ЖАНРЫ

Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке)
Шрифт:

"Стук-стук!" - пастукалася яна, цяжка дыхаючы.

– Хто там?
– спытаўся мурашкаед.

– Гэта я, лань!

– Ага! Ну i што ж лань хоча?

– Я прыйшла папрасiць у цябе рэкамендацыйны лiст, каб схадзiць да паляўнiчага. Мая маленькая лань, мая дачка, аслепла.

– Як! Твая маленькая лань?!
– ускрыкнуў мурашкаед.
– Яна добрая жывёлiна. I калi ўжо з ёй здарылася такое, дык я дам ёй усё, што яна хоча. Але нiякiх лiстоў не трэба. Пакажыце паляўнiчаму вось гэта, i ён дапаможа.

I мурашкаед кончыкам хваста падаў ёй сухую, зусiм ссушаную галаву гадзюкi, з якой яшчэ тырчалi атрутныя зубы.

– Пакажыце яму гэта, - паўтарыў паядальнiк мурашак, - i болей нiчога не трэба.

– Дзякую табе, мурашкаед!
– сказала задаволеная лань.
– Ты таксама добрая жывёлiна.

I яна хутчэй пабегла назад, бо было ўжо позна i пачынала брацца на дзень. Дабегшы да сховiшча, яна забрала дачку, i яны разам пайшлi ў пасёлак. Маленькая лань увесь час жалiлася ад болю. Але ўрэшце яны дайшлi. У пасёлку iм давялося iсцi вельмi цiхенька i прыцiскацца да сцен, каб iх не пачулi сабакi. I вось яны апынулiся ля дзвярэй паляўнiчага.

"Стук-стук!" - пастукалiся яны.

– Хто там?
– пачуўся з хаты голас чалавека.

– Гэта мы, ланi!.. Мы прынеслi галаву гадзюкi!

Мацi паспяшалася сказаць гэта, каб чалавек ведаў, што яны мурашкаедавы сяброўкi.

– Вунь як!
– сказаў чалавек, адчыняючы дзверы.
– А што здарылася?

– Мы прыйшлi папрасiць, каб вы палячылi маю дачку - вось гэтую маленькую лань, бо яна аслепла.

I яна расказала паляўнiчаму ўсю гiсторыю з пчоламi.

– Гм!..
– сказаў паляўнiчы.
– Давайце пабачым, што з гэтай паненкаю.

Ён вярнуўся ў хату, вынес адтуль высокае крэсла i пасадзiў у яго маленькую лань, каб, не згiнаючыся, добра паглядзець яе вочы. Ён аглядаў вочы, блiзенька падносячы вялiкае круглае шкло, а мама свяцiла лiхтарыкам, якi вiсеў у яе на шыi.

– Нiчога страшнага, - урэшце сказаў паляўнiчы, дапамагаючы ланi злезцi. Але трэба будзе пацярпець. Кожную ноч прыкладайце на вочы вось гэтую мазь i трымайце вашую дачку дваццаць дзён у цемры. А потым адзеньце ёй гэтыя жоўтыя акуляры, i яна вылечыцца.

– Шчыра дзякуем вам, паляўнiчы!
– вельмi задаволена адказала мацi. Колькi я вам вiнаватая?

– Нiколькi, - усмiхаючыся адказаў паляўнiчы.
– Але, iдучы назад, сцеражыцеся сабак, бо ў суседнiм квартале жыве чалавек, у якога сабакi, навучаныя браць след аленяў.

Ланi вельмi былi напалоханыя. Яны iшлi назад, ледзь дакранаючыся да зямлi, i кожную хвiлiну спынялiся. Але сабакi ўсё роўна iх вынюхалi i пагналiся за iмi. Ланi кiнулiся ўцякаць па шырокай лясной сцяжынцы, i маленькая лань, якая бегла паперадзе, увесь час жаласна бляяла ад страху. Але нарэшце, прагнаўшы iх па лесе амаль паўмiлi, сабакi адсталi.

Мацi лячыла дачушку так, як патлумачыў ёй паляўнiчы. Толькi яна адна ведала, якiх намаганняў ёй каштавала дваццаць бясконцых дзён трымаць дачку ў дупле вялiкага дрэва. Усярэдзiне там было так цёмна, што зусiм нiчога было не вiдаць. Але аднойчы ранiцай мацi нарэшце адсунула галавою вецце, якое затуляла дупло i не давала ў яго трапiць святлу. Маленькая лань выбегла i закрычала:

– Бачу, мама! Я ўсё бачу!

А лань, убачыўшы, што яе дачка здаровая, паклала галаву на галiну i заплакала ад радасцi.

Маленькая лань цалкам вылечылася. Але хоць яна вылечылася i была здаровая ды ўсiм задаволеная, быў у яе адзiн сакрэт, якi яе засмучаў. А сакрэт быў у тым, што яна вельмi хацела аддзячыць чалавеку, якi быў з ёю такi добры; яна хацела аддзячыць ды не ведала як.

I вось аднойчы ёй здалося, што яна прыдумала спосаб. Яна пачала хадзiць па берагах балот i затокаў, каб назбiраць чаплiных пёраў i занесцi iх паляўнiчаму. А паляўнiчы часам таксама ўспамiнаў невiдушчую лань, якую ён вылечыў.

Аднойчы дажджлiвым вечарам чалавек чытаў у сваiм пакоi. Ён быў вельмi задаволены, бо толькi што паправiў саламяную страху, i цяпер яна больш не цякла. Ён чытаў, калi раптам пачуў, як нехта стукаецца. Адчынiўшы дзверы, ён убачыў маленькую лань, якая трымала клуначак - прамоклы наскрозь скрутак з пёрамi чаплi.

Паляўнiчы засмяяўся, а лань, засаромеўшыся, пабегла прэч. Яна была засмучаная, думаючы, што паляўнiчы смяяўся таму, што яе падарунак быў вельмi бедны. Тады яна назбiрала вялiкiх, сухiх i чыстых пёраў i праз тыдзень прыйшла да паляўнiчага зноў. Але гэты раз чалавек ужо не смяяўся: пасля мiнулага разу, калi ён засмяяўся ад расчуленасцi, ён убачыў, што маленькая лань не разумее смеху. I цяпер ён падараваў ёй у адказ бамбукавую трубку, поўную мёду, якi лань выпiла з вялiкiм задавальненнем.

З таго часу лань i паляўнiчы вельмi пасябравалi. Лань заўсёды старалася прынесцi чалавеку чаплiных пёраў, якiя каштуюць вялiкiх грошай, i яны, гутарачы, бавiлi разам цэлыя гадзiны. Чалавек заўсёды ставiў на стол горшчык з мёдам i падсоўваў сваёй сяброўцы высокае крэсла. А часам ён частаваў яе цыгарамi, якiя ланi ахвотна ядуць i гэта нiяк iм не шкодзiць. Так яны i бавiлi час, седзячы каля печы, якую паляўнiчы палiў дрывамi, ды пазiраючы на полымя, а за сцяною лiў дождж i вецер скаланаў саламяную страху хаты.

Баючыся сабак, лань звычайна прыходзiла да чалавека тымi начамi, калi была навальнiца. I таму кожны раз, калi з надыходам ночы пачынаўся дождж, паляўнiчы загадзя ставiў на стол горшчык з мёдам i сцялiў сурвэтку, а сам браў кнiгу ды, сёрбаючы каву, чакаў, калi ў дзвярах пачуецца такi знаёмы стук ягонай сяброўкi ланi.

ГIСТОРЫЯ ПРА ДВАIХ ДЗЕТАК КААЦI I ДВАIХ ДЗЯЦЕЙ ЧАЛАВЕКА

У аднаго каацi было трое дзетак. Жылi яны ў лесе, елi фрукты, карэнне i птушыныя яйкi. А калi сядзелi на дрэве i раптам чулi моцны шум, дык iмклiва саскоквалi на зямлю i ўцякалi, задраўшы хвасты.

I вось аднаго разу, калi каацяняты крыху падраслi, мацi паклiкала iх залезцi да сябе на апельсiнавае дрэва i сказала iм так:

– Каацяняткi, вы ўжо дастаткова падраслi, каб самiм шукаць сабе ежу. I вы павiнны навучыцца гэтаму, бо калi зробiцеся зусiм дарослыя, дык пачняце жыць паасобку, як усе каацi. Большанькi з вас ласы да макрыц i слiмакоў, i ён знойдзе iх у спарахнелых дрэвах, бо там шмат гэтых казурак. Сярэднi - вялiкi аматар фруктаў, i ён зможа знайсцi iх на гэтым цi на другiх дрэвах: апельсiны будуць ажно да снежня. А меншы, якi ласуецца толькi птушынымi яйкамi, можа хадзiць дзе хоча, бо паўсюль ёсць птушыныя гнёзды. Але баранi яго Бог хадзiць шукаць гнёзды ў поле, бо гэта небяспечна.

Поделиться с друзьями: