Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:

– Прадаю тавары харошыя! Прадаю!

Глянула Снягурачка ў акенца i кажа:

– Добры дзень, галубка! Ты што прадаеш?

– Харошыя тавары, цудоўныя тавары, - адказала тая, - шнуркi рознакаляровыя, - i выняла ёй адзiн з iх паказаць, i быў ён сплецены з пярэстага шоўку.

"Гэту шаноўную жанчыну можна, бадай, i ў дом пусцiць", - падумала Снягурачка. Яна адкiнула дзвярную засаўку i купiла сабе прыгожыя шнуркi.

– О, як яны табе iдуць, дзяўчынка, - мовiла старая, - дай жа я зашнурую табе лiф як трэба.

Снягурачка, не прадчуваючы нiчога кепскага, стала перад ёю i дала зацягнуць на сабе новыя шнуркi. I пачала старая шнураваць, ды так хутка i так туга, што Снягурачка задыхнулася i ўпала як мёртвая долу.

– Гэта за тое, што ты самай прыгожай была, - сказала каралева i хутка знiкла.

А неўзабаве, надвячоркам, вярнулiся сем карлiкаў дахаты, i як яны спалохалiся, калi ўбачылi, што iх любая Снягурачка ляжыць на падлозе - не варухнецца, не кранецца, нiбы мёртвая! Яны паднялi яе i ўбачылi, што яна моцна-моцна зашнуравана; тады разрэзалi яны шнуркi, i пачала яна пакрысе дыхаць i паступова апрытомнела.

Калi карлiкi пачулi аб тым, як усё гэта здарылася, яны сказалi:

– Старая гандлярка была на самой справе злою каралевай. Сцеражыся, не ўпускай да сябе нiкога, калi нас няма дома.

А лiхая жанчына вярнулася тым часам дамоў, падышла да люстэрка i спытала:

– Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

Адказала ёй люстэрка, як раней:

– Вы, каралева, прыгожы сабой,

Ды Снягурачка там, за гарамi,

У карлаў сямёх мiж барамi

Сваёй вас заслонiць красой.

Калi яна пачула такi адказ, уся кроў прылiла ў яе да сэрца, так яна спалохалася, - яна зразумела, што Снягурачка ажыла зноўку.

– Ну, ужо цяпер, - сказала яна, - я прыдумаю такое, што загубiць цябе напэўна, - i, ведаючы рознае вядзьмарства, яна падрыхтавала атрутны грэбень. Пасля пераапранулася яна i прыкiнулася iншай бабуляй. I выправiлася за сем гор да сямi карлiкаў, - пагрукалася ў дзверы i кажа:

– Прадаю тавары харошыя! Прадаю!

Снягурачка выглянула ў акенца i кажа:

– Праходзь сабе далей, у дом пускаць нiкога не дазволена!

– Але ж паглядзець, бадай, можна, - мовiла старая, выняла атрутны грэбень i, падняўшы яго ўгару, паказала Снягурачцы.

Ён так спадабаўся дзяўчынцы, што яна дала сябе падмануць i адчынiла дзверы. Яны сышлiся ў цане, i бабуля сказала:

– Ну, а зараз дай жа я цябе як трэба прычашу.

Бедная Снягурачка, нiчога не падазраючы, дала старой сябе прычасаць; але толькi тая дакранулася грабянцом да яе валасоў, як яд пачаў зараз жа дзейнiчаць, i дзяўчынка ўпала ў беспрытомнасцi долу.

– Ты, маляваная красуня, - сказала лiхая жанчына, - ужо ж цяпер настаў табе канец!
– I, сказаўшы гэта, яна пайшла.

Аднак, на шчасце, справа была пад вечар, i сямёра карлiкаў неўзабаве вярнулiся дамоў. Яны заўважылi, што Снягурачка ляжыць на падлозе мёртвая, i адразу западозрылi ў гэтым мачыху, пачалi шукаць, у чым прычына, i знайшлi атрутны грэбень, i як толькi яны яго выцягнулi, Снягурачка зноў апрытомнела i распавяла iм аб усiм, што здарылася. Тады карлiкi яшчэ раз папярэдзiлi яе, каб яна была асцярожнай i дзверы нiкому не адчыняла.

