Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ля аднаго вогнішча

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:
— Вы адкуль? — Мы — ад куль. Мы — з вайны. Мы — званы. Мы — дамы. Мы — дымы. Каміны. Камяні.

Прыкметай сучаснага мастацкага мыслення П. Макаля стала філасофскае пранікненне ў сэнс падзей, псіхалагічнае даследаванне характару сучасніка. Паглыбленне псіхалагізму характэрна для ўсёй сучаснай літаратуры, у тым ліку і для паэзіі, якая выходзіць на шырокія філасофскія праблемы часу, шукае свае сродкі апалітычнасці, свой эстэтычны інструментарый. Псіхалагізм неад’емны ад этычнага зместу, ад духоўнасці, а сапраўдная духоўнасць — у імкненні да гармоніі думкі і этыкі. У яго светаадчуванні спалучаны сацыяльнае і асабістае, зямное і «нябеснае», «дзелавое» і духоўнае, бытавое і інтэлектуальнае. Свет яго ідэй стаў значна шырэй. Паэт сцвярджае сувязь галін і каранёў, што так глыбока пранікаюць у родную зямлю, сувязь часоў і пакаленняў. Сённяшняе ён хоча зразумець у аспекце гісторыі. Такія катэгорыі, як гісторыя, народ, нацыянальны характар пастаянна прысутнічаюць у яго паэзіі. Адсюль — змястоўнасць і шырыня паэтычных абагульненняў.

«Для мяне, — пісаў нядаўна ў „Литературной газете“ Яўг. Вінакураў,— верш павінен быць у першую чаргу шматпланавым, поліфанічным па сэнсу, — у ім павінен быць пададзены не абы-які факт, а факт шматзначны, таму што, паводле слоў Л. М, Талстога, мастацкае слова тым і адрозніваецца ад немастацкага, што выклікае бясконцае мноства думак, уяўленняў і тлумачэнняў».

Мяркуючы па ўсім, да гэтага вельмі блізка эстэтычнае крэда П. Макаля, які таксама імкнецца павялічыць мастацкія магчымасці слова. Пажадаем яму новых поспехаў на гэтым шляху.

Хацелася б засцерагчы яго ад аднаго.

Эстэтычная, грамадская актыўнасць паэта адзначана ў лепшых яго дасягненнях пячаццю непаўторна асабістага ўспрыняцця рэчаіснасці, адносін да яе з’яў. Гэтым талентам варта даражыць і не аддаваць яго ў ахвяру паэтычнаму прыёму, хай нават самаму сучаснаму. Інакш цяжка будзе дасягнуць маральнай і эмацыянальнай цэласнасці і адзінства, так неабходных у паэзіі. Тым больш што ягонае лірычнае «я» надта абагульненае, часам пазбаўлена сваіх біяграфічных рысаў. Што ж, такая асаблівасць Макаля, які імкнецца больш расказаць пра час, чым пра сябе. Яго паэзія — паэзія інтэлекту, не пазбаўленага рацыяналістычнасці. У гэтым няма нічога благога, але яму трэба быць пільным, каб інтэлектуальнасць не ператварылася ў сухасць, зададзенасць, каб паэзія не аддалялася ад чалавека.

Яшчэ раз нагадаю, што майстэрства не заўсёды ратуе ад банальнасці. Ёсць радкі, якія ўражваюць не столькі сваёй думкай, колькі самім паэтычным уменнем:

Душа — не лёд. Душа — палёт.

Там, дзе траціцца ідэйная, духоўная ёмістасць слова, яно выглядае даволі плоскім, ардынарным. У Макаля можна прачытаць пра ўсё. Такая універсальнасць, заўважу, даволі негатыўна ўплывае на яе арганічнасць як кнігі лірыкі, якая патрабуе нейкай адзінай, унутранай, вядучай тэмы. Універсальнасць часам заглушае гэту тэму, дробніць унутраны свет паэта.

П. Макалю — аднаму з вядучых нашых паэтаў — варта падумаць і пра гэта.

Свежасць першаадкрыцця

(Рыгор Барадулін)

Пімен Панчанка прысвяціў яму верш «Паходжанне майго друга Рыгора Б.»

Ты прыйшоў з вайны і гора, Ты — з малітвы, Ты з разгневанага бору, Ты смалісты. Сто паэтаў цягнуць хорам, Ты салістам. Ты нібы святло у лесе Ад каліны, Ты ад самай добрай песні — Ад Куліны.

Гэта — мастацкі партрэт паэта, напісаны выдатным і дабразычлівым майстрам старэйшага пакалення. Партрэт напісаны, прама скажам, віртуозна, па манеры нагадваючы стыль самога Барадуліна, які быў і застаецца адным з самых яркіх, самабытных, шчодрых нашых паэтаў. Яго слова, — як заўсёды, канкрэтнае і прадметнае — адлюстроўвае час, рэчаіснасць, прыроду, — словам, жыццё ў багацці яго матэрыяльнай плоцевасці, пластыкі, колераў, гукаў і пахаў.

Рыгор Барадулін — гэта імя вельмі шмат значыць у сучаснай беларускай паэзіі. У яго — дзесяткі кніг арыгінальных вершаў і перакладаў.

Пачаў публікавацца ён у 1954 годзе, будучы студэнтам БДУ імя У. І. Леніна. У 1956 годзе разам з аднакурснікамі ездзіў у Кустанайскую вобласць (Казахстанская цаліна) убіраць ураджай. Яго першы зборнік вершаў «Маладзік над стэпам» (1969) выявіў незвычайную душэўную шчодрасць і прыгажосць лірычнага героя. Гэта — малады хлопец, студэнт, які вось пасля напружанай вучобы вяртаецца дамоў (а радзіма яго, па ўсім відаць, Ушаччына), і ўся істота яго адкрываецца дзіўнаму шматгаллоссю навакольнага жыцця, усім яго праявам. Ён рады сустрэчы з землякамі і іх справамі, рады адчуць «як над бруістаю рэчкаю быстраю пахнуць лілеі, аер і чарот, і першацвет далікатны парэчкавы, і чарназём той, што вывернуў крот». Нават крапіва становіцца эстэтычна прывабнай. А чаму не?

І крапіва маладая стрыкаецца, Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін.

Так, яшчэ ў першых вершах аўтар паказаў уменне адкрыць эстэтычную каштоўнасць бытавой дэталі, падрабязнасці, розныя грані біяграфіі свайго лірычнага героя.

Калі б трэба было падшукаць прыклад для ілюстрацыі думкі, што паэзія — гэта мысленне ў вобразнай, пачуццёва-канкрэтнай форме, то вершы Р. Барадуліна аказаліся б тут вельмі дарэчы. Элементы рацыянальнасці ў яго мастацкай сістэме зведзены да мінімуму. Гэта, калі сказаць словамі А. Блока, лірык па светапогляду, па светаадчуванню, па вельмі асабіста-эмацыянальнаму ўспрыняццю рэчаіснасці, што ўласціва далёка не кожнаму. Паэтычны вобраз у Р. Барадуліна — амаль адзіная форма існавання думкі і перажывання.

Прынцыповае значэнне для ідэйнага станаўлення паэта меў верш «Бацьку». Ён вельмі асабісты: паэту выпала доля расці без бацькі, бацька, Іван Рыгоравіч, не вярнуўся з вайны, і цяпер няма каму выйсці за вёску, спаткаць сына, падаць руку. Такі боль не загойваецца… У гэтым асабістым таксама выяўляўся лёс пакалення — пакалення «бязбацькавічаў», аб’яднаных агульнай доляй:

Паверыць цяжка мне таму, Што больш не прыйдзеш ты дадому. А шапку я заўжды зніму Перад магілай невядомай…

З іменем Р. Барадуліна ў беларускай паэзіі звязаны рэдкасны дар асабліва эмацыянальна, пластычна, шматколерна ўспрымаць навакольны свет. Ягоны творчы шлях, — пры ўсёй неадналінейнасці развіцця — з’яўляецца пацвярджэннем таго, што рост творчых магчымасцей паэта непасрэдна звязаны з росквітам і ўзбагачэннем яго асобы. Добра памятаецца нізка вершаў «Вечар над Таболам» (якая ўвайшла ў першы зборнік) — маладая свежасць пачуццяў, радасць калектыўнай працы, камсамольскі энтузіязм, якія так поўна і непасрэдна выявіліся ў гэтым «цалінным» цыкле. Перачытваючы яго сёння, бачыш, што ў светаўспрыманні паэта пераважаў калектыўны пачатак, як быццам бы паэтычнае «я» аўтара «раствараецца ў масе», у калектыве студэнтаў, што працавалі ў цалінным саўгасе. З цягам часу ўсё часцей і часцей на першы план у вершах паэта выступае паўнакроўнае і шматзначнае «я» ў непаўторнасці свайго індывідуальнага быцця.

«Лицом к лицу лица не увидать» — гэтак сказаў С. Ясенін. Сучаснікі не заўсёды дакладныя ў вызначэнні каштоўнасці і маштабнасці тых мастацка-эстэтычных з’яў, сведкамі якіх яны з’яўляюцца. Некаторым крытыкам здалося, што пасля «Маладзіка над стэпам» малады паэт сцішыў сваю хаду. Не, гэта не так. Сёння добра відаць, што і другі зборнік «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961) быў крокам наперад. У гэтым пераконвалі вершы «Трэба дома бываць часцей», «Палата мінёраў», той жа «Вятрак» і іншыя.

Развіццё паэта — ад кнігі да кнігі — ішло натуральным чынам. Пабольшвалася матываў роздуму, радок стаў інтанацыйна больш свабодным, гнуткім.

Поделиться с друзьями: