Лісце забытых алеяў
Шрифт:
З Уфы Яна Чачота ў 1831 годзе перавялі ў Цвер, дзе ён прабыў два гады і дзе ў час эпідэміі халеры ледзь не загінуў ад раз'юшанага натоўпу гараджан, якія паверылі пушчанай некім плётцы, быццам бы ён разам з іншымі ссыльнымі вінаваты ў эпідэміі...
Там, у далёкай ссылцы, Ян Чачот не ўпаў духам, не апусціў рук. Ён і ў тых суровых умовах застаўся верны сваім народазнаўчым інтарэсам, захапіўшыся збіраннем мясцовых этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў, якія пасылаў свайму сябру-філамату манголазнаўцу Юзафу Кавалеўскаму ў Казань, куды той быў высланы. Матэрыялы гэтыя, на жаль, загінулі ў час паўстання 1863 года ў варшаўскай кватэры Юзафа Кавалеўская, які к гэтаму часу вярнуўся ў Польшчу. Валянцін Грыцкевіч у Рукапісным аддзеле Дзяржаўнай бібліятэкі імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе знайшоў пісьмо Кавалеўскага вучонаму-ўсходазнаўцу У. У. Грыгор'еву, дзе ён піша: «...І гэты стос пісьмаў (Чачота), каля 200 аркушаў, у час разгрому маёй маёмасці ў Варшаве прапаў без вестак. Цяжка, цяжка аб гэтым пісаць».
І ўсё ж гэта толькі маленькія, як кажуць, «разрозненыя» звесткі аб тых дзесяці гадах сібірскай ссылкі Яна Чачота, толькі іх прыглушаныя адгалоскі. Той, хто захацеў бы адхіліць заслону часу і паказаць ад пачатку да канца жыццё паэта ў ссылцы, павінен быў бы падняць усе тыя матэрыялы — яго і пра яго, якіх нямала, пэўна ж, захоўваецца недзе ў архівах. На некаторыя з гэтых матэрыялаў ужо натрапілі рускія даследчыкі.
Быў яшчэ ў біяграфіі Яна Чачота і Лепель, куды яго ў 1833 годзе перавёў цвярскі губернатар, ратуючы ад несправядлівага абвінавачвання, звязанага з памянёнай вышэй эпідэміяй халеры. У Лепелі нешчаслівага выгнанніка ўладкавалі ў кіраўніцтве сістэмы Бярэзінскага канала, дзе дырэктарам быў сын цвярскога губернатара. Апынуўшыся на Беларусі, Ян Чачот разгарнуў шырокую дзейнасць па збіранні песенных скарбаў беларускага народа, пра што марыў яшчэ ў Вільні.
Нарэшце ў 1839 годзе яму, як пішацца ў цыркуляры міністэрства ўнутраных спраў, «государь император высочайше повелеть соизволил: дозволить высланному за прикосновенность к обществу филоматов в Оренбургскую губернию, а потом поступившему на службу по ведомству путей сообщения бывшему студенту Виленского университета, а ныне губернскому секретарю Чечоту возвратиться на родину Гродненской губернии в Новогрудский уезд без учреждения за ним полицейского надзора».
Нават без паліцэйскага нагляду! Воля! Пасля шаснаццаці адабраных гадоў жыцця!
Куды ж было кінуцца цяпер былому арыштанту? Вядома ж, дадому, на родную Наваградчыну!
Першага, каго ўспомніў там Ян Чачот, быў апякун філаматаў ліберальны граф Храптовіч з яго надзвычай багатай бібліятэкай у Шчорсах, дзе асабліва любілі працаваць Адам Міцкевіч і Францішак Малеўскі. Граф Храптовіч, ведаючы схільнасць Яна Чачота, адразу ж даў яму там пасаду бібліятэкара — пасаду, пра якую можна было толькі марыць. У Шчорсах Ян Чачот мог цалкам аддацца свайму любімаму занятку — збіранню і публікацыі асобнымі зборнікамі беларускага фальклору.
У 1844 годзе Ян Чачот вымушаны быў пакінуць працу ў бібліятэцы. Апошнія тры гады жыў ён у сваіх сяброў — спачатку ў Вяржбоўскіх у Далматаўшчыне, потым у Рафала Слізеня ў Вольнай і Бортніках.
Пасля цяжкая хвароба прывяла яго ў Друскенікі, «на воды». Але лячэнне не дало ніякага выніку, і 23 жніўня 1847 года Ян Чачот, не дасягнуўшы нават свайго 50-годдзя, памірае ў ваколіцах Друскенікаў — вёсцы Ротніца. Адам Міцкевіч, са спазненнем даведаўшыся аб смерці свайго сябра, з болем у сэрцы пісаў 26 чэрвеня 1853 года Ігнату Дамейку з Парыжа ў Чылі: «Дарагі Ігнат, вось што-кольвек пра нашых былых сяброў і мінулыя часы. З двух канцоў зямлі, якія аддзялілі нас адзін ад аднаго, мы бачым па-рознаму цяперашнія часы, у мінулым жа мы сустракаемся па-ранейшаму. Не ведаю, ці вядома табе, што ад нас пайшоў твой ранейшы знаёмы, а мой стары друг (з першага класа) Ян Чачот. Дзень яго смерці нам невядомы. Мы даведаліся толькі, што ён памёр. Прыблізна ў той час, калі ён памёр, мне ўсё снілася пра яго адно і тое ж: што ён прыехаў у Парыж, а я з-за нейкіх перашкод не магу з ім пабачыцца. Гэта мучыла мяне ў сне, і я прачынаўся сумны. Мне доўга не хацелася верыць звесткам пра яго смерць, якія ў нас так цяжка праверыць. Цяпер я ведаю пэўна, што ён памёр. Доўгія гады і многа ўспамінаў звязвалі мяне з ім. Перад смерцю ён выдаў беларускія песні, і яны там у нас выклікалі многа спачуванняў...»
Друскенікі. Сюды я прыехаў з сынам — на адпачынак. Ціхі, увесь у зеляніне цяністых ясеняў і ліп гарадок, падпяразаны шырокім пасам блакітнага Нёмана. Курорт усесаюзнага значэння.
Дабірацца да Ротніцы было вельмі проста: мы селі на гарадскі аўтобус — «тройку» і праз хвілін пятнаццаць сышлі ў зялёным, вельмі акуратным пасёлку, з даволі шыкоўнымі, часта мураванымі дамамі.
Тут жа, каля самага аўтобуснага прыпынку, адразу за плотам і пачыналіся ротніцкія могілкі, што падыходзілі адным бокам да ўтравелага касцельнага двара.
Магілу Яна Чачота знайсці было зусім няцяжка. Прайшлі туды, дзе былі старыя могілкі, і праз колькі часу блукання на іх убачылі акуратна агароджаны з усіх бакоў сціплы, але даволі прыстойны чатырохвугольны помнік, на якім здалёку кінулася ў вочы выбітае залатымі літарамі прозвішча Яна Чачота. І — як тут было не здзівіцца, не ўзрадавацца? — на магіле паэта я ўбачыў слоік са свежымі гваздзікамі! Ды ўжо дзеля аднаго гэтага можна было сюды ехаць!
На фасадным баку помніка зусім добра яшчэ чыталіся выбітыя 136 гадоў назад вельмі прачулыя і вельмі дакладныя радкі верша на польскай мове Антонія Эдуарда Адынца, філарэта, малодшага сябра Яна Чачота і Адама Міцкевіча:
Сваю маладосць прысвяціў ён навукам і цноце, Век сталы ён мужна пражыў у няспынных цярпеннях. Любоў да сяброў і да Бога — істоты яго была зместам. Цяжкое жыццё яго ўсё — да збавення дарогай. Імя яго злучана будзе навекі ў айчыне З Адамам Міцкевічам і Томашам Занам. Хто ведае іх, перад каменем гэтым схіліся, Падумай, ўздыхні і за ўсіх іх траіх памаліся. (Пераклад М. Танка)Сцяжыны Яна Чачота... Многа яшчэ на іх нязведанага, схаванага ад нас заслонай часу. У сваіх, можа быць, трохі раскіданых нататках я, вядома ж, не мог раскрыць ва ўсёй паўнаце гэту вельмі прывабную постаць у гісторыі нашай літаратуры і культуры ў цэлым. Шматбаковая дзейнасць Яна Чачота, паэта, фалькларыста, этнографа, мовазнаўцы, грамадскага дзеяча, яшчэ чакае свайго ўдумлівага, сур'ёзнага даследчыка, таго, кажучы купалаўскімі словамі, «новага., а мудрага гісторыка», які, зняўшы густыя напластаванні часу, ва ўсёй велічы высвеціць перад намі гэты яркі вобраз аднаго са слаўнай кагорты сейбітаў разумнага, добрага, вечнага.
1983—1991
У Мясату я падбухторыў з'ездзіць са мною Генадзя Каханоўскага. А ехаць туды, як выявілася, вельмі проста — і мне, мінчуку, і яму, маладзечанцу: Мясата ж — адзін з прыпынкаў электрычкі «Мінск — Маладзечна». Значыць, мы з двух канцоў дарогі — я з Мінска, Генадзь з Маладзечна — можам там і з'ехацца. Нам трэба было толькі выбраць час «сустрэчы на Эльбе».
Час гэты падабраў Генадзь, а калі казаць дакладней, дык яго знаёмая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мясацкай дзевяцігодкі, актывістка краязнаўства Яўгенія Васільеўна Костачка, якой ён — відаць, па тэлефоне — расказаў пра нашу задуму. Яўгенія Васільеўна, адразу ж ухапіўшыся за намер двух літаратараў наведаць Мясату, папрасіла зрабіць гэта першага верасня: яна хацела, каб мы выступілі ў школе на ўрачыстым адкрыцці новага навучальнага года і правялі першы ўрок, прысвечаны 500-годдзю Францішка Скарыны. Калі Генадзь сказаў мне па тэлефоне пра такую просьбу, я, не вагаючыся, адразу даў згоду: што ж, урок той — а намячаўся ён роўна на дзевяць гадзін раніцы — пэўне ж, зойме не шмат часу, пасля яго застанецца яшчэ ўвесь белы дзень, і мы паспеем як след пазнаёміцца з Мясатой і яе ваколіцамі.
Раніца першага верасня была светлая, з халадком. Я сеў у электрычку недзе каля сямі гадзін — у самую бадзёрую пару. І вось за акном — узгорыстая Маладзечаншчына. Любуючыся свежымі жаўтавымі ржэўнікамі з параскіданымі каткамі саломы, сіратлівымі, у быльнягу прысадамі пакінутых хутарскіх астраўкоў, каляіністымі пясчанымі дарогамі, што губляліся ў падступных лясах-пералесках, я перад кожным прыпынкам «вастрыў» вуха, каб разабраць прыглушаны дынамікам голас машыніста з яго аб'яўкамі: хаця б не прапусціць «маёй» Мясаты.