ЖАНРЫ

Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке)
Шрифт:

– Нiчога не зробiш. Калi ягуараў будзе шмат i яны захочуць прайсцi, дык пройдуць...

– Не пройдуць!
– сказалi меншыя скаты.
– Вы наш сябар, i яны не пройдуць!

– Пройдуць, даражэнькiя!
– сказаў чалавек.

I цiха дадаў:

– Адзiным выйсцем было б паслаць каго-небудзь да мяне дадому. Каб прынеслi вiнчэстэр з набоямi... Але на рэчцы ў мяне няма нiякiх сяброў, апроч рыб... а сярод вас нiхто не ўмее хадзiць па зямлi.

– Што ж нам тады рабiць?
– заклапочана спыталiся скаты.

– Чакайце, чакайце...
– сказаў чалавек, праводзячы рукою па лбе, нiбыта пра нешта прыпамiнаючы.
– Быў у мяне адзiн сябар... капiбара... Ён гадаваўся ў мяне дома i гуляў з маiмi дзецьмi... Але потым ён зноў вярнуўся ў лес i цяпер, здаецца мне, жыве недзе тут, на Явэвiры... Але дзе - я не ведаю...

Тут усе скаты радасна загаманiлi.

– Ведаем! Мы ведаем!
– закрычалi яны.
– Ягонае лагво на канцы вострава! Ён аднойчы расказваў нам пра вас! Мы зараз жа пашлем па яго!

Сказана-зроблена: адзiн вялiкi дарада адразу на ўвесь дых паплыў унiз па рацэ шукаць капiбару. А чалавек тым часам развёў на далонi згустак крывi, каб зрабiць чарнiла, i костачкай рыбы, якая была ў яго замест пяра, пачаў пiсаць на сухiм лiсце, якi яму замяняў паперу. I напiсаў ён такi лiст: "Прышлiце мне з капiбарам вiнчэстэр i цэлы пачак з дваццаццю пяццю кулямi".

Ледзьве ён закончыў гэта пiсаць, як увесь лес задрыжаў ад глухога рыку: гэта падыходзiлi ягуары, гатовыя ўвязацца ў бойку. А скаты хутчэй панеслi лiст, высунуўшы галаву над вадою, каб не намачыць яго. Яны аддалi лiст капiбару, i той паiмчаў па траве, каб занесцi лiст чалавеку дадому.

I ў самы час! Бо хоць рыканне чулася яшчэ здалёку, але з кожнай хвiлiнаю наблiжалася. Тады скаты сабралi ўсiх дарадаў, якiя чакалi загаду, i крыкнулi iм:

– Хутчэй, даражэнькiя! Абплывiце ўсю раку i ўзнiмайце трывогу! Хай усе скаты па ўсёй рацэ будуць напагатове! Хай яны ўсе збiраюцца вакол вострава! Пабачым, цi пройдуць гэтыя ягуары!

I войска дарадаў у тое ж iмгненне разбеглася ўверх i ўнiз па рацэ, пакiдаючы за сабой на вадзе барозны.

На Явэвiры не было нiводнага ската, якi б не атрымаў загаду прыплысцi да берага ракi побач з востравам. Адусюль: з-пад камянёў, з глею, ад вусцяў раўчукоў - з усёй Явэвiры збiралiся скаты, каб абаранiць пераход ад ягуараў. А перад востравам на поўнай хуткасцi сюды-туды сноўдалi дарады.

I зноў усё было зроблена ў самы час! Страшны рык ажно скалануў ваду ў рацэ, i ягуары высыпалi на бераг.

Iх было шмат - здавалася, што ўсе мiсьёнэскiя ягуары сабралiся тут, ля ракi. Але i рака Явэвiры ўся вiравала ад скатаў, якiя сабралiся ля берага з рашучасцю абараняць пераход любою цаной.

– Дарогу ягуарам!
– зараўлi драпежнiкi.

– Няма вам дарогi!
– адказалi скаты.

– Паўтараем - дайце дарогу!

– Не дамо!

– Глядзiце ж! Калi не дасце нам прайсцi, не застанецца нi ската, нi скатавага дзiцяцi, нi скатавага ўнука!

– Можа быць!
– адказалi скаты.
– Але нi ягуары, нi ягуаравы дзецi, нi ягуаравы ўнукi - нiводзiн ягуар у свеце не пройдзе тут!

Так адказалi iм скаты. Тады ягуары зараўлi апошнi раз:

– Патрабуем нас прапусцiць!

– Нi, нiколi!

I тады пачалася сапраўдная бiтва. Гiганцкiм скачком ягуары кiнулiся ў ваду! Але яны ўпалi на суцэльны подсцiл са скатаў. Скаты пачалi бiць iх, працiнаць iм лапы ўдарамi сваiх вострых шыпоў, i на кожную рану ягуары азывалiся страшным рыкам ад болю. Але ж i яны адбiвалiся лапамi, з усяе сiлы лупцуючы iмi ў вадзе. I скаты, распаласаваныя кiпцюрамi ягуараў, узляталi ў паветра.

Уся Явэвiры ператварылася ў крывавую раку. Скаты гiнулi сотнямi... Але ж i ў ягуараў былi жахлiвыя раны, i яны, рыкаючы, адступалi, каб са страшна апухлымi лапамi адлежацца на пяску. А скаты, растаптаныя, разарваныя кiпцюрамi ягуараў, не адступалi. Яны нi на хвiлiну не пакiдалi абараняць пераход. Шмат хто з iх узлятаў у паветра i зноў падаў у раку, але ўсе яны зноў i зноў кiдалiся на ворага.

Паўгадзiны доўжылася гэтая жахлiвая бойка. А праз паўгадзiны ўсе ягуары зноў, стомленыя, сядзелi на беразе i раўлi ад болю: нiводзiн з iх не прайшоў. Праўда, i скаты стамiлiся да знямогi. Шмат хто загiнуў. I тады тыя, што засталiся жывыя, сказалi:

– Другой такой атакi нам болей не вытрываць. Хай дарады пашукаюць падмацавання. Хай неадкладна сюды прыплывуць усе скаты, якiя ёсць у Явэвiры!

I дарады зноў разбеглiся ўверх i ўнiз па рацэ, i плылi яны ўсе так шпарка, што пасля iх у вадзе, як пасля тарпедаў, заставалiся барозны.

А скаты тым часам паплылi да чалавека.

– Мы болей не вытрываем!
– сказалi са смуткам скаты. I сёй-той са скатаў заплакаў, убачыўшы, што яны не могуць выратаваць свайго сябра.

– Iдзiце, скаты!
– сказаў паранены чалавек.
– Пакiньце мяне аднаго. Вы ўжо вельмi шмат для мяне зрабiлi. Хай ягуары пройдуць!

– Нi, нiколi!
– у адзiн голас крыкнулi скаты.
– Пакуль у нашай рацэ Явэвiры ёсць хоць адзiн жывы скат, мы заўсёды будзем абараняць добрага чалавека, якi некалi абаранiў нас!

Тады паранены задаволена прамовiў:

– Скаты! Я амаль памiраю, i мне цяжка гаварыць, але будзьце ўпэўненыя, што, калi толькi мне прынясуць вiнчэстэр, мы добра пажартуем, i гэта я вам абяцаю.

– Так, мы ведаем!
– падбадзёрыўшыся, адказалi скаты.

Але скончыць гамонку яны не змаглi, таму што зноў усчыналася бойка. Ягуары, перадыхнуўшы, ужо ўскочылi на ногi i, выгнуўшы спiны, як для скачка, рыкнулi:

– Апошнi раз i раз назаўжды патрабуем: дарогу!

– Нi, нiколi!
– адказалi скаты i зноў сабралiся ля берага.

Але i ягуары ўжо скочылi ў ваду, i страшная бойка пачалася зноў. Уся рака Явэвiры ад берага да берага была чырвоная ад крывi. Кроў пенiлася хвалямi на пяску. Ляцелi ў паветра разарваныя скаты, раўлi ад болю ягуары, але нiхто не адступаў нi на крок.

I ягуары ўжо не толькi не адступалi, але пачалi прасоўвацца наперад. Марна войска дарадаў сноўдала ўверх i ўнiз па рацэ, склiкаючы скатаў: скатаў больш не было, яны ўсе ўжо змагалiся перад востравам, i палова iх ужо загiнула. А тыя, што заставалiся, былi ўсе параненыя i знямоглыя. I тады яны зразумелi, што не здолеюць пратрымацца больш нi хвiлiны i што ягуары пройдуць. I няшчасныя скаты, якiя лiчылi, што лепей памерiц, чым аддаць свайго сябра, з астатнiмi сiламi кiнулiся на ягуараў. Але ўсё было марна. Пяць ягуараў плылi ўжо да вострава i былi недалёка ад берага. У роспачы скаты крыкнулi:

– Да вострава! Усе на той бераг!

Ды было ўжо позна - яшчэ два ягуары кiнулiся плыць, а праз хвiлiну ўсе яны ўжо былi пасярод ракi, i з вады высоўвалiся толькi iх галовы.

Але ў гэтае самае iмгненне адзiн звярок, непрыкметны рудаваты звярок, колькi ставала сiлы плыў праз Явэвiры: гэта быў капiбара, якi дабiраўся да вострава, несучы на галаве, каб не намачыць, вiнчэстэр з набоямi.

Чалавек закрычаў ад радасцi, яму яшчэ заставаўся час, каб заступiцца за скатаў. Ён папрасiў капiбару, каб той галавою дапамог яму легчы на бок, бо сам ён не мог, i лёгшы, ён маланкава зарадзiў вiнчэстэр. I якраз у той момант, калi распаласаваныя, раздушаныя, скрываўленыя скаты з адчаем убачылi, што прайгралi бiтву i што ягуары зараз разарвуць iх няшчаснага параненага сябра на шматкi - якраз у гэты момант яны пачулi аглушальны стрэл! I ўбачылi, што пярэднi ягуар, якi ступiў ужо на пясок, раптам падскочыў i павалiўся мёртвы з прабiтаю галавой.

Поделиться с друзьями: