Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Мясата... Для большасці пасажыраў, што едуць у Маладзечна, гэтая назва, пэўне ж, нічога не кажа: ці мала якія ёсць у нас вёскі! Для мяне ж яна — не са звычайных. Яна выклікае ў мяне цэлы рой добрых думак, адразу пераносячы ў адшумелае XIX стагоддзе. Мясата ж — радзіма Тамаша Зана.
Імя Тамаша Зана стала шырока вядомым пасля гучнага працэсу над філаматамі і філарэтамі ў 1823-1824 гадах у Вільні, з якога людзі даведаліся аб выдатна арганізаваных і даволі прадстаўнічых тайных згуртаваннях беларускай моладзі, накіраваных супраць царызму. Па сутнасці яны былі блізкія сваімі задачамі і ідэямі дзекабрысцкім арганізацыям, якія ўзніклі якраз у гэты час у Расіі і на Украіне. Філаматы ўжо наладжвалі з імі кантакты. Выкрыццё віленскіх згуртаванняў моладзі перашкодзіла больш цесным іхнім сувязям. Можна смела сказаць: калі б Таварыства філаматаў не было ліквідавана царскімі ўладамі, яно знайшло б спосаб падтрымаць паўстанне на Сенацкай плошчы Пецярбурга ў снежні 1825 года. Зрэшты, тыя з філаматаў, якім удалося выбавіцца з кіпцюроў царскіх паслугачоў і пазбегнуць турмы і высылкі «ў аддаленыя губерні Расіі», і праўда падтрымалі выступленне дзекабрыстаў. Адзін з іх, блізкі сябар Тамаша Зана, Яна Чачота і Адама Міцкевіча філамат Міхал Рукевіч прычыніўся да выступлення раскватараванага на Беласточчыне Літоўскага асобнага корпуса царскіх войск супроць самога Мікалая ў тым жа снежні 1825 года, яскрава выказаўшы гэтым самым сваю салідарнасць з рускімі рэвалюцыянерамі. І, відаць жа, нездарма адбываў філамат-дзекабрыст Міхал Рукевіч ссылку ў Сібіры разам са сваімі рускімі сябрамі па няволі Мікітам Мураўёвым, Сяргеем Валконскім, Сяргеем Трубяцкім, братамі Бястужавымі. Дарэчы, дзякуючы М. А. Бястужаву захаваўся зроблены ім у ссылцы партрэт нашага славутага земляка.
Тамаш Зан быў галоўным арганізатарам радыкальных згуртаванняў моладзі ў Вільні. Якраз ён разам з Адамам Міцкевічам і Юзафам Яжоўскім быў ініцыятарам стварэння Таварыства філаматаў, якое стала ядром усіх іншых прагрэсіўных арганізацый на Беларусі. Ён жа арганізаваў і больш шырокае, разгалінаванае згуртаванне — Таварыства прамяністых (тых, хто быццам бы выпраменьвае высокую духоўнасць), легальную арганізацыю, якую неўзабаве ён змушаны быў пераўтварыць у тайную пад назвай Таварыства філарэтаў (сяброў дабрачыннасці), стаўшы яго кіраўніком (прэзідэнтам). Ад першапачатковай назвы гэтага таварыства, якую Тамаш таксама прыдумаў сам, яго празвалі «архіпрамяністым» (самым прамяністым). Тамаш Зан быў сапраўдным кумірам моладзі, якая заўсёды хінулася да яго, брала з яго прыклад мужнасці, арганізаванасці. Ён мэтанакіравана рыхтаваў моладзь да будучай бітвы з царскім самаўладдзем, за вызваленне роднай яму Беларусі ў рамках былой Рэчы Паспалітай ад дэспатызму.
