыя вочы i прамы нос.

– Увесь дзень думаў, на каго ты падобен, – сказаў бацька. – I вось успомнiў. Ды гэта ж ты, гэта ты з белым канём. Гэта ты i Урга. Як дзве кроплi вады.

Ах, як не адступаў ад Алеся ўсе гэтыя днi белы конь! I ўсё гэта было як сон. I вось цяпер ён сам, сам Алесь, iшоў з белым канём у нейкую блакiтную далячынь.

Поделиться с друзьями: