Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Каб распытаць, як звязацца з Францам Віктаравічам, я набраў нумар тэлефона яго сваякоў, што жывуць у Мінску, — гэты тэлефон таксама дапамог мне знайсці Максім Лужанін. Прыветлівы жаночы голас адказаў, што Франц Віктаравіч якраз гасцюе цяпер у іх, у сваякоў, але ўчора паехаў на дні два-тры ў Вялікія Бясяды — на радзіму. Ён намерыўся пабыць там у свайго стрыечнага брата, таксама Гінтаўта.
Была якраз субота, выхадны дзень, а пад акном — бо не займеў гаража — стаяла, заўсёды напагатове, машына. Доўга не думаючы, я ўвапхнуў у партфель блакнот, мацнуў па кішэні, ці на месцы ключы, і патупацеў прыступкамі лесвіцы ўніз.
Праз якую гадзіну я ўжо стаяў у Вялікіх Бясядах на ўтравелым грудку перад варотцамі дагледжанага двара з вясёлкамі кветак пад вокнамі хаты.
Убачыўшы машыну, з варотцаў выйшла маладая жанчына з малым на руках.
— Ага, у нас Франц Віктаравіч, — адказала яна на маё запытанне. — Толькі ён цяпер не дома — пайшоў фатаграфаваць панскі двор. Гэта кіламетры паўтара-два адсюль.
— А як туды пад'ехаць?
— Туды не пад'едзеце — няма дарогі.
— То, можа, я пеша прайду?..
— Вы не знойдзеце... Хіба папрасіць бабу Стасю... Вунь яна ідзе...
Але бабка Стася, жывая, вельмі рухавая жанчына, адгаварыла:
— Правесці-то я правяла б, але мы можам размінуцца... Ды ён вот-вот павінен быць...
І праўда, не паспеў я як след разгледзецца, пахадзіць да вуліцы пасёлка (гэты пасёлак, хоць і аддзяляе яго ад Вялікіх Бясяд гравейка, усё роўна адносіцца да іх), як тая ж маладая жанчынка гукнула мне:
— Франц Віктаравіч прыйшоў ужо!..
Франц Віктаравіч, прыемны з твару, нетаропкі ў рухах чалавек, вельмі інтэлігентны, сустрэў мяне як знаёмага, аднадумца.
Ён расказаў, што-цяпер якраз хадзіў на былую сядзібу пана Вайцяхоўскага, таго самага, што аддаваў Луцэвічам у арэнду Селішча. Франц Віктаравіч фатаграфаваў там рэшткі панскага саду, маляўнічыя куткі раскошнага парку, цудоўныя азёры-сажалкі: усё ж такі сядзіба гэта таксама моцна звязана з біяграфіяй Янкі Купалы.
Франц Віктаравіч з самых малых гадоў ведаў Ян ку Купалу: сядзіба Гінтаўтаў, якія жылі ў Ляўшове, межавалася з дваром Аўлачынскіх, дзе вельмі часта, як ужо гаварылася, гасцяваў паэт.
Я расказаў Францу Віктаравічу, як мы хадзілі тут з Эдуардам Іванавічам Аўлачынскім.
— А ці вадзіў ён вас на курган?
— Не, не вадзіў. А на які курган?
— Ды той самы... «Ўдзірванелы курган векавечны»... Пра які і паэма Янкі Купалы «Курган»...
— Але ці той? — моцна засумняваўся я.
— А мы можам разам памеркаваць... Калі хочаце, давайце пад'едзем туды, паглядзім...
Я, вядома, не мог не згадзіцца.
У Харужанцах Франц Віктаравіч папрасіў мяне спыніцца каля самай крайняй хаты.
— Тут жыве мой сваяк, ляснік. Ён пакажа, як прайсці на курган. Я хадзіў туды малым, але цяпер курган зарос лесам...
Ляснік Віктар Хадкоўскі якраз зграбаў за хатай сена. Выслухаўшы нас, ён гукнуў сына, які яму памагаў.
— Саша, звадзі людзей на Курганы... Толькі ідзі раўком.
Саша, загарэлы хлапчук гадоў дванаццаці, адклаў убок граблі і, не вельмі дзівячыся з нашага намеру, сказаў нам ісці за ім.
— Але ж той курган... «на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай», а тут ніякай ракі не відаць... — ізноў выказаў я сваё сумненне Францу Віктаравічу, ідучы з ім услед за Сашам.
— Усё правільна... Толькі пачакайце... — І, калі выйшлі за аселіцу, ён дадаў: — Вы заўважылі, па чым мы ідзём?
Мы ішлі зялёнай, з тарфянымі пралысінамі вузкай лагчынкай, якая напамінала рэчышча высахлай ракі. Пад нагамі чулася вільгаць, і мы стараліся ступаць на цубчэйшыя купіны кругляцу, з якога вытыркаліся сцяблінкі чорнагалову — ужо з белымі камячкамі пуху.
— Тут як бы нейкая балаціна?
— Вот-вот. Вы пакуль што заўважайце, а потым мы звяжам усё ў адно, — сказаў Франц Віктаравіч з усмешкай.
Гэтай лагчынкай, якую чамусьці ляснік назваў «раўком», мы дайшлі да лесу, што ішоў, падымаўся ўверх — хвоі, бярозы, арабіны...
Да вяршыні ўзгорка дабіраліся кругамі, абмінаючы нейкія яміны, траншэі, зарослыя — аж не відаць было — збуялым скрыпенем ды маркоўнікам. На самай вяршыні ўбачылі замшэлы дот.
— Гэта і ёсць той Курган, — сказаў Франц Віктаравіч, калі мы спыніліся на ўзгорку. — Адсюль, калі ён быў бязлесы, добра праглядваліся ўсе навакольныя дарогі і вёскі... Таму вайскоўцы і скарысталі яго для сваёй мэты... Калі я быў малы, бачыў тут дзве жалезныя пліты з выбітымі літарамі. Значыць, нехта важны быў тут пахаваны. Ну, і галоўнае, чаму я думаю, што гэта той курган — паданне, што расказаў мне сябра Янкі Купалы, наш блізкі сусед у Ляўшове Янка Аўлачынскі. От паслухайце яго. Некалі, кажа паданне, жыў тут нейкі князь. Аднаго разу ўгнявіў яго чымсьці вядомы ва ўсёй ваколіцы лірнік-жабрак, які лічыўся чараўніком. Князь загадаў слугам забіць яго і закапаць на гэтым во ўзгорку. Назаўтра ўсе крыніцы, якія білі адсюль, быстрацечная рака, што ўтварала гэтыя крыніцы, у адзін момант перасохлі. Гэта была кара за забойства лірніка-чараўніка. З таго часу тут і засталося тое рэчышча, якім мы і падымаліся на ўзгорак.
Яно цягнецца аж да самай Гайны-ракі. Гэтай лагчынай-рэчышчам і цяпер нясуцца вясною бурлівыя плыні талай вады. Паданне гэта не мог не ведаць ад сябра і Янка Купала, які вельмі цікавіўся даўніной.
Калі я слухаў Франца Віктаравіча, мне вельмі яскрава ўспомніўся пачуўся той нестрыманы гул бурлівай і магутнай плыні купалаўскага «Кургана», паэмы, што бліскотка ўвабрала ў свае строфы і шматпакутную гісторыю змагання беларускага народа за волю, і стрыманую веліч не вельмі раскошнай прыроды краю, яго бессмяротныя легенды і паданні, што праз вусны людзей дайшлі да нас з самай сівой мінуўшчыны:
Паміж пустак, балот беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, Удзірванелы курган векавечны. Дуб галлё распусціў каранасты над ім, Сухазелле ў грудзі ўпілося; Вецер стогне над ім уздыханнем сваім, Аб мінуўшчыне ў жальбе галосе. На купалле там птушка садзіцца, пяе, У піліпаўку воўк нема вые; Сонца днём распускае там косы свае, Ночкай зоры глядзяць залатыя. Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз, Перуны білі з краю да краю, — Ён стаіць — гэта памяць людская, паказ... Толькі гутарка ходзіць такая...Спусціўшыся той лагчынкай-рэчышчам з высокага ўзгорка-кургана ўніз, мы зноў селі ў машыну і пад'ехалі да былой сядзібы Гінтаўтаў і іх суседзяў Аўлачынскіх. Франц Віктаравіч, адышоўшыся, доўга стаяў на пустэчы каля старых цяністых ліп, што ціха шумелі ўверсе сваёй багатай лістотай.
— От тут была наша хата...
І Франц Віктаравіч расказаў мне трагічную гісторыю бацькоўскай сям'і, што жыла тут побач з Аўлачынскімі з 1919 года. У час Вялікай Айчыннай вайны, помсцячы за яго брата Станіслава, які перад вайной быў старшынёй мясцовага калгаса, а з прыходам гітлераўцаў стаў тут адным з завадатараў партызанскага руху, фашысты загналі бацьку, маці і пяцёра іх дзяцей — малодшых братоў і сясцёр Франца Віктаравіча — у пуню і разам з іншымі партызанскімі сем'ямі спалілі жывымі. Пра гэта Франц Віктаравіч даведаўся пазней, бо быў далёка адсюль, у партызанскім краі...