Пра ролю Тамаша Зана ў згуртаванні прагрэсіўных сілаў грамадства Беларусі і Літвы, пра тое, якую вялікую надзею ўскладвала на яго як свайго прызнанага лідэра перадавая моладзь краю, выразна кажа Ян Чачот у вершы «У дзень урачыстасці ў гонар Тамаша Зана 29 мая 1821 года»:
Не трэба тужыць... Новай славы праменне Азорыць яшчэ нашых прадзедаў цені — Хай знаюць, што й сёння іх родныя нівы, Дзе колісь паказвалі мужнасці дзівы, Усё ж нараджаюць сыноў яшчэ годных... Да дзеяў рыхтуемся высакародных Мы сёння, дух будзячы ўсюды ў краіне — Хоць цемра навокал, усё ж ён не згіне... О брацці! Нам Заўтра шчаслівае ззяе! Яго перад намі Тамаш расчыняе. Ён першы, яго паказаўшы ясноты, Павёў нас да славы дарогаю цноты — Мы з ім палюбілі свой гурт і ў забавах Задумалі разам вялікую справу...*Сенатар Мікалай Навасільцаў, якога царскія ўлады прыслалі ў Вільню для расследавання дзейнасці тайных арганізацый, адразу ўбачыў у асобе Тамаша Зана самага актыўнага завадатара моладзі, надзвычай небяспечнага для рэжыму рэвалюцыянера. У рапарце ў Варшаву царскаму намесніку вялікаму князю Канстанціну ён даносіў, што якраз Тамаш Зан быў заснавальнікам прадстаўнічага Таварыства філарэтаў, «тайнай мэтай» якога мелася быць «рэвалюцыя ў думках». І нездарма ж складзеная самім царом Аляксандрам І камісія, у якую ўвайшлі сенатар Навасільцаў, міністр асветы Шышкоў і генерал Аракчэеў, самы суровы прысуд з усіх двухсот пакараных філарэтаў вынесла якраз яму, Тамашу Зану, «як стваральніку і кіраўніку ўсяго таварыства»: цэлы год крэпасці ў Арэнбургу і пасяленне там без права вяртання на радзіму. Цар Аляксандр І зацвердзіў гэты прысуд.
На працэсе над філаматамі і філарэтамі Тамаш Зан паказаў сапраўдную мужнасць і высакароднасць. Каб выгарадзіць сваіх сяброў па арганізацыі, ён усю віну за яе дзейнасць узяў на сябе. Вельмі добра расказаў пра гэта Адам Міцкевіч у сваіх славутых «Дзядах», дзе побач з іншымі філаматамі намаляваў прывабны вобраз Тамаша Зана пад яго ж імем. Вось якія словы ўкладае вялікі паэт у вусны Тамаша (падаю іх у перакладзе на рускую мову В. Левіка):
Один лишь путь у нас к спасенью остается: Кому-то на себя принять вину придется И, выручая всех, погибнуть одному. Я в нашем обществе главою был, а значит, Я должен пострадать за вас, мои друзья...І ён свядома, без нараканняў пайшоў на гэтыя пакуты. Уяўленне пра роспачны, змрочны настрой зняволенага і выгнанніка, адарванага ад радзімы, ад родных і блізкіх, пра безвыходнасць яго становішча можа даць напісаны Занам у 1825 годзе ў крэпасці верш «Выгнаннік»:
Каму тут свой выказаць смутак? Хто згаслую верне надзею? Трывожна і цяжка чаму так На сэрцы? Хто хмары развее? Няма ні сястры тут, ні брата. Мая ты найлюбая, дзе ты? Ад вас, родных ніў, перакатаў Мяне аддзяляе паўсвету... Бязмоўе. Для вока, для вуха Усё тут няміла, ў чужыне. З кім словам абмовіцца? Глуха. Адзін між чужых — бы ў пустыні. Ды не без сваіх і край свету: Тут друга, здараецца, бачу. Ён гэткі ж выгнаннік, ён гэту ж Тут кару нясе, так жа плача. Сляза тут у хвалі Урала Спадзе, і яны будуць несці Яе не да родных прычалаў, А ў мора Хвалынскае дзесьці. Хто ўздых тут мой цяжкі пачуе? Ледзь вырвецца ён, як завея Падхопіць яго, завіруе, Па стэпе татарскім развее. Я тут падуладны буранам. Навее ўспаміны мне хмара. Былое маё — за туманам. Жыццё — як далёкая мара*.Але турма і ссылка не зламалі «найпрамяністага». Ён і там, на далёкім Урале, адседзеўшы прызначаны тэрмін у глухіх і халодных турэмных сценах, застаўся верны ідэалам маладосці. Імя Тамаша Зана я нечакана сустрэў на старонках рамана вядомага рускага пісьменніка Эрнста Сафонава «Казенные люди». На аснове знойдзеных на Урале дакументаў Э. Сафонаў расказаў пра ўдзел славутага філамата ў тайнай арганізацыі рускіх рэвалюцыянераў у Арэнбургу, пра шчырую дружбу з яе кіраўніком Пятром Кудрашовым, рускім паэтам, творы якога друкаваліся побач з творамі Аляксандра Пушкіна ў такіх выданнях, як «Вестник Европы», «Календарь муз», «Весенние цветы», «Полярная звезда», «Отечественные записки»...
Пра няскоранасць духу, пра актыўную палітычную дзейнасць у ссылцы Тамаша Зана шмат новых і цікавых фактаў падаў гісторык Валянцін Грыцкевіч у сваёй кнізе «Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна». З яе мы даведваемся, напрыклад, што Зан у 1833 годзе прымаў удзел у змове ссыльных, якія рыхтавалі ўзброенае паўстанне супроць мясцовых улад з тым, каб уцячы потым за мяжу.
Але Тамаш Зан заслужыў нашу пашану не толькі як змагар супроць царскай тыраніі, як будзіцель грамадскага руху за разняволенне. Вельмі вялікая яго роля і ў культуры, перш за ўсё ў нараджэнні на Беларусі новага, прагрэсіўнага літаратурнага напрамку — рэвалюцыйнага рамантызму. Якраз ён, Тамаш Зан, адным з першых звярнуў увагу на народную паэзію, вуснапаэтычную творчасць беларускага народа як на новую, прынцыпова важную крыніцу абнаўлення літаратуры. А зварот да фальклору, як вядома, быў характэрны якраз для паэтаў-рамантыкаў.
Ужо ў студэнцкай камедыі «Грэцкія піражкі», напісанай у 1817 годзе, Тамаш Зан падаў добры прыклад выкарыстання беларускага фальклору, перш за ўсё прыказак і прымавак, характэрных для нашай мовы выслоўяў. Вось некаторыя з іх: «На злодзею і шапка гарыць», «Не адзін Гаўрыла ў Полацку», «Баба з калёс — калёсам лягчэй», «Хто ўкраў парасё, у таго ў вушах пішчыць». Матывы і вобразы народнай творчасці беларусаў бачым мы і ў яго аб'ёмістай паэме «Табакерка» (1818), дзе даволі цікава апісваецца беларускае вяселле, язычніцкае свята Купалле, расказваецца пра русалак, пра розныя звычаі і абрады беларусаў. У тканіну твора аўтар арганічна ўплятае ў сваёй апрацоўцы беларускія народныя паданні. Паводле паданняў нашага народа былі напісаны і найбольш цікавыя Занавы балады — «Цыганка», «Свіцязь-возера» і іншыя.
Гэтыя творы Тамаша Зана разам з баладамі і беларускімі песнямі Яна Чачота сваім уплывам сталі вызначальнымі ў літаратурнай долі іх агульнага сябра Адама Міцкевіча, пра што ўжо не раз адзначалася ў літаратуразнаўстве.
Тамаш Зан, як і ўсе пісьменнікі Беларусі першай паловы XIX стагоддзя, пісаў на польскай мове, якая была мовай тагачаснай літаратуры, усяго нашага справаводства. І ўсё ж такіх польскамоўных пісьменнікаў, прадстаўнікоў беларускай спольшчанай шляхты, як Тамаш Зан, Адам Міцкевіч і часткова польскамоўны Ян Чачот, трэба з поўным правам аднесці да пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння. Перш за ўсё таму, што яны ўпершыню асновай сваіх твораў рабілі вуснапаэтычную творчасць роднага ім беларускага народа, паказалі яе глыбіню, высокую эстэтычную вартасць. Яны скіроўвалі ўвагу грамадскасці на самабытнасць традыцыйнай культуры беларусаў, на адметнасць іх як асобнай нацыі, адным словам, адкрывалі перад шырокім светам цэлы народ, які дагэтуль вельмі ж спрытна «прысвойвалі» больш моцныя суседзі, імкнучыся раздзіраць яго на часткі. Акрамя таго, усе тры названыя паэты выразна праявілі ў шматлікіх творах свой «краёвы» патрыятызм, апяваючы родную «Літву», сілай мастацкага слова ўваскрашаючы яе шматвекавую гісторыю. Яны, можна сказаць, ушчыльную падышлі ўжо і да стварэння ўласна беларускай літаратуры. Першым крокам да гэтага былі іх выказванні аб самабытнасці, аб мілагучнасці і прыгажосці беларускай мовы, да якой усе яны ставіліся з глыбокай павагай і прыхільнасцю. Другі крок — спробы асобных з іх пісаць на гэтай мове, а таксама ўводзіць яе ў канву сваіх польскамоўных твораў.
Інакш кажучы, якраз з польскамоўнымі пісьменнікамі Беларусі першай паловы XIX стагоддзя трэба звязваць нараджэнне новай беларускай літаратуры. Асноўная іх заслуга ў тым, што яны падрыхтавалі для яе глебу, пасеялі першае зерне нашага нацыянальнага адраджэння. Іх творчасць — гэта першапачатковы этап у гісторыі новай беларускай літаратуры, этап, без якога зусім немагчыма растлумачыць увесь працэс яе развіцця. Лічу вялікай недарэчнасцю, што творчасць паэтаў-рамантыкаў, як, дарэчы, і іншых польскамоўных, а таксама лацінскамоўных беларускіх пісьменнікаў мы выключылі з поля свайго зроку, гэтак нядбайна ігнаруем. Яна ж, апрача ўсяго, — наша жывая гісторыя.