Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Але вернемся ў бібліятэку. Да стала падышла маладая дзяўчына з сімпатычнымі ямачкамі на шчоках — абмяняць кнігі.
— Ну, ну, што чытаюць смольгаўскія дзяўчаты? — як бы між іншым, пытаюся я, заглядваючы, якія кнігі запісвае бібліятэкарка.
— А вось паглядзіце, — працягвае Марыя Кузьмоўна картку.
Папытаўшы дазволу ў дзяўчыны, гартаю лісткі. «Вецер у соснах», «Основы земледелия», «Детская болезнь левизны в коммунизме» , «Руководство для растениеводства», «Основы политических знаний», Ясенін, «Математика», Бруна Ясенскі, Стэфан Цвэйг, Брэт Гарт, Пецёфі...
— Мяркуючы па кнігах, вы — студэнтка. Адгадаў?
— Не зусім, — смяецца дзяўчыпа. — Я працую ў калгасе. Вучуся завочна. У Горацкай акадэміі.
— I не сумна тут, у вёсцы?
— Наадварот, Смольгава мне падабаецца.
Дарэчы, чаму Смольгава? Я звярнуў увагу, што i ў раённай газеце так пішуць. Між тым, бібліёграфы Сыракомлі пісалі Смольгаў (i як варыянты — Smolk'ow, Smolk'ow). Як жа правільна? На вуліцы я прыпыніў старую жанчыну. Яна аказалася старажылам вёскі. Вольга Іванаўна Масальская. Ей, як яна сказала, пайшоў «восьмы дзесятак». На пытанне, як старыя завуць вёску, адказала так:
— Заўсёды называлі вёску толькі Смольгаў. Колькі я помню — Смольгаў i Смольгаў. Я не ведаю, чаму гэта цяпер так перакручваюць — Смольгава. Так — няправільна.
У яе голасе я адчуў незадаволенасць.
Значыць, гэта час змяніў, «абкатаў» назву. Так, як мора абкатвае камяні.
Але ці толькі час? Вельмі часта i ў нас саміх праяўляецца гэты неадольны сверб — мяняць, «прыхарошваць» геаграфічныя назвы. Пры гэтым мы забываем, што кожная пазва вёскі, горада, ракі, возера, нават малога ручая — гэта своеасаблівы гістарычны помнік. Многія з назваў узніклі вельмі даўно, яшчэ задоўга да ўзнікнення пісьма, i з'яўляюцца адзінымі моўнымі сведкамі далёкіх часоў. Аналізуючы ix, чытаючы гэтую «мову зямлі», вучоныя вельмі шмат могуць даведацца i расказаць нам пра далёкае мінулае нашай бацькаўшчыны, пра тое, якія народы засялялі яе ў самыя розныя эпохі, пра гаспадарку, заняткі, культуру, мову нашых далёкіх продкаў.
Археолагі ва ўсіх канцах свету перакопваюць сёння горы зямлі, каб адшукаць у яе глыбіні маленькі гліняны чарапок. Кожны такі чарапок старанна ачышчаюць ад пылу, фатаграфуюць, беражліва пераносяць у кабінеты вучоных, у музеі. Ён — дарагі сведка мінуўшчыны. Можа, гэта якраз той ключык, які адамкне дзверы ў непазнаны дагэтуль дзівосны свет.
Гэтакія ж сведкі далёкіх тысячагоддзяў i геаграфічныя імёны. I чым лепш яны захаваюцца, чым меней будуць зменены, «адшліфаваны», тым больш каштоўным матэрыялам будуць яны для навукі. Да таго ж, на ix адшуканне не трэба траціць столькі сродкаў, працы, колькі траціцца на археалагічныя раскопкі. Геаграфічныя імёны на паверхні. Ix трэба толькі зберагаць.
У Смольгаве ніхто, каго я ні пытаў, не адказаў мне, адкуль узялася назва вёскі. А яна ж пра нешта расказвае, гэтая назва. Расказвае кожны дзень, ужо не адно стагоддзе. А мы ўсё не разумеем. Можа яна расказвае пра тое, што калісьці, магчыма, некалькі вякоў назад, нехта тут смоль гнаў? Гэта толькі мае асабістае, неабгрунтаванае меркаванне. А знойдзецца ж даследчык, які, магчыма, дакажа гэта. I, даказаўшы, раскрые цэлую старонку ў жыцці народа, невядомую нам сёння.
Мы з Дарожкам абышлі ўсю вёску. Я папрасіў яго сфатаграфаваць агульны яе выгляд, але веска была такая раскіданая, што ніяк не ўлазіла ў аб'ектыў. Дарожка палічыў, што трэба зняць хоць вуліцу з асобнымі, вядома, лепшымі, дамамі, пераважна цаглянымі (там сапраўды ёсць такія). Але як ён ні прымяраўся, добрага краявіду не мог выбраць. Дарожка сігануў цераз плот, пачаў пстрыкаць фотаапаратам адтуль. Але яшчэ загвоздка — вуліца была бязлюдная, усе якраз у полі. Пустую вуліцу здымаць нецікава. Дарожка знайшоў трох хлапчукоў. Двух пасадзіў на лаўку, трэцяга паставіў перад імі: «Гавары ім што-небудзь ды руку выцягні ўперад». Хлопчык ненатуральна выцягнуў руку i так — у напружанні — трымаў яе, пакуль Дарожка не закончыў фатаграфаваць. Ужо калі я вярнуўся ў Мінск, ён прыслаў мне здымкі. Вось i той хлапчук, што трымае (i як яму не балела?) ненатуральна выцягнутую перад сабой руку. У пісьме Дарожка папісаў: «Мусіць, чаго нам хацелася, не дасягнулі».
