Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Ад даўняй сядзібы Верашчакаў у Туганавічах цяпер застаўся толькі во гэты стары апусцелы парк. Леў Паўлавіч, які некалі, будучы супрацоўнікам музея Адама Міцкевіча ў Наваградку, клапаціўся аб захаванні парку, адразу ж падвёў мяне да той зялёнай палянкі, дзе стаяў некалі памешчыцкі дом. Ад яго засталіся толькі рэшткі зарослага травой падмурка: дом згарэў яшчэ ў першую сусветную вайну. Недалёка адсюль мы ўбачылі дзве невялікія затравелыя ўпадзіны. Гэта ўсё, што засталося ад тых дагледжаных некалі прыгожых ставоў, якія так хораша апісаў Адам Міцкевіч у «Пане Тадэвушы»:
А від сапраўды быў прыгожы, маляўнічы! Ставы два пахілілі да сябе абліччы, Як пара закаханых: правы быў глыбокі, Без траваў, чысты, гладкі, як дзяўчыны шчокі, А левы чуць цямнейшы, як твар маладога, З загарам і пушком абсыпаны нямнога. Пяском залачоным свяціўся злёгку правы, Як ясным воласам, а левы кучаравы, Лазой наежаны і вербамі чубаты, Абодва зелені вянком былі абняты... (Пераклад П. Бітэля)— А цяпер паглядзім альтанку Марылі, — сказаў Леў Паўлавіч, кіруючыся да высозных ліп, што выглядалі з-за маладога пад леска.
Альтанка ў Туганавіцкім парку мне вядома была з кніг Міцкевіча і пра Міцкевіча. Гэта ж у ёй, у той альтанцы, і сустракаўся малады, тады яшчэ нікому не вядомы Адам Міцкевіч з Марыляй Верашчакай, тут, у схове густой лістоты, пад неўтаймаванае цёхканне салаўя, вялі яны свае размовы, праседжваючы да позняй ночы...
Што значыла для Адама Міцкевіча гэта альтанка, відаць з маналога Густава, героя «Дзядоў», вуснамі якога выказаў паэт сваё перажыванне ад запозненай сустрэчы з Туганавічамі:
...Быў я і ў садзе, асеннім, бязлістым, Такім жа, як колісь, вечарам, светлым і чыстым. Гэтак жа сама хмары цямнілі нябёсы, Той жа месяц асвечваў на купінах росы, Тым жа снежным сяйвом поўніў туман прасторы, Тыя ж у небе танулі халодныя зоры, Убачыў тады я і ззянне зорачкі ўсходняй — Яна, тая зорачка, свеціць мне й сёння. Зноў пёк мае грудзі той жа агонь гарачы. Усё тут было, як даўней — толькі яе я не ўбачыў! Іду да альтанкі... Чую пошум якісьці. Мо яна? Не! То вецер прабег жаўталісцем. І зноў цішыня. Дрэвы стаяць паныла. Альтанка! Майго шчасця калыска й магіла...*Можна зразумець таму, з якім душэўшым хваляваннем падыходзілі мы да гэтай альтанкі. Яе ўтварылі пасаджаныя роўным кружком ліпы, якія спляліся ўверсе ў суцэльную жывую страху. Толькі што гэта? Адна з шасці ліп альтанкі Марылі, гэтай «калыскі і магілы» Міцкевічавага шчасця, ляжала распасцёртая на зямлі, падмяўшы пад сябе кусты і дрэўцы маладога падлеска. Толькі высокі пашчапаны пень бялеў на яе месцы. Так, аджыла свой век, не ўстаяла перад магутнымі хвалямі буры, якая, відаць, нядаўна пранеслася тут. Другія ліпы альтанкі таксама ўжо былі блізкія да гэтага ж.
Мы моўчкі глядзелі на такі бязлітасны разбой прыроды. Цяжка было звыкнуцца з думкай, што на зямлі ўжо не будзе гэтага жывога сведкі натхнення вялікага паэта, гэтага непаўторнага помніка генію сусветнай літаратуры.
Успамінаючы ў эміграцыі пра гэтыя ліпы альтанкі, Адам Міцкевіч, звяртаючыся да іх, пісаў:
Родныя дрэвы! Калі неба дазволіць, Каб да вас я вярнуўся, сяброў маіх верных, Ці знайду яшчэ вас! Яшчэ вы жывыя?Упершыню — праз сто пяцьдзесят гадоў пасля таго, як пісаліся гэтыя радкі, — можна з жалем адказаць паэту, што яго «родныя дрэвы» ўжо не ўсе жывыя, што яны пачынаюць падаць ад старасці.
Калі мы вось так, прыгорбіўшыся, стаялі перад зялёным яшчэ, але ўжо мёртвым дрэвам, да нас незаўважна падышоў малады хлопец і таксама стаў побач.
— Бачыце, што робіцца, — паказаў ён вачыма на зламанае дрэва. — Гіне альтанка Марылі...
Хлопец — гэта быў Мікола Бобрык, з суседняй Паланечкі, дзе ён робіць тэхнікам-механікам, здаецца, у бальніцы — прыехаў сюды спецыяльна паглядзець міцкевічаўскія мясціны. Ён быў тут яшчэ малым: яго прывозіў сюды бацька, просты калгаснік, каб паказаць свайму сыну Туганавіцкі парк і камень філарэтаў, пра якія ведаў з твораў Адама Міцкевіча.
Паглядзець міцкевічаўскія і філаматаўскія славутасці прывёз сюды Мікола і сваіх таварышаў — мы ўбачылі іх каля машыны з чырвоным крыжам, што стаяла за дрэвамі, на дарозе.
Мікола шчыра трывожыўся за долю альтанкі і пытаўся ў нас, што можна зрабіць, каб захаваць яе.
І праўда, што можна тут зрабіць? Як перахітрыць прыроду? Мо падсаджваць на месцы палеглых дрэў новыя? Нешта трэба б прыдумаць абавязкова, каб і новыя пакаленні людзей маглі сваімі вачыма ўбачыць жывыя памяткі творчай біяграфіі геніяльнага паэта, прычасціцца да тайны вялікай паэзіі. Думаецца, альтанку, як і ўвесь Туганавіцкі парк, ды і ўсё, што звязана тут з Імем Адама Міцкевіча і іншых філаматаў, маглі б узяць пад сваю апеку вучні Цырынскай сярэдняй школы, якая зусім побач, — каб па-сапраўднаму ўшанаваць і зберагчы гэтыя «міцкеві чаўскія рэаліі».
За Туганавіцкім паркам амаль адразу пачыналася вёска Карчова. Мы пад'ехалі сюды, каб распытаць дарогу ва ўрочышча Кут, да камення філарэтаў.
Сухаватая жанчына з поўным капуснага лісця драцяным кашом на сагнутым локці рукі закінула другую, незанятую руку паўзверх дашчаных варотцаў, мерачыся адкінуць на тым баку зашчапку.
— Цётка, пачакайце трошкі... — паспяшаўся я да жанчыны.
Яна адняла назад руку, з цікавасцю паглядзела на мяне і Льва Паўлавіча, які таксама ішоў за мной раз'езджанай машынамі вуліцай вёскі.
Калі я папрасіў яе паказаць дарогу ў Кут, яна перапытала:
— Туды, дзе камень філярэтаў?
— Ага, туды, — здзівіўся я гэтакай яе здагадлівасці. — Але чаму вы думаеце, што нам трэба якраз гэты камень?
— Ды многія ж туды едуць... Да каменя...
Мы папыталіся ў жанчыны, чаму ён так называецца, той камень.
— Ды колісь нейкія філярэты збіраліся там на маёўкі... А што гэта былі за яны, дык я і не ведаю...
Ну што ж, нам было даволі і гэтага: мы даведаліся, што памяць пра «філярэтаў», як вымаўляла жанчына, і сёння — праз столькі часу — жыве, аказваецца, сярод людзей.
Толькі чаму назвалі камень якраз імем філарэтаў, а не філаматаў?
Як вядома, спачатку ў Віленскім універсітэце ўзнікла Таварыства філаматаў — сяброў навук. Яго ўтварылі ў 1817 годзе Тамаш Зан, Адам Міцкевіч і Юзаф Яжоўскі, якія ўвялі ў яго яшчэ трох студэнтаў. Паколькі розныя згуртаванні, тым больш тайныя, строга забараняліся царскімі ўладамі, філаматы былі вельмі асцярожныя ў падборы новых членаў. Выбіраліся толькі надзейныя і здатныя да навук, да літаратурнай творчасці студэнты. Таму Таварыства філаматаў было нешматлікай арганізацыяй. За ўвесь час свайго існавання ў яго ўваходзіла толькі дзевятнаццаць чалавек. Найбольш вядомымі з іх, апроч названых вышэй, былі Ян Чачот, Ануфры Петраш кевіч, Францішак Малеўскі, Дзіянісій Хлявінскі, Дамінік Ходзька, Казімір Пясецкі, Ян Сабалеўскі, Ігнат Дамейка, Міхал Рукевіч. У 1818 годзе Таварыства было падзелена на два аддзелы: І — літаратуры і маральных навук, ІІ — фізічных, матэматычных і медыцынскіх навук. Першапачатковай мэтай Таварыства было, як пісалася ў статуце, маральнае ўдасканаленне і ўзаемадапамога ў набыцці адукацыі. Але ўжо ў новым, прынятым у 1818 годзе, статуце мэта Таварыства пашыралася. Апрача «ўласнага самаўдасканалення», філаматы павінны былі садзейнічаць «па меры мажлівасці ўсеагульнай асвеце», рыхтуючы гэтым самым грамадства да змагання з царызмам. Дзеля пашырэння сваіх ідэй філаматы стварылі больш прадстаўнічую арганізацыю — напаўлегальнае Таварыства «прамяністых», якое хутка было рэарганізавана ў тайнае Таварыства філарэтаў — сяброў дабрачыннасці. Таварыства філарэтаў складалася з чатырох аддзелаў — фізіка-матэматычнага, юрыдычнага, літаратурнага і медыцынскага. Два першыя, акрамя таго, падзяляліся яшчэ на асобныя саюзы. Кіраўнікамі ўсіх гэтых падраздзяленняў філарэтаў былі ў асноўным члены Таварыства філаматаў, якое стаяла на чале арганізацыі, з'яўлялася яе ядром. Напрыклад, літаратурным аддзелам, у які ўваходзіў толькі адзін саюз пад назвай «Блакітны», кіраваў Ян Чачот. Сярод 26 членаў гэтага аддзела мы бачым імёны вядомых у свой час літаратараў, грамадскіх дзеячаў — Аляксандра Ходзькі, Дамініка Ходзькі, Ежы Ягелы, Руфіна Юндзіла, Юзафа Кавалеўскага, Фелікса Кулакоўскага, Мікалая Казлоўскага, Міхала Кулешы, Антонія Эдуарда Адынца, Людвіка Папроцкага, Яна Вернікоўскага, Тамаша Зана, Міхала Данейкі, Тамаша Красоўскага, Францішка Левандоўскага, Тамаша Масальскага, Тэадора Мілакоўскага, Ігната Станкевіча, Тадэвуша Зялінскага. Агульнае кіраўніцтва Таварыствам філарэтаў было даручана Тамашу Зану, які лічыўся яго прэзідэнтам.