Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ля аднаго вогнішча

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Верш вельмі істотны па зместу і бліскучы па форме. Успамінаецца думка С. Залыгіна, які казаў, што верш пачынаецца для яго «з метафары, якая дае прадмету новы, незнаёмы нам раней і ўласна паэтычны сэнс і вызначэнне» (Литературная газета, 1980, 11 чэрвеня). «Выспеў верш безразмерны ў душы песняра» — такога тыпу метафорыка паэтычнага мыслення П. Макаля і вызначыла яго далейшае развіццё.

Падобныя публіцыстычныя матывы хораша чыталіся ў кантэксце кніг Э. Межалайціса, А. Куляшова, М. Танка, А. Вазнясенскага і іншых паэтаў.

Узмацненне «я» вяло за сабой паскораны працэс станаўлення яго творчай індывідуальнасці. З сённяшняга ён рабіўся сучасным, бо выходзіў на важныя, сацыяльна важкія праблемы народнага лсыцця, грамадскай свядомасці, на тое, што найбольш хвалявала чалавека. Яго своеасаблівасць вельмі дакладна адчуў Г. Бураўкін, які перш за ўсё адзначыў інтэлектуальнасць паэта, «Яна, безумоўна, не ў тым, — пісаў ён, — што П. Макаль даволі часта і свабодна аперыруе імёнамі Бетховена, Баха, Шэкспіра, Гамера, Галілея. Яна ў тым, што паэт стараецца ў кожным вершы думаць, аналізаваць, стараецца асэнсоўваць кожную драбніцу жыцця. Імкненне да роздуму заўсёды прываблівае, а калі яшчэ бачыш і ўменне мысліць шырока і паэтычна, дык, я думаю, ёсць падстава радавацца» (Літаратура і мастацтва, 1965, 2 лістапада).

Гэта ўсё так, але з адным у выказванні Бураўкіна нельга, на нашу думку, поўнасцю пагадзіцца — з тым, што паэт «стараецца асэнсоўваць кожную драбніцу жыцця». Гэта ўжо, як кажуць, эпічнае заданне, якое больш падыходзіць празаіку. Макаль імкнецца да маштабнага вобразу, праз які хоча перадаць стан сучаснага свету.

Дарэчы, для пісьменнікаў гэтага пакалення ўласціва ўзаемная добразычлівая цікавасць да творчасці сяброў. Амаль кожны з іх ахвотна і звычайна вельмі трапна пісаў пра кнігу таварыша. Скажам, у паэзіі С. Гаўрусёва П. Макаль захапіўся яго «ўменнем засяродзіцца на з’яве, на факце, выпісаць іх дакладна і ярка, падаць „буйным планам“, так, каб яны гаварылі самі за сябе, без аўтарскага прымусу выяўлялі тое, што па-чалавечы хвалюе мастака» (Літаратура і мастацтва, 1967, 10 сакавіка).

Такое ўменне бачым і ў самога П. Макаля, які шырока выкарыстоўвае буйны план, плакат, публіцыстыку.

Таму, нягледзячы на характэрную некаторым вершам маналагічную форму, лірычны герой з уласцівымі для яго біяграфічнымі рысамі (пададзенымі хаця б сумарна) ў вершах Макаля амаль не відзён. Яго «я» вельмі абагульненае, яно імкнецца змясціць турботы ўсёй планеты. У адным з артыкулаў пачатку 60-х гадоў ён назваў наш век векам думкі. Такі вывад вынікаў з сацыяльнага аблічча часу.

Маякоўскі некалі пісаў, што ў паэзіі ён змагаўся за канструкцыі замест стыляў. Нешта падобнае бачым і ў творчасці Макаля другой палавіны 60-х гадоў, аднак поспех да яго прыходзіць далёка не ў кожным вершы. Яму не заўсёды ўдаецца дабіцца сінтэзу думкі і пачуцця. Несуадпаведнасць тэмы і стылю назіраем, скажам, у вершы «Нашы хлопцы», дзе прыземлена-сялянская вобразнасць (барозны, ворыва, абшары цалінныя) дрэнна стасуецца з касмічнай тэмай.

Але паэт эсперыментаваў.

Праз своеасаблівасць часу хацеў зразумець яго веліч, поступ наперад, выразіць яго ўнутраныя працэсы, зрабіць іх сваім асабістым адчуваннем. Так ён асэнсоўвае тэму Кубінскай рэвалюцыі — свабоды, свята «з кабурай на паяску» («Кубінскі танец»).

Гаворачы ў адным са сваіх артыкулаў пра А. Пышна, П. Макаль перш за ўсё адзначыў маштабнасць яго паэтычнага мыслення, якая вынікае не з моды, а грунтуецца на імкненні асэнсаваць складанасць часу, памагчы чалавеку «адказаць на пытанне, як жыць, каб быць вартым прызначэння». І ў самога П. Макаля ўсё галасней гучыць тэма чалавечага сумлення, тэма праўды («Сікейрас»), рэзка павышаецца каэфіцыент мастацкага абагульнення.

У зборніку «Круглы стол» ён узнімае голас супраць мяшчанскага быту, які абмяжоўвае чалавечыя магчымасці. Гэта тэма будзе замацоўвацца ў наступных кнігах і ў першую чаргу — у «Акне» (1968). У ёй знаходзіць больш глыбокае і паслядоўнае ўвасабленне старая ісціна, якая сцвярджае, што рэалізм у паэзіі азначае шчырасць і праўдзівасць, што чалавечнасць немагчыма без праўды. У адным з ранніх вершаў «Будучай жонцы» паэт казаў:

Хоць назавеш сваім, але дарэшты Мяне ўсяго адна не забярэш ты: Я частку цеплыні сваёй аддам Садам І нерасплаўленым ільдам. Ты будзеш раўнаваць мяне да кніг, І да гудкоў, што клічуць у дарогу, І нават да сумётаў снегавых, Што затрымаць мяне ў вандроўцы могуць. Ты слухаеш і моршчышся? Тады Лепш будучай застанься назаўжды!

Герой гэтага верша рыгарыстычна, з непатрэбнай самаахвярнасцю вырашае для сябе праблему асабістага і агульнага. Ён упэўнены, што каханне не дазволіць яму быць грамадзянінам, аддаваць сілы на карысць грамадства. Дзеля гэтага ён становіцца ў позу, так сказаць, «ідэальнага чалавека», які аб’ектыўна аддаляе сябе ад астатніх людзей, хоць і мае на мэце быць для іх узорам. Пазіцыя гэтага героя, нягледзячы на сваю «ідэальнасць», не шчырая, бо яна не жыццёвая, а хутчэй вычытаная з кніг. Гэта зразумеў і сам паэт. Кахаць — гэта азначае, як сказаў Луі Арагон, «перш за ўсё выйсці за межы самога сябе».

У кнізе «Акно» П. Макаль змясціў цэлы цыкл інтымных вершаў, дзе шчыра і адкрыта, без непатрэбнай сарамлівасці загаварыў пра каханне, пра сябе, пра сваё шчасце. А як жа інакш: каханне — быццё, а быццё — дзеянне.

Мне сто вякоў спаткаць цябе карцела. Мільгаюць тут,— скажы, з якіх часоў? — Спякотны дзень твайго тугога цела, Густая ноч жытнёвых валасоў; Нябёсы воч — блакіт бяздонных тоняў, Турботай затуманены пагляд, Скуластыя мацерыкі далоняў, Прычальны родны бераг немаўлят… Люблю цябе зямную, не ікону! Люблю цябе, нібы ратай раллю! Тут я адзін. Не стукайце. Нікому У тваім сэрцы месца не ўступлю!

Паэт вяртаецца ў гэтым вершы «да самога сябе», скарачае адлегласць паміж сабою і сваім героем, і ад гэтага вобраз не траціць тыповасці, а робіцца больш праўдзівым, пераканаўчым і гуманістычным. Каханне трактуецца як адна з рыс камуністычнага гуманізму, які сцвярджае ўсю паўнату чалавечага шчасця. Да такога — поўнага, усебаковага і, падкрэслім, натуральнага разумення гуманізму набліжалася паэзія П. Макаля.

Кніга «Акно» (менавіта кніга!) — рэч надзвычай цэласная, праблемная, падкрэслена антрапалагічная. Яе эпіцэнтр — чалавек, яго зямное існаванне, яго сучаснасць і будучыня. Вышыня крытэрыяў, ідэйны маштаб, значнасць і маральная насычанасць абагульненняў,— усё гэта тут было. Яна гаварыла пра інтэнсіўнасць інтэлекту паэта.

Няўжо мы толькі камяні ў фундамент, Каб іншыя дабудавалі гмах, Каб здолелі вышынны дах пакласці?.. Але ж і мне не потым, а цяпер, Таварыш бог, адрэж акраец шчасця І долю чалавечую адмер!

Гартаючы кнігу, міжвольна спыняешся на радках, якія, здаецца, выдыхнуты паэтамі адразу, за адзін раз: «Яснасці, яснасці, яснасці! — хочацца па-цвярозаму яснасці — чэснай уласнасці, незакілзанага розуму». Або: «Сплю ў каменным сховішчы кватэры. Але што там бухае, як цэп? Хто так гулка стукаецца ў дзверы? Гэта ты, пасланнік поля — хлеб». У індывідуальным вопыце паэта адлюстравалася душэўная прага яго сучаснікаў, «грамадзян XX стагоддзя». Не толькі асоба для гісторыі, але і гісторыя для асобы! У кнізе «Акно» ён вядзе страсную спрэчку з сабой учарашнім. І выйграе яе паэт сённяшні! Свет наш не настолькі ўладкаваны, хоча сказаць ён, каб сядзець склаўшы рукі. На гэтым грунтуецца яго душэўная актыўнасць; інтымнае і грамадскае ў кнізе нельга размежаваць, настолькі яны сплаўлены, уключаны ў гістарычны прагрэс. Грамадства не можа развівацца насуперак інтарэсам чалавека — вось што сцвярджае паэт, выступаючы супроць нівеліроўкі асобы пад уздзеяннем працэсаў масавай камунікацыі і «масавай культуры».

Што П. Макаль выдатны майстар верша — несумненна. Ён, скажам, бездакорна валодае самай разнастайнай і багатай рыфмай:

Хвала напятай хвалі, што пяе! Хвала ўзбярэжным дзюнам, што як горы! На пляжы спляжу немачы свае І змору патаплю у бяздонным моры.

Рыфмуюцца не толькі паралельныя радкі, але і словы ўнутры радка, верш набывае выключную гнуткасць і музычнасць. Прадметы паўстаюць пластычна, аб’ёмна, і хаця аўтар амаль не адмаўляецца ад строгіх класічных рытмаў, верш яго не выглядае старамодна, бо само душэўнае багацце мастака, яго паэтычнае мысленне ў аснове сваёй вельмі сучасныя.

Поделиться с друзьями: