ЖАНРЫ

Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке)
Шрифт:

Немагчыма сабе ўявiць страшны грукат, з якiм узарвалася тарпеда. Яна выбухнула так, што разарвала карабель на пятнаццаць тысяч кавалкаў: у паветра паляцелi комiны, машыны, гарматы, лодкi - усё! Iх параскiдала вельмi далёка.

Кайманы пераможна крыкнулi i як ашалелыя кiнулiся да плацiны. Адтуль яны ўбачылi, як праз прабiты снарадам пралом плывуць падхопленыя рачною плынню мёртвыя, параненыя i жывыя людзi.

Кайманы залезлi на бярвенне з абодвух бакоў пралому, i калi праз яго праносiла людзей, смяялiся i кпiлi з iх.

Есцi людзей кайманы не захацелi, хоць, можа быць, людзi таго i заслугоўвалi. Толькi калi мiма праплываў адзiн з залатымi галунамi на мундзiры, стары кайман кiнуўся ў ваду i - "хруп!" - у два глыткi праглынуў яго.

– Каго гэта ён?
– спытаўся адзiн малады недасведчаны кайманчык.

– Афiцэра, - адказаў Сом.
– Мой стары сябар паабяцаў жа яму, што з'есць. Вось i з'еў.

Рэшткi плацiны кайманы разабралi: цяпер яна была iм непатрэбная, бо нiякi параход ужо не адважыцца там праплыць. Сом, якi ўпадабаў афiцэравы рэмень i аксельбанты, папрасiў, каб яму аддалi iх у падарунак. Але дзеля гэтага яму давялося выцягваць iх з рота ў старога каймана, бо яны заселi ў таго ў зубах. Потым Сом падперазаўся рэменем, зацягнуўшы яго пад плаўнiкамi, а на канцы сваiх доўгiх вусоў павесiў аксельбанты i пас ад шаблi. Скура ў Сома вельмi прыгожая, а цёмныя плямы на ёй падобныя да плям у змяi. I Сом цэлую гадзiну плаваў сюды-туды, красуючыся перад кайманамi, а тыя глядзелi на яго, разявiўшы ад здзiўлення раты.

Потым кайманы правялi яго да самай яго пячоры i, доўга-доўга падзякаваўшы, вярнулiся на сваё звычайнае месца. Рыбы таксама вярнулiся, i кайманы жылi i дагэтуль жывуць там вельмi шчаслiвыя. Урэшце яны нават прызвычаiлiся да таго, што па рацэ часам праплываюць параходы i караблi, якiя вязуць апельсiны.

Але пра ваенныя караблi яны нават чуць нiчога не хочуць.

НЕВIДУШЧАЯ ЛАНЬ

Жыла сабе аднойчы лань, i было ў яе двое дзетак-двайнятак, што ў аленяў бывае рэдка. Але неўзабаве адно яе дзiцё задраў дзiкi кот, i засталася ў яе толькi адна дачушка. Усе ланi ў лесе вельмi яе любiлi i заўсёды ёй казыталi бакi.

Шторанiцы, як толькi ўзыходзiла сонца, мацi прымушала дачку паўтараць аленеву малiтву. Гучала яна так:

Раней чым з'есцi лiсточак, добра яго панюхай, бо лiсточкi бываюць атрутныя.

Раней чым падысцi да ракi напiцца, цiхенька пастой i добра агледзь месца, каб упэўнiцца, што побач няма кайманаў.

Кожныя паўгадзiны высока-высокенька задзiрай галаву i нюхай паветра, каб пачуць пах ягуара.

Калi пасвiшся, спачатку заўсёды паглядзi на траву - цi няма ў ёй гадзюк.

Гэтая малiтва была ў маленькiх аленяў, як "Ойча наш" у людзей. I калi лань добра яе засвоiла, мацi дазволiла ёй хадзiць адной.

I вось адным адвячоркам, калi лань бегала па лесе ды ласавалася далiкатнымi лiсточкамi, яна раптам убачыла проста перад сабою дупло вялiкага трухлявага дрэва, з якога звiсала шмат нейкiх склееных мiж сабою шарыкаў. Шарыкi былi цёмныя - такога колеру, як класная дошка.

Што б гэта магло быць? Ланi было трошкi боязна. Але яна была добрай гарэзаю, i бадануўшы шарыкi галавой, адразу маланкай адскочыла прэч.

Азiрнуўшыся, яна ўбачыла, што шарыкi трэснулi i з iх выцякаюць цягучыя кроплi. Апроч таго аднекуль выпаўзла шмат нейкiх белых мошак з тонкiмi талiямi, якiя забегалi па шарыках.

Лань падышла блiжэй. Але мошкi яе не кусалi. Тады яна асцярожна-асцярожненька лiзнула адну кропельку кончыкам языка i ад задавальнення ажно прыжмурыла вочы: гэта былi кропелькi мёду, i мёд быў вельмi смачны, бо шарыкi цёмнага колеру былi пчалiнымi вуллямi. Але пчолы не кусалiся, таму што ў iх не было джалаў. Ёсць такiя пчолы.

За пару хвiлiн маладзенькая лань высмактала ўвесь мёд i, вельмi задаволеная, пайшла расказваць пра гэта маме. Але мама яе паўшчувала.

– Будзь вельмi асцярожная з пчалiнымi гнёздамi, дачушка, - сказала яна. Мёд вельмi смачны, але шукаць яго вельмi небяспечна. Абыходзь пчалiныя гнёзды, калi iх убачыш.

Лань задаволена крыкнула:

– Мама, але ж яны не кусаюцца! Аваднi i мухi кусаюцца, а пчолы не.

– Ты памыляешся, дачушка, - сказала мацi.
– Сёння табе пашанцавала, i толькi. Але ёсць вельмi паганыя пчолы i восы. Сцеражыся iх, дачушка, а то прынясеш мне вялiкае гора.

– Вядома, мама! Вядома!
– адказала лань.

Але першае, што зрабiла наступнаю ранiцай, - дык гэта пайшла па сцяжынках, зробленых у лесе людзьмi, якiя шукаюць пчалiныя гнёзды.

Доўга яна хадзiла цi не, але ўрэшце адно гняздо знайшла. Гэтае гняздо належала цёмным пчолам з жоўтаю палоскай на талii, i яны поўзалi па гняздзе. Вулей таксама выглядаў iначай, але лань падумала, што калi ўжо гэтыя пчолы большыя, дык i мёд у iх павiнен быць смачнейшы.

Яна ўспомнiла была матчыну перасцярогу, але падумала, што мацi, вiдаць, перабольшвала, як заўсёды перабольшваюць маткi ў ланяў. I яна моцна баданула гняздо галавой.

Лепей бы яна нiколi гэтага не рабiла! Тут жа з гнязда вылецелi сотнi, тысячы восаў, якiя кiнулiся на яе i пачалi кусаць. Яны пакусалi яе ўсю - i галаву, i жывот, i хвост. I што сама горшае, яны кусалi яе ў самыя вочы. Болей за дзесяць восаў уджалiлi яе ў вочы!

Ашалеўшы ад болю, лань з лямантам кiнулася прэч. Яна бегла i бегла, пакуль раптам не была вымушаная спынiцца. Яна нiчога не бачыла! Яна аслепла, зусiм аслепла!

Вочы ў яе страшна распухлi, i яна не бачыла зусiм нiчога. Яна сцiшылася i, дрыжучы ад болю i страху, заплакала ў вялiкае роспачы.

– Мама!.. Мама!..

А яе мама ўжо шукала яе паўсюль, бо заўважыла, што дачкi доўга няма. Калi ж яна ўрэшце яе знайшла, яна таксама прыйшла ў адчай, зразумеўшы, што яе дачка аслепла. Яна паклала яе галаву сабе на шыю i крок за крокам павяла дадому, а ўсе лясныя жыхары, якiя сустракалiся iм па дарозе, падыходзiлi i глядзелi, якiя ў гаротнай ланi распухлыя вочы.

Мацi не ведала што рабiць. Якiя прыкладаць лекi? Яна добра памятала, што ў паселiшчы за лесам жыве чалавек, у якога лекi ёсць. Але той чалавек быў паляўнiчы, i часам ён паляваў на аленяў. Праўда, казалi, што чалавек ён добры.

I хоць мацi баялася весцi дачку да чалавека, якi палюе на аленяў, ды выйсця ў яе не было. I тады яна вырашыла спачатку схадзiць да мурашкаеда i папрасiць у яго рэкамендацыйны лiст, бо мурашкаед быў таму чалавеку блiзкiм сябрам.

I вось яна добра схавала сваю маленькую дачку i трушком пабегла праз лес. Па дарозе яна ледзь не патрапiла ў кiпцюры ягуару i, калi дабралася да логава свайго сябра, дык да таго стамiлася, што не магла ўжо ступiць нi кроку.

Як мы ўжо казалi, гэты яе сябар быў мурашкаед. Але ён быў з дробнай пароды: гэтыя жывёлы - жоўтага колеру, а на жоўтую шкурку ў iх нiбыта надзета нешта накшталт чорнай майкi на дзвюх шлейках, перакiнутых паверх плеч. I яшчэ ў iх хвост як зачапка, бо яны заўсёды жывуць на дрэвах i вiсяць на хвасце.

Адкуль жа ўзялася такая шчырая дружба памiж мурашкаедам i паляўнiчым? У лесе пра гэта нiхто не ведаў, але мы калi-небудзь даведаемся пра прычыну.

I вось няшчасная мацi дабралася нарэшце да мурашкаедава логвiшча.

Поделиться с друзьями: