Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лісце забытых алеяў

Цвірка Кастусь

Шрифт:

Жывучы ў Ляўшове, Франц Віктаравіч добра пазнаўся са сваімі суседзямі Аўлачынскімі, без якіх, на яго думку, нельга абысціся ў выяўленні вытокаў творчасці Янкі Купалы. І перш за ўсё — без першага гаспадара Ляўшова — Франуся Аўлачынскага. Быў ён з бедных, беззямельных сялян. Але раптоўна яму прываліла багацце. Ад дзядзькі па мацеры. Паехаў неяк дзядзька ў Амерыку на заработкі. Там яму ўдалося сабраць немалы капітал. Але скарыстаць яго дзядзьку не выпала: падарваўся, як відаць, на непасільнай працы, захварэў і памёр. Перад смерцю ён, адзінокі чалавек, напісаў завяшчанне, згодна з якім увесь свой набытак перадаваў старшаму сыну адзінай сваёй сястры, што была замужам за Аўлачьінскім. Гэтым старшым сынам і быў Франусь, яшчэ тады падлетак. Атрымаўшы добрыя грошы, Франусеў бацька купіў каля Лысай Гары, у Ляўшове, тры валокі зямлі і пачаў абжывацца. Калі бацькі памерлі, Франусь, які пасталеў ужо к таму часу, завалодаў ляўшоўскім хутарам. Пры ім былі яшчэ дзве сястры і малодшы брат Янка, той самы Янка Аўлачынскі, з якім сябраваў Янка Купала. Стаўшы паўнапраўным гаспадаром, Франусь захацеў зрабіцца сапраўдным панам, шляхціцам. Дзеля гэтага ён падшукаў сабе ў Мінску нявесту са шляхецкай сям'і. Не важна, што Тэклюся была далёка не красуня, затое чыстакроўная шляхцянка! І, галоўнае, бацькі абяцалі і самога Франуся прыпісаць да дваранства. Згулялі вяселлі, і Таклюся стала гаспадыняй у Франусевым доме. Хоць афіцыйна з дваранствам у Франуся нічога не выйшла, усё ж ён хадзіў як пан, пераймаючы ўсе панскія звычкі. Гаварыў ён ужо не «па-мужычы», а нейкай змешанай беларуска-польска-рускай мовай. «Вось цо да», «собственно», «тудэма-сюдэма», «пане дабрадзею» — такія яго былі любімыя слоўцы. Яго так і празвалі людзі — Восьцода. Сямейнае жыццё ў Франуся не ўдалося: Таклюся аказалася бяздзетнай, і ён пад канец запіў, упаў у розныя дзівацтвы.

Як мяркуе Франц Віктаравіч, Франусь Аўлачынскі паслужыў для Янкі Купалы прататыпам каларытнага і запамінальнага вобраза камедыі «Паўлінка» Пранціся Пустарэвіча. Гэты вобраз амаль «жыўцом» спісаны з былога гаспадара ляўшоўскага хутара.

Апрача таго, «дапамог» Франусь Янку Купалу напісаць і такія паэтычныя творы, як «Адплата кахання», «Сват», «Страх», дзе вельмі яскрава праглядваецца гэты самазваны «шляхціц». У »Адплаце кахання» выдае яго нават вельмі блізкае прозвішча — Лаўчынскі. Тут жа гаворыцца і пра яго сёстраў:

Во гэты-то шляхціч, во гэты багаты, Пан новай і гонтамі выкрытай хаты, Меў некалькі сёстраў, а стройных і мілых, Прыгожых у твары, здаровых на сілах; Кроў проста, здаецца, змяшалася з млекам, — Спаткаўся дзе з імі — бяда з чалавекам: Загіне напэўна з душою прастачай, І сонца не ўгледзіць, і хаткі не ўбача! Аж так шчыраваці патрапяць галубкі, І іхнія грудзі, і вочы, і губкі! А надта ж адна з іх, што звалася Зосяй, І зграбненька ходзіць, галоўку лепш носе, І лепей смяецца, і лепей міргае, А ўся, як малійка, як кветка жывая! Ці дзе загаворыць, ці песню зацягне, То слухаў бы вечна, — так кожны прысягне...

Зося, расказваецца ў творы, пакахала простага сялянскага хлопца Янку Лявончыка («па бацьку — Прывада»), пра якога аўтар кажа з вялікай сімпатыяй:

Прыгожы быў хлопец, дзяўчатак прынада; Што возьме, то зробіць, зух першы ў забаве, Не мае плям чорных на сэрцы, на славе. У вёсцы у роднай ён добрым суседам, Не крыўдзіць дзяцей, не смяецца над дзедам...

Янка таксама горача пакахаў Зосю. Ужо збіраліся пажаніцца. Але даведаўся пра гэта пан Лаўчынскі: «Як можна? Шляхцянка — род панскі, косць з косці — з мужыцкай крывёю змяшаціся хоча! На свет паказаці не будзе як вочаў. Той Янка, хамула, паненку абдыме...» І ён цвёрда намерыўся перашкодзіць шлюбу...

У гераіні вершаванага апавядання «Адплата кахання» Зосі ўсе, хто ведаў сям'ю Аўлачынскіх, адразу пазналі Зосю, сястру Франуся, якую ён хацеў аддаць за нейкага «моднага шляхцюка». У Янку Лявончыку зноў жа ўбачылі аднаго з парабкаў пана Аўлачынскага Лёню Сыча, якога, як і ў творы Янкі Купалы, пакахала Зося. У жыцці гэтак жа сама пан Аўлачынскі быў супраць шлюбу сястры Зосі з парабкам. Ён прагнаў Лёню з работы, а сястры, як расказваюць, прыгразіў: «Вось цо да, калі пойдзеш за хамулу Сыча, собственно фігу, а не пасаг ты ў мяне налучыш...» Каб Зося ўсё ж не зрабіла «глупства», пан Аўлачынскі пачаў прыспешваць яе жаніцьбу з аблюбаваным ім шляхціцам. Ужо і на «запаведзі» падалі, з'ездзіўшы да лагойскага ксяндза. Збіраліся гуляць вяселле. Але недзе перад самым вяселлем Лёня Сыч са згоды Зосі падкраўся да яе ўночы і, як гэта рабілася ў даўнія часы, выкраў нявесту з пасагам, пакінуўшы самога «Восьцода» з фігай. Лёня і Зося самі абвянчаліся ў Мінску, у добрага праваслаўнага «бацюшкі».

Як мяркуе Франц Віктаравіч, гэту ж жыццёвую гісторыю выкарыстаў Янка Купала і ў «Паўлінцы». Ды і сам вобраз Паўлінкі вельмі нагадвае Зосю — сястру Франуся Аўлачынскага і адначасова гераіню вершаванага апавядання «Адплата кахання».

Я слухаў расказы і меркаванні Франца Віктаравіча Гінтаўта (дарэчы, аб прататыпах купалаўскіх герояў ён рыхтуе якраз да друку артыкул) і радаваўся, што ў нас ёсць такія во апантаныя людзі, энтузіясты-краязнаўцы, якія імкнуцца дакапацца да кораня ў раскрыцці гісторыі нашай літаратуры, запоўніць тыя, часта вельмі істотныя прагалы, да якіх па той ці іншай прычыне не маглі прыйсці прафесійныя літаратуразнаўцы.

Аб знаходжанні Янкі Купалы ў Акопах і наогул на Лысагоршчыне, як умоўна называюць гэту мясцовасць самі яе насельнікі, вельмі шмат цікавага можа расказаць любы са старажылаў навакольных вёсак — Харужанцаў, Карпілаўкі, Вялікіх і Малых Бясяд, Сухой Гары, Лысай Гары, Жукаўкі і іншых. На жаль, запісам іх расказаў ніхто па-сур'ёзнаму не займаўся. А гэта значыць, што такая, вельмі яркая старонка ў біяграфіі народнага паэта, які быў вельмі цесна звязаны з жыццём свайго народа, не будзе як след асветлена. Праўда, у апошні час зацікавіўся зборам успамінаў тутэйшых старажылаў ураджэнец гэтых мясцін літаратар Леанід Пракопчык, які шмат цікавага расказаў пра радзіму Янкі Купалы ў кнізе «Даўгінаўскія вёрсты», што выйшла ў 1977 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Толькі пабываўшы ў Акопах, у вакольных вёсках, пагутарыўшы з людзьмі, я зразумеў, чаму так цягнула сюды заўсёды Янку Купалу. Гэта ж тут яго «родны кут», тая «малая радзіма», якая стала для яго ўвасабленнем усёй Беларусі. Як вядома, Янка Купала толькі нарадзіўся ў Вязынцы, пажыўшы там усяго да года. Ужо ў 1883 годзе Луцэвічы перабраліся ў Юзэфова, а потым у суседняе Косіна цяперашняга Лагойскага раёна, папрацаваўшы там да 1889 года. Праз два гады, паспытаўшы хлеба з чужога поля ў Сенніцы і Мінску, зноў вярнуліся сюды, на Лагойшчыну — у фальварак Прудзішча, дзе сядзелі да 1895 года. Прудзішча ад Акопаў — за якіх-небудзь 5-6 кіламетраў. У 1895 годзе мы бачым Луцэвічаў у Селішчы, ад якіх да Акопаў — рукой падаць. Прудзіцца, Селішча, Акопы — гэта ж, па сутнасці, адна мясціна, якую абжывалі Луцэвічы каля чатырох дзе сяткаў гадоў! Нездарма ж Даўгінаўскі гасцінец, якім ездзіў Янка Купала сюды, да мацеры, з Мінска ці адкуль бы там ні было, паэт называў «родным» («Знаёмы гэты шлях мне родны — Даўгінаўскі вядомы шлях!»).

Тут, на невялікім абшары «камяністай», «гары стай» лагойскай зямлі, было ўсё для Янкі Купалы дарагім і блізкім, тут — усе вобразы і тэмы яго твораў. І калі паэт кажа ў сваёй аўтабіяграфіі, што такія найбольш буйныя і значныя творы, як «Адплата кахання», «Раскіданае гняздо», «Паўлінка», «Прымакі», «Тутэйшыя», «Зімою», «Сват», «Страх», «За што», ён напісаў «з жыццёвых фактаў», то трэба разумець, што гэтыя факты ён узяў якраз у сваіх родных мясцінах. Распытайце людзей з вёсак, якія акаляюць Акопы, і вам раскажуць ці не пра ўсіх прататыпаў купалаўскіх герояў. Напрыклад, пра тое, што Сцяпан Крыніцкі з камедыі «Паўлінка» — гаспадар недалёкага ад Акопаў хутара Рубеж Гіляры Аўлачынскі, што Якім Сарока — не хто іншы, як вандроўны настаўнік Мечыслаў Багдановіч з хутара Верацейка што ў аснове драмы «Раскіданае гняздо» — рэальныя падзеі з недалёкай вёскі Прытыкі, дзе быў гаспадар, якога пан выгнаў з зямлі, што ў паэме «Нікому» таксама расказваецца пра сапраўдны выпадак, пачуты паэтам у адной з вёсак пад Тайнай. Многія творы Янкі Купалы заснаваны на мясцовых паданнях, казках, песнях, якія добра ведаў паэт, якія збіраў і запісваў. У кнізе «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981) яе складальнік Г. В. Кісялёў змясціў цікавы дакумент — камандзіровачнае пасведчанне ад 17 чэрвеня 1921 г., выдадзенае І. Д. Луцэвічу «ў тым, што ён камандзіруецца на хутар Акопы Радашковіцкай воласці для збірання ў раёне воласцей Радашковіцкай, Гайна-Слабадской і Бяларуцкай Мінскай губ. этнаграфічнага матэрыялу, які датычыцца народнай творчасці, а канкрэтна: запісванне песень, казак і г. д., а таксама адшукванне і набыццё рэдкіх кніг і рукапісаў». Зем лякі паэта добра помняць, як ён запісваў па вёсках разам з настаўнікам Васілём Рынковічам мясцовы фальклор. Сястра Рынковіча — Анастасія Рынковіч з Вудаў — прыгадвае тры сшыткі з фальклорнымі запісамі, якія рабілі Янка Купала і яе брат...

Акопы былі для Янкі Купалы тым жа, што Міхайлаўскае для А. С. Пушкіна, Тарханы — для М. Ю. Лермантава, Спаскае-Лутавінава — для І.С. Тургенева, Ясная Паляна — для Л. М. Талстога, Меліхава — для А. П. Чэхава, Мікалаеўшчына — для Якуба Коласа. Усе гэтыя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю выдатных людзей, сталі сапраўды народнымі святынямі, куды людзі ідуць не толькі для таго, каб ушанаваць іх памяць, пакланіцца іх генію, але і перанесціся ў атмасферу творчасці выдатных пісьменнікаў, убачыць яе вытокі, а значыць, і лепш зразумець яе. Як гэта ні дзіўна, але вытокі творчасці нашага вялікага паэта Янкі Купалы мы па сённяшні дзень не можам паказаць свету, самім сабе. Ці не таму, што мы проста не ўяснілі для сябе, якія мясціны лічыць «малой радзімай» паэта, яго сапраўднай калыскай.

Так, у нас вельмі многа зроблена і робіцца для ўшанавання памяці народнага песняра, у тым ліку мясцін, звязаных з яго біяграфіяй. Створаны цудоўны Літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску, там, дзе стаяла перад вайной хата паэта, філіял музея ў Вязынцы, месцы яго нараджэння, другі філіял у Л яўках, дзе была дача песняра. Усё гэта вельмі добра. Але непараўнальна большае значэнне, чым, скажам, Ляўкі, мела для Янкі Купалы тая зямля, якая ўзгадавала яго, надзяліла яго вялікім дарам паэта, дзе кожны ўзгорак і камень, палетак і пералесак, ручай і дрэва звязаны з яго бессмяротнымі творамі.

Поделиться с друзьями: