Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Шрифт:
Кальчуга пералівалася ў руках бацькі.
– Бачыш, на грудзях і жываце ніводнага вольнага кольца…
Па каменных плітах падлогі пан Юры прагрукаў да адной пліты, у якой было кольца.
Пашча ямы адкрылася перад імі. Прыступкі вялі ўніз. Пан Юры першы спусціўся туды. Працягнуў Алесю руку.
Потым унізе пыхнула губа, а за ёю кнот тоўстай і высокай, у рост хлопца, чырвонай свячы ў нізкім свечніку.
Глыбокае і вузкае памяшканне было паточана на сценах нішамі, падобнымі да пячных чалеснікаў. Частка іх, не больш трэці, была закрыта – гэта былі месцы пахавання. Налой з евангеллем, свяча і нішы – больш нічога. Ды яшчэ на столі старая чырвоная фрэска: архангел з мячом у адной руцэ і царквою на далоні ў другой.
– Вось, – сказаў бацька. – Гэта ўсё яны. Гэта ніша Акіма Загорскага. А тут яшчэ дзве пустыя. Старога Вежы і мая…
Яму было цяжка гаварыць.
– У наступную… палажы гэта.
Ён выцягнуў з-за пояса жалезную скрыначку, тую самую, у якую клалі сёння сажу.
– Ідзі, – сказаў ён. – Праз сто год гэта пакладуць табе пад галаву.
Алесь падышоў да цёмнай нішы і засунуў у яе куфэрачак.
– А цяпер ідзі сюды.
Яны стаялі ля свечніка. Бацька апусціў руку на плячо сына.
Полымя свячы рабіла ягоны твар суровым, бадай велічным. Толькі гэта давала Алесю змогу не адчуваць гідоты і пратэсту супраць усяго, што тут рабілася, супраць самай думкі пра трэцюю нішу.
– Паўтарай за мной, хлопчык, – сказаў бацька.
– Добра, – шэптам сказаў Алесь.
– Я прыйшоў да вас, – шэптам сказаў бацька.
– Я прыйшоў да вас.
– У мяне няма нічога, акрамя вас.
– У мяне няма нічога акрамя вас, – ужо больш цвёрдым голасам паўтараў малады.
– У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.
– У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.
Бацька выпрастаўся, як ад нейкага натхнення.
– Я клянуся любіць вас.
– Я клянуся любіць вас.
– Я клянуся абараняць вашы магілы мячом і зубамі, нават калі мая магіла будзе далёка ад вас.
– Я клянуся… далёка ад вас.
– Бо я ўсё адно буду тут, з вамі. Ба мяне нельга аддзяліць ад вас.
– Бо я… з вамі… Бо мяне нельга аддзяліць ад вас.
– Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.
– Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.
– Аман.
– Аман.
VII
Лёгкі звон рынуў з вышыні званіцы на цвінтар, на людзей, што выходзілі з царквы, на навакольны парк. Званіца стаяла наўздалёк ад стройнай, са святла пабудаванай царквы, і ў вяроўках званоў біўся, як муха ў павуцінні, клышаногі званар Давід. Дзярбаніў і падцілінкваў так, што званіца як не бурылася.
А з царквы насустрач сонечнаму ліпеньскаму дню выходзілі людзі.
Алесь ішоў недзе пасярэдзіне працэсіі.
– На тваім пострыгу будзе хлопец, якому дадуць трымаць тваю пасму, – сказаў бацька. – Потым ты аддзячыш яму тым самым. Гэта азначае, што вы ўжо ніколі не будзеце ворагамі. Не маеце права.
– А калі і сябрамі не будзем?
Бацька легкадумна засмяяўся.
– Ніхто не прымушае. Але я думаю, вам будзе добра разам. Гэто ўжо маці і я пастараліся. Гэта сын майго лепшага друга, нябожчыка, – мяккая яму зямля, – Мсціслаў Маеўскі.
І вось цяпер Алесь ішоў і напружана чакаў, які ён будзе, гэты невядомы хлопец, з якім яны цяпер не маюць права быць ворагамі. Тое чаканне прымусіла яго быць няўважлівым да царквы і да набажэнства. Помніў толькі суровыя, нечалавеча вялікія вочы анёлаў, іхнія трошкі азызлыя твары і нясмелыя, уседаравальныя ўсмешкі. Помніў застылыя ўсплёскі іхніх крыл над яго галавой і незразумелыя па колеры, – ці ружовыя праз блакітнае, ці блакітныя праз ружовае, – складкі адзенняў. Помніў пералівістую, фіялетавую з золатам фелонь папа і тое, як падала ўніз ягоная епітрахіль – проста, бы драўляная.
Страшнае рыканне дыякана калыхала агеньчыкі свечак, прымушала часам дробна звінець шыбы. Страшнае, бы ў льва з пячоры, рыканне.
Усё гэта было як сон. Ён ведаў, што фрэскі іхняй старажытнай царквы былі дзівам, аб якім казалі ўсе альбомы, нават выдадзеныя ў Парыжы, што іхні пратаіерэй майстра і за гэта ўзнагароджаны камілаўкай, набедранікам і залатым наперсным крыжам, што загоршчынскага дыякана даўно збіраліся за яго дзівосны бас перавесці ў Магілёў і зрабіць іпадыяканам, каб прыслужваў толькі архірэю, ды пабаяліся псаваць адносіны са старым Загорскім. І ўсё гэта было як дурман, і ён бадай што ўзрадаваўся, калі набажэнства скончылася.
Ішоў з прыступак, скоса паглядаючы на новую асобу, якая звалася “пастрыжным бацькам”. Пастрыжны ішоў з боку ад яго, ладны, чырвоны тварам, сівы грывай валасоў і кароткімі вусамі. На чырвоным загарэлым твары дзівоснымі здаваліся наіўна-сінія дзіцячыя вочы.
Гэта быў далёкі дзядзька Алеся, Пятро Басак-Яроцкі, гаспадар невялікага маёнтка, былы каўказскі афіцэр. На поясе ў Басака віселі срэбныя нажніцы.
І вось наперадзе Алесь убачыў кілім, а ля кіліма купку людзей. У баку ад іх стаяў хлопчык, якому было, напэўна, страшнавата ад урачыстасці цырымоніі. Белавалосы, з залацістымі вачыма – бы напоены сонцам мёд, – відаць, трошкі слабейшы за Алеся, больш хударлявы, ён стаяў на кіліме, трымаючы ў руках медальён на доўгім залатым ланцужку. Дзівосныя сонечныя вочы глядзелі трошкі ўгору.
Алесь не ведаў, куды яму ісці, і таму ледзь не зрабіў памылкі, накіраваўшыся да купкі людзей.
Басак-Яроцкі паклаў руку яму на плячо.
– Правей фронт, пляменнічак, – ледзь чутна сказаў ён.
Цяпер Алесь ішоў проста на хлопца. І ледзь ногі яго ступілі на пушысты вялікі кілім – са званіцы зноў грымнулі, радасна заліліся званы.
Хлопцавы вочы ласкава глядзелі на Алеся.
– Глядзець весялей, – шапянуў пастрыжны. – Падайце адзін аднаму рукі.
Алесь адчуў у сваёй руцэ руку Мсціслава.
У той жа самы момант усе астатнія, акрамя гэтых трох на кіліме, нават бацька, апусціліся на адно калена.
– Княжацкі сын Аляксандр Загорскі, сын Георгія, унук Данііла, праўнік Акіма і прапраўнік Пятра, схілі апошні раз сваю галаву.
Гэта абвясціў Басак-Яроцкі сваім хрыплаватым басам.
Алесь схіліў галаву.
– Отрак Аляксандр, – сказаў пастрыжны, – ты пастрыгаешся днесь у падлеткі, як гэта загадваюць звычаі гэтай зямлі. Бачыш ты свайго пастрыжнога брата? Абдыміцеся першымі мужчынскімі абдымкамі.