Дарэчы, веска Смольгаў, як я даведаўся з кнігі С. Александровіча «Па слядах паэтычнай легенды», цікава яшчэ тым, што гэта ж тут, аказваецца, была тая жаданая «новая зямля», пра якую так марыў Miхал — бацька Якуба Коласа, прататып выдатнай паэмы. На гэтую зямлю, якую з такой цяжкасцю давялося купіць у Хадыкі («ядзяць ix мухі з камарамі!»), так i не перабралася сям'я Міхала, хоць Антось i прыязджаў яе засяваць. Яна назаўсёды засталася ў паэме як сімвал неажыццявімай пры панскім ладзе мары хлебароба аб вольным жыцці. Па сутнасці, у паэме Якуба Коласа «Новая зямля» ідзе гаворка пра зямлю, якую ў першай чвэрці мінулага стагоддзя арандаваў Аляксандр Кандратовіч i на якой нарадзіўся Сыракомля.
Таму, ходзячы па вуліцах i сцежках Смольгава, я з падвоенай увагай глядзеў на магутныя дрэвы прысадаў, на шырокія хвалі неспакойнага жытнёвага мора, што налівалася i спела пад шчодрым ліпеньскім сонцам, па чыстыя асфальтаваныя дарогі, па якіх няспынна спавалі машыны. Цяпер сапраўды гэта была — новая зямля.
З сівых вякоў. Адрас-Дзякавіцкія лясы. Літаратурная размова. Кніга пад назвай «Палессе». Была такая вёска. Буслянка на воданапорнай вежы. Усе ў Розе. Хмара над возерам. Парада ў старшыні калгаса. Валя i Лёня. Люсін Крым. Прабач, Князь-возера. Агонь i лёд. Партызанскі камісар. Пажар у вачах Хаўронні Іванаўны Хаміцэвіч. Драчова-Драчава. «Ну, та-ата!» Двойчы ўрочышча Хадыка. Сведка мінулага — лес.
Далей мой маршрут ішоў у глыбіню Палесся. Мне даўно рупіла пашукаць там невялікае лясное ўрочышча, якое дало назву аднаму з самых паэтычпых твораў Уладзіслава Сыракомлі, паэме — або, як сам аўтар называў яе, гавэндзе — «Хадыка». У прыпісцы да першай яе публікацыі ў 1848 годзе аўтар паведамляў, што заснаваны твор на народным паданні пра пасеку Хадыка, што на Палессі, у акружнасці Дзякавіцкіх лясоў.
Паэма «Хадыка» ў перакладзе Максіма Лужаніна друкавалася некалькі гадоў назад у «Полымі», потым яна ўвайшла ў кніжку перакладаў выбраных твораў Сыракомлі. Чытачы, напэўна, помняць яе сюжэт. У Слуцкім замку, дзе мясцовы ваявода правіў суд, з'явіўся раптам, расштурхваючы людзей, увесь аброслы, абшарпаны старац. Зняможаны i задыханы, ён упаў перад суддзёй. Аддыхаўшыся, загаварыў праз плач. Ён з Палесся, завуць — Хадыка. Быў асочнікам звяроў, меў у лесе хаціну. Аднойчы паклікаў яго ў двор пан лоўчы i паведаміў, што на паляванне прыбудзе сам Сапега вяльможны («гэта гетман літоўскі, не жарты, васпане»). Трэба асачыць мядзведзяў, абкружыць. «Будзь пільны i жвaвы, — наказваў лоўчы асочніку. — Каб пад кулю яму зверына выбягала...» Але Хадыка, атрымаўшы наперад грошы, загуляў. Калі ж спахапіўся, астаўся адзін дзень да прыезду гетмана, а мядзведзь, як на тое, сышоў з пушчы. I вось: «Трубіць гучна аблава, страляе, гукае», — a мядзведзя няма. Так i паехаў ні з чым гетман, пры гэтым добра аблаяў лоўчага. Лоўчы сваю злосць рашыў спагнаць на асочніку. «Падхапілі мяне, — расказвае стары, — прывязалі да дрэва, лупцавалі гарапнікам з тоўстага дроту, падплываў я крывёю ад панскага гневу». Але не ca слабых духам быў Хадыка. «Меў за дзягай тапор і, хоць вельмі знясілеў, засвяціў між вачэй таму пану абухам». Вядома, што чакала ў той час селяніна, які адважыўся ўзняць руку на пана. Хадыка ўцёк у пушчу. Там, у непраходнай палескай глушы, зрабіў ён сабе ў дупле агромністага дуба бярлогу. У гэтай бярлозе, хаваючыся ад людскога вока, пражыў ён — не многа не мала — трыццаць гадоў. Уся асноўная частка паэмы — гэта паэтычны расказ пра жыццё Хадыкі сярод векавечных лясоў Палесся. Як здабываў ён там ежу; як навучыўся разумець прыроду — птушак, звяроў, дрэвы; як, злавіўшы ў лесе пчаліны рой, памалу развёў цэлую пасеку; як яна, гэтая пасека, праца з пчоламі, памагла яму выжыць у адзіноце столькі гадоў. Пад старасць, расказваецца ў паэме, не вытрымаў Хадыка. Надта ж захацелася яму пабачыць людзей, аблічча якіх пачаў ужо забываць.
«Усіх людзей схапіў бы я ў абдымкі», — расказваў стары. I вось ён — у Слуцкім замку: судзіце... Заканчваецца паэма так:
Не ведаю, які быў дзень той судны, Ды звапары са Слуцка мне казалі, Што ў кляштары памер стары прыблудны, Якога, быццам бы, Хадыкам звалі. ...A між бароў, сярод імшары дзікай, Дасюль вядзецца пасека лясная, Багата дзіў аб ёй апавядаюць I называюць гэтак жа — Xадыка.Прыгожая, чыста беларуская, з сівых вякоў легенда. Нечым падобная на паданне пра Машэку. Але ці існавала сапраўды такая легенда? Можа, гэта толькі прыгожая кветка паэтычнай фантазіі? Усё гэта трэба даказаць. А каб даказаць — неабходна пашукаць легенду. Праўда, з таго часу, як мог чуць яе Сыракомля, прайшло сама меней 122 гады. За гэты час не адно пакаленне людзей змянілася на той зямлі. Але ж народныя паданпі i легенды, як сцвярджаюць фалькларысты, жывуць доўга, яны пераходзяць з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне. Тым больш легенды тапапімічныя. Ba ўсякім разе, хай не сама легенда, то хоць бы назва ўрочышча, ды павінна ж захавацца, калі яно сапраўды існавала. Праўда, адшукаць нейкае маленькае ўрочышча, ды яшчэ ў глухіх бясконцых лясах, мусіць, нялёгкая задача. Нy, a ўсё ж? Адрас жа ў мяне ёсць — Дзякавіцкія лясы.
Дзякавічы я знайшоў на карце. Гэта веска ў Жыткавіцкім раёне. Каля самай большай ва ўсім Палессі блакітнай плямкі з надпісам «Чырвонае» — легендарнага Князь-возера, якое, дарэчы, таксама апісана ў паэме Сыракомлі.
Значыць, спачатку еду ў Дзякавічы. Тым больш, што недзе там, на Палессі, павінна быць i вёска Яскавічы, куды разам з сям'ёй, ва ўзросце, здаецца, аднаго года, пераехаў са Смольгава будучы паэт.
У пакоі адміністратара любанскай гасцініцы сядзелі тыя, каму не хапіла месца. Што ж, гэта не дзіўна: гасцініца ў Любані старэнькая, драўляная, на 24 ці 26 чалавек. Але ўсё ж я назваў бы яе гасцініцай у поўным сэнсе гэтага слова. Мне нямала даводзілася бываць у раённых i абласных гасцініцах. Як часта ўжо з парогa цябе сустракалі халодныя, нерухомыя, далека не гасцінныя вочы, якія самі гаварылі: «Месцаў няма». Да адміністратара з такімі вачыма не падыходзь: усе твае просьбы, усе твае довады адскокваюць ад яго, як ад сцяны гарох. Начуй хоць пад плотам — яго справа малая. Тут жа было інакш. Невысокая шчуплая жанчына, загадчыца, не засланялася ад мяне бранябойным шчытом з гэтых двух штампаваных слоў: «Месцаў няма». Яна толькі паморшчыла лоб. Памаўчаўшы з хвіліну, сказала: «Пакуль усе месцы занятыя. Прыйдзецца вам пачакаць — пад вечар нешта прыдумаем». I вось, чакаючы, што прыдумае нам загадчыца гасцініцы, сядзім: вельмі гаварлівая жанчына гадоў трыццаці з вялікім падбародкам — інспектар нейкай санстанцыі, мужчына ў замусоленай куртцы, «пад мухай», здаецца, шафёр; маладая дзяўчына з Далёкага Усходу — студэнтка дарожнага факультэта політэхнічнага інстытута (прыехала сюды на практыку — пракладваць дарогі); капітан міліцыі з Мінска; загадчыца гасцініцы i я — вось больш-менш пастаянны сёння «экіпаж» адміністратарскага пакоя. Гаворка ідзе на самыя розныя тэмы. Пра гасцінічныя справы, пра злачыннасць, санітарыю, пра тое, як кормяць у рэстаранах i сталовых, пра навуку i вучоных, нарэшце — пра літаратуру.