А каралева вярнулася дадому, села перад люстэркам i кажа:

– Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

I адказала люстэрка, як раней:

– Вы, каралева, прыгожы сабой,

Ды Снягурачка там, за гарамi,

У карлаў сямёх мiж барамi

Сваёй вас заслонiць красой!

Пачуўшы, што мовiць люстэрка, яна ўся задрыжала, затрымцела ад гневу.

– Снягурачка павiнна загiнуць, - крыкнула яна, - нават калi б гэта мне самой каштавала жыцця!

I яна накiравалася ў патайны пакой, куды нiхто нiколi не заходзiў, i прыгатавала там атрутны-найатрутны яблык. Быў ён на выгляд вельмi прыгожы, белы з чырвонымi крапiнкамi, i ўсякi, хто б яго ўбачыў, захацеў бы яго з'есцi; але хто б з'еў хоць кавалачак, той абавязкова памёр бы.

Калi яблык быў гатовы, каралева нафарбавала сабе твар, пераапранулася сялянкай i выправiлася ў шлях-дарогу - за сем гор, да сямi карлiкаў. Яна пагрукалася; Снягурачка высунула галаву ў акенца i кажа:

– Пускаць у дом нiкога не дазволена - сем карлiкаў мне гэта забаранiлi.

– Яно правiльна, - адказала сялянка, - але куды ж я падзену свае яблыкi? Хочаш, я табе адзiн з iх падару?

– Не, - сказала Снягурачка, - мне браць нiчога не дазволена.

– Ты, што ж, атруты баiшся?
– спытала старая.
– Паглядзi, я разрэжу яблык на дзве палавiнкi: румяную з'еш ты, а белую я.

А яблык быў зроблены так хiтра, што толькi румяная яго палавiнка была атручанай. Захацелася Снягурачцы пакаштаваць цудоўны яблык, i калi яна ўбачыла, што сялянка яго есць, дзяўчынка не стрымалася, высунула з акенца руку i ўзяла атручаную палавiнку. Толькi адкусiла яна кавалачак, зараз жа ўпала як нежывая на зямлю. Паглядзела на яе сваiмi страшнымi вачыма каралева i, гучна зарагатаўшы, сказала:

– Белая, як снег, румяная, як кроў, чорнавалосая, як чорнае дрэва. Ужо ж цяпер твае карлiкi не разбудзяць цябе нiколi!

Яна вярнулася дамоў i пачала пытацца ў люстэрка:

– Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,

Хто самы прыгожы ў лясной старане?

I адказала люстэрка нарэшце:

– Вы, каралева, прыгажэй у лясной старане.

Супакоiлася тады яе зайздроснае сэрца, наколькi можа падобнае сэрца знайсцi сабе спакой.

Карлiкi, вярнуўшыся вечарам дахаты, знайшлi Снягурачку на зямлi, нежывую, мёртвую. Яны паднялi яе i пачалi шукаць атруту: яны расшнуравалi яе, прычасалi ёй валасы, абмылi яе вадой i вiном, але нiчога не дапамагло - бедная дзяўчынка, як была мёртвай, так мёртвай i засталася.

Паклалi яны яе ў труну, паселi ўсе сямёра вакол яе, пачалi яе аплакваць, i праплакалi так аж тры днi. Пасля яны вырашылi яе пахаваць, але яна выглядала, як жывая, - шчокi ў яе былi па-ранейшаму прыгожыя i румяныя.

I сказалi яны:

– Як можна яе такую ў зямлю закопваць?

I яны загадалi зрабiць для яе шкляную труну, каб можна было яе бачыць з усiх бакоў, i паклалi яе ў тую труну, напiсалi на ёй залатымi лiтарамi яе iмя i што была яна каралеўскай дачкою. Занеслi яны труну на гару, i заўсёды адзiн з iх заставаўся каля яе на варце. I з'явiлiся таксама звяры i птушкi аплакваць Снягурачку: спачатку сава, затым крумкач i, нарэшце, галубок.

Поделиться с друзьями: