Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Хоць быў у мяне сын, але ён даўно памёр. Бачу я, ты бедны, занядбаны пастух, магу цябе накармiць удосталь.
Тады гаворыць пастух сваiм бацьку-мацi:
– Я сапраўды ваш сын. Можа, вы ведаеце, якую метку на маiм целе, па якой маглi б мяне пазнаць?
– Ведаю, - кажа мацi, - была ў нашага сына пад правым плячом чырвоная радзiмка.
Ён расшпiлiў кашулю, i яны ўбачылi ў яго пад правым плячом чырвоную радзiмку i перасталi тады сумнявацца, што ён сапраўды iх родны сын. Пасля сын прызнаўся iм, што ён цяпер - кароль Залатой гары, а жонка ў яго - каралева i што ёсць у iх вельмi цудоўны хлопчык-сынок.
А бацька на такiя словы кажа:
– Я нiколi табе не паверу! Якi ж славуты кароль будзе хадзiць у пастухоўскай вопратцы?
Тут раззлаваўся сын, забыўся пра абяцанне, якое даваў жонцы, пакруцiў вакол пальца пярсцёнак i пажадаў, каб жонка з дзiцем тут жа з'явiлiся да яго; i адразу яны з'явiлiся тут. Але каралева пачала плакаць, бедаваць, сказала, што ён не стрымаў свайго слова, зрабiў iх няшчаснымi.
Ён адказаў ёй:
– Зрабiў я гэта незнарок, я проста забыўся пра нашу дамову, - i пачаў яе суцяшаць усяляк.
Яна зрабiла выгляд, што даравала яму, а сама ў душы затаiла злосць.
Тады ён павёў яе за горад, у поле, i паказаў тую раку, па якой калiсьцi бацька выправiў яго ў падарожжа, паказаў, а тады кажа:
– Вельмi я стамiўся, давай сядзем на зямлю, i я крыху пасплю ў цябе на каленях.
– Паклаў ён жонцы галаву на каленi, i яна пачала гладзiць яго па валасах, гладзiла пакуль ён не заснуў. А калi заснуў, каралева зняла з яго пальца пярсцёнак, пасля асцярожна вызвалiла з-пад галавы нагу, але застаўся пад бокам караля чаравiчак каралевы; пасля ўзяла яна на рукi дзiцёнка i сказала пярсцёнку, што хоча вярнуцца ў сваё каралеўства.
Прачнуўся хлапец, бачыць, што ляжыць на беразе адзiн, нi жонкi, нi сына няма i пярсцёнка на пальцы таксама няма, а яму застаўся толькi жончын чаравiчак.
"Вяртацца да бацькоў я не магу, - падумаў ён, - бо яны скажуць, што я варажбiт нейкi; трэба мне як можна хутчэй iсцi адсюль, iсцi да таго часу, пакуль не вярнуся ў сваё каралеўства".
Ён пайшоў i нарэшце дабраўся да гары; а ля той гары стаяць тры велiканы ды гучна спрачаюцца мiж сабой, як справядлiва падзялiць бацькоўскую спадчыну. Убачылi яны, што iдзе паблiзу хлапец, спынiлi яго ды кажуць:
– Маленькiя людзi кемлiвыя; падзялi мiж намi бацькаву спадчыну. А спадчына гэта складаецца, па-першае, з шаблi, - у каго ў руках будзе яна i хто скажа: "Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!" - то ўмомант пападаюць усе галовы на зямлю; падругое, з накiдкi, - хто ўскiне яе на плечы, той адразу зробiцца невiдзiмкай; i, па-трэцяе, з пары ботаў, - хто тыя боты абуе i захоча некуды трапiць, то ўмомант апынецца там.
Тады юнак кажа велiканам:
– А вы пакажыце мне тыя рэчы, праверу, цi спраўныя яны?
Далi яму накiдку, накiнуў ён яе на плечы - адразу невiдзiмкай зрабiўся, ператварыўся ў муху. Пасля зноў набыў ранейшы выгляд ды кажа велiканам:
– Накiдка добрая, а цяпер давайце мне шаблю. А яны ў адказ:
– Не, шаблю мы табе не дамо! Бо як скажаш: "Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!", то паляцяць нашы галовы з плеч, а застанецца галава толькi ў цябе.
Але, урэшце, далi шаблю, атрымаўшы перш абяцанне, што ён праверыць яе сiлу на дрэве. Гэтак ён i зрабiў, i шабля рассекла дрэва, быццам тую саломiнку.
Захацелася яму праверыць боты, але велiканы кажуць:
– Не, ботаў табе не дамо; бо калi ты iх абуеш i захочаш трапiць на вяршыню гары, мы застанемся тут знiзу, i ў нас нiчога з дзяльбой не выйдзе.
– Я гэтак не зраблю, - кажа хлапец.
Тады яны аддалi боты. I вось апынулiся ў яго ўсе тры рэчы са спадчыны, а ён увесь гэты час думаў пра жонку i сына, таму, задуманы, прамовiў: "Вось бы трапiць на Залатую гару!" - i ўмомант на вачах велiканаў знiк; так была падзелена тая спадчына.
Быў ужо юнак паблiзу палаца; чуе радасныя воклiкi, музыку, а людзi падказваюць яму, што гэта ягоная жонка спраўляе вяселле з iншым чалавекам. Раззлаваўся хлапец ды кажа злосна:
– Хлуслiвая жанчына вакол пальца мяне абвяла.
– I ахiнуўся накiдкай, i нябачна ўвайшоў у палац.
Ступiў у залу, а пасярод яе стаiць вялiкi стол, а на стале тым багата розных страваў; госцi ядуць, п'юць, смяюцца, жартуюць. А каралева сядзiць мiж iмi, уся ў прыгожым адзеннi, раскашуе на каралеўскiм троне, а на галаве ў яе золатам зiхацiць карона. Хлапец наблiзiўся да яе, стаў за плячыма, i нiхто яго не бачыць. Калi каралеве клалi на талерку кавалачак мяса, ён працягваў нябачную руку, браў мяса i з'ядаў сам; налiвалi ёй вiна, ён падхоплiваў шклянку i выпiваў; ёй увесь час падкладалi яду, а яна заставалася галодная - i талерка, i шклянка бясследна знiкалi. Яна таму вельмi засмуцiлася, зрабiлася ёй сорамна, тады яна паднялася i пайшла да сябе ў пакой i там заплакала, а ён таксама следам за ёй пайшоў. Скрозь слёзы каралева мовiла:
– Цi не зноў нячысцiк мной завалодаў, няўжо мяне ад яго не выратавалi?
Тады ён грозна спытаў у яе:
– Хiба нiколi да цябе не прыходзiў выратавальнiк? Дык ён i цяпер з табой побач, хлуслiўка!
Ён скiнуў накiдку, адразу зрабiўся бачным, адчынiў дзверы, зайшоў у залу i там гучна абвясцiў:
– Канец балю! Сапраўдны кароль вярнуўся!
Каралi, князi, саветнiкi, якiя за сталом балявалi, пачалi смяяцца, паказваць на яго пальцамi; тады ён грозна мовiў:
– Вы пакiнеце залу цi не?
Яны спачатку намерылiся схапiць яго, нават з-за стала павыходзiлi, але ён выхапiў шаблю i сказаў:
– Усе галовы з плеч далоў, акрамя маёй адной!
I пакацiлiся ўсе галовы на зямлю, i ён застаўся адзiным гаспадаром палаца ды зноў зрабiўся каралём Залатой гары.
СНЯГУРАЧКА
Гэта было ў сярэдзiне зiмы. Падалi сняжынкi, быццам пух з неба, i сядзела каралева ля акна, - рама яго была з чорнага дрэва, - i каралева шыла. Калi яна шыла, заглядзелася на снег i ўкалола iголкай палец, - i ўпалi тры кроплi крывi на снег. I чырвонае на белым снезе выглядала так прыгожа, што падумала яна сама сабе: "Вось, калi б нарадзiлася ў мяне дзiця, белае, як гэты снег, i румянае, як кроў, i чорнавалосае, як дрэва на аконнай раме!"
I нарадзiла каралева неўзабаве дачку, i была яна белая, як снег, румяная, як кроў, i такая чорнавалосая, як чорнае дрэва, - i празвалi яе таму Снягурачкай. А калi дзiця нарадзiлася, каралева памерла.
Праз год узяў кароль сабе другую жонку. Гэта была прыгожая жанчына, але ганарыстая i пыхлiвая, яна трываць не магла, калi хто-небудзь пераўзыходзiў яе хараством. Было ў яе чароўнае люстэрка, i калi станавiлася яна перад iм i глядзелася ў яго, то пыталася:
– Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,