Лісце забытых алеяў
Шрифт:
— Няма ў нас цяпер сапраўдных пісьменнікаў, — катэгарычна заяўляе шафёр. — Такіх, як Пушкін, Лермантаў.
— Як гэта няма? — падхопліваецца жанчына з санстанцыі.
— Ну, хто? Назавіце...
— Хаця б Шолахаў...
— Ну, дапусцім... Л яшчэ?..
— Юрый Герман...
— А Роберт Раждзественскі, Эдуард Асадаў? — падымае ад кніжкі вочы студэнтка з Далёкага Усходу. — Чым дрэнныя паэты?
Шафёр толькі ўсміхаецца: не пераканалі.
Я таксама ўмешваюся ў гаворку: мне здалося, што ў шафёра свой густ, свой падыход да літаратуры. Называючы асобных, найбольш выдатных, на маю думку, пісьменнікаў, стараюся давесці, што нашай — як усесаюзнай, так i беларускай — літаратуры ўсё ж ёсць чым ганарыцца.
Але шафёр стаіць на сваім:
— Усё гэта не тое...
Мы пачынаем падазраваць, што ён проста нічога не чытае, а спрачаецца толькі каб падражніць нас, i пераводзім гаворку на другую тэму.
Я больш слухаю. I то не з увагаю — пятае цераз дзесятае. Я жыву ўжо сваім далейшым падарожжам. Каб даведацца, як дабірацца ў Дзякавічы, іду па аўтастанцыю. У дыспетчарскай сказалі: трэба ехаць да вёскі Абоз. Аўтобус «Любань — Абоз» ідзе роўна ў 9 гадзін раніцы. Як ехаць далей — не ведаюць. Можа, спадарожнымі. Машыны там хадзіць павінны, бо ў Абозе, хоць вёска i Любанскага раёна, — Жыткавіцкі леспрамгас. Леспрамгас? А можа, гэта якраз тое, што мне трэба? Хто ж лепей ведае лес, як не работнікі лесу? Ну, што ж, астаецца толькі добра адпачыць перад дарогай.
Вечарам загадчыца гасцініцы ўсё-такі нас усіх парастасоўвала — каго ў нумар, каго на калідор, каго ўладкавала проста на прыватнай кватэры непадалёку. Нават вясковаму дзядзьку з малым хлопчыкам знайшлося месца па раскладушках на калідоры. Дзядзька быў вельмі давольны: раскладушкі — яму i сыну — паставілі побач, галава к галаве. Малы, зашыўшыся над коўдру з падбародкам, пасопваў посам каля самай бацькавай галавы.
Мне знайшоўся ложак у нумары. У пакоі — утульна, халадок. Стол засцелены чыстым беласнежным абрусам. На ім — графін з вадой, шклянка. У калідоры нехта пранёс транзістар. Я ўлавіў голас дыктара: «...У наступныя два дні тэмпература паветра будзе 24-27 градусаў цяпла, вецер умераны. На поўдні Беларусі — кароткатэрміновыя дажджы, часамі з навальніцамі...» Значыць, еду заўтра проста пад дождж...
Раніца была ясная, рэдзенькі туманок (ці мо дым?) слаўся, ужо асвечаны сонцам, па сіўцовых паплавах i канавах. З травы дарожнай абочыны — перад самым носам аўтобуса — узляталі павольныя вароны i чародкі шэрых маладых шпачкоў. Перада мной разгортвалася — старонка за старонкай — найцікавейшая жывая кніга, назва якой «Палессе». Толькі чытай. Праўда, з акна аўтобуса яе не прачытаеш. Гэта толькі перагортванне яе, разглядванне малюнкаў. Каб чытаць яе, трэба пачуць пад нагамі трывалую цвердзь дарогі, халадок травы...
Аўтобус прыпыніўся ў саўгасе «10 год БССР» — тым славутым саўгасе, пра які пісаў у паэме «Над ракой Арэсай» Янка Купала. Шафёр пабег у сталоўку — значыць, аўтобус пастаіць. Я выйшаў на вуліцу размяцца. Абапёрся рукамі на штыкетнік. Па двары тупаў пажылога веку дзядзька. Каля хлява ляжала куча граверу, знятыя з крукоў дзверы, у праёме відаць быў сталярны станок з дзвюх дошчак, стружкі. Дзядзька неўзабаве падышоў да мяне, таксама палажыў на штыкетнік локці. Разгаварыліся. Дзядзька робіць прыбудоўку да хаты, склеп. Але нестае лесу, цэменту... Мы не дагаварылі: да кабіны падышоў шафёр, адчыніў дзверцы. Я хацеў развітацца з дзядзькам, але ён таксама, накульгваючы на адну нагу, накіраваўся ca мной да аўтобуса.
— Дык вы таксама едзеце? I куды?
— Да Абоза.
— Раз так, то давайце, дзядзька, сядзем разам — i я ж да Абоза.
Мусіць, ужо мне трэба, падумаў я, дапытвацца пра тое, дзеля чаго еду. Гэта ж тут недзе пачынаюцца тыя лясы. Буду распытваць усіх, з кім толькі давядзецца загаварыць. Пачну якраз з гэтага дзядзькі. Хай, можа, ён не ведае пра нейкае там урочышча з назвай Хадыка, дык хоць параіць, дзе яго шукаць. Але дзядзька нечакана адказаў:
— Хадыка? Ведаю — была такая веска...
— Як? Веска? I — была?
— ...Яе спалілі немцы.
— Як спалілі? — усё яшчэ не разумею я.
— Як... Не ведаеш, як палілі немцы вёскі. Прыйшлі, сагналі ўсіх у адну хату — i спалілі. I людзей, i вёску.
— I веска называлася Хадыка?
— Хадыка.
Вось як, аказваецца, павярнулася справа з прыгожай, з сівых вякоў легендай. Трагедыя асочніка Хадыкі адступіла раптам недзе на задні план перад навейшай, непамерна большай трагедыяй — вёскі Хадыкі, трагедыяй, так знаёмай кожнаму беларусу.
— Скажыце, а як туды ехаць?
— Гэта — у Даманавіцкім сельсавеце... Лепш за ўсё вам вярнуцца назад, у «10 год БССР». Адтуль на Даманавічы ідзе аўтобус.
Аўтобус скакаў цяпер па тоўстых каранях, што перапляталі дарогу. Аб вокны шаргацелі калючыя сасновыя галіны, білі шышкамі. Усё ж у мяне было жаданне вылезці i пайсці назад, у «10 год БССР», каб хутчэй трапіць на месца тых дзвюх трагедый. Але чаму назад? У Сыракомлі ж ясна сказана: Хадыка — у акружнасці Дзякавіцкіх лясоў.
— Дзядзька, дык веска была не ў Дзякавіцкіх лясах?
— Не, у Даманавіцкіх.
Можа, гэта зусім не тое месца, якое я шукаю. Тым больш, што Хадыка, як сведчыць легенда, толькі невялічкая палянка ў лесе. Значыць, каб высветліць гэта, трэба ўсё ж з'ездзіць у Дзякавічы.
— A з Дзякавіч я дабяруся да Даманавіч?
— Не ведаю, аўтобусы там не ходзяць. Гэта — другая вобласць...
Усё ж я вырашыў канчаткова — паеду спачатку ў Дзякавічы. А там відаць будзе. Спяшацца тут няма чаго, час пакуль што ў мяне ёсць.
Мінулі лясную вёску Забярэзнік, i вось, нарэшце, канцавы пункт — Абоз, таксама сярод лесу. Веска Абоз разам з назвай узнікла нядаўна, пры Савецкай уладзе. Недалёка адсюль быў леспрамгас у вёсцы Пасталы. На месцы ж цяперашняй вёскі Абоз раней была стаянка коней, якімі тралявалі да Пасталоў лес, іншымі словамі — тут быў абоз. Ён i даў назву вёсцы, якая наўзабаве тут утварылася. Да гэтага ж тут, на лясной палянцы, быў хутар, у ім жыў нейкі Жыцька, якому (гэта было яшчэ да рэвалюцыі) пан за добрую службу даў тры гектары зямлі з лесам: карчуй i жыві сабе. Жыцька абжыўся тут.
Пра ўсё гэта мне расказаў той жа дзядзька, з якім я ехаў i які разам ca мною сышоў у Абозе. Дабіраўся ён да свайго брата, лесніка, які жыве ў вёсцы Буда — два кіламетры ад Абоза (ці не расстарацца лесу?). Каб трапіць у Дзякавічы, мне таксама трэба было ісці да Буды — адтуль могуць быць машыны. Ды, кажуць, i аўтобус раз у суткі ідзе на Жыткавічы. Нам ізноў было па дарозе. Але, перш чым ісці ў Буду, я з дзядзькам зайшоў у кантору леспрамгаса— можа, туды, у Жыткавічы, ідзе якая машына. Але ў канторы толькі сядзела за лічыльнікамі жанчына. Hi начальства, ні машын цяпер тут не было — усе ў лесе. Можа, гэта i лепей — пойдзем да Буды пеша.
Ішлі вузенькай, але добра ўбітай лясной сцежкай. Паабапал віліся, у тым жа кірунку, другія сцежкі — каровіныя. На купінах ля самых ног ciнeлі на зялёных галіначках ягадніку спелыя чарніцы — толькі нагінайся ды кладзі ў рот. I я з асалодай смакаваў халаднаватыя ягады. Дзядзька ж на ix i не глядзеў — тут гэта, відаць, не навіна.
— Што ў вас з нагой, дзядзька?
Я папытаў i з няўпэўненасцю паглядзеў на яго: можа, пытанне нетактоўнае? Але дзядзька, памаўчаўшы, адказаў як бы з неахвотай: