Ля аднаго вогнішча
Шрифт:
Першая кніга Р. Барадуліна, яго стылёвы код, адчуваецца і ў другой, і ў трэцяй, і ў чацвёртай… Сакавітасць, рэчыўнасць пісьма — яе мы сустракаем паўсюль.
У верасня свой, асаблівы пах: Курыць сівец — плыве дымок гаркавы. Зямлёю пахне бульба у капцах, Антонаўкамі зоры па начах І туманы — ляжалаю атавай.Тэма Радзімы гучыць шматстайна, напорыста; эмоцыі ўзбагачаюцца ідэйна і душэўна. На грунце свайго, асабістага вопыту паэт выходзіць на шырокія абагульненні.
Трэба дома бываць часцей, Трэба дома бываць не госцем, Каб душою не ачарсцвець, Каб не страціць святое штосьці…Верш паглыбляе свой ідэйна-маральны змест, становіцца з’явай грамадскай свядомасці.
Трэцяя кніга мела характэрна барадулінскае найменне — «Нагбом». І. Шклярэўскі ў адным з артыкулаў пра Р. Барадуліна тлумачыў: «„Нагбом“ — гэта калі бярэш у рукі заледзянелае вядро і п’еш з яго, здзьмухваючы звонкія ільдзінкі і леташняе лісце». Добра сказана! Нагбом — метафара ўсёй барадулінскай паэзіі з яе свежасцю і першароднасцю фарбаў.
Мохам зязюльчыным ідуць маладзіцы, Губы засмяглыя ў спелых суніцах — На сонцы ягады спакойна вымлелі. Холадам ногі рачулка вымыла. Ляціць над звонкімі баравінамі песня дзяўчынанькаю нявіннаю: — А я ў бару Грыбы бяру, Каля межы — Сыраежы!..Паэзія рэчаіснасці жыве ў слове — слова гэта непаўторнае. Прынамсі, перакласці слова паэтычнае на мову празаічна-апавядальную цяжка. Аднак хіба мы не бачым у сваім уяўленні гэтых ягадніц, што ідуць — сёння, і сто, і тысячу год таму назад — тымі самымі «звонкімі баравінамі»…
Гістарычны зрок паэта станавіўся ўсё больш відушчым. Учытайцеся ў гэту баладу:
Гналі роднай зямлёй палонных. Смерць, як лёхі, калоны палола. Ля знаёмага шчырага бору, Дзе ігліца падсохла, як порах, Дзе карэннем спавіты сцежкі, Крок салдат сінявокі прыспешыў. І, сабраўшы апошнія сілы, Ірвануўся у верас сіні. Верас сіні паплыў кругамі… Дзе сасонка на горку кульгае, Птушкі цёплае лета хвалілі, Злыя кулі лічылі хваіны… За прыгоркам бацькоўская хата. Абкульгала сасонка салдата…Гэта балада — як помнік, яна прымушае спыніцца, памаўчаць…
Паэзія Р. Барадуліна пастаянна ўзбагачаецца новымі сродкамі выразнасці, імкнецца да свежых мастацкіх форм, здольных ярчэй, эмацыянальней выявіць унутраны сэнс падзей, светаадчуванне сучасніка. У кнізе «Нагбом» узмацнілася імкненне да большай маштабнасці ўспрыняцця рэчаіснасці: «Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў, услед за сонцам доўга мне брысці». У эпоху асваення космасу гэты вобраз «сына зямлі» выглядаў не так ужо і абстрактна. Зрэшты, слову паэта хапала і канкрэтнасці, нават дакументальнасці. Яго паэзія паглыбляе разуменне духоўных каштоўнасцей чалавека — узнікае вобраз маці. Той, Акуліны Андрэеўны, пра якую ўспомніў у сваім прысвячэнні П. Панчанка. Яе вобраз упершыню ўзнікае ў цыкле вершаў «Трыпціх», у якім аўтар расказаў пра сваю зямлю і яе працавітых і гераічных людзей («Кожны мае свае Ушачы»), «Трыпціх» — гэта асэнсаванне свайго роду, прыналежнасці да роднай зямлі.
Ад бацькі свайго ў радню Я атрымаў з дзяцінства Шырокую даланю — Тапарышча любое сцісну!Паэт звяртаецца да такіх дэталей, падрабязнасцей, якія знаходзяць для сябе ў запасніках нашай памяці, індывідуальным жыццёвым вопыце вельмі спрыяльную глебу. Мы суперажываем разам з паэтам; вобраз пашыраецца, вырастае, кранаючы ўсё новыя бакі нашага светаадчування.
Адна за другой выходзяць кнігі: «Неруш» (1966), «Адам і Ева» (1968), «Лінія перамены дат» (1969), «Вяртанне ў першы снег» (1972) і іншыя. Паэт, расказваючы пра сябе і сваё пакаленне, здолеў шырока адлюстраваць прыгажосць Радзімы і роднай прыроды, паказаць вялікую чалавечнасць і гераізм савецкіх людзей, веліч іх подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне і пафас стваральнай дзейнасці, дружбу народаў. У паэзіі Р. Барадуліна знаходзім вострае адчуванне роднага дома, радзімы, прыроды, мовы, гісторыі. Яго паэтычнае майстэрства надзвычай высокае: багацце мовы, шматстайнасць вобразна-стылёвых сродкаў, своеасаблівы псіхалагізм дапамагаюць дакладнаму і паўнакроўнаму выяўленню жыцця.
Паэт напружана працуе.
У «Нерушы» ён імкнецца яшчэ больш павялічыць каэфіцыент вобразнай перадачы жыцця, стараецца ўзмацніць ёмкасць паэтычнага вобраза. Р. Барадулін верны свайму імкненню да адказу грузіць слова, радок, страфу асабістай ацэнкай, думкай, перажываннем. У яго амаль не знойдзеш «прахадных» або чыста «інфармацыйных» мясцін.
Трэба адзначыць і ўзросшае адчуванне грамадскай адказнасці паэта за сваю творчую працу — гэта выразна прасочваецца не толькі ў фармальных пошуках, але і ў пашырэнні ідэйна-тэматычнай сферы яго інтарэсаў. Ужо адно тое, што па розных і дальніх дарогах прайшоў паэт і яго герой — няўрымслівы беларускі хлопец з Ушаччыны, — сказана ў анатацыі, «ад няскоранай цытадэлі Брэста да туманных берагоў Японскага мора, ад самых паўночных на зямлі гарадскіх агнёў да суровых перавалаў Паміра», — шмат гаворыць пра абсягі яго паэзіі. Іншая справа — наколькі ўсё гэта «адстаялася словам», як казаў Маякоўскі.
Цыкл «Еўразія» — лірычны дзённік, які сабраў уражанні паэта ад падарожжа па Далёкім Усходзе і Сібіры, — асабліва яскрава сведчыць аб пашырэнні паэтычнай «геаграфіі» барадулінскай паэзіі. Шуканскае, Усінскі тракт, шыракаплечы Енісей — «малодшы брат Акіяна, сібірскіх рэк стырнавы…», порт Дудзінка, дзе паэту сустрэлася дзяўчына з Гродна, Тува, Залаты Рог, гарады Таджыкістана — гэта новыя пункты на паэтычнай карце Р. Барадуліна. Аднак, паўтараем, «геаграфія» ў паэзіі хоць і сведчыць пра пэўнае пашырэнне кругагляду, яшчэ нічога не вырашае. Трэба, каб колькасць перайшла ў якасць.
Калі пра многія вершы цыкла «Еўразія» можна сказаць, што пазнанне ідзе тут не па вертыкалі, не ўглыб, а па гарызанталі, па лініі колькаснага назапашвання ўражанняў, то «Адам і Ева» — добрае выключэнне.
Пра што гэты верш? У далёкім Прымор’і паэт сустракае землякоў, якія, бог ведае калі і якімі шляхамі, трапілі сюды, — «яны ўдваіх, Адам і Ева, капаюць бульбу ў тайзе». Гэта дало штуршок паэту для роздуму аб пакручастасці чалавечага лёсу і ўстойлівасці народных традыцый, пастаянстве народнага побыту.
Крычу на ўсё Прымор’е: — Бульба! Прымі паклон ад земляка. Расці, з гарачых снежак гурба, Што маці сыпле з саганка. Ні дождж, ні град цябе не песціць, Надзейны хлеб маёй зямлі. Не грэбвалі табой і песняй — З сабою землякі ўзялі.