Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
I доўга-доўга ляжала ў сваёй труне Снягурачка, i здавалася, што яна спiць, - была яна белая, як снег, румяная, як кроў, i чорнавалосая, як чорнае дрэва.
Але аднойчы здарылася, што заехаў каралевiч у той лес i трапiў у дом карлiкаў, каб там пераначаваць. Ён убачыў на гары труну, а ў ёй красуню Снягурачку, i прачытаў, што было напiсана на ёй залатымi лiтарамi. I сказаў ён тады карлiкам:
– Аддайце мне гэтую труну, я дам вам за гэта ўсё, што вы пажадаеце.
Але карлiкi адказалi:
– Мы не аддадзiм яе нават за ўсё золата на свеце.
Тады ён сказаў:
– Дык падарыце мне яе, - я не магу жыць, не бачачы Снягурачкi, я буду яе глыбока паважаць i шанаваць, як сваю каханую.
Калi ён гэта сказаў, добрыя карлiкi злiтавалiся над iм i аддалi яму труну; i загадаў каралевiч сваiм слугам несцi яе на плячах. Але здарылася так, што яны спатыкнулiся ў кустах, i ад страсення кавалак атручанага яблыка выпаў з горла Снягурачкi. Тут расплюшчыла яна вочы, падняла века труны, а потым паднялася з яе i ажыла зноўку.
– Ах, Божа, дзе ж гэта я?
– усклiкнула яна.
Каралевiч, узрадаваны, адказаў:
– Ты са мной, - i расказаў ёй усё, што адбылося, i мовiў: - Ты мне мiлейшая за ўсё на свеце; пойдзем разам са мной у замак майго бацькi, i ты будзеш маёй жонкай.
Снягурачка згадзiлася i пайшла разам з iм; i адсвяткавалi яны вяселле з вялiкаю пышнасцю.
Але на вясельны банкет была запрошана i лiхая мачыха Снягурачкi. Прыбралася яна ў прыгожую сукенку, падышла да люстэрка i сказала:
– Люстэрка, люстэрка на белай сцяне,
Хто самы прыгожы ў лясной старане?
I адказала люстэрка:
– Вы, каралева, канечне, прыгожы сабой,
Ды вас каралеўна сваёй засланяе красой.
I вымавiла тады лiхая жанчына свой праклён, i стала ёй так страшна, так страшна, што яна не ведала, як ёй з сабой саўладаць. Спачатку яна вырашыла зусiм не iсцi на вяселле, але не было ёй спакою - ёй хацелася пайсцi i паглядзець на маладую каралеву. Яна зайшла ў палац i пазнала Снягурачку, i ад страху i жаху - як стаяла, так на месцы i застыла.
Але былi пастаўлены ўжо для яе на вогненныя вугалi жалезныя туфлi, iх прынеслi, трымаючы абцугамi, i паставiлi перад ёю. I яна павiнна была ступiць нагамi ў дачырвана распаленыя туфлi i скакаць у iх да таго часу, пакуль нарэшце не грымнула, мёртвая, вобземлю.
ТРЫ БРАТЫ
Шмат гадоў таму назад жыў на свеце бацька з трыма сынамi. Выраслi сыны малайцамi, адзiн за другога лепшы.
Вось i кажа iм бацька:
– Iдзiце, дзецi, па белым свеце падарожнiчаць, людзей пабачыце i якой-небудзь справе навучыцеся. Таму з вас, хто самым лепшым майстрам вернецца, я свой дом пакiну.
Пайшлi браты падарожнiчаць. Тры гады вандравалi яны па чужых краях, а пасля вярнулiся ўсе ў адзiн дзень дамоў да бацькi.
– Добры дзень, бацька, - кажуць яны.
– Добры дзень, дзецi, - адказвае бацька.
– Ну, што, навучылiся чаму-небудзь?
– Так, - кажуць, - навучылiся.
– Чаму ж вы, дзецi, навучылiся?
– Я, - кажа малодшы сын, - галiць навучыўся.
– Я, кажа сярэднi сын, - каваць навучыўся.
– А я, - сказаў старэйшы сын, - фехтаваць навучыўся.
– Ну i добра, - кажа бацька.
– Хацеў бы я паглядзець, цi спрытна ўмееце вы галiць, каваць i фехтаваць.
А ў гэты час бег полем заяц.
– Эх!
– закрычаў малодшы сын, якi галiць навучыўся.
– Ты мне якраз i патрэбен!
Схапiў ён тазiк i мыла, узбiў памазком пену, а потым дагнаў зайца, на бягу намылiў яму пыску i пагалiў абедзве шчакi.
Ды як чыста пагалiў! Нi разу не парэзаў i нiводнага валаска не пакiнуў.
– Добрая работа, - сказаў бацька.
– Спрытна голiш!
I толькi ён гэта прамовiў, як на дарозе паказалася карэта.
– Ану, - кажа сярэднi сын, якi каваць навучыўся, - паглядзi, бацька, i на маё ўмельства!
Пабег сярэднi сын за карэтай, дагнаў яе, адарваў у каня на ўсiм скаку ўсе чатыры падковы i тут жа на ўсiм скаку падкаваў яго iзноў.
– Выдатная работа!
– сказаў бацька. Не горшая, чым у твайго брата.
Тут загаварыў старэйшы сын:
– Дазволь, бацька, i мне паказаць сваё ўмельства!
– Што ж, - кажа бацька, - пакажы.
А якраз у гэты час пайшоў дождж.
Узяў старэйшы сын сваю шпагу ды як пачаў круцiць ёю ў сябе над галавой! Так хутка верцiць, што нi адна кропля на яго не трапляе. Дождж лiе ўсё мацней i мацней. Хвошча як з вядра, а старэйшы сын толькi круцiць шпагай i стаiць сухi, быццам пад дахам. Усе кроплi дажджавыя шпагай адбiвае!
Убачыў гэта бацька, здзiвiўся i сказаў дзецям:
– Усе вы слаўныя майстры - не ведаю я, каму з вас дом пакiнуць. Жывiце ўсе разам.
Пагадзiлiся з iм сыны ды так з таго часу разам i жывуць.
МУЖЫЧОК
Была адна вёска, дзе жылi спрэс адны сяляне-багацеi; i быў адзiн толькi сярод iх бядняк, звалi яго Мужычком. Не было ў яго нiколi каровы, ды i грошай, каб яе купiць, таксама не было; а яму i жонцы яго надта ж хацелася мець яе! Вось i кажа ён аднойчы:
– Паслухай, жонка, мне прыйшла ў галаву добрая думка: кум жа наш цясляр, хай зробiць ён нам з дрэва цялушачку ды пафарбуе яе бураю фарбаю, каб была яна падобнай да цялят; з часам яна падрасце, вось i будзе ў нас карова.
Жонцы яго гэта таксама спадабалася. I змайстраваў iм кум-цясляр цялушачку, i выстругаў яе, як след; фарбаю пафарбаваў як i патрабавалася, ды зрабiў яшчэ так, што i галаву яна нахiляла, быццам пасвiцца.
Вось на другую ранiцу пагналi кароў у поле, а Мужычок паклiкаў да сябе пастуха i кажа:
– Бачыш, ёсць цяпер у мяне цялушачка, ды яна яшчэ малая, яе трэба несцi на руках.
Сказаў пастух:
– Што ж, добра, - узяў ён яе на рукi, вынес на пашу i паставiў на травiцу.