Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Валянціна Іосіфаўна ўспамінае, як у 1938 годзе ў Вішневе было наладжана вялікае свята ў памяць Мечыслава Карловіча. Тады ж быў устаноўлены яму і помнік. На жаль, гэты помнік быў знішчаны. Частка помніка захавалася. Валянціна Іосіфаўна разам з вучнямі адкапала яго ў Карловічавым парку. Але рабіла гэта крадком, бо мясцовыя ўлады з недаверам ставіліся да ўсялякіх «паноў». Гэтая частка помніка Мечыславу Карловічу і цяпер ляжыць у густым кустоўі парку. Вось яшчэ адзін жывы «паказчык» нашых адносін да культурнай спадчыны, да памяці лепшых сыноў Беларусі! На добры толк, помнік Мечыславу Карловічу трэба б было нам узнавіць, скарыстаўшы для гэтага як аснову яго рэшткі. Гэта было б данінай павагі і нашаму земляку-кампазітару Мечыславу Карловічу, і яго бацьку Яну Карловічу, які гэтулькі зрабіў для беларускай літаратуры і культуры.
Усведамляючы заслугі Карловічаў у развіцці нашай культуры, у прыватнасці кампазітара Мечыслава Карловіча, свайго земляка, выдатнага чалавека, Валянціна Іосіфаўна як магла выказала свае адносіны да яго ўласным вершам, які так і назвала — «Мечыславу Карловічу»:
Вы палюбілі гэтыя мясціны, Дзе нарадзіліся і дзе ўзраслі. Да нас дайшлі святыя ўспаміны Аб людзях слаўных, што між нас жылі. Былі вам гэтак любы песні жнеек, Што так спявалі, з поля ідучы! Вам у душу тады запалі неяк Мелодыі тых песень уначы. Вы разумелі пошум дрэў і шэпты Трысця на ціхім возеры цудоўным. Як хораша ўсё выказалі гэта Вы у сваёй рапсодыі чароўнай! О Вішнева! Яго ты ўзгадавала І моц яму магутную дала. Штораз яго як сына ты страчала, Ты родным кутам для яго была.Як мы ўбачылі, Карловічы пакінулі надзвычай добры след у памяці вішнеўцаў. Думаецца, нашаму грамадству трэба падумаць, як найлепш ушанаваць памяць і Мечыслава, і Яна Карловічаў, з імёнамі якіх неадрыўна звязана дарагое кожнаму беларусу імя выдатнага сына беларускай зямлі Францішка Багушэвіча.
За час экспедыцыі мы змаглі збольшага азнаёміцца толькі з некаторымі, праўда, найбольш важнымі багушэвічаўскімі мясцінамі. А іх жа на карце блуканняў аўтара «Дудкі беларускай» нямала.
Гэта перш за ўсё — Віленская гімназія, дзе вучыўся паэт. Варта было б паглядзець на цяперашні яе стан, адшукаць месца, дзе спыняўся Францішак Багушэвіч, дзе бываў у Вільні ў час вучобы. Апрача таго, трэба б выявіць і акружэнне паэта, у першую чаргу выкладчыкаў, а таксама студэнтаў, з якімі ён разам вучыўся. Вышэй ужо называліся былыя таварышы Францішка Багушэвіча па гімназіі і адначасова паплечнікі Кастуся Каліноўскага Ціт Далескі, Ігнат Здановіч, пакараныя смерцю за ўдзел у студзеньскім паўстанні. Вучыліся з ім і іншыя цікавыя хлопцы. Напрыклад, брат Ціта Далеўскага Канстанцін, які ў час таго ж паўстання камандаваў асобым атрадам, быў паранены. Пасля разгрому паўстання ўцёк за мяжу, змагаўся за народную справу ў час Парыжскай камуны 1871 года і быў расстраляны версальцамі. У адным класе з Багушэвічам вучыўся Юліян Чарноўскі — у 1863 годзе рэвалюцыйны камісар Ашмянскага павета. Трэба сказаць, з гімназіі выйшла нямала рэвалюцыянераў, людзей, да канца адданых народу. Гэтае гімназійнае акружэнне Францішка Багушэвіча можа вельмі многа сказаць аб фарміраванні светапогляду паэта, а значыць, і аб вытоках яго творчасці.
Да важных Багушэвічавых мясцін належыць і Пецярбургскі універсітэт, дзе вучыўся паэт. Хоць і не доўга ён там пабыў, але, трэба думаць, усё ж нямала даў беларускаму паэту для ідэйнага сталення гэты прызнаны цэнтр перадавой грамадскай думкі Расіі.
А Сувалкскія, ці Аўгустоўскія, лясы, дзе хадзіў паўстанцкімі сцяжынамі Францішак Багушэвіч? Як гэта было б заманліва прайсці імі, пашукаць сляды бітваў, у якіх удзельнічаў паэт, ну, і знайсці дом Крушэўскіх, якія дапамаглі параненаму Францішку Багушэвічу ізноў стаць на ногі.
Варта б было пашукаць на Беласточчыне і ў Вільні месцы, дзе хаваўся паўстанец Багушэвіч ад царскіх шпікоў у 1863—1865 гадах.
Здаецца, ніхто з нашых даследчыкаў не пабываў яшчэ ў багушэвічаўскіх мясцінах Украіны і Расіі. А іх жа было нямала: Нежын, дзе ў 1865-1868 гадах вучыўся паэт у юрыдычным ліцэі, Чарнігаў, дзе ў 1868-1869 гадах працаваў ён памочнікам справавода Чарнігаўскага праўлення і следчым, а таксама Кралявец (цяпер Сумская вобласць), Старадуб (Бранская вобласць), Волагда, Гразявец (Валагодская воб ласць), Барзна (Чарнігаўская вобласць), Канатоп (Сумская вобласць), дзе беларускі паэт працаваў з 1869 па 1884 год судовым следчым. Колькі падзей, трагедый, расчараванняў, дум хаваецца пад гэтым пратакольным тэрмінам — «судовы следчы»!
А віленскія судовыя ўстановы, дзе па вяртанні на радзіму працаваў Францішак Багушэвіч адвакатам судовай палаты. На гэтай пасадзе ён вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. Адсюль і яго празванне — мужыцкі адвакат.
Быў у біяграфіі Францішка Багушэвіча і горад Гродна. Сюды ён прыязджаў да сусветна вядомай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, шчырай прыхільніцы беларускага народа, беларускай культуры. Элізу Ажэшку звязвала з Францішкам Багушэвічам адзінства поглядаў, а таксама агульнае баявое мінулае: і польская пісьменніца, і беларускі паэт былі ўдзельнікамі студзеньскага паўстання 1863 года.
Ну, і яднала іх, вядома ж, яшчэ і літаратура. У 1888 годзе ў пісьме да Яна Карловіча Эліза Ажэшка пісала: «Быў у мяне нядаўна пан Багушэвіч і чытаў мне толькі што напісаную ім па-беларуску байку, доўгую, поўную фантазіі, цудоўную. Прыгожы гэта талент. Яго польскія вершы слабыя, але беларускія, на маю думку, па меншай меры выдатныя. Трэба б было з усёй сілай заахвочваць яго да работы ў гэтым напрамку».
У сваю чаргу Францішак Багушэвіч з найвялікшай пашанай ставіўся да Элізы Ажэшкі. Польскай пісьменніцы ён прысвяціў адзін са сваіх лепшых вершаў — «Яснавяльможнай пані Арэшчысе».
З вялікім смуткам дачулася Эліза Ажэшка пра такую нечаканую смерць беларускага сабрата на самай мяжы новага стагоддзя. Згадваючы падзвіжніцтва нарадалюба Францішка Багушэвіча, яна пісала: «Быў ён адным з найвысакародных людзей, якія служылі нашай зямлі, а для мяне асабіста адным з вельмі нешматлікіх сяброў. Успаміны пра яго для мяне дарагія і самотныя». Не кожны мог атрымаць такую высокую ацэнку ад выдатнай пісьменніцы!
Трагізм Францішка Багушэвіча ў тым, што ён так і не ўбачыў вынікаў таго, за што змагаўся — і са зброяй у руках, і пяром паэта. Наадварот, пасля яркага ўсплёску народнага духу ў час студзеньскага паўстання яшчэ больш цёмная ноч на доўгія гады апусцілася на анямелыя палі Беларусі, а на шляху паэтычнага слова беларускага дудара да народа сталі непераадольныя перашкоды, што чыніла новая палітыка царызму. Гэты трагізм прарываўся і ў яго «дудцы», якая, зняверваючыся, часам проста нямела ад безвыходнасці:
Га! Чаму ж не граеш? Хіба ты не знаеш, Не ведаеш хіба, Што, як тая рыба Ды на лёдзе б'ецца, Так вот я, здаецца, Сорак гадоў б'юся, Ніяк не звярнуся, Ніяк не натраплю Вадзіцы хоць каплю, Ды такой вадзіцы, Ды з такой крыніцы, Што як хто нап'ецца, Дык вольным стаецца...І тым не менш Багушэвічава «дудка», як бачым, не знямела канчаткова. Нязбытную сілу давала ёй светлая надзея, вера, што прыйдзе дзень і на спакутаваную Беларусь.
Жыццё Францішка Багушэвіча — гэта вялікі грамадзянскі подзвіг. Яно, хай не здадуцца надта банальнымі гэтыя словы, — яркі прыклад для ўсіх нас, прыклад гранічнай сумленнасці, самаахвярнасці, вернага служэння народу. І таму гэта вялікая радасць — яшчэ раз прайсці ўсімі тымі дарогамі, дзе, прарываючы гнятлівую немату маўчання, на ўвесь голас грала чыстая і непадкупная дудка Мацея Бурачка.
Той курган векавечны