Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лісце забытых алеяў

Цвірка Кастусь

Шрифт:

На пасяджэннях філарэты, як і філаматы, чыталі свае навуковыя працы, рабілі агляды айчыннай і замежнай прэсы, вялі дыскусіі па розных пытаннях навукі і грамадскага жыцця. Адной з форм работы Таварыства было правядзенне маёвак, на якія філарэты стараліся прывабіць паболей моладзі, дзеля чаго рабілі ўсё, каб гэтыя маёўкі праходзілі як мага весела і прыгожа. Да іх старанна рыхтаваліся, складалі цэлыя сцэнарыі іх правядзення, пісаліся і развучваліся спецыяльна напісаныя да іх вершы і песні, драматычныя сцэнкі. Часта маёўкі прымяркоўвалі да імянін каго-небудзь са сваіх таварышаў.

Філаматы многа рабілі, каб ствараць філарэцкія філіі і ў правінцыях. Кожны з філаматаў абавязаны быў, выехаўшы на канікулы ў родныя мясціны, весці работу сярод насельніцтва, арганізоўваць тайныя згуртаванні. Тут асабліва праявіў свой арганізатарскі талент філамат Міхал Рукевіч, які стварыў у Беластоку Таварыства згодных сяброў, а ў Свіслачы таварыства «Заране». Міхал Рукевіч знайшоў нават шлях да афіцэраў Літоўскага асобнага корпуса, што быў раскватараваны ў Гродзенскай губерні, і арганізаваў сярод іх таварыства «Ваенныя сябры», якое хутка было выкрыта і разгромлена царскімі ўладамі за спробу ў 1825 годзе, праз дзесяць дзён пасля паўстання дзекабрыстаў у Пецярбургу, сарваць прысягу Мікалаю І.

Да нас няшмат дайшло звестак пра арганізаваныя філаматамі згуртаванні моладзі ў правінцыі, так званыя філіі Таварыства філарэтаў. Тлумачыцца гэта перш за ўсё тым, што ўсе дакументы, звязаныя з імі, філарэты пасля выкрыцця царскімі ўладамі тайных саюзаў моладзі аддалі агню.

Філія Таварыства філарэтаў, відаць па ўсім, была створана і дзесьці паблізу Туганавіч, хутчэй за ўсё ў мястэчку Цырын. Пра гэта ж тут, як-ніяк, было каму паклапаціцца: у Туганавічах падоўгу гасцявалі, прынамсі, чатыры філаматы, ды не простыя філаматы, а самыя завадатары згуртавання — Тамаш Зан, Адам Міцкевіч, Ян Чачот і Ігнат Дамейка, блізкі сваяк Верашчакаў. Калі б уявіць, што каля каменя ў Куце збіраліся на свае сходкі адны толькі яны (што пры іх актыўнасці было зусім немагчыма), то яго, гэты камень, назвалі б няйначай як каменем філаматаў, бо ў першую чаргу Зан, Міцкевіч, Чачот, Дамейка былі філаматамі, а потым ужо філарэтамі...

Вузенькай травяной вулачкай мы выехалі за вёску. Дарога павяла ў нестары беразнячок, з якога ў левым баку прасвечвала свежаўзаранае поле. Далей у лесе засвяцілі чырвонымі камлямі хвоі.

Камень быў з аднаго боку як бы ўсечаны і нагадваў сабою невялікую скалу. Ляжаў ён каля самай дарогі, у падножжы ляснога ўзгорка, што даволі крута ішоў уверх. Так, на гэтым узгорку было вельмі добра наладжваць філарэтам свае сходкі. Тым больш і мясцінка ж зацішная, у баку ад вялікіх дарог, наводшыбе ад вёскі. Прастор і воля!

Праз шмат гадоў пасля гэтых сходак філарэтаў прыехаў да іх каменя з далёкай Украіны выдатны савецкі паэт і акадэмік Максім Рыльскі. Стоячы ў гэтым зацішным яры, слухаючы несціханы пошум старых хвой, ён жыва ўявіў тых высокаадукаваных і эрудзіраваных маладых людзей, якія шчыра і горача кляліся змагацца за свой край, за родны народ, што праз вякі валачыў тут ярмо прыгонніцтва, за волю і роўнасць паміж усімі людзьмі. А ўявіўшы, Максім Рыльскі радкамі свайго санета вярнуў нам той далёкі і смутны час, вярнуў тыя гарачыя сходкі юнакоў-патрыётаў, светлыя воблікі першых нашых вестуноў ачышчальных рэвалюцыйных бур, што пранесліся потым па краі:

Бярозы, сосны, і пясок, і яр, Птушыны свіст, і вецер, і яліны. Зацішна тут. Не дойдзе гук адзіны Да тых шпікоў, што рассылае цар. Віюцца ў высі перламуты хмар, Якіх няма над землямі чужыны... Тут крылле ўзнёс у свой палёт арліны Міцкевічаў палымянёвы дар. Нібы з насення добрага пшаніца, Тут веліч думкі з крозы каласіцца, Тут слова воля гарт дае людзям. Тут, горды верш замысліўшы употай, З прарочым зрокам слухае Адам Прамоўцаў палкіх — Зана і Чачота. (Пераклад У. Дубоўкі)
І БЫЛІ ЯШЧЭ ДАРОГІ...

Мы прайшлі толькі некаторымі сцяжынамі Яна Чачота, тымі, на якіх пазнаваў ён жыццё, якія навучылі яго любіць і ненавідзець, якія выводзілі яго ў людзі, у свет, на дарогу змагання за праўду, за народную долю. Амаль усе гэтыя сцяжыны цесна перапляталіся са сцяжынамі вялікага Адама Міцкевіча, з якім так хораша ступалася па зямлі, так светла і шырока думалася. Сцяжыны роднай Наваградчыны...

Але былі ў Яна Чачота яшчэ іншыя сцяжыны, іншыя дарогі.

Была ў яго біяграфіі Вільня, дзе зноў-такі яму пашчаслівіла ісці поруч з Адамам Міцкевічам, дзяліць з ім усе радасці і нягоды студэнцкага і службовага быцця, сумеснай дзейнасці для дабра радзімы.

Помняць Яна Чачота гулкія калідоры і аўдыторыі Віленскага універсітэта, дзе ён вучыўся і з захапленнем слухаў лекцыі выдатнага польскага гісторыка і грамадскага дзеяча Іаахіма Лялевеля, які пазней разам з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам актыўна ўдзельнічаў у інтэрнацыянальнай Дэмакратычнай асацыяцыі ў Бруселі. Ян Чачот разам з Адамам Міцкевічам былі вельмі блізка знаёмыя з Лялевелем, нават сябравалі з ім.

Недзе ў Вільні (цяперашнім Вільнюсе) па сённяшні дзень хаваюцца тыя будынкі, дзе кватараваў колісь Ян Чачот, часам удвух з Адамам Міцкевічам, і дзе застыла ў сценах рэха галасоў маладых патрыётаў, іх гарачых спрэчак.

Пашукаўшы, можна знайсці тут і дом Шымана Малеўскага, рэктара універсітэта, дом, дзе былі шырока адкрыты дзверы для філаматаў, у дружную сям'ю якіх уваходзіў і сын гаспадара — Францішак. Гэты дом быў асабліва дарагі для Яна Чачота, бо жыло ў ім яго самае светлае і чыстае каханне — маладая, гожая, вельмі грацыёзная Зося Малеўская, адна з дзвюх Францішкавых сясцёр, якая так хораша і міла іграла на фартэпіяна, зачароўваючы — і ігрой, і сабою — усіх сяброў-філаматаў. Ян Чачот напісаў Зосі Малеўскай — ні многа ні мала — сто песень, многія з якіх яна выконвала, як падказваў аўтар, на матывы народных, часцей за ўсё беларускіх, песень...

А ў ваколіцах Вільні, магчыма, і цяпер раскашуе той зацішны бярозава-ясеневы гай, дзе любілі збірацца на свае вясёлыя сходкі філаматы і філарэты, уся віленская моладзь і дзе Ян Чачот выступаў са сваімі дзёрзкімі антыўрадавымі вершамі, якія знаходзілі ў маладых сэрцах самы гарачы водгук. Гэты гай віленская моладзь празвала Янавым, або Чачотавым. Цікава, ці захавалася гэта назва сёння?

Тут, у Вільні, сярод іншых даўнейшых камяніц высіцца базыльянскі кляштар, той самы кляштар, які ў 1823 годзе царскі паслугач Навасільцаў ператварыў у турму, куды былі кінуты члены выкрытых ім тайных згуртаванняў моладзі — Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Антон Слізень, Адам Сузін, Юзаф Яжоўскі, Юзаф Кавалеўскі, Фелікс Кулакоўскі, Ян Сабалеўскі, Тэадор Лазінскі, Ануфры Петрашкевіч, Мікалай Казлоўскі і іншыя. Ідэйнаму кіраўніку філаматаў прафесару універсітэта Іаахіму Лялевелю ўдалося вырваць з турмы толькі Адама Міцкевіча, якога ён узяў на парукі і які тым не менш наведваў там сваіх сяброў. Але і Адам Міцкевіч не пазбегнуў высылкі з «заходняга краю» ў Расію. Яго разам з Янам Сабалеўскім, Юзафам Яжоўскім, Францішкам Малеўскім адправілі на першым часе ў Пецярбург. Самы суровы прысуд быў вынесены сенатарам Навасільцавым Тамашу Зану, Яну Чачоту і Адаму Сузіну — турма і ссылка. Адам Міцкевіч, як расказваюць, доўга плакаў, даведаўшыся аб гэтым жорсткім прысудзе тром яго сябрам. Галоўнае, у чым абвінавачвалі Яна Чачота, было тое, што ён «у вершах і прамовах выказваў шкодныя намеры».

Такім чынам, была ў біяграфіі Яна Чачота і ссылка. Многа доўгіх гадоў пакут і выпрабаванняў. Спачатку яго завезлі на Урал, у гарадок Кізіл, дзе, згодна з прысудам, пратрымалі шэсць месяцаў у «крэпасці». Пра тое, колькі яму давялося там перажыць, відаць з яго пісем. Вось як пісаў ён з Кізіла ў кастрычніку 1825 года Ануфрыю Петрашкевічу і Юзафу Завадскаму: «Усю зіму аж да 15 мая я пражыў у халаднейшай за Сібір абвахце, заўсёды з салдатамі перад вачамі і з рознымі каравульнымі, якія забруджвалі мой пакой сваім тытунём і размовамі. У гэтай дзіравай і недагледжанай хованцы часам быў такі жахлівы холад, што я змушаны быў сядзець тут адзеты, як у павозцы — у кажуху, паліце, цёплых ботах, рукавіцах і шапцы. Я так замярзаў колькі разоў, што не ведаю, як яшчэ не захварэў — калі б не ўнутранае цяпло, можна б было ператварыцца ў лёд. Схаваныя рукі былі ўсё роўна застылыя, гэтак жа сама і душа. Так што, мой пане Завадскі, пра тое, каб пісаць, і ў галаве не было. А да ўсяго гэтага не па-людску да мяне тут аднесліся... Губернатар, кузіна якога тут замужам за камендантам, на пытанне, ці можна мне пісаць да бацькоў, загадаў — ці не з любові да сваіх? — каб у мяне ні пяра, ні чарніла, ні паперы не было. Тут жа загад быў даведзены да дзяжурных. Мне і раней перашкаджалі пісаць дадому розныя фармальнасці, а цяпер я зусім пазбавіўся гэтай адзінай прыемнасці — пісаць, што мроіцца. Зрэшты, на такім халодным гарызонце і сярод усялякіх прыкрасцяў ні пра што асаблівае не мроілася — такое прыніжэнне было вельмі прыкрае і ўсякую ахвоту што-небудзь грымзоліць адбіла...» З Кізіла Яна Чарота выслалі ва Уфу. Беларускі гісторык Валянцін Грыцкевіч знайшоў у Цэнтральным дзяржаўным архіве Башкірскай АССР, у фондзе Арэнбургскага грамадзянскага губернатара за 1824-1830 гады, цікавыя звесткі аб знаходжанні Яна Чачота ва Уфе. Ёсць там, напрыклад, такі запіс: «Студэнт Іван Фадзееў сын Чачот — перайменаваны ў канцылярыста ў мінулым 1828 годзе ліпеня з 14 дня, знаходзіцца на кватэры і працягвае служэнне ў канцылярыі пана Арэнбургскага губернатара, займаецца пісьмаводствам і ад казны ўжо ніякага жалавання не мае, а атрымлівае адпаведна працы грошы».

Поделиться с друзьями: